"Думаў Янка, шмат прыдбаў: Да халеры шыльдаў скраў...". 21.by

"Думаў Янка, шмат прыдбаў: Да халеры шыльдаў скраў..."

30.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Мы ўжо пра ўсё пісалі:

Пра кароў, людзей, сабак...

Во цяпер задачку далі —

Не рашаецца ніяк!.."

Маракуе гэтак кожны:

Думкі цяжкія, як куль:

Ну, скажыце ж вы, што можна

Напісаць пра гэты нуль?!

Падобныя думкі, мяркуючы па конкурснай пошце, даймалі не толькі спадарыню Чыгрынаву з Вілейшчыны: ледзь не кожны з аўтараў — у той ці іншай форме — зазначыў, што апошні здымак быў вельмі няпростым.

"Сцяна ў клетачку, дзве "жалезкі"... Глядзеў я на іх і гэтак, і так, — паведамляе, прынамсі, спадар Гаўрыш з Чавусаў, — думак — ну ніякіх! Прыйшлося фантазію ўключаць. Ну, па-першае, вырашыў: калі вуліца называецца Садовая — значыць, сады тут, напэўна ж, былі? Тады дзе дзеліся? Магчыма, састарэлі, таму іх разам з зямлёй некаму аддалі — пад будаўніцтва жылля ці іншых аб'ектаў".

Што рыфмаваным радком апісана так:

Яблынь тут былі рады

(Тракт паблізу — Слуцкі),

Ды прыйшоў сюды круты,

Новы, беларускі...

Гмах адзін, другі ўзняў...

Сад — дзе?

Ў... шыльдзе захаваў.

Ну хоць гэтак... Ды і гмахі ж, магчыма, на карысць краіне і таму прадпрымальніку? А інакш — трэба разумець — ніхто не дазволіў бы зямлю з сельскагаспадарчага абароту выключыць, а сад пад сякеру пусціць?

Ход гэтых думак падзяляе і спадар Сільчанка з Гомеля... На здымку, лічыць ён, не нумар дома — гэта літара О. І таму:

О, вуліца Садовая —

Хаціначак няшмат...

Тут дзед Макар вядомы

Ганяў калісь цялят.

А зараз тут з размахам

Будуюць — будзь здароў!

Расце тут гмах за гмахам,

Ці хопіць нумароў?

Вось таму, трэба разумець, будаўнікі і вырашылі пачаць не з адзінкі, а з нуля. Бо з нечага ж трэба (як лічыць, у прыватнасці, спадар Старых з Гомеля):

Мае ўсё пачатак розны.

З азярэчка, раўчука

(Гэта, мабыць, знае кожны)

Плынь бярэ сваю рака.

Зрэжаш дрэва — будзе пень.

І бярвенца для жылля...

Пачынаем з ранку дзень,

А Садовую — з нуля.

Практыкі такой, праўда, не было... Прынамсі, дагэтуль. Але ж, як лічыць дэбютантка нашага конкурсу Таццяна Маркевіч з Маладзечна, быць можа:

Вуліца Садовая

У мястэчку новая.

Хаты роўненька стаяць,

Шыльды роўненька вісяць...

Перад гэтым, першым домам

Гмах паставіў невядомы.

Каб ніхто не завітаў,

Нуль на шыльдзе напісаў.

Чаго толькі не зробіш, каб гасцей не прымаць (асабліва па сённяшнім часе), каб неяк сляды заблытаць.

У дом 10 да каханкі

Лётаў хлопец на свіданкі.

У чарговы раз прыджгаў,

Дом каханай — не прызнаў...

Недалёка да бяды,

Калі блытае сляды?

Якую з тых бед мае на ўвазе спадарыня Васільева з Гомеля, сказаць цяжка. Анекдот мо дарэчы. Аўцюк адзін дужа захварэў:  "Каліначка, мусіць, я памру, — кажа, — дык ты, будзь ласкавая, прызнайся мне, колькі разоў падгульвала?". Анічога не прасіў так ветліва! Жонка аж слязу пусціла — хацела прызнацца, нават рот адкрыла для "споведзі"... У апошні момант спынілася: "Ага, — кажа, — табе прызнайся... А што потым будзе? Добра ж як памрэш, а як возьмеш ды паправішся?"

Зрэшты, для гэтага (ну, каб паправіўся...) трэба ж, як правіла, дактароў выклікаць...

Ці, крый Божа, пажар на Садовай, або трубу якую прарве, — што тады рабіць? Ну вядома ж — на дапамогу клікаць. А як жа яна прыйдзе-прыедзе, калі сляды заблытаны?

Фельчар "хуткай", паштальён

Кожны дзень сварыліся:

— Як знайсці патрэбны дом —

Шыльды аблупіліся?!.

Што параіў у адказ,

Іх любімы камунгас?

— На Садовай тых двароў

Толькі дзесяць нумароў.

Дык ці варта гвалт чыніць,

Можна стаць ды й палічыць.

Гэты як бы зварот у "інстанцыі" (і адказ адтуль... Хоць дакладней, вядома ж, здзек) даслаў у рэдакцыю Валерый Мікалаевіч Гаўрыш з Чавусаў. Паводле іншага — ад Мікалая Валянцінавіча Старых з Гомеля, "камунгас" працуе так, як належыць. Гэта значыць, не адбіваецца ад справядлівых патрабаванняў людзей, а прымае меры, выпраўляе становішча.

Для вось гэтага і накіраваў на "аб'ект" адпаведных работнікаў. Што далей было?

Хлопцы-няўмекі... дапілі віно,

Нуль ці дзясятка — усё ім адно.

Нешта прыбілі...

Прычым абы-як.

Вынікаў — нуль,

бо павесілі брак.

З усімі, як кажуць, наступствамі...

Аднак, як сведчаць лісты чытачоў, тыя (ці падобныя да іх) хлопцы маглі не толькі штось прыбіць ды павесіць. Маглі... зняць. Як піша спадарыня Чыгрынава з Вілейшчыны:

Валакуць усё падлюкі:

Провад, накрыўкі на люкі...

Тут вісела да пары

Можа, пяць, а можа, тры?

Іх, гэтыя лічбы, трэба разумець, знялі (прычым ці з аднаго дома?). І здалі, бо цяпер шмат што прымаюць. Адзін з такіх прыёмшчыкаў на сваім пункце нават аб'яву павесіў: "Купляю лом каляровых металаў. Яшчэ раз нагадваю, што чырвоныя ламы з пажарных стэндаў — гэта не тое".

Але ж іх таксама прыносілі — хацелі прыбытак мець... Асобныя (паводле сужэнцаў Астроўскіх з Мінска) нават атрымалі яго:

Думаў Янка, шмат прыдбаў:

Да халеры шыльдаў скраў,

Потым здаў усе, як трэба,

І... у рашотку цяпер неба.

Што ж, заканамерны фінал для тых, хто не хоча працаваць, баіцца цяжкасцяў...

Дарэчы, менавіта пра іх, гледзячы на здымак, думала спадарыня Гудачкова з Жыткавічаў:

На Садовай няма саду

І вяргіні не цвілі.

Хаты селі без нагляду,

І таму на іх нулі...

Адрадзіць — не для забавы,

Дом, сады вакол жылля...

Не! Цяжкая гэта справа —

Пачынаць усё з нуля.

Што праўда, тое праўда. І патрабуе яна не толькі адвагі, часу, грошай, цярпення, але і ўмельства.

Што атрымліваецца, калі яго няма? Пра гэта радкі спадарыні Тарасік з Мінска:

Меў сякеру пустадом —

Будаваць узяўся дом...

Ды бярвенцы не часаў

І вуглы не заразаў —

Абы як скляпаў, зляпіў...

Нехта нулік прычапіў:

Ён — цана такому дому

(Што і так было вядома).

Чым яшчэ ён можа быць? Загінайце пальцы: па-першае, крамай (на думку Тамары Сталяровай са Жлобіна):

Ой, казала баба дзеду:

На Садовую паеду!

Там, у доме нумар нуль

Прадаецца многа дуль.

(Праўда ж, зусім няцяжка здагадацца, што ёй дзед аказаў...).

Але ж (гэта па-другое): той нулік (на думку спадарыні Гудачковай) можа быць загадкай, бо абрэвіятура ААТ (адкрытае акцыянернае таварыства) на другой дзяржаўнай мове, якая ў нас пастаянна на слыху і на вачах, складаецца з іншых літар:

Тры нулі — то прадпрыемства,

Два — зацішненькае месца.

А адзін на сценцы гладкай...

Тут чарговая загадка.

Пра "зацішненькае месца" — гэта добра падмечана і дарэчы, толькі двума аўтарамі. Хто другі? Спадарыня Аляхновіч са Слуцка:

Што Ясь думаў — невядома,

Але зняў быў нулік з дома...

Хай яго панос пагоне

Два нулі шукаць на доме!

Такога, мусіць, толькі ворагу можна жадаць. Ну каб пагнаў... А таго доміка анідзе няма...

Зрэшты, нашаму чалавеку да гэтага не прывыкаць. Іншаземцаў шкада. Яны ж і насамрэч у лясах, у парках прыбіральні шукаюць.

Адна замежная госця прызнала (даслоўна): "Не любяць вашы мужчыны вашых жанчын". "Як гэта?!. Чаму гэта?! — зашумелі гаспадары. — Ды з чаго вы ўзялі?!" Вось кабета і адказала ім, што калі б любілі, то ніколі б не вымусілі хадзіць па патрэбе туды, куды яны ходзяць.

Шмат хто з тутэйшых гэта пачуў (а мо проста жанчын любіў, паважаў...) і таму зрабіў адпаведныя высновы. Але ж у большасці ўсё засталося так, як і было, а калі змянілася, то...

То пад тымі двума нулямі, ужо нехта з работнікаў сядзіць — за ўваход у патрэбны ўсім домік грошы бярэ. Зрэшты, гэта ўжо новая тэма. Што да старой...

"Чарговы конкурсны здымак на першы погляд вельмі просты і нават не смешны, — прызнае спадар Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна. — Аднак у мяне ён выклікаў шмат эмоцый. Прынамсі, калі я быў малы, нават да аддаленых вёсачак па некалькі разоў на дзень хадзілі маршрутныя аўтобусы. То вось неяк вязе ён (людзей у асобныя дні было як селядцоў у бочцы), хуткасць збаўляе на ўездзе ў мястэчка, а пасажыраў у бакі ўсё роўна кідае — хапаюцца за парэнчы, адно за аднаго... Нехта кажа: "Ну і дарога!". "Гэта не дарога, — папраўляе другі, — гэта вуліца Савецкая".

Не Садовая, але ж:

Вось над гэтым заданнем

Быў не доўга я ў роздуме,

Бо страчаюць — па ўбранні,

А праводзяць — па розуме.

(Пра яго ж, пра той розум (а ўжо наколькі дарэчы меркаваць чытачам) і радкі спадарыні Тарасік:

Модна зараз мераць розум

У п'яных, і ў цвярозых.

Часам ён — на лічбе нуль

І вядома ўжо, адкуль

Гэтулькі бядовых —

Ад галоў садовых...

Што рабіць — шмат іх, але ж нават пры гэтым, як сцвярджае спадар Гарачоў, перамены да лепшага цалкам магчымыя. Што для гэтага трэба? Чытайце:

Знікнуць смяшынкі

У сябра і ў ворага,

Як дойдуць "Дажынкі"

Да гэтага горада.

Грымець у ім будзе

І песня, і танец...

Дастанецца людзям

Парадак і глянец.

І ніякіх нулявых дамоў, трэба разумець. Хіба ў выключных выпадках:

Тут скажу вядома я

Не для ўсіх у кайф:

Вуліца Садовая

Рэкламуе "Лайф".

Паводле спадара Гарачова.

Што, між іншым, ідэя: грошы за рэкламу можна скарыстаць на новы плот альбо на рамонт пакрыцця... Бо пакуль

Паміж учынкаў і грахоў

Ёсць і прычына быць у смутку,

Бо мала пройдзена шляхоў

Ды дужа зношана абутку.

Вось на гэтай трохі сумнай ноце і завершым чарговы конкурсны агляд. Напрыканцы хіба маленькае "падарожжа": "Новы здымак падштурхнуў мяне паглядзець на карту Мінска. Колькі ж цікавага і кранальнага ў найменнях вуліц! Ясная, Утульная, Сонечная, Светлая, Усходняя і Паўднёвая, Зімовая і Вясенняя, Янтарная, Залатая, Агатавы і Ізумрудны завулкі, Грушаўская, Антонаўская, Рабінавая, Сасновая, Васільковая... Ёсць Прагрэсіўная, Авангардная, Прафсаюзная, Землямерная, нават Літаратурная! — усклікае мінчанка спадарыня Кузьменка. — Пералік цікавых назваў можна было б прадоўжыць, але ж ёсць і зусім нецікавыя... Як добра было б, каб здымак Клешчука прымусіў мясцовых чыноўнікаў, так бы мовіць, гаспадароў нашых гарадоў ды вёсак, "прайсціся" па вуліцах, праверыць, ці ўсё ў парадку..."

Будзем спадзявацца, што паспрыяе таму не толькі фатаграфія, але і трапныя подпісы, якія даслалі нашы чытачы.

Што да папярэдняга этапу конкурсу (на здымку, нагадаем, была кабета, што ехала ў метро на ўласным крэсле), то найлепшыя радкі пра яе, на думку вялікага чытацкага журы, напісалі спадарыні Гудачкова з Жыткавічаў, Тарасік з Мінска, Чыгрынава з вёскі Забалацце што на Вілейшчыне, спадары, Гаўрыш з Чавусаў, Захарык з п. Цагельня Гомельскага раёна, Дубовік з вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага і сужэнцы Астроўскія. З гэтым апошнім меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету накіроўваецца ў Мінск. Хочаце, каб да вас? Не пытанне: уважліва паглядзіце на чарговы здымак, прыдумайце подпіс, перачытайце (у тым ліку, каб пераканацца, што ў тэкст не трапілі словы з іншае мовы) і дашліце. Вашы радкі (ну магчыма ж!) стануць найлепшымі і тады...

Пішыце. коратка, дасціпна і, пажадана, разборліва.

Валянціна Доўнар.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Сцяна ў клетачку, дзве "жалезкі"... Глядзеў я на іх і гэтак, і так, — паведамляе, прынамсі, спадар Гаўрыш з Чавусаў, — думак — ну ніякіх! Прыйшлося фантазію...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика