Год сінаптычных анамалій
30.12.2011
—
Новости Общества
|
У першай палове студзеня будзем без снегу? Паводле арыенціровачных падлікаў беларускіх сіноптыкаў, сярэдняя па краіне тэмпература паветра ў 2011 годзе склала крыху больш за плюс 7 градусаў, што ажно на 1,3—1,5 градуса вышэй за кліматычную норму, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава. Анамальна цёплае надвор'е было ў адыходзячым годзе ва ўсе месяцы сезона, за выключэннем лютага, калі адхіленне тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы было адмоўным (-2,1 °С). А вось максімальнае станоўчае адхіленне тэмпературы паветра ад нормы было ў студзені (+3,0 °С). Потым была ранняя вясна, даволі цёплыя лета і восень. Аднак, згодна з папярэднімі прагнозамі, самым анамальна цёплым стане сёлетні снежань, дзе рэальная тэмпература паветра ажно на 4 градусы стане вышэй за кліматычную норму. Увогуле, халадней за ўсё сёлета было 19 лютага на крайнім паўночным усходзе Беларусі — на станцыі Езярышча Глыбоцкага раёна, калі тэмпература паветра апускалася да мінус 35 градусаў. Тэмпературны максімум быў зафіксаваны ў Жыткавічах 15 ліпеня, ён раўняўся 33,3 градуса. Сіноптыкамі было падлічана, што сёлета ў Беларусі выпала каля 580 мм ападкаў, што складае прыкладна 90 % ад кліматычнай нормы. На працягу года ападкі выпадалі даволі нераўнамерна. Сухімі сёлета былі сакавік, красавік, жнівень, верасень, кастрычнік і лістапад. Вельмі напружанае становішча з ападкамі назіралася вясной, калі ў краінах Заходняй Еўропы пачыналася нават засуха. Да нашай краіны засуха не дабралася. Больш за тое, потым быў вельмі вільготны ліпень, калі ў краіне выпала ў сярэднім 130 мм ападкаў, што адпавядае 150 працэнтам кліматычнай нормы. Самым сухім месяцам года стаў лістапад, калі ў Беларусі выпала 14 мм ападкаў, або ўсяго 29 працэнтаў ад кліматычнай нормы. У сувязі з гэтым сёлета было вельмі мала грыбоў. Самая моцная хваля анамальнага цяпла назіралася сёлета ў снежні. Амаль праз кожныя два-тры дні ў нашай краіне былі сапраўды цёплыя перыяды з сярэднясутачнай тэмпературай на 4—6 градусаў вышэй за норму. Вельмі моцная тэмпературная анамалія назіралася 15—16 снежня, калі сярэднясутачная тэмпература была ўжо на 7—10 градусаў вышэй за норму. Аднак цяплей за ўсё не па сезоне было 27 снежня, калі пры кліматычнай норме мінус 4—6, у Мінску сіноптыкі зафіксавалі ажно плюс 9 градусаў. Згодна з папярэднімі прагнозамі айчынных сіноптыкаў, даволі няўстойлівае надвор'е чакае Беларусь і ў першай палове студзеня. Час ад часу з боку Еўропы ў наш бок будуць рухацца актыўныя цёплыя цыклоны. Таму існуе меркаванне, што ў першыя два тыдні новага года магчымыя ападкі, пераважна ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, а вось сапраўднае снежнае покрыва нам трэба чакаць крыху пазней. Спецыялісты прагназуюць наступленне сур'ёзнага холаду не раней, чым у другой палове першага месяца года. Разам з тым, не выключаецца верагоднасць таго, што і ў першай палове студзеня будзе падмарожваць у асобныя дні, але не вельмі моцна і не надоўга. Сяргей КУРКАЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У першай палове студзеня будзем без снегу? Паводле арыенціровачных падлікаў беларускіх сіноптыкаў, сярэдняя па краіне тэмпература паветра ў 2011 годзе склала крыху... |
|