Звычайная мужнасць
27.01.2012
—
Новости Общества
|
Вясковая сям'я выратавала на пажары суседзяў. Мужчына з сынамі-школьнікамі тушыў хату вадой, а жонка нацягнула процівагаз, узяла ліхтарык і здолела выцягнуць з полымя і дыму непрытомную суседку. У аграгарадку Іскра Бялыніцкага раёна ў школе адбылася ўрачыстая лінейка, дзе ўшанавалі сям'ю Кісялёвых. Аксана і Уладзімір разам са сваімі сынамі Віталем і Уладзіславам патушылі пажар і выратавалі чалавека. Пажар у вёсцы Фойна мае прычыны, якія прафесійныя выратавальнікі называюць банальнымі. Напярэдадні Новага года, 30 снежня, два вяскоўцы, мужчына і жанчына сярэдняга ўзросту, выпілі алкаголь і заснулі з непатушанай цыгарэтай. Увечары гаспадар прачнуўся ў задымленай хаце і пабег прасіць ратунку. — Дзякуючы аператыўным дзеянням суседзяў удалося выратаваць сужыцельку гаспадара, — дакладае начальнік Бялыніцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Станіслаў Бурко, які ўручыў Кісялёвым ліст удзячнасці. — Жанчыну пера- далі медыкам, але пацярпела яна няшмат: толькі на 5% цела яна атрымала апёкі 3 ступені. Удалося пазбегнуць чалавечай гібелі на пажары. Сям'я Кісялёвых, іх учынак дастойныя павагі. Кісялёвы жывуць у вёсцы Фойна ўсё жыццё, адсюль родам і іх бацькі. Маладыя людзі пажаніліся і маюць двух сыноў. Аксана, якой цяпер 30 гадоў, — сацыяльны работнік, а 36-гадовы Уладзімір — механізатар у СВК. Сям'я мае вялікую падсобную гаспадарку. Заснежаная вясковая вуліца ў Фойне не мае назвы. Жыве тут мала народу, бо шмат пабудоў навокал — лецішчы, якія ўзімку пустуюць. Кісялёвы месцяцца ў цагляным катэджы, праз дарогу наўскос — драўляны дом № 62, які гарэў. Муж, жонка і дзеці ўзгадваюць падзеі таго вечара. Усе былі дома. Дзеці глядзелі тэлевізар, дарослыя займаліся сваімі справамі, калі прыбег сусед і крыкнуў: "Я гару!" — Думаць не было часу — мы хутчэй пабеглі і сталі тушыць агонь, — гаворыць Аксана. Хлопчыкі паказваюць ужо цяпер "гістарычную" калонку: — Я наліваў ваду, а Віталь падаваў татку вёдры, — гаворыць Уладзік, якому толькі 9 гадоў. Жонка і муж па чарзе ўзгадваюць, як сусед сказаў, што ўнутры засталася Галіна, яго сужыцелька. Але з хаты валіў чорны, едкі дым ад гарэння шпалер і тканін. Тады 12-гадовы разумнік Віталь узгадаў, што ў доме недзе валяецца процівагаз. Праўда, малога памеру: падышоў толькі жанчыне. — Я да гэтага ніколі не мела спраў з процівагазам, — прызнаецца Аксана. — А тут усё атрымалася, ды хутка! Узяла ў рукі ліхтарык і пайшла ў хату. Дыму было шмат, але я дыхала нармальна. Муж дапамагаў, збіваў полымя вадой. Жанчыну Аксана ўбачыла ў свеце ліхтара толькі ў другім пакоі: яна ляжала на падлозе паміж печкай і ложкам, беспрытомная. Яна падцягнула цела да парога, а там ужо "на паветра" вынес муж. Узброеная нашатырным спіртам, Аксана аказала пацярпелай першую дапамогу, выклікала па тэлефоне медыкаў і пажарных. А Уладзімір з сынамі працягваў тушыць пажар, ратаваць дом. Увесь расповед Кісялёвых умясціўся ў некалькі хвілін, аднак яны не могуць сказаць, колькі рэальнага часу доўжыліся ратавальныя работы на пажары. — Тады не да часу было, — гаворыць стрыманы Уладзімір. — Трэба было дзейнічаць, каб захаваць жыццё чалавеку ды жыллё. Мы імкнуліся ўсё рабіць хутка, і страшна не было. Але цяпер узгадваць пра тое неяк жудасна, і нават не хочацца. Не захацеў узгадваць падзеі таго вечара і гаспадар той самай хаты Уладзімір Аўсянікаў. Ён цяпер спрабуе навесці парадак: клеіць сцены і столі газетамі, але пакуль пакоі маюць вельмі сумны выгляд. Усё навокал чорнае, гарэлае. Наступствы пажару, калі на свае вочы, моцна ўражваюць. Ды яшчэ котка, нібыта ўсё яшчэ ў шоку ад пажару, сядзіць нерухома і блішчыць вачыма з печкі. — Усё наладзіцца, усё будзе добра, — кажа Уладзімір, які цяпер можа разам са сваёй жанчынай святкаваць другі дзень нараджэння. Вось толькі без небяспечнай цыгарэты ў нецвярозых руках, калі ласка. Што трэба рабіць, каб засцерагчыся ад пажару, могуць расказаць суседскія школьнікі. Уладзік і Віталь даюць інтэрв'ю журналістам у школьным класе асноў бяспекі жыцця — на фоне стэндаў і малюнкаў аб пажарах. Раней усю гэтую наглядную агітацыю хлопчыкі ўспрымалі як абстракцыю, далёкую ад іх рэальнага жыцця, а цяпер усё іначай. — Мы пабеглі тушыць пажар проста ў шлёпанцах, толькі вёдры схапілі, — узгадваюць дзеці. — Было трохі страшна. Мы баяліся, што чалавек унутры згарыць, і дом таксама. І страшна было, калі маці пайшла ў хату. — Не, мы зусім не адчуваем сябе героямі, — кажуць малыя, крыху збянтэжаныя ад усеагульнай увагі да іх. Увогуле Кісялёвы — сціплыя людзі, якія ўсё паўтаралі, што любы чалавек на іх месцы зрабіў бы тое ж самае. Аднак гэта не ёсць праўда. Станіслаў Бурко расказваў, што нават для прафесійных выратавальнікаў, якія праходзяць спецыяльную падрыхтоўку і ведаюць, што і як трэба рабіць, цяжка зрабіць першы крок у полымя, бо гэта сапраўды страшна. — Не баяцца толькі дурні, разумныя свой страх пераадольваюць, — казаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. — І скажу вам, што ў нас штогод здараецца, што звычайныя людзі дапамагаюць тушыць пажары і ратаваць ва ўмовах задымлення. Аднак каб маладая жанчына пайшла ў пакой, які быў ахоплены полымем?! Дзе гарэла праводка, апальваліся бярвенні і ад высокай тэмпературы пайшлі расколінамі шыбы? Я лічу, што ўчынак Аксаны Кісялёвай — гэта сапраўдны подзвіг у наш мірны час. — Калі трэба было зрабіць крок у агонь і дым, я не думала пра рызыку і небяспеку, — прызнаецца жанчына. — Гэта быў шок, і я проста імкнулася ўсімі сіламі выратаваць чалавека. Не меркавала і не разважала, але рабіла. Гэта ўжо потым прыйшоў мандраж. Але я вельмі рада, што ўсё скончылася добра: дзякуй Богу, няхай жанчына жыве! На ўрачыстай лінейцы ў Іскраўскай школе, дзе вучацца дзеці Кісялёвых, казалі шмат добрых слоў у адрас усёй сям'і. Раённы аддзел адукацыі ўзнагародзіў Віталя і Уладзіслава наборамі для школьнікаў. Намеснік старшыні Бялыніцкага райвыканкама Надзея Серыкава ўручыла Кісялёвым ганаровую грамату ад улад і сказала вялікі дзякуй Аксане і Уладзіміру за тое, што выратавалі чалавечае жыццё і жыллё. Пачулі яны словы падзякі і за выхаванне іх дзяцей. А на заканчэнне — апладысменты для тых, хто прыйшоў на дапамогу людзям. Ілона Іванова. Фота аўтара. Бялыніцкі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вясковая сям'я выратавала на пажары суседзяў. Мужчына з сынамі-школьнікамі тушыў хату вадой, а жонка нацягнула процівагаз, узяла ліхтарык і здолела выцягнуць з...
|
|