Яблыневыя дровы — адны з лепшых з пладовых дрэў. Толькі, вядома, сустракаюцца рэдка
14.01.2012
—
Новости Общества
|
Мікалай Мікалаевіч Іваноў з вёскі Зелянец Карэліцкага раёна — даўні прыхільнік "Звязды". Выданне чытае, па яго ўласным прызнанні, больш за 20 гадоў. І менавіта ў нашай газеце заяўніку колькі гадоў таму на вочы трапілася інфармацыя пра тое, колькі цяпла дае пры спальванні драўніна розных парод. — За "пункт адліку" быў узяты дуб. Дык вось, каб атрымаць столькі ж цяпла, як пры спальванні ў печы аднаго кубаметра дубу, трэба было ўзяць 1,8 кубаметра елкі, 1,6 кубаметра сасны, 1,2 кубаметра бярозы ці вольхі, 2 кубаметры асіны, — расказаў чытач. — А як з пладовымі дрэвамі? У мяне стары сад, які збіраюся абнаўляць, вядома, спілаваныя яблыні, грушы, вішні пойдуць на дровы. А колькі ж ад іх можна атрымаць цяпла? А яшчэ ад граба? У заяўніка дом агульнай плошчай 49 квадратных метраў (колішні калгасны, прыватызаваны). Па словах Мікалая Мікалаевіча, дастаткова халодны. Ацяпляецца жыллё грубкай. Каб даць кампетэнтны адказ на запыт Мікалая Мікалаевіча, мы мусілі звярнуцца па дапамогу ў Міністэрства лясной гаспадаркі. Нам вельмі дапамагла галоўны спецыяліст аддзела прамысловай вытворчасці Галіна Рахімбердзіна, якая аператыўна падрыхтавала грунтоўны адказ. — Дровы з розных парод драўніны аддаюць пры спальванні розную колькасць цяпла. Драўніна цвёрдаліставых парод валодае найбольш высокай цеплааддачай. Да такіх парод адносяцца дуб, бук, граб, ясень, клён. З іх найбольшую цеплатворную здольнасць мае драўніна граба. Яна вышэйшая, чым у дуба. Удзельная цеплатворная здольнасць пры вільготнасці 20 % у дуба — 1 538 ккал, у граба — 1 654 ккал. З паніжэннем вільготнасці павялічваецца цеплатворная здольнасць, а з павялічэннем — зніжаецца, — распавяла Галіна Мікалаеўна. — Дровы з цвёрдаліставых парод забяспечваюць стабільную рабочую тэмпературу ў топцы і высокую ўдзельную цеплатворную здольнасць. Як нагадала далей суразмоўца, дубовыя дровы і дровы з граба цяжка калоць, распальваць, але затое яны даюць драўняны вугаль, які доўга тлее. Драўніна пладовых дрэў (яблынь, груш і іншых) валодае цеплатворнай здольнасцю, блізкай да драўніны цвёрдаліставых парод. Дровы з яблыні і грушы лёгка калоць, яны добра гараць, даюць шмат стойкага жару, прыемна пахнуць. Лепшымі дровамі з пладовых дрэў лічацца яблыневыя, якія вядомыя сваім асабліва гарачым і бяздымным гарэннем. Рэдка сустракаюцца, паколькі сякуць звычайна толькі паваленыя або прызначаныя да высечкі пры расчыстцы тэрыторый дрэвы. Вішня адносіцца да парод сярэдняй цвёрдасці драўніны. Вішнёвыя дровы лёгка калоць, але цяжка распальваць, пры гарэнні яны крыху дымяць. Дровы з мяккаліставых парод (бяроза, вольха, ліпа, асіна, таполя і іншыя) з-за невысокай іх шчыльнасці хутка згараюць, не ўтвараючы вуглёў, валодаюць нізкай удзельнай цеплатворнай здольнасцю. — Ваш чытач прыводзіць прыклад, што для атрымання пэўнай колькасці цяпла патрабуецца 1 кубічны метр дуба, а для атрымання такой жа колькасці цяпла ад елкі патрабуецца 1,8 кубаметра, 1,6 кубаметра — ад сасны, 1,2 кубаметра — ад бярозы ці вольхі, 2 кубаметры — ад асіны. Бяроза і вольха аднесены да адной групы па цеплатворнай здольнасці. Гэта няправільна. Пры аднолькавай вільготнасці драўніны ў 20 % аб'ёмная вага ў кілаграмах бярозы — 670, вольхі — 540; умоўнае паліва ў кілаграмах у бярозы — 324, вольхі — 261 (іншымі словамі, у адным і тым жа аб'ёме можа быць розная вага, напрыклад, літровы слоік вады і мёду будуць важыць па-рознаму). Акрамя таго, завышаны паказчыкі па іншых відах драўніны, — расказала далей галоўны спецыяліст аддзела прамысловай вытворчасці Міністэрства лясной гаспадаркі Галіна Рахімбердзіна. — Адказваючы на пытанне чытача, паведамляю, што для атрымання пэўнай колькасці цяпла патрабуецца 1 кубічны метр дуба, а для атрымання такой жа колькасці цяпла ад граба — прыкладна 0,89 кубічнага метра, ад яблыні — 1,04 кубічнага метра, ад грушы — 1,06 кубічнага метра, ад вішні — 1,07 кубічнага метра, ад бярозы — 1,1 кубічнага метра, ад вольхі — 1,34 кубічнага метра, ад сасны — 1,35 кубічнага метра, ад асіны — 1,44 кубічнага метра, ад елкі — 1,5 кубічнага метра. Далей спецыяліст нагадала, што цеплааддача дроў, акрамя шчыльнасці драўніны, залежыць ад вільготнасці. Найлепшымі пры спальванні лічацца дровы з вільготнасцю 20-25 %. Дровы са свежассечаных дрэў маюць вільготнасць не меней за 50 %. Каб высушыць дровы, іх трэба цягам года трымаць на адкрытым паветры ці ў памяшканні, якое добра праветрываецца. Іх трэба складваць у кладку дроў. Калі яна знаходзіцца не пад навесам, яе трэба прыкрыць, напрыклад, руберойдам ці поліэтыленам. Пры гэтым бакавыя паверхні павінны быць адкрытымі для прасушкі. Сяргей РАСОЛЬКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мікалай Мікалаевіч Іваноў з вёскі Зелянец Карэліцкага раёна — даўні прыхільнік "Звязды". Выданне чытае, па яго ўласным прызнанні, больш за 20 гадоў. І менавіта...
|
|