Магутны, як тур
03.02.2012
—
Новости Общества
|
Выйшаў на пенсію і стаў займацца сваёй радаслоўнай і гісторыяй роднай вёскі Туры. Радаслоўную знайшоў да 6-га калена, а гісторыю вёскі — з самага яе ўзнікнення. Нядаўна даведаўся, што ёсць вёска з такой жа назвай і ў Полацкім раёне. Растлумачце, калі ласка, паходжанне гэтай аднолькавай назвы розных вёсак.Уладзімір ПУЧЫНСКІ, вёска Туры, Столінскі раён Паважаны спадар Уладзімір, даследаваўшы гісторыю свайго роду і сваёй вёскі, вы зрабілі надзвычай важную і высакародную справу, якая садзейнічае захаванню гістарычнай памяці. Паспрабуем дапамагчы вам устанавіць паходжанне назвы вёскі.На сучаснай карце Беларусі адзначаюцца дзве аднайменныя вёскі Туры: у Столінскім раёне Брэсцкай вобласці і Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці. У мінулым вёска з такой жа назвай была ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Акрамя таго, на розных тэрыторыях краіны сустракаюцца аднакаранёвыя назвы: горад Тураў у Жыткавіцкім раёне, вёска Туравічы ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці, вёска Турава ў Сенненскім раёне на Віцебшчыне, вёска Турыно ў Глускім раёне Магілёўскай вобласці. Ды і сярод зніклых тапонімаў Беларусі было нямала роднасных назваў: вёска Туроўка ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці, хутар Тур у Пінскім раёне, хутар Тураў і фальварак Туравец у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, пасёлак Туры-Бор у Кармянскім раёне Гомельскай вобласці. У аснове ўсіх гэтых найменняў ляжыць старажытнае славянскае імя Тур. А назва Туры сведчыць, што гэта паселішча сумесна заснавала група родзічаў з агульным празваннем або прозвішчам Тур.У сваю чаргу мянушка Тур узнікла у вельмі даўнія часы: тады, калі нашы продкі пакланяліся свяшчэннай жывёле — туру і верылі: калі дзіцяці даць імя Тур, то яно зможа пераняць тую ж сілу, магутнасць і вынослівасць, якімі валодаў дзікі бык. А тур сапраўды з’яўляўся самай буйной жывёлай у Еўропе. Па апісанні навукоўцаў, рост яго дасягаў амаль два метры, а вага — 600—800 кілаграмаў. Род, які абагаўляў тура, лічыўся непераможным. Па сведчаннях вучоных-фалькларыстаў, звесткі пра тура захаваліся ў каляндарнай абраднасці беларусаў у першую чаргу ў вашым рэгіёне. На памежных з Украінай землях на Каляды дзяўчаты і хлопцы “вадзілі тура”, спявалі пры гэтым велічальныя песні, прадказваючы добры ўраджай на будучы год. У Сярэднявеччы ва Усходняй Еўропе паляванне на тура было прэрагатывай уладароў і арыстакратыі. Туравы рогі з’яўляліся атрыбутам княжацкай улады славянскіх князёў.Назвы населеных пунктаў, паходжанне якіх звязана з назвай гэтай жывёлы, вельмі старажытныя. Так, паселішча Турыйск (Шчучынскі раён) на правым беразе Нёмана было вядома з 1253 года, вёска Турэц у Карэліцкім раёне ўпамінаецца ў 1276 годзе, а вёска Турын у Пухавіцкім раёне — у 1536 годзе.Хацелася б удакладніць, што на тэрыторыі Полацкага раёна вёскі Туры няма. Ёсць вёскі Турэц 1, Турэц 2, Туроўля, паходжанне назваў якіх звязваюць з воднымі аб’ектамі. У некаторых гаворках Беларусі турэц — гэта хуткае і вельмі моцнае цячэнне. Але сярод вучоных існуе меркаванне, што і ў рачных назвах назіраецца апасродкаваная сувязь з назвай жывёлы: праз перанясенне здольнасцей і характэрных рыс моцнай жывёліны. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выйшаў на пенсію і стаў займацца сваёй радаслоўнай і гісторыяй роднай вёскі Туры.
|
|