Следства вядуць прафесіяналы
04.02.2012
—
Новости Общества
|
Знаёмімся з суразмоўцам Валерый ГАЙДУЧОНАК у Следчы камітэт прыйшоў з Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, дзе да гэтага ўзначальваў упраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій і супраць інтэлектуальнай уласнасці. Цяпер займае пасаду намесніка старшыні Следчага камітэта, адначасова курыруе працу галоўнага следчага ўпраўлення. Што вельмі парадавала — адказваў на пытанні па-беларуску. Больш як месяц прайшло з дня стварэння Следчага камітэта ў нашай краіне. Чым жылі ўвесь гэты час беларускія следчыя, а таксама пра планы на перспектыву чытачам "Звязды" распавёў намеснік старшыні новай праваахоўнай структуры Валерый ГАЙДУЧОНАК
— Валерый Аляксандравіч, якімі выдаліся для Следчага камітэта першыя тыдні? Ці задаволены вынікамі? — Першы месяц быў вельмі напружаны. Ды, я вам скажу, ніхто са следчых і не чакаў, што спачатку будзе лёгка. Бо стварэнне Следчага камітэта — гэта як-ніяк глабальная перабудова папярэдняга расследавання ў маштабах усёй краіны. У першыя дні не было ніякіх збояў, ніякіх недарэчных сітуацый. Мы прынялі ад былых следчых падраздзяленняў усе нераскрытыя крымінальныя справы, у тым ліку і тыя, якія былі прыпынены. Цяпер следчыя займаюцца іх расследаваннем. У большай ступені засяроджаны на нераскрытых забойствах, якія перайшлі да нас з пракуратуры, справах эканамічнага кірунку. У Цэнтральным апараце на аднаго следчага сёння прыходзіцца да трох крымінальных спраў. Гэта шмат, улічваючы, што большасць з іх складаюць па некалькі дзясяткаў і нават сотняў тамоў. Тым не менш, спраўляюцца, працуюць, не лічачыся з асабістым часам. Акрамя расследавання злачынстваў, у першыя тыдні давялося вырашаць таксама шмат гаспадарчых пытанняў, звязаных з уладкаваннем працоўных месцаў следчых. — Так супала, што літаральна ў першыя гадзіны работы Следчага камітэта ў сям'і са Столінскага раёна адбылося страшнае няшчасце. Не вярнулася з навагодняй дыскатэкі іх дачка Юля. На якім этапе знаходзіцца расследаванне справы аб забойстве гэтай школьніцы? Як атрымалася выйсці на падазронага? — Ніякіх звышметодык не прымянялася. Кіраўніцтва Следчага камітэта, як толькі стала вядома пра знікненне дзяўчынкі, прыняло рашэнне аб стварэнні тэрміновай следчай групы. У яе склад былі ўключаны найбольш вопытныя следчыя ўпраўлення па Брэсцкай вобласці і галоўнага следчага ўпраўлення. Нашы прафесіяналы працавалі ў цесным узаемадзеянні з вопытнымі аператыўнікамі. У выніку комплексу аператыўных і следчых мерапрыемстваў 15 студзеня падазронага затрымалі. Менавіта ён і паказаў, дзе закапаў труп. Паказанні маладога чалавека, які аказаўся аднавяскоўцам Юліі Ляшук, пацвердзіла і экспертыза. 19 студзеня яму прад'яўлена абвінавачанне ў забойстве. Цяпер вядзецца расследаванне, дапытваюцца сведкі, праводзяцца вочныя стаўкі. Прызначана больш за 30 розных экспертыз. — А пра матывы здзяйснення такога жорсткага злачынства ўжо сёння можна нешта сказаць? — Пакуль што зразумелых для нас матываў няма. Падазроны і сам толкам не можа патлумачыць, чаму пайшоў на гэта. Магчыма, нешта праясніць судова-псіхіятрычная экспертыза. — І што яму пагражае? — Максімальна яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі, бо ён непаўналетні. — Гэта самая гучная справа за мінулы месяц? — Гучная справа — пытанне адноснае. Літаральна на мінулым тыдні ў нас было заведзена некалькі гучных крымінальных спраў іншага кшталту. У прыватнасці, затрыманы першы намеснік кіраўніка адміністрацыі аднаго з раёнаў Мінска. Чыноўнік падазраецца ў тым, што за хабар выдзяляў прадпрымальнікам месцы для сезоннага гандлю. Яшчэ адзін мінчанін, які выйшаў са следчага ізалятара, вырашыў незаконна разбагацець. Прадставіўся бацькам свайго нядаўняга сукамерніка следчым. І паабяцаў паспрыяць вызваленню сына за 25 млн рублёў. У адносінах псеўдаследчага заведзена новая крымінальная справа. Заключана пад варту і арганізаваная група камп'ютарных узломшчыкаў: чацвёра беларусаў, адзін з якіх хаваўся ва Украіне. Маладыя людзі абвінавачваюцца ў крадзяжы з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі ў буйным памеры. Дзейнічалі яны па наступнай схеме: спачатку блакіравалі чужыя камп'ютары, а затым прапаноўвалі карыстальнікам набыць антывірусную праграму для разблакіроўкі. Многія ў адчаі пералічвалі са сваёй банкаўскай карткі грошы на прапанаваны рахунак. У выніку ў кішэнях хакераў асела звыш 1 млн 800 долараў. Мяркуем, што агульная сума крадзяжу значна большая і можа перавышаць 10 млн долараў. Затрымалі іх дзякуючы агульным намаганням усіх праваахоўных органаў як Беларусі, так і Украіны, ЗША і Расіі. Таму асцярогі, што са з'яўленнем Следчага камітэта парушыцца ўзаемадзеянне паміж следчымі і аператыўнікамі, з праваахоўнымі органамі іншых краін былі беспадстаўнымі. — Магчыма, у Следчага камітэта маюцца прапановы па павышэнні эфектыўнасці барацьбы са злачыннасцю? Якія вы бачыце прабелы ў крымінальным заканадаўстве? — На наш погляд, трэба ўносіць змены ў асобныя артыкулы Крымінальнага кодэкса. Змякчэнне пакарання, магчымая дэкрыміналізацыя грамадска небяспечных дзеянняў выцякае з пасылаў "Канцэпцыі ўдасканалення сістэмы мер крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання", зацверджанай Указам Прэзідэнта. У прыватнасці, наспелі змены таго ж артыкула 212, які прадугледжвае адказнасць за крадзеж з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі. На практыцы мы сутыкаліся з тым, што сын можа ўзяць у бацькоў банкаўскую пластыкавую картку, зняць з яе грошы і не прызнацца ў гэтым. Разгубленыя дарослыя, у сваю чаргу, тут жа пішуць заяву, згодна якой заводзіцца і расследуецца крымінальная справа. Пасля высвятляецца, што грошы зняў іх жа сын. Бацькі хочуць забраць заяву. Але справа ўжо заведзена і за прымірэннем бакоў не падлягае спыненню. Таму мы будзем прапаноўваць, каб падобныя сітуацыі былі агавораны ў Крымінальным кодэксе. — Валерый Аляксандравіч, апошнім часам шмат было размоў пра магчымае ўвядзенне ўсеагульнай дактыласкапіі. Якая ваша пазіцыя на гэты конт? Ці не лічыце вы гэтую ідэю парушэннем правоў чалавека? — Я лічу, што неабходна ствараць у рэспубліцы адзіную і поўную базу біяметрычных звестак. І размовы, што гэта парушэнне правоў чалавека, беспадстаўныя. Калі чалавек законапаслухмяны і не збіраецца нічога здзяйсняць, чаму ён павінен асцерагацца? З другога боку, адзіная база не скіравана толькі на тое, каб устанавіць, хто здзейсніў злачынства. Колькі адбываецца тэхнагенных катастроф, пажараў... Здараецца, што чалавек страціў памяць, і мы не ведаем, хто гэта. Менавіта поўны банк звестак і дапамог бы хутка ўстанавіць асобу. Ды і пасля тэракту ў мінскім метро многія беларусы самі прыйшлі да той думкі, што базы, якія дапамогуць у лічаныя секунды ўстанавіць злачынцу, патрэбны. Варта сказаць, што базы звестак, у тым ліку і па сятчатцы вока, ствараюцца ў многіх еўрапейскіх краінах. Да гэтага ідзе ўвесь свет. — Які ўзровень раскрывальнасці злачынстваў у нашай краіне? — Па выніках мінулага года 61%. — Магчыма, каб яе павялічыць, трэба нешта мяняць? — Раскрывальнасць злачынстваў — вельмі важны паказчык працы праваахоўных органаў, стану законнасці ў грамадстве. Гэта адзін з асноўных кірункаў працы і Следчага камітэта. Але ж не павінна так быць, што ў пагоні за паказчыкам раскрывальнасці часам дапускаюцца парушэнні працэсуальных нормаў, правоў людзей. Следчы камітэт прызваны забяспечыць законнасць і справядлівасць падчас расследавання. Раскрыццё злачынстваў залежыць ад узаемадзеяння паміж супрацоўнікамі праваахоўных органаў, іх забяспечанасці неабходнай тэхнікай, а таксама ад сумлення людзей і прафесіяналізму супрацоўнікаў. Таму трэба ў першую чаргу павышаць прафесійны ўзровень следчых і аператыўных супрацоўнікаў. — Па якіх крытэрыях праводзіўся адбор супрацоўнікаў у Следчы камітэт? — Следчых адбіралі з ліку супрацоўнікаў следчых органаў пракуратуры, Дэпартамента фінансавых расследаванняў і з Міністэрства ўнутраных спраў. Праводзілі пазачарговую атэстацыю, каб выбраць лепшых з лепшых, бо следства, як я ўжо казаў, павінны весці прафесіяналы. Па выніках атэстацыі рабілася выснова — можа той ці іншы следчы па сваіх прафесійных і асабістых якасцях працаваць у Следчым камітэце ці не. — Наогул ці дастаткова ў нашай краіне следчых? — На сёння дастаткова. А што будзе далей, час пакажа. Бо злачыннасць не стаіць на месцы. Летась мы назіралі змяншэнне ўзроўню злачыннасці. Магчыма, такая тэндэнцыя захаваецца і далей. Скажу адно: менш павінна быць кантралюючых службаў, а больш следчых-практыкаў, якія займаюцца непасрэдна расследаваннем крымінальных спраў. Гэтага прынцыпу мы прытрымліваліся падчас фарміравання штатнага раскладу Следчага камітэта. — Не адзінкавыя факты прыцягнення да адказнасці невінаватых людзей — адна з прычын стварэння Следчага камітэта. Пра гэта неаднаразова казаў і кіраўнік дзяржавы. — Сапраўды, у 2011 годзе адбыўся рост колькасці апраўдальных прыгавораў. Так, за першае паўгоддзе было апраўдана ў судах больш за 150 чалавек. За ўвесь год — каля 380. Прычыны розныя. У тым ліку і недапрацоўка следчых на этапе папярэдняга расследавання. Часам да таго, што заводзіліся справы без дастатковай даследчай праверкі, прыводзіў і агульны інтарэс ведамства ў высокіх паказчыках па раскрыцці. Ведаеце, ва ўсім свеце існуюць апраўдальныя прысуды. У некаторых краінах іх колькасць дасягае 30 % ад усіх закончаных крымінальных спраў. У нас жа гэты паказчык значна меншы. Не павінна быць пагоні за лічбамі, за колькасцю закончаных крымінальных спраў, колькасцю прыцягнутых да адказнасці асоб. Якасць, прыняцце справядлівых рашэнняў — вось асноўны паказчык работы Следчага камітэта. — У Расіі старшыня Следчага камітэта выступаў з ініцыятывай стварэння нацыянальнага кампенсацыйнага фонду, каб хоць неяк абараніць пацярпелых ад злачынстваў. Магчыма, мэтазгодна і ў нас выступіць з падобнай ініцыятывай? — Сама па сабе ідэя добрая. Але, як я бачу, яна павінна прымацца на вышэйшым узроўні пасля грунтоўных разлікаў. Адкуль плаціць кампенсацыю? З бюджэту? Магчыма, у кампенсацыйны фонд маглі б паступаць і тыя сродкі, якія мы спаганяем па крымінальных справах. Мне здаецца, не праваахоўным органам вырашаць, ці зможа наша краіна сёння сабе дазволіць стварэнне такога фонду. — А наогул, які ўзровень кампенсацыі пацярпелым ад злачынстваў? — Кампенсацыя ўрону на стадыі папярэдняга следства па скончаных справах следчымі ўсіх органаў склала 43, 3 %. Гэта па выніках мінулага года. У многіх выпадках урон, як матэрыяльны, так і маральны, калі такі заяўляецца пацярпелым, кампенсуецца ў поўным аб'ёме. Гэта залежыць ад матэрыяльнага стану злачынцы, ад таго, ці змог следчы знайсці маёмасць злачынцы і за яе кошт забяспечыць іск пацярпелага боку. Але ж кожны грамадзянін таксама павінен клапаціцца пра сябе. Усе ж мы пад Богам ходзім. У нас маецца шмат страхавых арганізацый, дзе можна застрахаваць не толькі сваю маёмасць, але і здароўе. Наогул гарантыя кампенсацыі ўрону — адна з асноўных задач пры расследаванні крымінальных спраў. Дастаткова сказаць, што сёння эфектыўна працуе інстытут вызвалення ад крымінальнай адказнасці тых, хто добраахвотна кампенсаваў нанесены ўрон. Гаворка ідзе пра злачынствы, не звязаныя з пасягальніцтвам на жыццё і здароўе чалавека. Колькасць асоб, якія звярнуліся з хадайніцтвам аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці, пастаянна расце. — Валерый Аляксандравіч, а куды чалавеку звяртацца, калі ён лічыць, што падчас расследавання дапушчаны парушэнні? — Удзельнік крымінальнага працэсу мае права абскардзіць працэсуальныя рашэнні следчага. Скардзіцца можна як кіраўніцтву Следчага камітэта, так і ў пракуратуру, суд. — Ці шмат паступіла зваротаў за месяц ад грамадзян? — Літаральна з 1 студзеня колькасць скаргаў, якія паступілі ў Следчы камітэт, вымяралася дзясяткамі. Але часта людзі звяртаюцца не па адрасе. Напрыклад, былі нездаволеныя тым, што іх выключылі са спісаў жыллёва-будаўнічага кааператыва і інш. Атрымалася, што людзі, якія скардзяцца гадамі і прайшлі ўсе інстанцыі, убачылі ў новым органе, дэвіз якога "Закон і справядлівасць", выратавальную саломінку. ...Ёсць скаргі і на якасць расследавання, але не ўсе яны абгрунтаваныя. Многія сваякі, нават нягледзячы на вялікую колькасць аб'ектыўных доказаў, ніяк не могуць паверыць, што іх брат, сын, муж — забойца. — Ці ёсць у Следчага камітэта свой сайт? — Ён у стадыі распрацоўкі. Зараз з намі можна звязацца праз інтэрнэт па электроннай пошце: sk@sk.gоv.bу. Нагадваю, што электронныя звароты павінны адпавядаць патрабаванням дзейнага заканадаўства — у прыватнасці, утрымліваць адрас электроннай пошты заяўніка. Размаўляла Надзея ДРЫЛА. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш як месяц прайшло з дня стварэння Следчага камітэта ў нашай краіне. Чым жылі ўвесь гэты час беларускія следчыя, а таксама пра планы на перспектыву чытачам...
|
|