Закальнецкай Калядзе тысячы гадоў
18.01.2012
—
Новости Общества
|
Закальнецкая калядная каза — сама старажытнасць. У яе незвычайнай выяве (падобнай формы ў Беларусі больш не захавалася) — не толькі відавочная праява паганства, але і сапраўднае рэха далёкіх часоў, покліч продкаў-палешукоў. Архаіка, якую часта вышукваюць у музейных сховішчах, тут, у вёсцы Закальное Любанскага раёна, — жывая. Нават не верыцца, што ўсяго за сотню "з хвосцікам" кіламетраў ад сталіцы ўдалося захаваць сапраўдны шэдэўр культурнай каштоўнасці. Хто яго захаваў? Простыя жыхаркі гэтага населенага пункта, якія не толькі самі хораша спяваюць, але клапоцяцца пра неабходнасць унікальных праяў жыцця, знітаванага сімваламі старажытнасці. Закальнецкая каза паклікала мяне правесці дзіўную "шчодрую" ноч у адной з ёй кампаніі. Калядны абрад у Закальным і ягоныя калядоўшчыкі не падобны на суседніх, любанскіх, і наогул іншых беларускіх калядоўшчыкаў. Ён унікальны не толькі формай выявы казы (казла) на дузе, але і сваімі вясёлымі і рытмічнымі песнямі, якія таксама нідзе больш не пачуеш. Калядаваць па-мясцоваму — "хадзіць па казлы". Калядоўшчыкаў называюць "козлікамі". Ёсць яшчэ тут дзіўны зварот — "казлы на казлы", калі ў адной хаце сустракаюцца адразу два гурты. У гэтым вяскоўцы бачаць добры знак.— Свят, свят, пусціце козлікаў пагуляць! — крычаць пад вокнамі хадакі, пераапранутыя ў цыганоў, механошу, бусла. Ёсць у гурце звяздар са звяздою і павадыр з казою. Сёлета ў клубным гурце казою хадзіла, цяжка паверыць, Ганна Пянькоўская, якой ідзе 84-ты год. Яна весела скакала і спявала. Маладым у яе павучыцца б! Каляднікі просяцца ў хату, спяваюць: Ой чок, чок, чок, чок, На гары ваўчок З ваўчанятамі. У даліне каза З казлянятамі... Рэдка хто не адчыніць дзверы — хіба самотныя старыя, якім ужо не да свята. Жыхары Закальнога выраслі на добрых калядных песнях, прызвычаіліся і не задумваюцца, што гэтыя песні — сапраўдныя шэдэўры беларускага фальклору: Ой у ляску-ляску на жоўтым пяску, Святы вечар, на жоўтым пяску... Пчолкі гудуць, цэркаў будуюць. Ды збудавалі з трыма вокнамі. У першае вакно зорачка свеціць, У другое вакно — месяц узышоў, У трэцяе вакно — сонейка грэе... Каза вясёлая і спрытная. А як умее ўпасці і прыкінуцца нежывою! Рабі, гаспадыня, што хочаш, а казу ратуй. Сваёй песняй каляднікі даюць падказку: ...Ой ты, матухна, не будзь гордая, Да будзь ласкава! Пайдзі ў клетачку, Набяры аўса на талерачку. Нашаму казлу многа не трэба: Сем печ-перапеч, Рэшато аўса і наверх каўбаса. У сярэдзіну сыр — каб радзіўся сын Дай зваўся Васіль! Многія дэталі і нюансы калядавання і абрадавыя песні маглі б знікнуць з вясковага побыту, каб не высілкі многіх удзельніц мясцовага фальклорнага калектыву "Глыбокія крыніцы", якія памятаюць проста безліч песеннага матэрыялу і валодаюць выключнай манерай выканання. За што і маюць ганаровы статус носьбітаў і захавальнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. — Мы адчуваем сябе адказнымі за захаванне нашай непаўторнага духоўнага багацця, прапагандуем яго як можам, прывіваем маладзейшым і нават дзеткам, — кажа кіраўнік калектыву, работнік культуры Надзея Мірэйчык, якая стварыла непараўнальны калядны вобраз дзеда-продка. Мы не ведаем, колькі часу існуе наша форма калядавання — стагоддзе, тысячагоддзе. Ці некалькі тысяч? Але мы адчуваем, што гэта ўсё наша роднае, кроўнае. У першы дзень старога Новага года ў Любані адбыўся незвычайны з'езд: з'ехаліся калядоўныя гурты раёна, каб паказаць сябе і мясцовыя традыцыі. Каляды працягваліся! Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Закальнецкая калядная каза — сама старажытнасць. У яе незвычайнай выяве (падобнай формы ў Беларусі больш не захавалася) — не толькі відавочная праява паганства,...
|
|