«Рэцэпт просты: працаваць, верыць у Бога, жыць па сумленні»
30.12.2011
—
Новости Общества
|
ЕСТЬ только миг между прошлым и будущим, именно он называется жизнь…» — спяваецца ў вядомай музычнай кампазіцыі. Сапраўды, жыццё — імгненне. А што, калі доўжыцца яно цэлае стагоддзе і ўжо ўзяло адлік на другое?! Гэта ж колькі часу прайшло! Толькі ўявіце сабе: нарадзілася Ефрасіння Апанасаўна МАРОЗАВА яшчэ пры цары, памятае і Першую сусветную, і Вялікую Айчынную. Хоць ты падручнік па гісторыі пішы з успамінаў.
«Дзяцей было багата» НЕ ПАСПЕЛА я з’явіцца на парозе ў яе хаце, як Ефрасіння Апанасаўна паспяшалася насустрач. «Не, мама, гэта не Даша, — стала тлумачыць ёй дачка, Надзея Васільеўна, якая праз дзень наведваецца ў бацькоўскі дом з абласнога цэнтра. — Гэта карэспандэнтка з Мінска. Будзе пра цябе матэрыял пісаць». А потым, звярнуўшыся да мяне, дадала: «Зрок ужо не той. Пераблытала вас з праўнучкай, вось і кінулася абдымаць». Бабуля апускаецца на канапу, а ўслед за ёй і мы: я — насупраць, а Надзея Васільеўна — побач, будзе «перакладаць», бо чуе мая субяседніца кепска. Затое яе памяці можна пазайздросціць. Сям’я Сямёнавых была вялікай — дзевяць дзяцей: два хлопцы — Пракоп і Іван, астатнія — дзяўчаты. Старэйшая Ганна — з 1908 года, затым праз два гады нарадзілася і Ефрасіння. Жылося па-ўсякаму. Да царскай вайны і няблага: бацька працаваў на чыгунцы, мелі капейчыну. Таму дзеці былі дагледжанымі. Адным словам, сям’я — на добрым рахунку. Калі пачалася Першая сусветная, дзяўчынцы ледзь споўнілася чатыры, але яна памятае чужых «дзядзькаў» са злоснымі тварамі, якія размаўлялі на незнаёмай мове — польскай, нямецкай. Бацьку амаль не бачылі. Малодшы Пракоп, які нарадзіўся ў 1914-м, нават не пазнаў яго, калі той вярнуўся з вайны, бо не ведаў і нават не зваў татам. Усё больш маці выхоўвала, асабліва дачок, вучыла быць сапраўднымі гаспадынямі. «Да Заліп’я ішлі цэлыя суткі» А ЗАМУЖ Проня пайшла ў Сасноўку, дзе любіла гасціць у цёткі. Па суседству і жыў Васіль. Так і пазнаёміліся, а хутка і вяселле справілі, нарадзілі дзяцей. Калі пачалася вайна, Надзеі было ўсяго толькі пяць гадоў. А браты яшчэ меншыя — адзін з 1939-га, а другі — з 1941-га. — Яшчэ на пачатку вайны Васіль трапіў у палон да фашысцкіх карнікаў. Затым удалося збегчы. Ён вярнуўся ў Сасноўку, але тут гаспадарылі немцы, прыйшлося хавацца ў родзічаў, падпольнічаць. Да гэтага часу ўжо апанавала хвароба: кашляў надта моцна, а да доктара ж не звернешся. Сястра яго прыкрывала: калі паліцаі прыходзілі, а ў Васіля пачынаўся прыступ, каб не было чуваць кашлю, яна прытупвала нагамі, — успамінае Ефрасіння Апанасаўна. — Так і памёр, не дачакаўшыся лекаў. А я засталася з малымі дзецьмі на руках… Адна. А аднойчы прыйшоў Кузьма, іх сасноўскі стараста, і сказаў, што Проню высылаюць у Нямеччыну. Што рабіць? Вырашыла ісці да маці, у Чырвоны Маяк. Мужчына спрабаваў адгаварыць: усё ачэплена фашыстамі, не пройдзеш. Але яна ўжо не слухала, наспех сабрала дзяцей і падалася. Малодшага Мішку несла ў радне, а старэйшыя стараліся не адставаць. — Мы дайшлі да моста, як вартавы немец развярнуў нас назад са словамі: «Цурюк, матка», — Ефрасіння Апанасаўна крыху спыняецца, каб перавесці дух. — Я зрабіла выгляд, што згадзілася, а сама падалася лесам. Праз кусты, раку. Там якраз жмадзяры (тады так казалі на венграў) коней паілі і дапамаглі малога на другі бераг пераправіць. Да Заліп’я, за якім ужо хутка і Чырвоны Маяк, мы ішлі цэлыя суткі… «Памром першымі, каб не бачыць смерці іншых» І ТАМ, канешне, гаспадарылі фрыцы. І таксама здзекаваліся. Колькі тых жудасных успамінаў яшчэ доўга не давалі спаць па начах! Неяк па вёсцы прайшла чутка, нібы партызаны блізка. Раніцай панаехала столькі танкаў, акружылі з усіх бакоў мястэчка, а жыхароў павыганялі на вуліцу і загадалі ісці за танкамі. Вялі на расстрэл. Проня разам з дзецьмі ўсунулася ў апошнія шарэнгі, за якімі маршыравалі фрыцы з кулямётамі. «Так нас застрэляць першымі, і мы не ўбачым, як забіваюць іншых», — тлумачыла яна малым. Калі ўвесь народ ужо тоўпіўся ў канцы вёскі, прыехалі жмадзяры: аказалася, што чуткі наконт партызан не пацвердзіліся. І людзей адпусцілі. Так і жылі — у пастаяннай боязі. Немцы выгналі з роднай хаты, прыйшлося выкапаць у садзе зямлянку. Потым і адтуль «турнулі». А самі нагла раз’язджалі па вёсцы, ладзілі гулянкі, забаўляліся з дзяўчатамі. Проня сама не адважвалася, а малыя прасіліся ў фрыцаў пагрэцца. Калі-нікалі пускалі на печ на паўгадзінкі, а калі і насміхаліся, натраўлівалі сваіх аўчарак. Але гэта ніяк не параўнаць з тым, што адчула Ефрасіння Апанасаўна, калі да галавы прыстаўлена дула пісталета... «Спаўзла па сценцы, а дзеці абвілі з усіх бакоў» – НЕМЦЫ загадалі мне паліць печ, каб насмажыць ім сала. Я завіхалася, калі прыйшла бабуля і расказала, што бацьку фрыцы публічна расстралялі. За тое, што ён дапамагаў партызанам на чыгунцы, — бабулі Ефрасінні гаварыць пра гэта вельмі цяжка, і яна выціскае з сябе кожнае слова. — Мне зрабілася дрэнна, нават прытомнасць страціла ад такой жудаснай навіны. На тое сала і забылася. А яно згарэла. Немец як раззлаваўся, выхапіў пісталет і прыставіў мне да ілба. Сэрца абмерла. Тады я кожнай клеткай сваёй адчула, як рулетка круціцца «дззззыыы»… Спаўзла па сценцы, дзеці абвілі мяне з усіх бакоў, самі перапалохаліся. Выратавала толькі тое, што другі фрыц і перакладчыца з Гомеля, што сядзелі ў суседнім пакоі, спахапіліся, падбеглі і крыкнулі на таго: «Цурюк». Больш нічога не памятаю… «Малілася, каб дзеці не прасілі есці» ПАСЛЯ вайны несалодка было: без мужыка, з дзецьмі на руках, без гаспадаркі. А натурпадатак усё адно плаціць трэба: яйкі, масла, малако патрабавалі ад кожнай сям’і. Ёсць у цябе карова ці не, нікому справы няма. Вось і круціся як хочаш. І дапамагаць ніхто з аднавяскоўцаў асабліва не спяшаўся. Але Проня не скардзілася. Разумела: усім цяжка. — Не ведала, чым нават карміць дзяцей. Яны клаліся спаць, а я малілася, каб хаця есці не прасілі, — успамінае жанчына. — А назаўтра ў школу адпраўляла. Восем кіламетраў пешшу ісці. Дык дзеці здавалі жалуды і тым зараблялі авёс. Напараць яго, у кішэню ўсыплюць і па дарозе жуюць, каб хоць неяк голад суняць. А сама спяшалася ў калгас. Працавала ў полі, цялят паіла, кароў пасвіла. «Салёны агурок — на святочны стол, а замкі — на косы» ЖЫЛІ бедна, але Ефрасіння Апанасаўна не жаліцца. І сароміць тых, хто зараз незадаволены сваім быццём. Гэта проста грэх, запэўнівае яна. У параўнанні з тым, ваенным і пасляваенным, гэта проста рай і пекла. Хаця і тады, як бы цяжка ні прыходзілася, знаходзілі час на святы. — У вайну, канешне ж, якія там гулі. Чуць не чулі, што нейкі там Новы год сустракаць трэба, калі немцы могуць у любы момант пусціць кулю ў лоб, — узгадвае яна. — А пасля, у савецкі час, дзяўчаты любілі паспяваць, гуртам сабрацца разам з хлопцамі ў каго-небудзь. Бульбы насмажым з агурком салёным — вось і ўвесь стол. Ды і святкавалі больш Каляды. Тады і паваражыць можна было. — А ці спраўдзілася што? — не ўтрымалася, каб не запытацца. — І праўды, і няпраўды хапала. Але адно пацвердзілася. Яшчэ дзеўкамі з Ганнай перад сном зашчапілі свае косы на замкі і абмяняліся ключамі. Ёй павінен быў прысніцца мой суджаны, а мне — ейны, — смяецца Ефрасіння Апанасаўна. — Раніцай прачнуліся і давай распытваць, хто каго бачыў. Мне — Мішка, а ёй — нейкі незнаёмы хлопец. А як Васіль пазней да мяне ў сваты прыехаў, яна і прызнала. І Ганна за Мішку замуж пайшла. «Жыць па сумленні і веры» НА СТАГАДОВЫ юбілей сабраліся амаль усе родныя. І гасцей шмат. Гармонік граў, спявалі, весяліліся. Нават са старшынёй мясцовага калгаса танцавала! — Яшчэ сотню пражывяце? — падахвочваю яе. — Лёгка нават, — бойка адказвае бабуля і, здагадваючыся, якім будзе наступнае пытанне, тут жа дае адказ. — Рэцэпт даўгалецця хочаце дазнацца? Працаваць, верыць у Бога і жыць па сумленні. Тады ты будзеш добрай гаспадыняй, маці, а затым і такой багатай на ўнукаў бабуляй. «Кажуць, што пад Новы год…» ЗАРАЗ ужо дачка Надзея Васільеўна даглядае маці, праз дзень прыязджае да яе — есці зварыць, дроў і вады нанасіць, а ўжо чаю пагрэць ці грубку распаліць — Ефрасіння Апанасаўна можа сама. І ў лазні памыцца, і на вуліцу ў пагодны дзень выйсці, і песню заспяваць яшчэ па сілах. І колькі дачка ні звала да сябе, у Гомель, адмаўляецца. — Суседкі папераязджалі, дык асабліва не хваляцца, — кажа доўгажыхарка. — Толькі што на Новы год Надзейка забярэ, каб у адзіноце не сустракала. Весялосць — справа маладая. — А жаданне пад бой курантаў загадваць будзеце? — напрыканцы пытаюся. І мая субяседніца, крыху падумаўшы, адказвае: — Не веру ў гэтыя святочныя забабоны, але вельмі хачу дачакацца прапраўнука. Гэта будзе самы дарагі падарунак у мой чарговы, 102-гі, Новы год! Надзея ЯНЧАНКА, «БН» Фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЕСТЬ только миг между прошлым и будущим, именно он называется жизнь…» — спяваецца ў вядомай музычнай кампазіцыі. Сапраўды, жыццё — імгненне. А што, калі доўжыцца... |
|