Ад вугальнай шаблі да карася. 21.by

Ад вугальнай шаблі да карася

29.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На цэнтральным брэсцкім рынку не даводзілася быць з пачатку маштабнага росту цэн. У мікрараёне, дзе жыву, ёсць свой базар. Цэны, думаю, асабліва не адрозніваюцца. Што блізка — тое зручна. Але першае, што кінулася ў вочы на цэнтральным — мноства пакупнікоў у абедзенны перапынак і даволі значная амплітуда вагання кошту аднаго і таго ж тавару. Так, яблыкі ў пераважнай большасці гандляроў былі па 10 тысяч рублёў, але перад уваходам з машын прадавалі па 9, па 8 і нават па 6 тысяч — праўда, невялічкія і розных гатункаў. Мандарыны — спрэс па 16 тысяч рублёў. (А ў выхадныя на пераднавагоднім кірмашы суседзі купілі ладныя мандарыны па 11 тысяч.) Елкі таксама прадавалі па адной цане — 50 тысяч рублёў.

Бульбу ў 5-кілаграмовых мяхах пакупнікам прапаноўвалі па паўтары тысячы за кілаграм. Можна сказаць, назіраўся выбар рыбы. Апошнім часам рыбгасы нас не вельмі балавалі — усё больш везлі тавар на кірмашы ў сталіцу. Стаяла чарга, каб набыць карася па 13 тысяч. Карпа прапаноўвалі ў адным месцы па 21 тысячы, у другім — па 19 тысяч. Бройлерных куранят з "Дружбы" прадавалі па 25 тысяч рублёў, а ў фірменным кіёску прадпрыемства побач — па 23900. Мясныя прылаўкі выглядалі багата. Першы ад уваходу дзябёлы прадавец увесь час кідаў на вагі кускі свінога кумпяка па 50 тысяч рублёў. Выразка з ялавічыны вагалася ў цане ад 65 да 75 тысяч. На ўсе лады расхвальвалі гандляры калядную свініну і ялавічыну, казалі, што дамашняя, што вырашчаная на натуральных кармах. Толькі як гэта праверыш? Застаецца прымаць на веру. Як і тое, што доўгая замарожаная рыбіна пад назвай "вугальная шабля" па 41 тысячу рублёў вырасла ў марскіх глыбінях каля Ісландыі, а не ў акварыуме паблізу Харбіна. Ужо ж і хваліла яе прадавачка, і расказвала, як у роце растае, і паказвала, як пальчыкі абліжаш. Угаварыла ўсё-такі купіць. У любой справе важны прафесіяналізм.

Святлана ЯСКЕВІЧ.   А, бывае, у крамах танней!

На, мабыць, самым папулярным віцебскім гандлёвым комплексе "Смаленскі", які народ па звычцы называе "Смаленскі рынак", цэны на некаторыя прадукты, як заўважылі пакупнікі, кусаюцца. Але без пакупак ніхто практычна не сыходзіць. Так было і ў аўторак — непагадзь ніяк не паўплывала на колькасць наведнікаў рынку. Як і лужыны, гразь пад нагамі вакол "галоўнага" новага будынка рынку, дзе рэалізуюць нехарчовыя тавары.

Недалёка ад уваходу ў гэты будынак прадаюць галоўны сімвал навагодняга свята — жывыя елкі. Кошт залежыць ад вышыні: да метра — 25 тысяч рублёў, да двух метраў — 35 тысяч рублёў. Заўважыў, што прадавец працуе на прыватную камерцыйную структуру. Цікава, што яе "канкурэнт" — лясгас "літаральна з колаў", з іншага боку будынка, прадае елкі па тых жа цэнах.

На рынку вялікі выбар яблыкаў. Калі яблыкі айчынныя, прадаўцы на цэнніках спецыяльна ўказваюць гэта. Адна з прадаўшчыц адзначыла, што ў апошні час менавіта беларускія яблыкі "чамусьці" карыстаюцца добрым попытам. Нашы яблыкі прапаноўвалі набыць па "стабільнай" цане — 9 тысяч рублёў за кіло. Замежныя прадаюцца па кошце 10-10,5 тысячы рублёў за кіло і больш. Мандарыны — галоўная садавіна навагодняга стала — каштуюць 14-15 тысяч рублёў за кіло.

"Сваю" бульбу грамадзяне (тутэйшыя гэтае месца продажу называюць "у бабак") прапаноўвалі купіць па цэнах у залежнасці ад ёмістасці вядра. За "вялікае" прасілі 15 тысяч рублёў, за меншае — 6-літровае — 10 тысяч.

Зайшоў у крыты стары будынак харчовага рынку. Свініну знайшоў адразу, па цане 50-60 тысяч рублёў за кілаграм (кумпяк увогуле не знайшоў). Ялавічыну прыйшлося шукаць доўга. Знайшоў — па цане 75 тысяч рублёў за кіло. Недалёка прадавалася таксама ялавічына, але ўжо за 90 тысяч рублёў. Прадавец сказаў, што якасць гэтай выразкі выдатная, таму і цана "кусаецца".

Карпа (жывога) знайшоў таксама не адразу: па цане 17850 рублёў за кілаграм. Для параўнання, кіло селядца ў іншым месцы прапаноўвалі купіць за 27,3 тысячы рублёў. Калі пахадзіць па рынку, дзе размешчаны спецыяльныя "рыбныя рады", селядзец можна купіць і па больш прывабнай цане.

Вельмі добры выбар куранят. Кіло бройлернага кураняці можна купіць за 24 950 рублёў. Што цікава, у той жа прадаўшчыцы кіло кураціны... усяго за 20,1 тысячы рублёў. На пытанне: ці кандыцыя? — пачуў адказ, што проста ўпакоўка іншая. Кіло курыцы ў іншых па кошце 23 тысячы і больш.

Не мог не пацікавіцца: пачым сімвалы надыходзячага года? "Мяккіх" цмокаў можна купіць і за 12 тысяч, і за 15, і за 30 тысяч рублёў.

Прайшоўся і па крамах у пошуках параўнальна таннага шампанскага — "караля" навагодніх напояў. Высветлілася, што шампанскае беларускай вытворчасці ў асноўным рэалізуюць па цане больш за 25 тысяч рублёў за бутэльку. Некаторыя крамы спецыяльна зараз праводзяць "шампанскія акцыі" — прадаюць яго па цэнах ніжэйшых, чым у іншых крамах. І пакупнікам, вядома, гэта выгадна, асабліва калі трэба купіць некалькі бутэлек.

Уважлівыя пакупнікі кажуць, што тая ж садавіна: яблыкі, мандарыны, ківі і іншае — у некаторых крамах могуць каштаваць танней, чым на рынку... Як і мясныя вырабы.

Так што, калі не пашкадаваць часу, можна прайсціся па крамах і зэканоміць на пакупках, як ні дзіўна гэта гучыць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Да каляднага стала

Самы вялікі натоўп пакупнікоў на Цэнтральным рынку Магілёва — з 11 да 14 гадзін. І тут няма вялікай розніцы: звычайны гэта дзень, выхадны ці калядны.

Больш за ўсё магіляўчан таўчэцца каля паліц з мясам. Цэны тут розныя: за кілаграм свінога кумпяка просяць 55-68 тысяч рублёў. Ялавічына даражэй: выразка — 75-89 тысяч. Але некаторыя гандляры цану скідаюць адразу: "Прашу 85, але калі будзеце браць — аддам за 80". Аднак пакупнікі не спяшаюцца, бо выбар ёсць.

У рыбным аддзеле людзей няшмат. Селядзец — ад 22 да 23,5 тысячы за кіло. Але гараджане прыглядаюцца ў асноўным да чырвонай рыбы. Кураняты-бройлеры ад аднаго вытворцы каштуюць 22 000 рублёў за кілаграм, ад другога — 24 750.

Абавязковыя на калядным стале мандарыны ёсць, і розных гатункаў. Цэны розняцца мала: 14-16 тысяч рублёў за кілаграм. Пры гэтым кожны гандляр абяцае, што менавіта яго вітамінны тавар самы салодкі і без костачак. Абхазскія мандарыны прапануюць асобна. Кажуць, іх водар напамінае пра дзяцінства. Яблыкі каштуюць ад 7,5 да 11 тысяч — што беларускія, што замежныя. Але тут пакупнікі відавочна на баку айчыннай садавіны.

А вось бульба — толькі беларуская. "Брыз", "Крыніца", "Журавінка", "Ласунак" — каму які гатунак даспадобы. Кошт — 2 000 рублёў за кілаграм. Попыт усё ж невялікі, бо гараджане зрабілі добрыя запасы восенню.

Асаблівасць часу — кірмашы елак. Мятровае хвойнае дрэўца можна набыць за 26 000 рублёў.

Алена Казлова.

 

Гродзенскі цэнтральны рынак

27 снежня дэфіцыту на "кантрольныя" тавары там не было, хіба што акрамя ялавічыны, якую ў сярэдзіне дня прапанавала толькі адна гандлярка. Магчыма, і па гэтай прычыне мяса ў яе было нават даражэй, чым у памяшканні непадалёк, дзе гандлююць прадпрыемствы спажыўкааперацыі (там кілаграм выразкі каштаваў ад 43 да 50 тысяч рублёў). У прыватніцы ж мяса выглядала больш прывабна, але цана нават перавышала 60 тысяч рублёў.

Па іншых таварах вельмі істотнай розніцы ў цэнах не назіралася (ніжэй — кошт аднаго кілаграма).

Свініна, кумпяк: 45 — 50 тысяч рублёў.

45 — 50 тысяч рублёў.

Кураняты-бройлеры: 20500 — 23900 рублёў.

20500 — 23900 рублёў.

Селядзец разважны: 26900 — 29900 рублёў.

26900 — 29900 рублёў.

Карп: дробны — 13050 — 14500 рублёў; адборны — 20300 — 21400 рублёў.

дробны — 13050 — 14500 рублёў; адборны — 20300 — 21400 рублёў.

Яблыкі: 9 — 10 тысяч рублёў, драбнейшыя і горшыя па знешнім выглядзе — ад 6 да 8 тысяч рублёў.

9 — 10 тысяч рублёў, драбнейшыя і горшыя па знешнім выглядзе — ад 6 да 8 тысяч рублёў.

Мандарыны: 14500 — 15500 рублёў.

14500 — 15500 рублёў.

Бульба: 1400 рублёў.

1400 рублёў.

Елка вышынёй да 1 метра каштуе ў Гродне 25 тысяч рублёў.

вышынёй да 1 метра каштуе ў Гродне 25 тысяч рублёў.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Да цэнаў прызвычаіліся

найперш, тыя ў каго ёсць грошы. І перад Новым годам у крамах і на рынку істотна нічога не змянілася.

Cёння не трэба спяшацца адразу нешта купляць. На ўваходзе ў кірмаш "Палескі" стаяла жанчына і прадавала кансервы "печань траскі" па 23 тысячы за бляшанку. Купіў, бо ў краме яе цана 28 тысяч. Заглянуў на кірмаш, і ў метрах 20 ад уваходу ўбачыў мужчыну, які прадаваў "печань траскі" па 17 тысяч рублёў. Аднолькавыя кансервы, вырабленыя ў Мурманску, а такая "разбежка" ў цане. Крыўдна стала.

Затое ўсяго хапае. Выразку кумпяка можна набыць па 40 тыс. за кг, а бачок з рабрынкай — па 37 тыс. Салёнае сала — 39-42 тысячы за кг.

Але ж за навагоднім сталом сала есці не будзеш (хаця хто яго ведае?), іншая справа — карп фаршыраваны. Клопату многа, але ж і смак выдатны. Карп на рынку ад 15 тысяч (сярэдні), буйны — па 18 500 рублёў. Салёны селядзец паўсюды каштуе аднолькава — 25-26 тыс. за кг, а вось куры ўжо маюць "разбежку". У фірменнай краме птушкафабрыкі "Дружба" — 21 тыс. за кг, а ў астатніх — 26 тысяч.

Летась за тыдзень да Новага года я купіў за 80 тысяч невялікага гусака, а сёлета нават не падышоў да жанчыны, якая трымала ў сумцы дзве тушкі худаватых гусак: кошт вырас у некалькі разоў.

З бульбай праблем няма, бо цана яе не варухнулася — 1000 руб. за кг, а вось яблыкі прадаюцца па цане бананаў — 10 тыс. за кг. Можна купіць і больш танныя, але яны саступаюць па якасці. Зразумела, што цытрусавыя апераджаюць іх па кошце: мандарыны — па 10-12 тысяч, а апельсіны — 13-14 тысяч за кг.

Вырашылі сёлета сустракаць Новы год сціпла, бо яшчэ невядома, што ён прынясе. Ці не за лепшае прыстойна правесці стары? Як-ніяк жывыя і здаровыя (у межах узросту), ды яшчэ і чарку падняць можам, а гэта ўжо нямала.

Сымон Свістуновіч.

.  

г. Баранавічы.

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На цэнтральным брэсцкім рынку не даводзілася быць з пачатку маштабнага росту цэн. У мікрараёне, дзе жыву, ёсць свой базар. Цэны, думаю, асабліва не адрозніваюцца....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика