На вечную памяць
07.02.2012
—
Новости Общества
|
...Гэтай зімы баба Лена зусім не баялася — нават трохі чакала, бо на згон мінулай па зніжках купіла зручныя, цёплыя боты, мела добрую шапку, паліто, а на вялікія маразы — хай старое, але ж натуральнае футра. Надоечы, праслухаўшы прагноз надвор'я, вырашыла дастаць яго з шафы (ну, каб пад рукамі ўжо было), павесіць у вітальні. І... ледзьве не самлела: замест футра на вешалцы быў... каўнер і два рукавы. Усё астатняе — што "панадкусвала", што зусім з'ела моль. — І бачыла ж, — узгадвала потым гаспадыня, — лёталі зрэдку... Маленечкія такія істоткі!.. Хто б мог падумаць, што вялікае футра з'ядуць? ...Наша прыказка: на смачны кусочак знойдзецца раточак. Кола У цырульню зарана прыйшла — хвілін з дзесяць трэба чакаць... Што не бяды, як кажуць, бо ў сумцы — добрая кніжка, над галавой — уключаны тэлевізар, да таго ж, цікава паглядзець на працу майстрых. У адной, прынамсі, ну вельмі прыгожая кліентка: каб яшчэ больш, дык на халеру, здавалася б! Але ж, мусіць, будзе, бо якраз цяпер — майстрыха шчыруе над броўкамі: робіць так званую карэкцыю... Робіць умела, робіць старанна і, мяркуючы па ўсім, удала, бо дзяўчына, падняўшыся з крэсла, смела ідзе да люстэрка, з цікавасцю разглядае тое, што атрымалася (гладзіць новыя дужкі броваў), задаволена прастуе да касы, каб аплаціць паслугу. Але і пасля гэтага з цырульні не сыходзіць: вяртаецца назад да майстрыхі — на столік перад ёй кладзе свой... дзякуй (у выглядзе дзвюх паперак па пяць тысяч). — Калі ласка, — усміхаецца тая і як нічога ніякага грошы бярэ. Што хоць-нехаць "дыктуе" думкі. Так, гэта ўжо за правіла — маючы альбо не маючы, даваць "на чай" афіцыянтам і таксістам, на каньяк (як мінімум) дактарам, на шакаладныя цукеркі медсёстрам, на падарункі выхавацелям у дзіцячых садках, настаўнікам у школах... А далей — болей, кола пашыраецца: касметолагам, цырульнікам, манікюркам... Тым, каму, як лічыцца, плацяць мала. ...Ад тых, каму плацяць шмат? Два ў адным Сталіца, гастраном, адзін з цэннікаў: "Яйцо дыетычнае". Кошт — 920 рублёў. За што, даходзіць не адразу — пасля падказкі: — Во, брат, — чухае патыліцу нейкі дзядок, што стаіць паблізу, — мусіць, прайшлі часы, калі каўбасы мы бралі палкамі, а яйкі — дзясяткамі? Цяпер, бач, і па адным ужо можна. ...Што падаецца цалкам лагічным, нават разумным, бо не заўсёды ж патрэбен дзясятак? І пры гэтым — чамусьці крыўдным. Ад слова! Анекдот: капітан турэцкага судна загадаў Рабіновічу неадкладна надраіць палубу і, пачуўшы ў адказ: "Ага, шчас!", задаволены пайшоў далей. Быль: дзвюх замежных моў гэтай дзяўчыне мала было — узялася вывучаць трэцюю: села за падручнікі, запісалася на курсы. Але не менш, чым выкладчыкі, дапамог ёй сапраўдны немец, які прыехаў да іх на фірму. Днём ён працаваў з перакладчыцай, а вось па вечарах... Менавіта ёй, Любцы (так "карта лягла") даверылі паказваць госцю сталіцу, вадзіць па музеях і тэатрах, знаёміць з людзьмі. А яна і рада была: паказвала і расказвала, вадзіла і знаёміла. У тым ліку (ён так захацеў) — са сваімі бацькамі, сябрамі, са сваім жаніхом. Яны (што трохі дзіўна было, бо вельмі ж розныя...) адразу ўпадабалі адзін аднаго, знайшлі агульную мову, цудоўна кантактавалі. Ды што там — цвёрда рашылі, што будуць сябраваць... Дамамі. І немец сваё слова стрымаў: адразу ж пасля ад'езду запрасіў іх прыехаць — да яго, дамоў. Любка — магла (у яе заставаўся з тыдзень адпачынку), жаніх яе — не: праца, ды і грошай не бог ведае колькі... Але ж гэта ён настаяў, каб яна паехала (хай адна... На першы раз), каб раззнаёмілася там з жонкай і дзецьмі новага сябра, каб адпачыла, пабачыла іншую краіну, купіла вясельную сукенку, павучыла мову. Гэта ён даводзіў ёй, што дзесяць дзён (плюс выхадныя...) — не тэрмін, што час праляціць хутка. Гэта ён абяцаў, што будзе чакаць і сустракаць яе... Не, не падмануў: сапраўды сустрэў, але... з "чартапалохам" — з балючым, як удар бізуна, пытаннем: — Ты з ім была? Дзеўка не адразу дапяла, пра што ён? А калі дайшло, знямела — ад крыўды, ад абразы, бо за каго ж яе трэба было трымаць, каб падумаць... Хацела спытаць... І ўжо пачала — з кароткага: — Ну канешне... А далей ён слухаць не стаў: пад ногі ёй кінуў кветкі, сеў у машыну, з'ехаў... Хоць (як потым казаў) анічога перад сабою не бачыў, не разумеў куды: проста гойсаў па горадзе, наразаў кругі. Аж пакуль не скончыўся бензін. А калі ўбачыў, дзе (ён скончыўся), рашыў, што вось гэта — боскае наканаванне, лёс. Бо менавіта тут, на вуліцы Алтайскай, жыла дзяўчына, якая (ён дакладна ведаў) шчыра кахала яго — ці не з першага класа. Ён лёгка адшукаў яе дом, пазваніў у дзверы. Яна — бясконца шчаслівая — павісла ў яго на шыі... Але ж назаўтра, раніцай, ён Любцы званіў. Паслязаўтра — таксама. Потым стаў прыязджаць... Праз тыдзень-другі яны такі пагаварылі, праз месяц-другі — здаецца, памірыліся: сталі сустракацца зноў, але ўжо нядоўга, бо высветлілася, што тая, з вуліцы Алтайскай, цяжарная, чакае дзіця. Воляй-няволяй ён ажаніўся. У іх цяпер двое дзяцей. У Любкі па-ранейшаму нікога. Ад слова? Як змалку... Нарадзіўшыся ў беднай, шматдзетнай сям'і, гэтая жанчына вельмі шмат працавала, вельмі шмат чаго ўмела, але ўсё жыццё жыла ў нястачы: шыла і перашывала, вязала і перавязвала, абыходзілася без неабходнага, эканоміла кожны рубель. Толькі нядаўна, у старасці, можна сказаць, патрэба ў гэтым нарэшце адпала, бо, не могучы больш гарбаціцца (працаваць на зямлі), яна прадала ўсё ж бацькаву хату (пад Мінскам) — узяла неблагія грошы. Думаеце адразу ж кінулася траціць іх, нешта сабе купляць? Не! Па банальных прычынах. Ну па-першае, усё тое, чым завалены цяпер шматлікія крамы і рынкі, падаецца ёй, мякка кажучы, не маючым сэнсу, не вельмі патрэбным... А па-другое — проста бязбожна, беспадстаўна дарагім. І тых грошай не вартым. На вечную памяць Зміцер, як той Дзед Мароз, прыходзіць рэдка і з прысмакамі. Апошні раз ён пазамінулым летам быў — з булачкамі-пірожнымі, з апельсінамі, з вялікай бляшанкай зялёнай гарбаты. Дастаў, гучна паставіў на стол, сказаў: — Во, успамінаць мяне будзеце... Хоць мог бы і не казаць, бо спрацоўвала штось міжволі — варта было захацець той гарбаты, варта заварыць... А ўжо п'ючы ды кагось частуючы, дык нават расказаць, і якая гэта, і дзе ўзялі... Зміцер, як той дзед Мароз, прыходзіў рэдка... Больш — як ні цяжка ў гэта паверыць, ужо не прыйдзе. Зусім. Ці ўсё ж... Трэба заварыць гарбаты. З той самай ягонай бляшаначкі, якую ўжо не выкінуць. Аж да скону. Трашчы не трашчы... Кажуць, мова мая аджывае Век свой ціхі: ёй знікнуць пара. Для мяне ж яна вечна жывая, Як раса, як сляза, як зара... Гэта — Панчанка з яго пранікнёным: Мне не трэба ні славы, ні хлеба, Асудзіце на безліч нягод. Толькі месяцаў назвы пакіньце, Назвы родныя роднай зямлі, Пра якія з маленства ў блакіце Бор шуміць і пяюць жураўлі: Студзень — з казкамі снежных аблокаў, Люты — шчодры на сіні мароз, Сакавік — з сакатаннем і сокам Непаўторных вясновых бяроз, Красавік... Зрэшты, да яго, да часу "маланак і ліўняў", яшчэ трэба дажыць, бо на дварэ, і ва ўсю пакуль, уладарыць зіма: і снежыць там, і студзіць, і марозіць — месцамі аж да 30. Што, аднак, не палохае. Тых, прынамсі, хто трымаецца роднае мовы, хто помніць старую як свет прымаўку: "Трашчы не трашчы, а ўжо па вадохрышчы"! Валянціна Доўнар. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Гэтай зімы баба Лена зусім не баялася — нават трохі чакала, бо на згон мінулай па зніжках купіла зручныя, цёплыя боты, мела добрую шапку, паліто, а на вялікія... |
|