На прылаўках Слоніма ў дэфіцыце свіныя ногі. 21.by

На прылаўках Слоніма ў дэфіцыце свіныя ногі

30.11.2011 13:38 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На прылаўках Слоніма ў дэфіцыце свіныя ногі


—Мы вяртаемся ў савецкія часы? Для таго каб купіць таннейшыя прадукты, такія як ногі, вушы, хвасты і г. д., патрэбны знаёмыя ў гандлі. Іначай ніяк не дакупішся. Усё прадаецца з-пад прылаўка. Што будзе далей? — sms-паведамленне такога зместу прыйшло на рэдакцыйны тэлефон “Газеты Слонімскай”.

Для таго каб пацвердзіць ці абвергнуць словы нашага чытача, у нядзелю карэспандэнт пацікавілася ў слонімскіх крамах наяўнасцю свіных ног, хвастоў ды вушэй. Як высветлілася, ногі на халадзец сапраўды сёння сталі дэфіцытам, і звычайна іх можна набыць у дні прывозу, і тое, калі пашанцуе, бо гэты тавар хутка разбіраюць. Праўда, у адным з магазінаў карэспандэнт амаль натрапіла на патрэбны тавар…

—Свіных ног у продажы ў нас няма, бо мясакамбінат іх нам не прывозіць наогул, — сказалі карэспандэнту ў магазіне мясных паўфабрыкатаў.

—Прывозяць ногі, але цяпер яны адсутнічаюць, — зазначылі ў другім магазіне. — Прыходзьце ў аўторак ці чацвер, у дні прывозу. Але іх хутка разбіраюць, за дзве гадзіны можа не стаць, як і таннай каўбасы, — параіла прадаўшчыца.

—Што значыць “вам вельмі патрэбны ногі”, калі ў нас іх няма? — з раздражненнем папракнула прадавец у трэцім магазіне. — Мы іх не хаваем, адразу выкладваем на вітрыну.

Ногі ў гэтым магазіне, як і ў папярэдніх, раскупляюць хутка, і, як адзначыла прадавец, іх даюць усяго па 10-12 кілаграмаў на прывоз.

—Ногі? Зараз вынесу, — услужліва ўсхапілася са свайго месца знаёмая прадаўшчыца ў чацвёртым магазіне, на мясных вітрынах якога тых самых ног не было і блізка. — Раскупляюць іх хутка. Бабулькі каравуляць ледзь не з раніцы, бяруць па дзве ўпакоўкі, — тлумачыла знаёмая.

Праўда, ісці па тавар ёй не давялося з-за непатрэбнасці ў ім. Аднак прадаўшчыца запэўніла:

—Звяртайцеся, пакінем, калі трэба.

Пасля гэтага адчуванне, што вяртаемся ў савецкія часы, калі таргавалі з-пад прылаўка, у аўтара гэтых радкоў сапраўды з’явілася. Праўда, толькі часткова. Бо ў той час у магазінах што-што, а ногі дэфіцытам не былі і ляжалі — разам са свінымі галовамі — у продажы свабодна.

Чаму гэтага тавару не стала ў наш час, карэспандэнт пацікавілася ў начальніка аддзела маркетынгу Слонімскага мясакамбіната Святланы Апановіч.

—Справа ў тым, што апошнім часам паступленне свіней на забой зменшылася, — адказала Святлана Апановіч. — Так, калі раней наш камбінат прымаў штодзень па 500-600 галоў свіней, то зараз — толькі па 250-300 галоў. Адпаведна зменшылася колькасць свіных субпрадуктаў і павялічыўся попыт на ялавічныя субпрадукты.

Свіныя вушы, як высветлілася з размовы, у продаж амаль не паступаюць. Яны ідуць на выраб мясных рулетаў і ўваходзяць у склад набору субпрадуктаў “Арыгінальны”.

Разам з тым з усіх пунктаў дастаўкі прадукцыі Слонімскага мясакамбіната па Гродзенскай вобласці, а іх больш за 400, Слонім, як зазначыла Святлана Аляксандраўна, знаходзіцца ў прыярытэце. Так, у гэты паня-дзелак, 28 лістапада, згодна з яе словамі, усе 370 кілаграмаў свіных ног і 75 кілаграмаў ялавічных хвастоў былі адпраўлены менавіта ў магазіны Слоніма. І ў сярэднім штодзень па 400 кілаграмаў ног накіроўваецца ў магазіны нашага горада. Праўда, як адзначыла Святлана Аляксандраўна, магазіны робяць заяўку на 200 кілаграмаў, а атрымліваюць у дні завозу толькі па 40-50 кілаграмаў.

—Прадукцыя гэтая танная, таму і карыстаецца павышаным попытам, — падвяла выснову ў гутарцы субяседніца.

Вядома, такога попыту ў Слоніме не будзе, напрыклад, на каўбасы вышэйшага гатунку, цана на якія вагаецца ад 55 да 100 тысяч і вышэй. Бо той дарагой каўбасы, у адрозненне ад ног, шараговы слонімскі пенсіянер купіць на сваю пенсію каля 10 кілаграмаў. А ў некага на тыя ж 10 кілаграмаў можа не хапіць і заработнай платы, не тое што пенсіі.

Разам з тым, як сцвярджае афіцыйная статыстыка, са студзеня да канца кастрычніка гэтага года продаж мяса, у тым ліку мяса свойскай птушкі і мясных прадуктаў, вырас у нашай краіне на 15%. І гэта нягледзячы на тое, што мяса даражэе ледзь не штомесяц і зарплаты за цэнамі не заўсёды паспяваюць. (Праўда, колькі таго мяса ў тых мясных прадуктах — сардэльках, сасісках, варанай каўбасе, таннейшых за само мяса ў тры, а то і ў пяць разоў, — можна толькі здагадвацца).

…У нядзелю адна з наведвальніц мяснога магазіна — згорбленая, не па сезону лёгка апранутая бабулька — папрасіла ў прадаўшчыцы таннейшых костачак па 2 940 рублёў. Ёй на тры тысячы ўзважылі кілаграм амаль дачыста паскрэбеных касцей (больш у наяўнасці не было). Акрамя голых костак, старэнькая больш нічога не купіла.
У статыстыку, вядома, гэтая слонімская бабулька таксама трапіла.

Што пачым у магазіне

Ялавічына 75 160 руб.
Свініна 51 960 – 65 490 руб.
Курыца 24 440 руб.
Каўбаса “Папулярная” ліверная 7 040 руб.
Каўбаса “Усходняя” крывяная 4 090 руб.
Каўбаса бессартавая “Сялянская” 17 590 руб.
Каўбаса бессартавая “Чайная” 24 180 руб.
Каўбаса вяленая “Вясковая” 75 900 руб.
Каўбаса “Мотальскі прысмак” 96 600 руб.
 
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
—Мы вяртаемся ў савецкія часы? Для таго каб купіць таннейшыя прадукты, такія як ногі, вушы, хвасты і г. д.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика