Як бабулькі пачалі рэп танцаваць. 21.by

Як бабулькі пачалі рэп танцаваць

04.02.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Моладзь сёння ні на што не годная" — нярэдка такія словы можна пачуць ад пажылых. Маладыя, увогуле, стараюцца не сутыкацца са старымі... І здаецца, паміж імі вялікая прорва! Але ў гэтых пакаленняў усё ж ёсць адна вельмі асаблівая, агульная рыса: яны глядзяць! Праўда, адны глядзяць назад — у мінулае, а іншыя — наперад, у будучыню.

Маладзечанскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і школа-інтэрнат для дзяцей-сірот у Радашковічах змаглі павярнуць гэтыя два пакаленні тварам адзін да аднаго ў рамках сацыяльнага праекта "Зносіны пажылых грамадзян з дзецьмі-сіротамі".

Калі я пачула назву праекта, мне падалося, што гэта нешта "несапраўднае", нават нуднае. Ды, увогуле, якія могуць мець зносіны сіроты і старыя паміж сабой? Пра што яны гавораць адно з адным? Якія ў іх могуць быць агульныя інтарэсы? Гэтыя пытанні і прывялі мяне ў Радашковічы.

У школу-інтэрнат я прыехала, калі ў дзяцей скончыліся ўрокі. Мяне сустрэла кіраўнік клуба "Аптыміст" Наталля ЧАЧОРА.

— Вы ведаеце, — стала распавядаць Наталля Іванаўна, — на паперы наш праект выглядаў добра. Вядома, мы арандавалі памяшканне ў школе для нашага сацыяльнага пункта, стварылі клуб "Аптыміст" для пажылых людзей... Але, калі прыйшоў час рэалізаваць праект, было вельмі цяжка. Некаторыя бабулі проста не жадалі ісці ў інтэрнат: маўляў, рэпутацыя ў гэтых дзяцей не вельмі добрая. У нас быў дзядуля, які згадзіўся прыходзіць у інтэрнат да дзяцей, але жонка яго не падтрымлівала. У выніку адмовіліся абодва. Але ўсё ж нам удалося знайсці некалькіх чалавек, якія вырашылі паспрабаваць. Сёння да нас прыходзіць больш за дзясятак бабуль, вельмі актыўных. Я б нават сказала, гіперактыўных. З некаторымі сёння пазнаёміцеся...

Так, амаль кожны дзень якая-небудзь бабуля прыходзіць у школу-інтэрнат у адаптацыйную кватэру. Сама кватэра знаходзіцца ў будынку школы. Там жывуць па 2-3 будучыя выпускнікі ў тыдзень. Так сірот прывучаюць да самастойнасці.

— Хлопчыкі, што ж вы стаіце? Дапамажыце даме распрануцца,— сказала Галіна Рыгораўна.

Хлапчукі амаль адначасова кінуліся да мяне. Неўзабаве Андрэй, Улад і Юрась сталі паказваць сваё невялікае жыллё. Кватэра была двухпакаёвая з вельмі невялічкай кухняй. Пакуль мы з дзецьмі гаварылі, там завіхалася бабуля.

— Ведаеце, каб патрапіць сюды на тыдзень, трэба, па-першае, добра вучыцца, а па-другое — дачакацца сваёй чаргі, — кажа Андрэй.

— Няўжо аўчынка варта вырабу?

— Вядома, — пераконвае Улад. — Мяркуйце самі: адбою няма, спаць ідзеш, калі сам пажадаеш. Ежу таксама самі сабе робім... Ніякага рэжыму! Галоўнае — прыйсці своечасова на ўрокі падрыхтаваным, інакш больш не пусцяць. Мы тут адпачываем ад інтэрнацкага жыцця!

— А бабулі не перашкаджаюць?

Хлапчукі здзіўлена пераглянуліся.

— Ды яны ж прыкольныя!

— Што-небудзь смачнае дапамагаюць нам прыгатаваць...

— Гісторыі ўсякія распавядаюць, нават хітрасці свае...

— Яны заўсёды дапамогуць. Аднойчы мы тут дзень нараджэння адзначалі. Дык Галіна Рыгораўна столькі смакаты нарабіла! Быў сапраўдны банкет на ўвесь свет!

Падлеткі з задавальненнем распавядалі пра сваё жыццё, пра тое, як упершыню з бабулямі ездзілі на экскурсію, і як яны саромеліся, і як бабулі хваляваліся... А потым хтосьці з бабуль у аўтобусе заспяваў, іншыя падхапілі — неўзабаве ўсе расслабіліся. А потым і пасябравалі!

— Я ўжо падагрэла ўсё, — перапыніла нашу гутарку Галіна Рыгораўна.— Паспытайце супчыку, бульбачкі, рыбы... Гэта дзеці ўсё самі прыгатавалі... Я ім толькі дапамагала! Яны ў нас такія малайцы!

Ужо за сталом Галіна Рыгораўна распавяла трохі і пра сябе.

У Радашковічах яна жыве толькі чатыры гады. Яшчэ да праекта яна сама пазнаёмілася з дзецьмі з інтэрната. Аднойчы некалькі сірот ішлі на рэчку міма яе хаты. Даведалася ад іх, адкуль яны, і запрасіла да сябе: дала сліў, яблыкаў... Так і завязалася паміж імі сяброўства.

— У мяне тады яшчэ трусы дэкаратыўныя былі, дык я дзецям іх з сабой у інтэрнат давала пагуляць, — узгадвае бабуля. — Таму, калі мне прапанавалі прыходзіць у школу, дапамагаць дзецям, я нават не сумнявалася... Калі прыйшла сюды ў першы дзень — усё ж хвалявалася. Думала: "Як яны прымуць мяне". Адна справа на вуліцы сустрэць, іншае — прыйсці на іх тэрыторыю. Зараз ужо зрадніліся. Тэлефануюць мне і просяць: "Можа, аладкі напячом?" І іду... А мне і не цяжка, хай пачастуюцца! Памятаю, як збіраліся бліны пячы, дык адзін замест алею ў патэльню вады наліў. Вось потым рагаталі!

Бывае, з'ядуць усё варэнне, што рабіць? Дык яны ўжо ведаюць, каму тэлефанаваць <І>(смяецца) . Але ўсё ж такое рэдка здараецца. Ім тут прадукты выдаюць, усяго хапае!

Сама я ўжо прывязалася да іх. Часта тут бываю, ведаю іх праблемы, перажыванні...

Галіна Рыгораўна казала пра сірот з нейкай асаблівай цеплынёй. А хлапчукі глядзелі і ўсміхаліся... Было відаць, як прыемна ім яе слухаць. У прынцыпе, яны не ўтойвалі, што для іх гэты чалавек асаблівы, што гэта — іх "бабуля". Праўда, толькі на тыдзень. Потым у адаптацыйную кватэру засяляюцца іншыя дзеці і прыходзяць іншыя бабулі...

Дэгустацыю абеду, прыгатаванага хлапчукамі, перапыніла кіраўнік клуба. Там, у сацыяльным пункце, чакалі мяне яшчэ дзве бабулі і з імі старшакласніца Ніна...

— Адразу хочам вас папярэдзіць,— пачала гутарку Раіса Міхайлаўна. — У нас тут, у клубе "Аптыміст", такі прынцып: нічога дрэннага! Казаць толькі пра добрыя навіны і смачныя рэцэпты, спяваць, гуляць і ўдзельнічаць у конкурсах! "Нядобрае" ў нас, "аптымістаў", казаць забаронена. Таму нічога дрэннага тут і не застаецца!

— Шкада, у нас сёння няма ніякага мерапрыемства, — умяшалася Людміла Васільеўна. — Але гэта нічога, мы вам і так усё раскажам! У нас тут жыццё кіпіць! Мы, напрыклад, вельмі часта арганізоўваем святы. Запросім дзяцей, сыграем ім на гітары, праспяваем рамансы. А яны нам потым рэп чытаюць. А мы што ж? Танцуем пад рэп! А што вы думалі, мы не здолеем? Хе-хе! Нядаўна ў нас тут маскарад быў. Мы такія цікавыя касцюмы пашылі, размаляваліся... Вось пацеха была!

— А дзеці нас інтэрнэтам навучылі карыстацца, зараз і ў нас электронная пошта ёсць. Перапісваемся!

— Тут ёсць і швейная машына, так што я часам шыю! Вось паглядзіце, нават выстава ёсць, там і фартушкі, і хусткі. Вязанню таксама дзяцей вучу. Многія сабе тут такія шалікі звязалі, любата! А мая ўлюбёнка, Віка, навучылася вязаць нават на "відэльцах". Вой, і не простая гэта справа! А яна змагла... У яе сапраўдны талент!

— А як жа чуткі? — не вытрымала я. — Кажуць, што сіроты — дзеці складаныя, амаль усе паўтараюць лёс сваіх бацькоў!

— Спакойна, толькі спакойна! — загаварыла ізноў Людміла Васільеўна. — Я па прафесіі педагог і з дзецьмі-сіротамі працавала. Так, дзеці не простыя...

Дзяўчынка Ніна сціпла паспрабавала ўступіцца за сірот: маўляў, не ўсе такія "нядобрыя", і не верыць яна, што справа ў генах. Таму што, тады не было б сярод "хатніх" (так сіроты называюць дзяцей, якія растуць у сем'ях) тых жа п'яніц, наркаманаў і злачынцаў! Але бабулі ўжо адчулі смак і сталі распавядаць пра сваё жыццё, прыводзіць прыклады...

— Добра,— паспрабавала я падвесці вынік іх аповеду. — Што ж вы абедзве тут робіце — гэта ж інтэрнат для дзяцей-сірот, якіх вы крытыкуеце?..

Бабулі пераглянуліся і здзіўлена паглядзелі на мяне.

— Дык мы ж не пра гэтых сірот! Тут у нас іншыя дзеці! Нашы дзеці такія таленавітыя, вясёлыя і разумныя! Вы ведаеце, што шэсць нашых выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы!

І сталі бабулі распавядаць пра таленты дзяцей менавіта гэтага інтэрната. Называлі іх імёны, наперабой апісваючы добрыя якасці кожнага. А пасля доўгіх натхнёных расказаў вырашылі праспяваць мне гімн клуба.

Ужо па дарозе дахаты Наталля Іванаўна распавядала мне, як насамрэч бабулі перажываюць за гэтых дзяцей. Так, магчыма, гэтыя бабулі (як, у прынцыпе, і дзеці) вельмі эмацыйныя, але яны адкрытыя і шчырыя.

І дзеці гэта адчуваюць і вельмі ўдзячныя ім за клопат. Сіроты не заўсёды могуць аддзячыць матэрыяльнымі падарункамі, але затое яны наведаюць хворую бабулю ў лякарні... А гэта для пажылога чалавека нямала! Асабліва калі родныя дзеці далёка. Ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

І так дзіўна, што менавіта ў школе-інтэрнаце для дзяцей сірот гэтыя два пакаленні змаглі навучыцца чуць адзін аднаго і дапамагаць.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Моладзь сёння ні на што не годная" — нярэдка такія словы можна пачуць ад пажылых. Маладыя, увогуле, стараюцца не сутыкацца са старымі... І здаецца, паміж імі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика