У Магілёве больш не будуць рыхтаваць педагогаў беларускай мовы, а ў Мінскім педагагічным закрытыя адразу 4 спецыяльнасці беларускай філалогіі.
У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце вялікая рэформа - зачыняюцца сем педагагічных спецыяльнасцяў. Дзіўным чынам супала, што на чатырох з іх рыхтавалі менавіта філолагаў беларускай мовы. Пры гэтым набор на спецыяльнасці, на якіх рыхтуюцца расейскамоўныя філолагі, не скарочаны.
У прыватнасці, у наступным годзе БДПУ адмовіцца ад падрыхтоўкі педагогаў па спецыяльнасцях "Беларуская мова і літаратура", "Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова", "Беларуская мова і літаратура. Ангельская мова", а таксама спецыялістаў па беларускамоўнай журналістыцы.
Акрамя гэтага, ва ўніверсітэце прыпыняюць навучанне гісторыкаў-географаў.
Цяпер галоўны педагагічны ўніверсітэт краіны будзе рыхтаваць настаўнікаў беларускай мовы толькі на дзвюх спецыяльнасцях. Расейскай мове будуць навучаць на трох спецыяльнасцях, дзве з якіх звязаныя для прэстыжнасці яшчэ і з кітайскай і італійскай мовамі.
Замест гісторыкаў і філолагаў у БДПУ будуць рыхтаваць біёлагаў і лагапедаў - менавіта такія спецыяльнасці адчыняцца ў 2012 годзе ва ўніверсітэце.
Выпадак з БДПУ - не адзіны.
Напрыклад, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова нядаўна абвясціў, што збіраецца адмовіцца ад прыёму студэнтаў на шэраг гуманітарных спецыяльнасцяў. У лік зачыненых трапіла і спецыяльнасць з профільнай беларускай мовай.
Як піша "Народная воля", сёлета тут не будзе прыёму студэнтаў на "беларускую і расейскую мовы", "гісторыю рэлігіязнаўства", "пачатковую адукацыю і выяўленчае мастацтва".
Па рэкамэндацыі Мінадукацыі, магілёўскі ўніверсітэт таксама плануе скараціць лік бюджэтных месцаў для эканамістаў, юрыстаў, журналістаў і настаўнікаў фізкультуры.
Чаму ўніверсітэты адмаўляюцца ад набору на спецыяльнасці, звязаныя менавіта з беларускай мовай?
Нядаўна Міністэрства адукацыі запатрабавала ад ВНУ скараціць набор на педагагічныя спецыяльнасці на 14%. Гэтым можна патлумачыць агульны трэнд на адмову ад прыёму будучых выкладчыкаў. Але аналіз папулярнасці настаўніцкіх спецыяльнасцяў дае несуцяшальную карціну.
У тым самым Педагагічным ўніверсітэце ўступная кампанія мінулага года на факультэце беларускай і расейскай філалогіі скончылася фактычным правалам.
Не знайшлося ахвотных вучыцца на пяці бясплатных месцах спецыяльнасці "Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова" і чатырох чалавек на бюджэт для спецыяльнасці "Беларуская мова і літаратура. Расейская мова і літаратура". Дарэчы, менавіта ад набору на гэтыя спецыяльнасці сёлета адмаўляюцца ў БДПУ.
Заробкі настаўнікаў малыя, таму людзі і не ідуць. Што да беларускай мовы, то грамадства тонка адчувае курс уладаў.
Беларускамоўнаму чалавеку няма як спадзявацца на кар’еру ў дзяржаўных органах. За 10 гадоў між апошнім і перадапошнім перапісамі колькасць людзей, якія размаўляюць удома па-беларуску, скарацілася амаль удвая, з 37% да 23%.
Таму не лепшая сітуацыя і ў іншых ВНУ краіны.
Напрыклад, у Берасцейскім дзяржаўным універсітэце: там на спецыяльнасць "Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (ангельская)" філфака ў 2011-м ніводзін абітурыент так дакументаў і не падаў. Вучыцца на выкладчыка ніхто не пажадаў, і 9 бюджэтных месцаў засталіся вольнымі. Верагодна, у 2012 годзе БрДУ таксама адмовіцца ад набору на гэту спецыяльнасць.
У Магілёве больш не будуць рыхтаваць педагогаў беларускай, а ў Мінскім педагагічным закрытыя адразу 4 спецыяльнасці беларускай філалогіі. У Беларускім дзяржаўным...