Гаспадар беларускіх пушчаў размнажаецца і Ў літве. 21.by

Гаспадар беларускіх пушчаў размнажаецца і Ў літве

21.01.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ён стаіць насупраць, скіраваўшы ў мой бок свае вострыя чорныя рогі. Яго вялікія цёмныя вочы, адасобленыя адно ад аднаго шырокім калматым ілбом, свідруюць мяне, нараджаючы трывогу і нават жах. Пачуццё небяспекі павялічвае і буйны карак, які плаўна пераходзіць у велічэзную тушу. Гэта згустак неўтаймаванай сілы, сапраўдная жывая машына моцы. Перада мной — самы вялікі і самы моцны звер у сучаснай Еўропе. Зубр.

  Інстынктыўна адступаючы назад, я хутка зашчоўкаў фотаапаратам і, не выпрабоўваючы лёс, забег за выратавальную загароду. Добра, што сустрэча з буйным самцом адбылася не ў дзікім лесе, а ў гадавальніку.

— Нават выгадаваны ў нас зубр — жывёла дзікая. Памятаю, як аднойчы вырашыў зайсці ў пастаўнік — паправіць корм. Узяў вілы, выпнуў іх перад сабой і іду, а зубры не адыходзяць. Думаю, памахаю віламі — разбягуцца ў бакі. Самец насамрэч адскочыў, а самка, якая вырашыла, што я пагражаю яе малому, наадварот, рушыла проста на мяне. Сам не адчуў, як перакінуўся цераз двухмятровы плот — тады быў яшчэ малады. З зубрамі лёс лепш не выпрабоўваць, — смяецца Рутас ПАПШЫС, які ўзначальвае зуброўнік на працягу многіх гадоў.

Цяпер у Пашыляйскім зуброўніку, што знаходзіцца ў Панявежскім раёне, жыве 21 зубр. Самаму маладому — усяго месяц. Самка Гіедрэ ўсіх здзівіла: абзавялася патомствам узімку. Звычайна зубраняты з'яўляюцца на свет у канцы вясны.

Маладняк — гэта заўжды добра, гэта надзея і ўпэўненая будучыня. Але ўсё магло быць іначай. Зубрыныя статкі, якія гулялі па Літве з даўніх часоў, у апошнія стагоддзі зведалі вынішчэнне. Зубр — гэта гара мяса: вага здаровага самца дасягае тоны. Ён заўжды быў жаданым паляўнічым трафеем. Аднак стрэлы адбываліся часцей, чым роды самак. Апошняга зубра ў Літве застрэлілі ў 1854 годзе. Больш за 100 гадоў у Літве не было гэтых цудоўных стварэнняў. Калі грамадскасць стала гаварыць пра аднаўленне папуляцыі зубра ў Літве ўсё больш настойліва, дапамогу аказалі беларускія сябры. Кіраўнік Пашыляйскага зуброўніка ахвотна пагадзіўся на інтэрв'ю, калі даведаўся, што я збіраю матэрыял для беларускай газеты "Звязда".

— Першая пара белавежскіх зуброў была прывезена сюды ў 1969 годзе. У 1970 годзе прыбыло шэсць, у 1972 — яшчэ два зубры. Так пачалося новае адгалінаванне белавежскіх зуброў, — кажа Папшыс. — Праз год у першай пары з'явілася патомства. Зубраня назвалі Гірыніс (Лясны). З тых часоў усе зубры, якія нараджаюцца ў Літве, атрымліваюць, у адпаведнасці з міжнароднай дамоўленасцю, імёны, якія пачынаюцца літарамі "Гі".

Статак натуральна павялічваўся. Ужо ў 1973 годзе першыя пяць зуброў былі выпушчаныя з пастаўніка ў Пашыляйскі лес. Яшчэ па два зубры было выпушчана ў 1975 і 1976 гадах. Так у Літве пачалося фарміраванне статка зуброў, якія жывуць вольна. У лесе яны таксама пачалі размнажацца. У 1977 годзе на волі жыло ўжо 13 белавежскіх зуброў. Колькасць зуброў, якія жывуць вольна, расла натуральным шляхам, а таксама з прыросту, які атрымлівалі ў зуброўніку.

За сорак гадоў існавання Пашыляйскага зуброўніка ў ім нарадзілася амаль 140 зубранят, на волі — каля 80. Вольных звяроў стала цяжка злічыць. Яны сталі скрытнымі, разбрыліся далёка ад месца, дзе былі выпушчаны. Іх заўважалі нават у лясах, аддаленых ад зуброўніка на сотні кіламетраў.

Зуброўнік пашырылі. Ён цяпер займае плошчу ў 50 га, з якой 18 гектараў — паша, а астатняе — падлесак і лес. Зубры жывуць не як у заасадзе, а як у дзікай прыродзе. Падкормка — толькі ўзімку. Зуброўнік стаў вельмі папулярным. Яго наведваюць тысячы турыстаў, вельмі шмат замежнікаў, бо цяпер рэдкая дзяржава можа пахваліцца зубрамі, якія жывуць дзіка. Нядаўна пабудавалі прасторную назіральную пляцоўку, з якой зручна сачыць за жыццём зуброў і не парушаць іх спакой.

На волі зубры, відаць, больш шчаслівыя, але жыць там нашмат цяжэй. Звяры яны моцныя, дарогу саступаць не прывыклі, таму і машыну, якая імчыцца па дарозе, могуць сустрэць горда. Яны тонуць у багне. Не застрахаваны, на жаль, і ад браканьерскай кулі, хоць штрафы за забітага зубра вельмі вялікія. Два гады таму ў Кедайнянскім раёне няўдалы паляўнічы з Нарвегіі, не разгледзеўшы, у каго страляе, забіў зубра. Гэты стрэл абышоўся яму ў 2600 долараў.

Вольныя зубры, на няшчасце, часцяком уступаюць у канфлікт з фермерамі, у якіх палі побач з лесам. Дзікаму звяру не растлумачыш, што кукуруза, якая так смачна пахне, цукровыя буракі і зялёныя азімыя — не яму. За такія візіты зуброў з фермерамі расплачваецца дзяржава. Прыязджае камісія, падлічвае ўрон, зроблены зубрамі, і фермер атрымлівае грашовую кампенсацыю. Атрымлівалі кампенсацыю і за кароў, якія нараджалі цялят ад зуброў. Нягледзячы на тое, што агульная сума кампенсацыі з кожным годам павялічваецца, у Літве ніхто не задумваецца, што час штучна прыпыняць рост колькасці зуброў.

Развітваючыся, Р. Папшыс паказаў двух зуброў — пяцігадовага самца і трохгадовую самку.

— Іх мы нядаўна прывезлі з Польшчы. Памяняліся зубрамі, таму што карысна скрыжоўваць звяроў, якія не знаходзяцца ў блізкіх роднасных сувязях. Іх патомства заўжды мацнейшае, здаравейшае, — сказаў ён. — Хачу перадаць беларускім калегам, што патомкі зуброў Белавежскай пушчы тут у добрым здароўі. Але з тых часоў прайшло ўжо некалькі зубровых пакаленняў, і мэтазгодна абмяняцца некалькімі звярамі. Свежая кроў толькі ўмацуе нашы статкі.

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС, уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве.

Сучасная "Песня пра зубра"

Паляваць ці не паляваць на зубра? Не сціхаюць спрэчкі вакол мэтазгоднасці дазволу прадаваць за валюту іншаземцам ліцэнзіі на адстрэл гэтага аднаго з самых вядомых "чырванакніжнікаў" планеты.

І на волі няма яму спакою

Памятаю, з якім абурэннем многія ўспрынялі летась навіну ў СМІ аб спробе продажу за вялікія грошы паляўнічай ліцэнзіі на "элітнага зубра". Прызнаюся, сярод абураных быў і я. Ну як так можна? Гонар краіны, яе нацыянальны сімвал, рэдкі від фауны — і дазволіць яго страляць дзеля забавы заможным іншаземцам, як звычайных дзіка ці зайца? Бо менавіта на іх, багатых паляўнічых "з-за бугра", рабілася стаўка. Кошт ліцэнзіі быў рэкордным для Беларусі — 40 тысяч еўра. Па цяперашнім курсе салідная сума ў рублях. Аднак пасля ўдзелу ў навукова-практычным семінары па праблематыцы захавання рэдкіх відаў дзікіх жывёл і раслін, які праходзіў з удзелам намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоля Ліса, іншых супрацоўнікаў гэтага ведамства, змяніў сваё меркаванне.

У прыватнасці, мне здалося слушным выступленне загадчыка лабараторыі тэрыялогіі навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, прафесара П. Козлы. Ён амаль усё жыццё прысвяціў аднаўленню зубра ў Беларусі. Сёння ж, як гэта ні дзіўна, выступае за дазвол камерцыйнага палявання на яго. На яго думку, можна без страт для беларускай папуляцыі дазваляць штогадовы адстрэл пэўнай колькасці (яе павінна вызначаць камісія) зуброў. Праўда, рабіць гэта трэба па ясных і адназначных правілах пад жорсткім наглядам егераў. І не ў самой, скажам, Белавежскай пушчы, а на тэрыторыі суседніх лясных масіваў, куды часта заходзяць зубры. Можна таксама прадаваць частку зуброў за межы краіны. Усё часцей аб сабе нагадвае рост матэрыяльных і фінансавых выдаткаў на фарміраванне новых і ўтрыманне ўжо створаных статкаў зуброў.

Пытанне аб тым, страляць ці не страляць зуброў, даволі складанае і супярэчлівае па розных прычынах. Пазіцыя "зялёных", эколагаў, заўзятых прыхільнікаў неўмяшання чалавека ў прыроду непахісная: як можна такое нават абмяркоўваць? Зубр — адзін з самых вядомых у свеце "чырванакніжнікаў", ён занесены ў многія нацыянальныя "Чырвоныя кнігі" — беларускую, польскую, літоўскую, украінскую і г.д. Зубр (ці як яшчэ завуць яго, еўрапейскі бізон) мае статус аднаўляльнага віду, на які не прадугледжваецца дазвол на яго паляванне. А з іншага боку, як гэта ні парадаксальна гучыць, ужо само жыццё ўсё мацней падштурхоўвае да вырашэння наспелай праблемы колькаснага рэгулявання зуброў у нашай краіне. Толькі ў Белавежскай пушчы іх статак (ці, па-навуковаму кажучы, мікрапапуляцыя) налічвае прыкладна 415 жывёл. Яна самая вялікая ў Беларусі. У сваю чаргу, згодна з рэкамендацыяй навукоўцаў, аптымальная для пушчы колькасць гэтых жывёл павінна быць на ўзроўні 250, максімум — 350 асобін. Бо ім ужо даўно элементарна не хапае прыродных рэсурсаў для паўнацэннага сілкавання. І гэта самая простая праблема, астатнія ўвогуле пагражаюць нармальнаму існаванню гэтых велічных і шматпакутных жывёл.

Цяжкі лёс еўрапейскага бізона

Для беларусаў зубр — асаблівая жывёла. Спрадвеку нашы продкі захапляліся зубрамі, складалі пра яго паданні, легенды, казкі. У гонар гэтага магутнага волата быў напісаны не адзін літаратурны твор. Дастаткова ўзгадаць знакамітую паэму Мікалая Гусоўскага "Песня пра зубра", якая была выдадзена ў Кракаве яшчэ ў 1523 годзе. Першая сусветная вайна, ліхалецці рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, пасляваеннага перыяду сталі ракавымі для белавежскіх зуброў. Калі ў 1914 годзе іх у пушчы налічвалася амаль 700, то праз год гэтая лічба скарацілася да 300. Далей — больш. Яшчэ праз год зуброў стала менш на сотню, а потым — і яшчэ менш, а ў лютым 1919 года была забіта апошняя зубрыха. Па сумнай іроніі лёсу кропку тады ў шматвяковай гісторыі беларускіх зуброў паставіў мясцовы жыхар, ляснік з вёскі Сточак.

Як від зубр быў канчаткова знішчаны не толькі ў Беларусі. Сёння цяжка паверыць, што да 1927 года ў жывой прыродзе зубра нельга ўжо было знайсці. І дзякуй Богу, што ў няволі — еўрапейскіх заапарках і заасадах, паводле інфармацыі спецыяльна праведзенага міжнароднага перапісу, былі выяўлены 52 зубры. Цікавая дэталь: усе яны паходзілі ад 5 быкоў і 7 кароў, так званых жывёл-заснавальнікаў. Вось з гэтай малалікай групы праз 80 гадоў агульны (у свеце) зубрыны статак дасягнуў ужо больш чым 4000 жывёл. З іх больш за палову сёння жывуць у прыродзе. Праўда, пад тактоўным, але пастаянным і пільным наглядам людзей, дзякуючы намаганням якіх мы маем цудоўную магчымасць назіраць зубра. Вялікая ў гэтым заслуга спецыялістаў і навукоўцаў Беларусі, якія шмат зрабілі для аднаўлення папуляцыі зуброў у Белавежскай пушчы, іх рассяленню ў іншых лясах краіны. Сёння па колькасці зуброў Беларусь выйшла на другое месца ў свеце пасля Польшчы. Цяпер практыкі і вучоныя ломяць галаву над тым, што зараз рабіць з такім вялікім статкам (а гэта прыкладна 1050-1100 жывёл), як яго захаваць на доўгія часы? Бо з колькасцю зуброў адпаведна выраслі і праблемы па іх доглядзе.

Уся справа ў генафондзе

Зноў узнікла рэальная пагроза для гэтага рэдкага віду. Спецыялісты гавораць, што беларускай папуляцыі еўрапейскага зубра ўласцівы нізкі паказчык генетычнай разнастайнасці і высокі ўзровень інбрыдзінгу — скрыжаванне блізкароднасных формаў у межах адной папуляцыі жывёл. Тое, што аднаўленне беларускіх зуброў пачыналася ўсяго з 12 жывёл, з часам істотна адбілася на яе генафондзе. Ён зараз аслаблены. І даволі моцна. Адсюль і частыя інфекцыйныя хваробы гэтых вельмі магутных на выгляд жывёл.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў пачалі ўсё больш выразна праяўляцца зубрыныя праблемы: замарудзіўся рост колькасці жывёл, знізілася ўзнаўленне статка, значна пачасціліся выпадкі захворванняў гэтых волатаў. Яны сёння хварэюць на страўнік, пакутуюць нават ад катаракты вачэй і страты слыху, з-за чаго сляпыя і глухія жывёлы атрымоўваюць цяжкія, часам смяротныя траўмы. Амаль трэць маладняку, які меў няшчасце быць народжаным позняй восенню ці ўзімку, адстае ў росце, хварэе на рахіт, запаленне лёгкіх і звычайна гіне. Паводле інфармацыі экспертаў, у выніку вымушанай барацьбы за існаванне хворых (а значыць, непрыстасаваных да жыцця ў прыродзе зуброў, і асабліва зімой), іх смяротнасць вагаецца ад 55 да 130 жывёл штогод.

Як выратаваць зубра? Скажу шчыра: дакладнага адказу на гэтае пытанне я не ведаю. Таму перакажу тое, што пачуў ад спецыялістаў на семінары. Яны, у прыватнасці, выступалі за стварэнне новых папуляцый, што спрыяе захаванню віду. Але, па экспертных ацэнках, толькі для набыцця элементарнай групоўкі жывёл (8-12 жывёл) у якасці ядра для фарміравання новай мікрапапуляцыі зуброў трэба як мінімум 30 тысяч еўра, а штогадовыя выдаткі на стварэнне кармавых палёў, прафілактычнае кармленне, ветэрынарны нагляд пацягнуць ад 4 да 6 тысяч еўра ў залежнасці ад колькасці статка. Але грошы — не самае асноўнае. Навукоўцы кажуць, што тут поспех у многім залежыць ад правільнага выбару тэрыторыі рассялення. Бадай, галоўная ўмова — наяўнасць кармавой базы (у прыватнасці, значнай колькасці лясных палян з разнатраўем). Гэта абумоўлівае магчымасць самастойнага існавання жывёл і яго натуральнае ўваходжанне ці прыстасаванне да мясцовасці, прыроднага асяроддзя, тых дрэў, раслін, жывёл, грыбоў і мікраарганізмаў, што яе насяляюць ужо не адно стагоддзе.

Замест пасляслоўя

Той "элітны зубр", які летась рэкламаваўся на інтэрнэт-аўкцыёне для палявання за вельмі круглую па нашых мерках суму, на самай справе быў зусім не элітным быком у росквіце гадоў, а старым і хворым самцом з цяжкай траўмай нагі, відаць, атрыманай у бітве з канкурэнтам за прыгажуню-зубрыху. Што і было ў яго элітным, дык гэта шыкоўныя рогі — жаданы трафей для багатага паляўнічага. Як і прадказвалі спецыялісты, нядоўга той зубр таптаў лясныя сцежкі. Па словах Аляксея Буневіча, вядомага зубразнаўцы, старшага навуковага супрацоўніка нацыянальнага парку "Белавежская пушча", небарака ўжо ціха памёр сваёй смерцю ў лясным гушчары. Аляксей Мікалаевіч выказаў шкадаванне з нагоды няўдачы з продажам права на адстрэл таго зубра з рэзервовага статка. За 40 000 еўра можна было б шмат чаго карыснага зрабіць для астатніх здаровых зуброў — напрыклад, правесці біятэхнічныя даследаванні, зменшыць выдаткі на ўтрыманне статка ўзімку. Гэта прагматычны падыход чалавека, які шмат гадоў амаль штодзень працуе ў лесе з зубрамі. Такая вось сучасная і трохі сумная "Песня пра зубра-2".

Леанід Лахманенка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён стаіць насупраць, скіраваўшы ў мой бок свае вострыя чорныя рогі. Яго вялікія цёмныя вочы, адасобленыя адно ад аднаго шырокім калматым ілбом, свідруюць мяне,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика