Культура навыварат, або Як Саюз беларускіх пісьменнікаў рыхтуецца да справаздачнага з'езда. 21.by

Культура навыварат, або Як Саюз беларускіх пісьменнікаў рыхтуецца да справаздачнага з'езда

07.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На некаторых інтэрнэт-сайтах напярэдадні з'езда Саюза беларускіх пісьменнікаў, які павінен адбыцца 10 снежня 2011 г., з'явілася інфармацыя пра тое, што старшыня рэвізійнай камісіі СБП, адзін са старэйшых членаў гэтай творчай арганізацыі Васіль Цімафеевіч Якавенка выключаны з яе складу. Матывам выключэння абвешчана яго членства ў паралельным Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У сувязі з гэтым лічым неабходным заявіць наступнае. Прычына выключэння В. Якавенкі з'яўляецца надуманай. Пазбаўленне голасу старшыні рэвізійнай камісіі перад справаздачным з'ездам — з'ява ў жыцці грамадскіх арганізацый беспрэцэдэнтная, і адбылася яна зусім па іншых прычынах.

Васіль Якавенка ўжо амаль паўстагоддзя шчыруе на ніве беларускай літаратуры, з'яўляецца на сённяшні дзень адзіным законна абраным старшынёй рэвізійнай камісіі СБП, якая ўскрыла сур'ёзныя арганізацыйныя і фінансавыя парушэнні ў рабоце кіраўніцтва пісьменніцкай арганізацыі, пра што ў друку ўжо паведамлялася (гл. "ЛіМ" за 24 снежня 2010 г.). Аднак Рада СБП прынцыповай ацэнкі ўскрытым фактам і парушэнням фінансавай дысцыпліны з боку старшыні А. Пашкевіча і яго намеснікаў не дала. Наадварот, спрыяла ім і неаднаразова шантажыравала рэвізійную камісію.

Нам відавочна, што цяпер, перад чарговым справаздачна-выбарчым з'ездам СБП, каб пазбавіць В. Якавенку магчымасці выступіць з крытычным дакладам, старшыня СБП і ягоныя намеснікі дамагліся выключэння вядомага літаратара з пісьменніцкай арганізацыі, на што Статут СБП, уласна, не дае ніякіх падстаў. Пры выключэнні Якавенкі прысутнічалі не ўсе сябры Рады. Такім чынам, грамадству прадэманстравана культура навыварат.

У мутнай вадзе добра лавіць рыбу. Кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў не раз заяўляла ледзь не пра палітычную арыентацыю арганізацыі, а на справе аказалася ў фінансава-карпаратыўным хаўрусе. На вачах у грамадскасці прайшла прыватызацыя пісьменніцкага аб'яднання, кіраўніцтву на развіццё арганізацыі стала напляваць. У гэтай сувязі звернем увагу толькі на адну акалічнасць: кіраўніцтва СБП не выканала пастанову Рады ад 10.07.2008 г. аб стварэнні новага аб'яднання — правапераемніка Беллітфонду, ліквідаванага Вярхоўным Судом. У выніку маёмасныя прэтэнзіі на сродкі ад продажу Дома творчасці "Іслач" не былі заяўлены, і, з-за нядбайства старшыні СБП, пісьменніцкія грошы пералічылі ў бюджэт. Наша сённяшняя перапіска з Генеральнай пракуратурай і Вярхоўным Судом сведчыць аб тым, што грошы Беллітфонду было магчыма атрымаць. Гэта пытанне правасуддзем не закрыта і сёння.

Але ці толькі матэрыяльнымі стратамі вымяраецца шкода, якую нанеслі старшыня і яго намеснікі ўсім беларускім пісьменнікам? Кіраўніцтва СБП вывезла з Дома літаратара і кінула ў вільготнае памяшканне на Іслачы каля сотні партрэтаў пісьменнікаў, класікаў беларускай і савецкай літаратуры. На трывожныя сігналы адтуль, што карціны (і, апроч іх, 2 тысячы падтопленых кніг) гінуць, — не было ніякай рэакцыі. Занепакоены В. Якавенка, ахвяруючы сваімі сродкамі і часам, вывез адтуль і перадаў па акце Лідскаму дзяржаўнаму музею на рэстаўрацыю і захоўванне партрэты пісьменнікаў, а рэдакцыі "Наша слова" — збуцвелыя кнігі. Невядомы сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і лёс архіва арганізацыі.

На ўсе недахопы ў дзейнасці кіраўніцтва старшыня рэвізійнай камісіі звяртаў своечасовую ўвагу. Ён і зараз прытрымліваецца прынцыповай пазіцыі, што старэйшая пісьменніцкая арганізацыя павінна стаяць на падмурку дэмакратыі і адкрыта служыць народу. У яго два дзясяткі кніг, творчы грунт і аўтарытэт. Такім літаратарам беларускае грамадства, а тым больш СБП, можа толькі ганарыцца.

Мы звяртаемся да ўсіх сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў уважліва разабрацца ў сітуацыі, аднавіць В. Якавенку ў пісьменніцкай арганізацыі і даць заслужаную ацэнку дзейнасці кіраўніцтва СБП.

А што да Саюза пісьменнікаў Беларусі, які ў 2006 годзе адгалінаваўся ад СБП, то і там шмат годных і таленавітых літаратараў, і яны робяць карысную справу. Таму кіраўніцтву СБП не варта пагарджаць ні імі, ні іхняй пісьменніцкай арганізацыяй, ні літаратарамі, якія, зрэшты, не ўваходзяць ні ў адзін з пісьменніцкіх саюзаў.

Віктар Хурсік, пісьменнік, выдавец, сябра Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў. Эрнест Ялугін, пісьменнік, нам. старшыні БЕЛЛІТФОНДУ ў 2006 — 2009 гадах. Аляксей Рагуля, прафесар культуралогіі, літаратуразнаўца, сябра рэвізійнай камісіі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На некаторых інтэрнэт-сайтах напярэдадні з'езда Саюза беларускіх пісьменнікаў, які павінен адбыцца 10 снежня 2011 г., з'явілася інфармацыя пра тое, што старшыня...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика