Ураджэнца Чэрвеня чакае адкрыты космас
31.01.2012
—
Новости Общества
|
Неверагодна, але факт: мой аднакласнік, выпускнік СШ №2 г.Чэрвеня Мінскай вобласці 1988-га года Алег Навіцкі рыхтуецца паляцець у космас! Ён, цяперашні касманаўт-выпрабавальнік, уладальнік пасведчання касманаўта № 201, прызначаны ў склад 33-й міжнароднай экспедыцыі, старт якой запланаваны на 30 верасня гэтага года. ... Калі я сустракалася з ім увосень 2008-га, Алег быў яшчэ кандыдатам у касманаўты, але ўжо тады жыў, вучыўся, трэніраваўся ў расійскім Зорным гарадку. У інтэрв'ю, якое павінны памятаць даўнія чытачы "Звязды", ён распавёў шмат цікавага — пра сваю мару дзяцінства, лётчыцкую кар'еру, адбор і прызначэнне ў атрад касманаўтаў, агульнакасмічную падрыхтоўку са шматлікімі скачкамі з рознага віду парашутамі... І вось ён зноў у Чэрвені. Прыехаў не толькі наведаць родных, сяброў, а і сустрэцца з цяперашнімі вучнямі СШ № 2 г.Чэрвеня, каб распавесці ім пра космас — далёкі і блізкі. Ну, а я зноў літаральна закідала свайго аднакласніка шматлікімі пытаннямі, на якія ён адказваў ахвотна і грунтоўна. — Алег, раскажы, калі ласка, што змянілася за тры гады, якія прайшлі пасля нашага першага інтэрв'ю. Якім чынам ты з кандыдатаў перайшоў у касманаўты? — Мы здалі іспыты за двухгадовы курс агульнакасмічнай падрыхтоўкі. А потым перайшлі да падрыхтоўкі ў групах. Гэта больш паглыбленае вывучэнне ўсіх сістэм — карабля, станцыі, толькі расійскага сегменту. У 2009-м паўгода правёў у Амерыцы, дзе быў прадстаўніком Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. Менавіта там даведаўся, што прызначаны ў экіпаж 33-й экспедыцыі... Старт, калі нічога не зменіцца, прызначаны на 30 верасня. Экспедыцыя будзе доўжыцца 177 дзён. — Як ты ўспрыняў такую навіну? — Напачатку не паверыў, бо некаторыя касманаўты-выпрабавальнікі са старэйшых набораў яшчэ не былі залічаны ў экіпажы... А тут, атрымліваецца, мяне ўзялі з малодшага набору. Безумоўна, было вельмі прыемна. І з'явілася жаданне апраўдаць аказаны давер... Вось пасля вяртання з Амерыкі і пачалася ўжо мэтанакіраваная падрыхтоўка да работы на станцыі, караблі менавіта ў складзе прызначанага экіпажа. А гэта я — як камандзір карабля "Саюз-32", калега з папярэдняга набору, падпалкоўнік Яўген Тарэлкін і амерыканец Кевін Форд, палкоўнік у адстаўцы. — А ў цябе якое званне? — Я ўжо год як палкоўнік. Зараз — камандзір групы агульнакасмічнай падрыхтоўкі. Пасля залічэння ў экіпаж у асноўным працуем такім складам. Мы з Яўгенам трэніруемся ў Зорным, наш амерыканскі калега — у Х’юстане, НАСА. За год у нас было ўжо тры камандзіроўкі ў Амерыку, дзе мы вывучалі амерыканскі сегмент, два разы ездзілі ў Еўропу (Германія), каб пазнаёміцца з еўрапейскім сегментам, і тыдзень працавалі ў Японіі, Токіа, вывучаючы японскі сегмент. — Алег, а як праходзіць дзень касманаўта-выпрабавальніка? — Даволі руцінна. Гадзін у сем ужо на нагах, хаця заняткі ў нас з дзевяці. Я звычайна прыходжу туды крыху раней, каб пагартаць дакументы, узнавіць неабходныя паняцці, веды, бо яны даволі аб'ёмныя зараз. Заняткі праходзяць да шасці гадзін вечара, з гадзінным перапынкам на абед. У асноўным, адна карабельная трэніроўка доўжыцца чатыры гадзіны, заняткі — двойчы па дзве гадзіны... — Цяпер лётнай падрыхтоўкі ўжо няма. З парашутам, як у 2008-м, не скачаш? — Не. — І не сумуеш па экстрыме? — Па шчырасці, хацелася б і паскакаць, і палётаць... Палётаць, мусіць, у большай ступені, бо гэта бяспечней. А вось скачкі адназначна прыпынены. Бо маленькая траўма — і можна "вылецець з абоймы" надоўга... — Калі ўжо загаварылі пра здароўе... Часта кажуць: "Ціск — як у касманаўта, пульс — як у касманаўта"... Гэта якія паказчыкі? — У мяне нармальны ціск — 110-115 на 65-70, пульс — 65-68 удараў у хвіліну. У кожнага існуюць пэўныя фізіялагічныя асаблівасці арганізма. Але ёсць мяжа. Напрыклад, на выпрабаваннях па фізпадрыхтоўцы верхні ціск не павінен выходзіць за 210. Звычайна ў мяне ўзнімаецца да 160-180, рэдка калі пад 200. Нармальна. — А колькі падчас тваіх цяперашніх заняткаў тэорыі, колькі практыкі? — Зараз, на этапе падрыхтоўкі экіпажа, у асноўным ідзе практыка. У нас ёсць паўнапамерны макет нашага расійскага сегмента, два модулі, зараз збіраюць яшчэ два малыя доследныя модулі, стыковачны адсек цалкам, тры макеты карабля... — Яно ўсё натуральнае? — Абсалютна натуральнае. Адпрацоўваюцца ўсе этапы — ад вывядзення на арбіту да спуску. Стыкоўкі, перастыкоўкі і, адпаведна, няштатныя сітуацыі, якія могуць здарыцца — пажар, разгерметызацыя... Створаная атмасфера набліжана да рэальнай максімальна. У макетах карабля, станцыі ўзноўлена ўсё абсталяванне, яно працуе. Прычым калі ў караблі, скажам, пажар, дык рэальна ідзе дым. Можа, толькі не звычайны, удушлівы, а густая пара. Гэтак жа надзяваецца процівагаз. Напрыканцы 2011-га мы ездзілі ў арганізацыю "Звязда", якая робіць модулі. Там ёсць макет двух нашых, састыкаваных, дзе рэальна падае ціск. І мы працуем па ліквідацыі, скажам, прабоіны ў адсеку, яго ізаляцыі, ушчыльную да эвакуацыі ў карабель. — Значыць, на арбіце фактычна не павінны адчуць, што вы там, апрача "карцінкі" ў ілюмінатары? — Так. Бязважкасць, зорнае неба ў ілюмінатарах ды іншы графік работы... — А выхад у адкрыты космас? — Прадбачыцца адзін, але мы спадзяёмся, што іх усё ж будзе два. Літаральна перад маім ад'ездам сюды мы якраз здавалі такі іспыт — па знешнекарабельнай дзейнасці, а па-простаму — працы "за бортам". Разам з Яўгенам Тарэлкіным здалі на "выдатна". Інструктары і прадстаўнікі карпарацыі засталіся задаволенымі як узаемадзеяннем у экіпажы, так і работай кожнага паасобку. Падчас іспыту ўводзілі няштатныя сітуацыі: заканчваецца кісларод у адным балоне, адмовілі вентылятары... Усё павінны распазнаць, далажыць... Ведаць, як паказаць свайму таварышу, што няма электрасілкавання, радыёсувязі, каб ён пайшоў з табою назад... — Наколькі спакойна і вытрымана ты сябе адчуваеш у такіх сітуацыях? — Лічы, цалкам нармальна. Можа таму, што дае пра сябе ведаць лётная падрыхтоўка, дзе прывык працаваць, у асноўным, самастойна. А тут практычна ўсё ідзе праз даклад на Зямлю, усё выконваецца па ўказаннях адтуль. За выключэннем якойсьці няштатнай сітуацыі... — А цяпер у вас бязважкасць не ствараюць? — Ужо не. Мы ўсё адпрацавалі на этапе агульнакасмічнай падрыхтоўкі. У прынцыпе, адчулі, што гэта такое, зразумелі, што не страшна, абсалютна нармальна. За тыя дваццаць секунд, калі бязважкасць стваралася ў самалёце, можна было нават паспець вады папіць... — Тады — наконт вады і не толькі. Прыгадваю фільм "Сірата казанская". Там прывозяць набор харчавання касманаўта ў цюбіках. А што ў вас? — У нас, у асноўным, сублімаваныя прадукты. Пры вельмі нізкай тэмпературы яны абязводжваюцца, затым падсушваюцца. І захоўваюцца ў брыкетах у запаяным поліэтылене. Вялікая колькасць кансерваў — у бляшанках. А цюбікаў такіх, як у фільме, ужо вельмі мала засталося. Звычайна ў іх прыправы. Я прывёз адзін школьнікам паказаць. Сокі ідуць у пакетах. Чай — у пластыкавых пакетах. Мяса, супы — таксама па-рознаму. — А бляшанкі якім чынам адчыняць? — Там ёсць ключ. І яшчэ такі чамаданчык на пяць бляшанак. Зачыняеш, яны разаграваюцца. Дастаеш і пачынаеш ужываць... — І як на смак? — Вельмі смачна. Асабліва — расійскае харчаванне. У нас нядаўна праходзіла дэгустацыя. Пяць дзён замест абедзеннага перапынку мы хадзілі ў медупраўленне і каштавалі ўсе прадукты харчавання — з выстаўленнем адзнак і колькасці разоў, пры ўмове ўжывання гэтага на працягу 16 дзён. Затым медыкі складуць рацыён харчавання, які "Прагрэсам" перад нашым стартам адправяць на міжнародную касмічную станцыю, каб яны ўжо чакалі нас там. — А што больш за ўсё табе спадабалася? — Мяса, салаты, рыбы вельмі шмат. Прычым мы каштавалі таксама амерыканскую "касмічную" ежу ў Хьюстане, еўрапейскую ў Кёльне і японскую ў Цукубе. Але расійская нашмат нам бліжэй. — Алег, наколькі твая сям'я — жонка Юлія і дачка Яна — гатова да таго, што муж і тата можа паляцець у космас? — Ведаеш, а жонцы нічым не лягчэй было (дачка тады яшчэ малая была) чакаць мяне з кароткага гадзіннага палёту ў Чачню... Нічым не лягчэй, чым перажываць мірны паўгадавы палёт у космас. Як кажуць, не мы першыя, не мы апошнія. Ужо колькі сем'яў гэта перажылі... Жонка ж будзе ведаць, што адбываецца на станцыі. Да таго ж часта наладжваецца відэасувязь, калі сям'ю прывозяць у Цэнтр кіравання палётамі. — А твая дачка ганарыцца, што тата — касманаўт? — Яна — даволі сціплая, ніколі гэта не выстаўляе напаказ. Ёй 15 гадоў ужо. У школе не афішуе, хаця там вучацца і іншыя дзеці касманаўтаў. Таму гэтым нікога не здзівіш. Адносіны даволі роўныя... — У цябе — расійскае грамадзянства. А калі ты паляціш у космас, будзеш лічыць сябе трэцім беларускім касманаўтам? — Хацелася б ім стаць... Незалежна ад таго, што я — грамадзянін Расіі, адчуваю сябе беларусам. І ўсе ў атрадзе касманаўтаў ведаюць, што я — беларус. Прычым не толькі ў атрадзе... Яшчэ да гэтага, калі служыў у палку... У Акадэміі... Калі мама прыехала туды на выпуск, уся наша група спявала беларускія песні! Да слёз мама расчулілася — не ведала, што ў Расіі так беларусаў любяць... — А памятаеш беларускую мову? — Я добра цябе разумею. Але пераключыцца на размоўную чыста беларускую мову адразу цяжкавата. Затое два-тры дні пабуду тут — і ўжо размаўляю з нармальным беларускім акцэнтам, даволі моцным <І>(смяёмся) . — З кім у Беларусі ты падтрымліваеш сувязі? — У асноўным з родзічамі. Некалькі разоў сустракаўся з аднакласнікамі. А так не атрымліваецца прыехаць... Звычайна тэлефаную перад прыездам дахаты. Зараз мы дублюем 31-ую экспедыцыю. У іх старт 30 сакавіка. Затым два тыдні адпачынку — і напружаная праца да верасня... — Ты гатовы, калі што, у космас — 30 сакавіка? — Безумоўна! Гатовы! Бо паралельна ідзе падрыхтоўка двух экіпажаў. — Ці часта бывае, што ляцяць дублёры? — Было, па-мойму, толькі адзін раз — з-за хваробы члена экіпажа. Тады мяняецца экіпаж цалкам. — Скажы, калі ласка, а што ты адчуваеш, калі прыязджаеш сюды, на сваю малую радзіму? — (Задуменна) Спачатку я адчуваю вострае жаданне сюды паехаць. Вось гэтым разам мы з жонкай збіраліся выехаць пад раніцу. Але я паспаў гадзіны паўтары — і мы выехалі ў гадзіну ночы. Бо не спалася... Хочацца тады хутчэй сесці за руль і ехаць дадому. Звычайна я вельмі радуюся перасячэнню мяжы. З'яўляецца прыўзняты настрой — вось я і дома. І няхай сабе еду з расійскім пашпартам — гэта няважна... Родная рэспубліка... Родная хата, участак, лазня... Родныя твары... Прыемна... — Алег, вялікі дзякуй за цікавую гутарку! Шчыра зычу поспехаў і ажыццяўлення запаветнай мары! А мы ўсе будзем за цябе перажываць! І ганарыцца, вядома ж... — Дзякуй! Гутарыла Святлана АДАМОВІЧ, Фота аўтара. Чэрвеньскі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Неверагодна, але факт: мой аднакласнік, выпускнік СШ №2 г.Чэрвеня Мінскай вобласці 1988-га года Алег Навіцкі рыхтуецца паляцець у космас! Ён, цяперашні... |
|