Культурны брэнд і сусветны трэнд
10.02.2012
—
Новости Общества
|
Ад калекцый адзення з саломы да сучасных плакатаў на вуліцах: як традыцыі і інавацыі спалучаюцца ў культуры? Што лепш за ўсё прадстаўляе краіну ў свеце? Яе асаблівы і непаўторны "культурны" твар. Поспехі мінулага года пра гэта сведчылі, іх можна палічыць нават "культурнымі прарывамі": адзін толькі ўдзел у Венецыянскай біенале сучаснага мастацтва чаго варты! А перамогі ў міжнародным конкурсе музеяў! А персанальныя перамогі музыкантаў, артыстаў балета ў міжнародных конкурсах!.. Галоўнае — не страціць далей падставы сябе паважаць... Спачатку было слова — Мерапрыемствы, прысвечаныя Году кнігі, павінны стаць прыкладам папулярызацыі беларускай мовы, — адзначыў міністр культуры Беларусі Павел Латушка, выступаючы сваімі калегамі на калегіі міністэрства. — Асабліва калі ўзяць да ўвагі, што сёлета год юбілеяў нашых выдатных класікаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка. Лагічна, што ўстановы культуры, асабліва тыя, якія маюць статус нацыянальных, павінны паказаць прыклад папулярызацыі беларускай мовы. Ад прадзедаў спакон вякоў Мы маем тое, чаго вартыя... Вартыя гісторыі, якая пакінула нам знакі зусім нялёгкага імкнення да дзяржаўнасці і адстойвання сваёй адметнасці. Учытайцеся: летась рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы праводзіліся на 500 аб'ектах матэрыяльнай спадчыны. 20 найбольш значныя з іх аднаўляліся за кошт дзяржбюджэту. Тут важны сам факт таго, што нам ёсць што аднаўляць: значыць, ёсць гісторыя, значыць, ёсць краіна. Дзяржаўнымі сродкамі альбо грамадою, не разлічваючы толькі на бюджэт, мы іх адновім, галоўнае — каб было жаданне далучыцца. Як, напрыклад, на аднаўленне славутай Каложскай царквы было сабрана грамадой каля 6,4 мільярда рублёў. Але бывае інакш. Прадстаўнік Віцебшчыны Уладзімір Цярэнцьеў прызнаў, што ў вобласці выяўляліся выпадкі выканання земляных работ без дазволу Міністэрства культуры, там, дзе яно было неабходна. Павел Латушка адрэагаваў імгненна: — У выніку падпісання пагаднення з пракуратурай будуць праведзены праверкі выканання заканадаўства. Міністэрства плануе падрыхтаваць нарматыўна-прававыя акты, якія павінны забяспечыць ахову археалагічнай спадчыны краіны, а таксама стварыць методыку ацэнкі нанесеных помнікам археалогіі страт. Новае і нядобра забытае Культура заўсёды ўглядаецца ў мінулае: там падмурак, на якім можна будаваць новы сучасны дом. Насамрэч культуры, як ніякай іншай сферы, уласцівая інавацыйнасць: таму што сапраўдныя творцы (так склалася шляхам развіцця чалавецтва) ідуць наперадзе, прапаноўваючы грамадству новыя тэмы і ідэі для асэнсавання, імкнучыся зарадзіць яго думкай. Ці па-новаму паглядзець на тое, што традыцыйна нам уласціва. Як, напрыклад, зрабілі ў Горках, прадэманстраваўшы калекцыю адзення з саломы. Пра гэта распавяла Наталля Ігнацьева, намеснік дырэктара Магілёўскага цэнтра народнай творчасці, які імкнецца і традыцыі развіваць, і знаходзіць іх спалучэнне з сучаснасцю, што вельмі ажыўляе жыццё на сяле: "Унікальныя народныя абрады прыцягваюць увагу да рэгіёнаў". З такімі думкамі на Магілёўшчыне рыхтуюцца да Міжнароднага форуму па традыцыйнай культуры. — Сёння адбываецца аптымізацыя сеткі бібліятэк, у сувязі з гэтым скарачэнне ўстаноў культуры. Але ідзе гаворка пра тое, каб у маланаселеныя пункты даходзілі перасоўныя ўстановы, — падкрэсліў міністр. — Крытычна ацэньваю працу па распрацоўцы праграмы "Нацыянальная электронная бібліятэка", рэалізацыя якой дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць бібліятэчны фонд краіны. Але мы да гэтага яшчэ як след не падрыхтаваны: камп'ютарызавана 48 працэнтаў публічных бібліятэк, не ва ўсіх з іх ёсць інтэрнэт... Гэтую тэму працягнуў Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які ўзняў праблему стварэння электроннай бібліятэкі, што служыць актыўнай сацыяльнай групе, дзе большасць — моладзь. Мы пра гэта пакуль толькі гаворым: у нашых публічных бібліятэк электронны дакумент складае меней за адну дзясятую працэнта. Далучэнне да сусветных тэндэнцый ідзе не так шпарка, як хацелася б. Айчыннае — малаасэнсаванае — Беларусь мае прафесійнае мастацтва высокага ўзроўню, пра што сведчыць прызнанне нашых творцаў за мяжой, на міжнародных фестывалях і конкурсах. Гэта стварае гонар краіне, — прызнаў Павел Латушка. — Але пры гэтым падчас уручэння Нацыянальнай тэатральнай прэміі сярод намінантаў былі толькі два спектаклі паводле твораў беларускай драматургіі. У тэатрах мала беларускага матэрыялу, рэпертуар патрабуе ўдасканалення. Міністэрства са свайго боку будзе гэта заахвочваць. У 2012 годзе Мінкульт аформіў дзяржзаказ на пастаноўку оперы "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага". Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў будзе падтрыманы ў працы над операй Сяргея Картэса "Ладдзя роспачы" паводле Уладзіміра Караткевіча. Але асаблівы клопат — пра маладых рэжысёраў. І не толькі рэжысёраў. Кадры вырашаюць... Сёння абвастрылася праблема адтоку творчых кадраў: артыстаў балета, артыстаў-салістаў-інструменталістаў. На калегіі былі агучаны канкрэтныя лічбы: летась з Нацыянальнага Вялікага тэатра звольнілася 15 артыстаў балета, з Дзяржаўнага ансамбля танца — 14, з дзяржаўнага ансамбля "Харошкі" — 6... Натуральна, што ў першую чаргу дбаць пра захаванне творчых сіл павінны кіраўнікі калектываў. А з другога боку, Міністэрства культуры (эканамічнае упраўленне) павінна ўнесці ў Савет Міністраў прапанову па сістэмным падыходзе да вырашэння гэтай праблемы. Творы не знікаюць У нейкім сэнсе спрыяць захаванню айчынных талентаў могуць канкрэтныя падзеі, дзе ў іх была б персанальная зацікаўленасць. Ужо ў 2012 годзе плануецца правядзенне першай Усебеларускай выставы сучаснага мастацтва ў Мінску. Днямі міністэрства павінна абвясціць конкурс на стварэнне канцэпцыі выставы. Летась было закуплена твораў беларускіх мастакоў на суму каля 500 мільёнаў рублёў (сродкі з рэспубліканскага бюджэту і прэзідэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва). — У абласцях практычна не вядзецца работа па набыцці твораў мастацтва. Вырашалася гэтае пытанне хіба ў Гродзенскай вобласці... Але калі творы не набываць пастаянна, то праз 10-15 гадоў будзе страчаны цэлы культурны пласт, — заўважыў Павел Латушка. — Ігнараванне можа прывесці да паўтору сітуацыі, якая склалася вакол страчанай спадчыны Беларусі, калі даводзіцца марнаваць значныя рэсурсы на вяртанне культурных каштоўнасцяў... Але міністр звярнуў увагу і на тое, што ў рэгіёнах узнікаюць ініцыятывы па стварэнні помнікаў, якія не маюць дачынення да культуры і гісторыі краіны. Напрыклад, помнік работнікам дарожнай службы... І гэта ў той час, калі ў краіне адсутнічаюць помнікі беларускім славутасцям! Найважнейшае з мастацтваў Гэта сапраўды так, калі паглядзець, якую ўвагу дзяржава надае кінавытворчасці. Сёлета, напрыклад, плануюць выдаткаваць 90 мільярдаў рублёў на падтрымку кінавытворчасці. Але адначасова трэба пашырыць сумесную кінавытворчасць з замежнымі партнёрамі, а дзеля гэтага прыняць неабходныя падзаконныя акты. Ну і прыцягваць пазабюджэтныя сродкі. Летась такіх упершыню было 81,5 мільярда рублёў, у тым ліку на вытворчасць дакументальных стужак — 2,5 мільярда рублёў. Дзяржаўнае і прыватнае — У беларускім грамадстве стала назірацца патрэба ў культурных інвестыцыях, — адзначыў намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі. — Пры тым, што толькі 2% беларускіх бізнэсменаў займаюцца мецэнацтвам, яшчэ 26% маюць жаданне дапамагчы менавіта ў сферы культуры. Гэтая сфера мае патэнцыял: высокі ўзровень, яркія імёны. Так званыя "культурныя брэнды" сёння спрыяюць развіццю тэрыторый ва ўсім свеце. На жаль, у нас пакуль няма такога разумення і няшмат прыкладаў мецэнацтва, асабліва ў рэгіёнах. Але Беларусь мае многа культурных нішаў, якія трэба вучыцца выкарыстоўваць дзеля прыцягнення інвестыцый у культуру. Ларыса ЦІМОШЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ад калекцый адзення з саломы да сучасных плакатаў на вуліцах: як традыцыі і інавацыі спалучаюцца ў культуры? Што лепш за ўсё прадстаўляе краіну ў свеце? Яе асаблівы...
|
|