САНТА-КЛАУСЫ ардэнаноснага трэста
30.12.2011
—
Новости Общества
|
У перадсвяточныя дні нашы карэспандэнты папрасілі адказаць на некалькі пытанняў генеральнага дырэктара праслаўленага калектыву, аднаго з лідараў будаўнічай галіны краіны — салігорскага ААТ "Будтрэст № 3 ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі" Мікалая Захаравіча Ашэйчыка. Пра добрыя справы і здзяйсненні перадавога прадпрыемства "Звязда" пісала неаднойчы. Мікалай Захаравіч АШЭЙЧЫК: — Віншую чытачоў "Звязды", а таксама сваіх калег па будаўнічай галіне, нашых дзелавых партнёраў, заказчыкаў, жыхароў узведзеных намі дамоў з Калядамі і навагоднімі святамі. Шчасця ўсім вам, здароўя і дабрабыту. А таксама — аптымізму. Усё ў нас з вамі ў дарагой нашай Беларусі атрымаецца! — Ці лёгка сёння быць у ролі Дзеда Мароза, Мікалай Захаравіч? — Будаўнікі даволі часта выступаюць у ролі гэтага казачнага персанажа, ад якога ўсе чакаюць падарункаў. Нашы падарункі заўсёды — рэальныя і вельмі важкія. Прывяду толькі два нядаўнія прыклады. Нічога, відаць, так не турбуе маладыя сем'і, як магчымасць атрымаць уласны дах над галавой. У сярэдзіне снежня, калі краіна пачала рыхтавацца да сустрэчы Каляд і Новага года, мы ва ўрачыстай атмасферы ўручылі ключы ад новенькіх кватэр 91 салігорскай сям'і. І яшчэ адзін пастаянны клопат любога чалавека — уласнае здароўе. Дык вось, у апошнія дні адыходзячага года мы перадаём 2-й гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску новы прасторны корпус аперацыйна-рэанімацыйнага блока на 253 ложкі на вуліцы Энгельса. А ў верасні перадалі гэтай жа медыцынскай установе ключы ад суседняга лячэбна-дыягнастычнага корпуса на 200 ложкаў. А ўвогуле хоць адыходзячы ў гісторыю 2011-ы быў не вельмі лёгкім з-за пэўнай фінансавай "разбалансаванасці" эканомікі, тым не менш ён стаў даволі шчодрым на падарункі, якія будаўнікі зрабілі сваёй краіне. За 11 месяцаў прадпрыемства выканала ўласнымі сіламі аб'ём падрадных работ на суму 605 мільярдаў рублёў. (Рост аб'ёмаў у супастаўных цэнах склаў 107 працэнтаў.) Для параўнання можна сказаць, што гэта каля 9 працэнтаў ад агульнага аб'ёму па будаўнічых арганізацыях Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва РБ. Растуць у нас прадукцыйнасць працы і рэнтабельнасць, заработная плата членаў калектыву. Напрыклад, прадукцыйнасць працы на будаўніча-мантажных работах на аднаго працуючага склала за гэты час 154,3 мільёна рублёў у цякучых цэнах. Што на 35 працэнтаў вышэй за паказчык па будаўнічай галіне. Нягледзячы на ўсе вядомыя цяжкасці мы не толькі выканалі, але і істотна перавыканалі заданне па інвестыцыях у асноўны капітал. Пры заданні 8 мільярдаў рублёў інвеставалі 22,3 мільярда рублёў. Добрая слава Дзеда Мароза, апранутага ў будаўнічую спяцоўку, ніколі лёгка не даецца. Высокія вытворчыя паказчыкі сталі магчымымі дзякуючы дружнай рабоце ўсяго калектыву, які аб'яднаў у сваіх упраўленнях і брыгадах каля пяці тысяч чалавек. У адыходзячым годзе лепш за ўсё выконвалі свае вытворчыя задачы калектывы БУ-55 (начальнік Васіль Сямёнавіч Нямковіч), БУ-123 (начальнік Дзмітрый Міхайлавіч Картуз), БУ-137 (начальнік Сяргей Канстанцінавіч Драждзянюк), БМУ (начальнік Уладзімір Уладзіміравіч Радкевіч), ЭМУ (начальнік Міхаіл Пятровіч Корбут), ЗЖБК (дырэктар Сяргей Аляксандравіч Ермалінскі), УВТК (начальнік Якаў Рувімавіч Фрыд), праектна-канструктарская майстэрня "Будпраект" (начальнік Алена Барысаўна Карэцкая). — Вы пачалі нашу размову з жылля. Гэтая праблема знаходзіцца ў цэнтры ўвагі і шырокай грамадскасці, і кіраўніка дзяржавы. Калі можна, прывядзіце больш разгорнутую статыстыку. — Усе апошнія гады будтрэст № 3 нарошчваў аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва. Можна параўноўваць: калі ў 2008 годзе было ўведзена 26 тыс.719 кв.м, то па выніках гэтага года лічба перавысіць 43 тыс. кв.м. А ўсяго за апошнія пяць гадоў мы ўручылі ключы гаспадарам 3105 новых кватэр. Прычым разам з ключамі навасёлы атрымліваюць гарантыйны пашпарт на кватэру і акт яе перадачы, які быў запоўнены пасля папярэдняга абследавання новага жылля яго гаспадаром і ўхілення зробленых заўваг. Інакш кажучы, мы імкнёмся, каб паміж будаўнікамі і заказчыкамі, жыхарамі з самага пачатку ўстанаўліваліся нармальныя, цывілізаваныя адносіны. Будуем дамы не толькі ў горадзе шахцёраў (439 кватэр за 11 месяцаў гэтага года), але і ў Слуцку (100 кватэр), Уздзе (100), Старых Дарогах (80), Капылі (20). Узводзім кааператыўнае жыллё і для сваіх маладых сем'яў, бо будаўнік не павінен быць у гэтым сэнсе абдзеленым. Апошнім часам штогод здаём у эксплуатацыю новы дом, а сёлета атрымалася, што здалі два 64-кватэрныя дамы па вуліцы Кастрычніцкай. — Акрамя даволі напружанай жыллёвай праграмы, было шмат і іншых першачарговых клопатаў?.. — Мы ўдзельнічаем у важным інвестыцыйным праекце ў Крычаве — будаўніцтве высокатэхналагічнай лініі па вытворчасці цэменту сухім спосабам магутнасцю 1,8 млн тон у год. Па сутнасці, гэта будзе новы цэментны завод, узведзены ў выніку беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Аб'ёмы работ тут велізарныя — патрэбна асвоіць больш за трыльён рублёў. Ужо асвоена палова запланаваных фінансавых укладанняў, але пуск не за гарамі, і аб'ект становіцца для трэста ключавым у надыходзячым годзе. Штодня тут працуе тысяча будаўнікоў, 633 з іх — нашы пасланцы. На зыходзе года трэст падрыхтаваў будаўнічую пляцоўку да прыёму гасцей — кіраўнікоў падраздзяленняў будаўнічай галіны, каб падзяліцца вопытам і праблемамі пры стварэнні бяспечных умоў працы. Прымалі ўдзел у рэспубліканскім свяце працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2011" — да яго мы ўзвялі ў Маладзечне буйны цэнтр спорту і адпачынку з лядовай арэнай на 2200 месцаў. Прычым здалі яго датэрмінова, удвая перавысіўшы нарматывы ўзвядзення. Гэты многафункцыянальны комплекс умяшчае ў сябе не толькі лядовае поле, але і ўніверсальную залу па гульнявых відах спорту на 360 гледачоў, крыты плавальны басейн і басейн з элементамі аквапарка агульнай плошчай 5096 квадратных метраў, боўлінг-цэнтр на 6 дарожак, більярдную залу на 11 сталоў, трэнажорную і танцавальна-харэаграфічную залу, залы настольнага тэніса і фехтавання, камп'ютарную залу і залу відэагульняў, кавярню на 78 месцаў і прэс-цэнтр, саўны. Аналагічнага збудавання з такімі магчымасцямі для актыўнага адпачынку няма ні ў адной вобласці. Акрамя таго, у сталіцы "Дажынак-2011" займаліся добраўпарадкаваннем гарадскіх вуліц і тэрыторый. Была выканана рэканструкцыя галоўнай вуліцы Маладзечна — Вялікага Гасцінца. Адну за адной здалі да свята пяць чэргаў агульнай працягласцю 6 кіламетраў. У свой час трэст быў створаны для ўзвядзення аб'ектаў ААТ "Беларуськалій" і горада Салігорска, таму мы штогод многа і старанна працуем на калійным гіганце. Вось і сёлета займаліся мадэрнізацыяй, павелічэннем магутнасцяў, рэканструкцыяй дзеючых вытворчасцяў і новым будаўніцтвам. Толькі адзін прыклад: падрыхтаваны да здачы сур'ёзны прыродаахоўны аб'ект — шламасховішча на трэцім рудніку. На яго ўзвядзенне было выдаткавана больш за 9 мільярдаў рублёў у дзеючых цэнах. Не менш напружаная праграма работ на "Беларуськаліі" прадугледжана на канец 2011 — пачатак 2012 года. Нашых будаўнікоў вы сустрэнеце на сушыльна-фільтравальным корпусе сільвінітава-абагачальнай фабрыкі (1-я і 2-я чэргі), на расоласховішчы, складзе дробназярністага канцэнтрату для другога рудніка, адміністрацыйна-бытавым корпусе, сістэме абаротнага водазабеспячэння першага і трэцяга рудаўпраўленняў і сістэме газазабеспячэння для трэцяга рудніка. На 6-м, Бярозаўскім рудніку, шахтабудаўнікамі закончана праходка скіпавага ствала № 5 глыбінёй 660 метраў, і ствол перададзены заказчыкам БУ-105 будтрэста № 3 для ўстройства вусця і фундаментаў будынка капра. Клеццявы ствол № 6 глыбінёй 600 метраў будзе перададзены пад выкананне работ будтрэсту ў студзені 2012 года. І нашым будаўнікам давядзецца зладжана і плённа папрацаваць, каб разам з аб'яднаннем увесці 6 руднік у строй у першым паўгоддзі 2012 года. — Сярод важнейшых аб'ектаў адыходзячага года, відаць, нельга не ўпамянуць узвядзенне цяплічнага комплексу для ААТ "Агракамбінат "Мачулішчы"?.. — Плошча яго — 6,2 га. Цікава, што тут "корм" для кожнай расліны падаецца індывідуальна, яго састаў спецыялісты разлічваюць з дапамогай камп'ютарных праграм. Пасля здачы ўсіх трох чэргаў (трэцюю мы здалі ў снежні) комплекс выйшаў на праектную ўраджайнасць у 70 кг гародніны з кожнага квадратнага метра. Але толькі гэтым наш уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны не абмяжоўваецца. Уведзены ў эксплуатацыю малочнатаварная ферма на 1000 галоў у аграрным цэху ААТ "Беларуськалій" — СХЦ "Вялічкавічы", першая чарга 3-га пускавога комплексу малочнатаварнай фермы на 1000 галоў у вёсцы Капацэвічы СВК "Новапалескі". Хутка да жыллёвага фонду СХЦ "Вялічкавічы" дабавяцца дзесяць жылых дамоў з добраўпарадкаванай прылеглай тэрыторыяй. — Калі гартаеш надзвычай інфармаваную газету трэста "Строитель Солигорска", то пераконваешся, што вытворчае жыццё калектыву (калі разглядаць нават толькі вытворчае жыццё) — насычанае, разнапланавае, творчае. Спынімся ўсяго на адным яго аспекце: на новых, прагрэсіўных тэхналогіях у будаўніцтве. — Без іх прымянення нельга было б трымаць высокую марку ардэнаноснага калектыву, дабівацца штогод яшчэ больш высокага ўзроўню якасці работ. Ды і колькасныя паказчыкі ніхто не адмяняў. Штогод мы падводзім вынікі ўкаранення прагрэсіўных матэрыялаў і тэхналогій, называем імёны лепшых. Стымулюем іх як маральна, так і матэрыяльна. Такім чынам ствараецца атмасфера наватарства, творчага пошуку фактычна на кожным рабочым месцы. Дзякуючы чаму мы пачалі, да прыкладу, дастаткова смела ўкараняць у сябе маналітнае домабудаванне. Першапраходцамі выступілі БУ-55 у горадзе Слуцку і БУ-122 у Салігорску. Для вывучэння перадавых еўрапейскіх тэхналогій работнікі прадпрыемства сістэматычна накіроўваюцца на міжнародныя стажыроўкі ў Германію, Фінляндыю, Нідэрланды і іншыя краіны. За апошнія тры гады такую стажыроўку прайшлі 83 спецыялісты. Акрамя маналітнага домабудавання, гэта дазволіла ўкараніць і такія новыя тэхналогіі і віды работ, як устройства вентфасадаў і падлог, якія падаграваюцца, прымяненне і абвязка новых відаў сантэхпрыбораў, прымяненне спецыяльных высокапрадукцыйных механізмаў пры выкананні земляных работ і на добраўпарадкаванні, новых дахавых матэрыялаў і г.д. Яшчэ ў снежні 2002 года прадпрыемства ў ліку першых у будаўнічай галіне ўкараніла і сертыфікавала сістэму якасці пры выкананні будаўніча-мантажных работ, якая грунтуецца на міжнародных стандартах. Шырокае выкарыстанне міжнароднага досведу дапамагае нам, як бачыце, быць цалкам сучаснымі партнёрамі сваіх заказчыкаў і запатрабаванымі ў розных сферах народнагаспадарчага комплексу. У прамысловасці, у сельскай гаспадарцы, у адукацыі і ахове здароўя, у культуры і гэтак далей. Паўсюдна салігорцы пакідаюць свой добры след. — Знаёмства з работай калектыву пераконвае, што вы імкняцеся працаваць сістэмна. Дзейнічае комплексная сістэма кіравання якасцю, пра што вы толькі што сказалі, а таксама надзвычай прадуманая сістэма аховы працы, і нават сістэма арганізацыі самой будаўнічай вытворчасці. Што яна дае, Мікалай Захаравіч? — Яна дазваляе амаль пяцітысячнаму калектыву працаваць зладжана і дакладна. Вось толькі некаторыя яе аспекты. Генпадрадчык атрымлівае дазвол генеральнага дырэктара на пачатак работ на новым аб'екце толькі пасля выканання ўсіх падрыхтоўчых мерапрыемстваў. Камісійную праверку праводзяць работнікі дырэкцыі трэста. Пад такімі мерапрыемствамі маюцца на ўвазе агароджванне будаўнічай пляцоўкі і бытавога гарадка з устаноўкай КПП і кацельні на цвёрдым паліве для абагрэву комплексу бытавых памяшканняў. Прычым бытавыя памяшканні размяшчаюцца адпаведна патрабаванням ППР, укамплектаваны мэбляй, сушыльнымі аддзяленнямі, падключанымі да аўтаномнай кацельні. Абавязковая ўстаноўка цёплых туалетаў з умывальнікамі і душавых кабін. Прадугледжаны мантаж блок-сталовых і пунктаў прыёму ежы, устаноўка часовага водаправода, каналізацыі, сетак цеплазабеспячэння, электразабеспячэння і асвятлення. А таксама абсталяванне месца для мыцця калёс аўтатранспарту — для аб'ектаў у гарадах, устаноўка сістэмы відэанагляду. Ніхто не зможа прыступіць да працы без афармлення тэхнічнага пашпарта аб'екта і ўкамплектавання яго нарматыўна-тэхнічнай і тэхналагічнай дакументацыяй, без наяўнасці поўнага нормакамплекту з наборам неабходнага інструменту і прыстасаванняў, выканання іншых "фармальнасцяў", ад якіх залежыць бяспечная, эфектыўная праца брыгад. Магчыма, мы не адкрываем тут Амерык, проста клапоцімся пра сваіх людзей і эфектыўнасць іх працы. — І абсалютна навагодняе пытанне, бо яно скіравана як мінімум у год наступны: што ў працоўных планах, Мікалай Захаравіч? — Мы ўдзельнічаем у таргах па выбары падраднай арганізацыі для стварэння новых магутнасцяў па выпуску велікагрузных кар'ерных самазвалаў "БелАЗ" у Жодзіне. Рашэннем Мінаблвыканкама трэст вызначаны генпадрадчыкам на ўзвядзенні стадыёна ў Барысаве. Зараз там ужо выконваецца вертыкальная планіроўка, падрыхтоўка будаўнічай пляцоўкі, закладваюцца маналітныя фундаменты пад апорныя канструкцыі, абсталёўваецца бытавы гарадок, падводзяцца інжынерныя камунікацыі. У 2007 годзе будаўнікі трэста ўвялі ў эксплуатацыю высакакласную гасцініцу "Вікторыя" з бізнэс-цэнтрам на праспекце Пераможцаў у Мінску, і ўжо некалькі гадоў яны прыносяць прыбытак у казну сталіцы. Зараз вядуцца перамовы аб будаўніцтве нашымі сіламі другой чаргі гасцініцы "Вікторыя". І гэта далёка не ўсё. Планы — напружаныя, але рэальныя. Значыць, будуць новыя працоўныя падарункі краіне ад калектыву ардэнаноснага трэста № 3. Падрыхтаваў Уладзімір Хількевіч. Фота Яўгена Пясецкага і з архіва трэста. УНП 600122771 Ад рэдакцыі. Шчыра дзякуем за рознабаковую дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай публікацыі намесніку галоўнага інжынера трэста Уладзіміру Кухарэнка, рэдактару газеты "Строитель Солигорска" Аляксандру Калеснікаву і іншым супрацоўнікам трэста і рэдакцыі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У перадсвяточныя дні нашы карэспандэнты папрасілі адказаць на некалькі пытанняў генеральнага дырэктара праслаўленага калектыву, аднаго з лідараў будаўнічай...
|
|