Сардэчнасць айца Ёзаса
06.01.2012
—
Новости Общества
|
Два гады таму, 9 студзеня 2010 года, у Мінскай рэспубліканскай кардыяхірургічнай клініцы пасля цяжкай хваробы і аперацыі на сэрцы на 85 годзе жыцця памёр ксёндз Ёзас Булька. Людзі! У гэтыя калядныя дні памаліцеся за яго. 22 гады ён штодня маліўся за вас, за ўсіх... З малітвай ён выходзіў да нас, з малітвай сустракаў, малітвай праводзіў. Хто не ўмее маліцца, проста памяніце яго. Гэты чалавек заслужыў вечную памяць.
Са з'яўленнем у Глыбоцкім раёне ксяндза Ёзаса Булькі маленькая вёсачка Мосар, якой і на карце не было, стала такой, што людзі сталі блытаць яе з Мазыром. Булька і Мосар, без перабольшання, сталі вядомымі далёка за межамі Беларусі. Пацвярджэнне таму — водгукі людзей, якія наведалі гэты маленькі райскі куточак. Перакананы, мы будзем ганарыцца тым, што жылі побач з гэтым дзіўным чалавекам, ведалі яго, кантактавалі з ім, будзем з гордасцю расказваць пра яго сваім дзецям і ўнукам. Шчаслівы той, хто ведаў яго! А якім шчаслівым быў сам Булька, што ведаў нас! Ён вельмі любіў усіх, хто прыходзіў да яго, чакаў кожнага і маліўся за тых, хто не мог прыйсці або не хацеў. Добра памятаю, як з'явіўся Булька ў Глыбокім. Быў канец лістапада 1988 года. Стаяў сыры восеньскі вечар. З ксяндзом Уладзіславам Завальнюком (цяпер ён ксёндз-магістр Чырвонага касцёла ў горадзе Мінску) мы пілі чай у старым драўляным доміку па вуліцы Савецкай, 5, — цяпер там знаходзіцца манастыр сясцёр Святой Сям'і. Каля дзесяці гадзін вечара ў дом увайшоў чалавек у берэце, шэрым прарызіненым плашчы, з сакваяжам у руках і на ламанай польска-літоўскай мове прадставіўся: — "Ксёндз Булька Юзэф. Прыехаў служыць ксяндзом у Удзяла і Мосаж". Мы запрасілі яго за стол, пачаставалі гарачым чаем, а ён нас — малаком з бутэлькі, якую дастаў з сакваяжа. Разгаварыліся. Перада мной быў нейкі незвычайны чалавек. Памятаю, як ён далікатна трымаў у руках кавалак чорнага хлеба і еў яго да апошняй крошкі. Запомніліся яго вочы — вочы дзіцяці і прарока. Ён шмат гаварыў, але пра сябе ні слова, толькі пра планы — аднавіць касцёл, навесці парадак на могілках, вярнуць людзям веру ў Бога, змагацца з п'янствам і пра многае іншае. Рассталіся далёка за поўнач, неяк незвычайна цёпла і па-сяброўску. Развітваючыся, ксёндз запрасіў мяне на першую месу ў Мосарскі касцёл, якая адбылася 1 снежня 1988 года. Кепска памятаю пачатак службы, адрывіста, што казаў ксёндз Булька. Запомніліся толькі яго словы: "Выконвайце запаведзі Божыя і будзеце шчаслівыя". Пасля службы мы пілі чай у маленькім доміку, дзе пасяліўся Булька. Домік быў бедны, звонку абшыты руберойдам, з мэблі — збіты з дошак стол, які зрабіў сам ксёндз. Прыглядала за гэтай гаспадаркай старэнькая пані Янка, першая і адзіная "гаспадзіна" (так называў яе ксёндз). Рассталіся мы сябрамі, хоць Ёзас Булька па ўзросце мог быць маім бацькам. Ён прасіў прыязджаць да яго як мага часцей, што я і рабіў з вялікай радасцю ўсе гэтыя 22 гады. Памятаю першую баразну буракоў у калгасе, якую сам выпалаў ксёндз. Памятаю прылеглую да касцёла тэрыторыю, дзе пасвіліся каровы, стары ад часу касцёл, зарослыя травой могілкі і сцяжынку да іх сярод агародаў. Засталося ў памяці, як ксёндз і прыхаджане наводзілі парадак на могілках, здымалі агароджы і імі абгароджвалі могілкі. Праўда, некаторыя мясцовыя жыхары не разумелі гэтага і сварыліся з ксяндзом. Першым на працу выходзіў сам ксёндз. Менавіта ён браў у рукі самы цяжкі камень, маліўся пры гэтым, запрашаючы ўсіх дапамагаць адно аднаму, і паўтараў, што толькі праз веру ў Бога і прыгажосць наша жыццё стане іншым. Што было далей — у галаву не тоўпіцца. Чалавек пенсійнага ўзросту тут, у Мосары, зрабіў такое, што з пазіцыі нармальнага меркавання патлумачыць немагчыма. У Мінску ёсць Батанічны сад, дзе працуюць дзясяткі акадэмікаў, сотні кандыдатаў і дактароў навук. І там няма такога, што зрабіў ксёндз Булька са сваімі прыхаджанамі ў Глыбоцкім, Пастаўскім і Шаркоўшчынскім раёнах. "Бог заплаціць", — казаў святар людзям, якія не пакладаючы рук працавалі са сваім свяшчэннікам каля храма, на могілках. Самы высокі крыж у Беларусі, Піета-аплакванне Хрыста, копія Мікеланджэла — адзіная ў Беларусі, першы помнік Іаану Паўлу Другому, копія Капліцы Маці Божай Вастрабрамскай, крыніца са святой вадой, Алея цвярозасці... Ды ці ўсё пералічыш? Многія ўсё гэта бачылі, і не раз. І, мабыць, пастаянна здзіўляліся і захапляліся творамі Булькі. А якая прыгажосць вакол касцёла — гэта трэба толькі бачыць! Якой жа сілай пераканання трэба было валодаць, каб людзі так верылі яму і ішлі за ім? Толькі Божай! Праз год пасля прыезду ксяндза Булькі ў наш раён ва Удзелаўскім касцёле, адноўленым дзякуючы яго намаганням (доўгі час тут знаходзіўся склад мінеральных угнаенняў), было першае пасля адраджэння храма вянчанне. Гэтае свяшчэннае таінства было для мяне і маёй жонкі Валянціны Міхайлаўны. Стаяла позняя восень, на вуліцы было цёмна, і праз не цалкам адноўлены яшчэ дах мы бачылі вячэрняе неба, густа засеянае зоркамі. Пасля ён вянчаў нашых дзяцей, хаваў нашых бацькоў. Ён умеў у цяжкую хвіліну непрыкметна апынуцца побач і дапамагчы і словам, і малітвай. Ён заўсёды імкнуўся быць першым, але ніколі не казаў — "Я", а толькі — "прыхаджане". Ён аднавіў Мосар, Удзела, Дунілавічы, пабудаваў касцёл у Варапаеве, адрадзіў Парыж, Сауткі. Калі дасць Бог, я раскажу, колькі ён перажыў, выцерпеў рознага бруду ў прэсе, і якіх цяжкасцяў яму гэта каштавала... Любыя чалавечыя беды і пакуты ён як ніхто прымаў вельмі блізка да сэрца. Яно і балела ў яго пастаянна за нас і за ўсіх, хто да яго звяртаўся са сваімі праблемамі. Сардэчнасць... Ён дарыў сваё сэрца людзям, не звяртаючы ўвагу на сябе. Ці еў ён сёння, у што і як апрануты? Былі дні, калі мы з ім снедалі апоўначы. Булька цяжка перажываў бяду кожнага чалавека. Ён паўстаў супраць алкагалізацыі насельніцтва. Не, ён не змагаўся з алкаголікамі, ён шкадаваў іх, маліўся за іх, прыводзіў у касцёл. Ён лічыў, што алкагалізм — гэта хвароба. Нічога амаральнага ў алкагалізме, як і ў іншай хваробе, ён не бачыў. Ксёндз Булька прапаноўваў касцёльную дапамогу і стукаўся ва ўсе дзверы, хадзіў па інстанцыях, каб і органы ўлады дапамаглі чалавеку пазбавіцца ад гэтай страшнай хваробы. Ён спрабаваў выкараніць алкагалізм са свядомасці людзей праз веру ў Бога, праз прыгажосць, праз выхаванне і зацвярджэнне цвярозасці як нормы жыцця. Незадоўга да свайго зыходу, ксёндз Булька сказаў мне, што ахвяруе сваё жыццё за тых, хто злоўжывае алкаголем. Для маёй сям'і ксёндз Булька быў духоўнікам. Мы шмат гаварылі пра сэнс жыцця, рэлігію, гісторыю, медыцыну, прыгажосць ва ўсіх яе праявах. Ён быў найцікавейшым суразмоўцам. Літовец па нацыянальнасці, ён настолькі любіў Беларусь, што многім цяперашнім патрыётам варта было б павучыцца ў яго. Ён глыбока паважаў дзяржаўную ўладу. І гэта было шчыра, ён пастаянна маліўся за кіраўніцтва Беларусі. Булька клапаціўся пра падрастаючую змену ксяндзоў. Шмат яго вучняў займаюць сёння высокія пасады ў касцёльнай іерархіі. А ён за кожнага перажываў, хваляваўся, маліўся. Многім хапала толькі аднаго яго слова, каб стаць шчаслівым. Ксёндз Булька заўсёды з павагай і асаблівым разуменнем ставіўся да кіраўніцтва раёна і сельвыканкама, урачоў, настаўнікаў, работнікаў праваахоўных органаў, да ўсіх людзей. Многае з яго роздумаў я запісваў, запамінаў. Вось толькі некалькі: "Будзь з усімі ў добрых адносінах, гавары спакойна і зразумела, заўсёды выслухоўвай іншых, нават тых, хто цябе не разумее або не хоча разумець. Няхай твае планы і дасягненні стануць для цябе крыніцай радасці ад таго, што ты прыносіш карысць грамадству сваёй Радзімы. Выконвай свае абавязкі, нават самыя дробныя, з усёй адказнасцю. Памятай, што дабро заўсёды вяртаецца дабром і добрых людзей на зямлі нашмат больш, чым дрэнных. Памятай, што ты з'явіўся на свет дзякуючы сваім бацькам. Любі іх усім сэрцам і душою. Памятай, што твая любоў ім больш за ўсё патрэбная на нябёсах, маліся за іх. Не ганіся за славай і грашыма — усё аплаціцца за справы твае. Цудоўная наша родная Беларусь. Ганарыся тым, што жывеш на беларускай зямлі. Клапаціся пра яе і беражы свой бацькоўскі дом". Ксёндз Булька часта лячыўся ў мяне ў стацыянары. Ён быў вельмі непатрабавальным пацыентам. Вельмі паважаў працу ўрачоў, медыцынскіх сясцёр, санітарак, не патрабаваў да сябе якіхсьці асаблівых адносін. Усё, пра што ён прасіў, — у маю адсутнасць маліцца ў маім кабінеце. У апошні дзень знаходжання ў бальніцы, відаць, адчуваючы, што больш не вернецца сюды, ксёндз Булька благаславіў мяне і ўсю маю сям'ю. Так мы рассталіся назаўсёды. Пахавалі ксяндза на тэрыторыі касцёла Святой Ганны ў Мосары — там, дзе ён і завяшчаў. Неяк ён заехаў да мяне дамоў і стаў расказваць, што на сваёй магіле хацеў бы бачыць крыж з распяццем, а на надмагільнай пліце — словы з Евангелля. І больш нічога. Паўжартам-паўсур'ёзна сказаў мне: "Мілы сябар! Вы мне дапамагалі пры жыцці, а калі я памру, то буду дапамагаць Вам з нябёсаў. Прыйдзіце на магілу і скажыце, а я пачую...". І я прыходжу, калі мне цяжка, і ён мне дапамагае! Помнік мосарскаму святару ксяндзу-прэлату, ксяндзу-каноніку, першаму святару ў Беларусі — лаўрэату прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", уладальніку медаля Францыска Скарыны Ёзасу Вінцавічу Бульку пабудаваны на сабраныя людзьмі сродкі. На пахаванні Булькі я размаўляў з вечнай памяці Яго Эмінэнцыяй Кардыналам Казімірам Свёнтэкам. І ён сказаў, што гэта вельмі правільна, што людзі будуць збіраць сродкі на помнік. Так заўсёды было ў гісторыі, што ўсім выдатным асобам помнікі будаваліся на народныя ахвяраванні... Ён жыве і будзе жыць у нашай памяці. Памятайце пра яго, расказвайце пра гэтага святога чалавека сваім дзецям і ўнукам, знаёмым і незнаёмым. Памяніце яго, памаліцеся аб ім, прыязджайце да яго, звяртайцеся да яго са сваімі бедамі і непрыемнасцямі. Ён вам дапаможа. Ксёндз Булька пакінуў пасля сябе Мосар, але Мосар і Булька па-ранейшаму чакаюць усіх нас. Казімір ЯЦЫНА, урач Глыбоцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Два гады таму, 9 студзеня 2010 года, у Мінскай рэспубліканскай кардыяхірургічнай клініцы пасля цяжкай хваробы і аперацыі на сэрцы на 85 годзе жыцця памёр ксёндз Ёзас...
|
|