ХРОНІКА АПОШНІХ ПАДЗЕЙ. 21.by

ХРОНІКА АПОШНІХ ПАДЗЕЙ

25.01.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Узброеныя баевікі захапілі егіпецкі курорт і ўзялі заложнікаў

Група ўзброеных бедуінаў узяла пад свой кантроль курортны комплекс Аquа Sun, размешчаны прыкладна за 30 кіламетраў на поўдзень ад егіпецкага горада Табы. Узяўшы заложнікаў, яны патрабуюць выкуп у памеры чатырох мільёнаў егіпецкіх фунтаў (каля 663 тыс. долараў), паведамляе NЕWSru Іsrаеl.

Як мяркуецца, турыстаў сярод заложнікаў няма. У руках баевікоў знаходзяцца некалькі супрацоўнікаў курортнага цэнтра, у тым ліку яго дырэктар. Тым не менш, сярод заложнікаў як мінімум трое замежнікаў. Іх грамадзянства не ўдакладняецца.

Калі патрабаванні захопнікаў не будуць выкананы, бедуіны пагражаюць разграміць курорт і выкрасці абсталяванне. Пры гэтым, паводле меркавання экспертаў, жыццю заложнікаў нішто не пагражае. Сам інцыдэнт адбыўся яшчэ ў нядзелю. Тэрмін ультыматуму, які вылучылі захопнікі, мінуў. Уладальнік гасцініцы заклікаў паліцыю ўзяць комплекс штурмам. Аднак супрацоўнікі егіпецкіх сіл бяспекі, якія не змаглі прадухіліць інцыдэнт, заяўляюць, што не могуць пачаць аперацыю па вызваленні комплексу без папярэдняга ўзгаднення з Ізраілем. Паводле слоў бедуінаў, гасцініца была пабудавана на прыналежнай ім зямлі.

Узровень беспрацоўя ў свеце гранічна высокі і будзе расці

Шэсцьсот мільёнаў працоўных месцаў неабходна стварыць у свеце ў найбліжэйшым дзесяцігоддзі для таго, каб гарантаваць устойлівы эканамічны рост і захаваць сацыяльнае адзінства. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы, распаўсюджанай Міжнароднай арганізацыяй працы.

Паводле інфармацыі гэтай арганізацыі са штаб-кватэрай у Жэневе, колькасць беспрацоўных у свеце дасягае 200 млн чалавек. Апроч гэтага, каля 900 млн чалавек (галоўным чынам, у краінах у стадыі развіцця) хоць і маюць працу, аднак зарабляюць менш чым $2 у дзень.

"Нягледзячы на намаганні ўрадаў, крызіс з працоўнымі месцамі не слабее, і адзін з трох працаўнікоў у свеце — 1,1 млрд чалавек — ці знаходзіцца без працы, ці жыве ў беднаце", — заявіў генеральны дырэктар арганізацыі Хуан Самавія.

Паводле прагнозаў, у 2012 годзе колькасць беспрацоўных у свеце вырасце на 3 млн чалавек. Магчыма, гэтая лічба ўзрасце да 4 млн чалавек, калі тэмпы росту сусветнай эканомікі будуць ніжэй за 2%, ці, наадварот, зменшыцца да 1 млн чалавек пры ўмове, што краіны еўразоны здолеюць хутка знайсці выйсце з пазыковага крызісу.

Як падкрэсліваецца ў справаздачы, колькасць маладых людзей, якія не могуць знайсці працу, склала ў 2011 годзе 74,8 млн чалавек.

Літва ў 2012 годзе даб'ецца адпаведнасці крытэрыям для ўваходжання ў еўразону

Літва імкнецца максімальна наблізіцца да крытэрыяў, згодна з Маастрыхцкім дагаворам. Паводле прагнозаў экспертаў, сёлета ёй удасца выканаць усе патрабаванні, неабходныя для ўваходжання ў еўразону.

Адпаведнасць Літвы названым патрабаванням сёлета правераць Еўракамісія і Еўрапейскі цэнтральны банк. Калі дэфіцыт бюджэту Літвы не перавысіць 3%, будзе ўтаймавана інфляцыя, то ў 2014 годзе краіна зможа ўліцца ў еўразону. Тым часам урад запэўнівае, што зніжэнне дэфіцыту бюджэту, рэжым жорсткай эканоміі ў краіне дасягаецца не дзеля ўводзін еўра, а дзеля таго, каб зменшыць доўг перад будучымі пакаленнямі.

Тым часам апазіцыя скептычна ацэньвае рэальнасць увядзення Літвой еўра ў 2014 годзе, лічачы, што, скарачаючы выдаткі, немагчыма стымуляваць развіццё эканомікі. Многія парламентарыі патрабуюць правядзення дыскусій па пытанні ўвядзення еўра.

Зямлі дасягнуў струмень пратонаў, які выкліча наймацнейшую геамагнітную буру

Навуковыя спадарожнікі NАSА зарэгістравалі магутны выбліск на Сонцы, які суправаджаўся выкідам каранальнай масы. Выбліск быў зафіксаванs ў мінулую нядзелю. 24 студзеня ў 17:00 Зямлі дасягнуў струмень пратонаў, які выкліча наймагутнейшую за апошнія шэсць гадоў геамагнітную буру, перадае агенцтва АР.

Паводле інфармацыі навукоўцаў, бура прадоўжыцца два дні. Найбольш моцны ўдар па магнітным полі планеты будзе нанесены ў раёне Паўночнага полюса. Гэта можа выклікаць збоі ў працы прыбораў самалётаў, якія здзяйсняюць палярныя рэйсы. Непасрэднай небяспекі для жыхароў Зямлі няма.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Узброеныя баевікі захапілі егіпецкі курорт і ўзялі заложнікаў Група ўзброеных бедуінаў узяла пад свой кантроль курортны комплекс Аquа Sun, размешчаны прыкладна за 30...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика