Экзамен у ВНУ або ўдзел у ЦТ: выбар — за абітурыентамі-інвалідамі
13.12.2011 09:18
—
Новости Общества
|
Экзамен у ВНУ або ўдзел у ЦТ: выбар - за абітурыентамі-інвалідамі Ці праўда што ў новых Правілах прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на 2012 год для абітурыентаў-інвалідаў не прадугледжана магчымасць здачы ўступных іспытаў непасрэдна ў ВНУ і цяпер ім прыйдзецца абавязкова ўдзельнічаць у цэнтралізаваным тэсціраванні? Таццяна М, г. Барысаў.
Як запэўніла журналіста "Звязды" начальнік упраўлення спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Змушко, абітурыенты з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця па-ранейшаму змогуць самі выбіраць форму здачы ўступнага экзамену. У іх ёсць права здаваць экзамен або непасрэдна ў ВНУ (у пісьмовай ці вуснай форме), або прыняць удзел у цэнтралізаваным тэсціраванні. Выбар формы правядзення ўступных іспытаў для інвалідаў патрабуе індывідуальнага падыходу. Рашэнне гэтых пытанняў знаходзіцца ў кампетэнцыі прыёмных камісій устаноў адукацыі. І калі абітурыенты з парушэннямі слыху, зроку, апорна-рухальнага апарату з медыцынскімі даведкамі ў руках звяртаюцца ў прыёмную камісію, тая абавязана падабраць для іх аптымальную форму правядзення трох уступных іспытаў з улікам іх псіхафізічнага развіцця. Антаніна Змушко паведаміла, што асобы з парушэннямі зроку, слыху, функцый апорна-рухальнага апарату, дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў, інваліды І, ІІ і ІІІ груп павінны прадаставіць у прыёмную камісію заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай ці медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі аб адсутнасці ў іх проціпаказанняў для навучання па абранай спецыяльнасці (напрамку спецыяльнасці, спецыялізацыі) і рабоце ў адпаведнасці з атрыманай падчас навучання кваліфікацыі. Таксама яны падаюць у прыёмную камісію заключэнне дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ці даведку аб засваенні адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Па звестках Міністэрства адукацыі, у 2010/2011 навучальным годзе ў беларускіх ВНУ на дзённай форме навучання атрымлівалі вышэйшую адукацыю 1339 інвалідаў (у 2009 годзе — 1371, у 2008 годзе — 1438), што складае менш як адзін працэнт ад агульнай колькасці студэнтаў. Для стварэння магчымасці атрымліваць вышэйшую адукацыю інвалідам па зроку прадугледжана навучанне такіх студэнтаў па дыстанцыйнай форме атрымання адукацыі. Яно арганізавана ў шасці ВНУ. Антаніна Змушко дадала, што Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі прадугледжваецца стварэнне спецыяльных умоў для атрымання асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай ці дадатковай адукацыі. Пад спецыяльнымі ўмовамі маецца на ўвазе стварэнне безбар'ернага асяроддзя, прадастаўленне неабходных тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, педагагічнай, медыцынскай, сацыяльнай і іншых відаў дапамогі. Студэнтам-інвалідам з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату прадастаўляюцца месцы для пражывання ў інтэрнатах палепшанай планіроўкі, ім выдзяляюцца месцы на ніжніх паверхах. Разам з тым большасць будынкаў і збудаванняў ВНУ эксплуатуецца ўжо больш чым паўстагоддзя, мае вялікі працэнт амартызацыі і зносу камунікацыйных сетак, што ў значнай меры ўскладняе стварэнне там безбар'ернага асяроддзя. Паляпшэння патрабуе і сістэма арганізацыі навучальнага працэсу, якая ўключае для студэнтаў з парушэннямі слыху сурдапераклад, цьюторынг, прымяненне сучасных спецыяльных сурдатэхнічных устройстваў і тэхнічных сродкаў навучання. Для студэнтаў з парушэннямі зроку — лупы, настольныя лямпы, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, надрукаваныя шрыфтам Брайля, запіс лекцый на электронных аўдыяносьбітах. Для студэнтаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату — устаноўку спецыяльнага сантэхнічнага абсталявання, наяўнасць у будынках спецыяльных ліфтаў, дзвярных прыстасаванняў і гэтак далей. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці праўда што ў новых Правілах прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на 2012 год для абітурыентаў-інвалідаў не прадугледжана магчымасць здачы ўступных іспытаў...
|
|