Чаму прэпарат ад прастуды стаў рэцэптурным?. 21.by

Чаму прэпарат ад прастуды стаў рэцэптурным?

17.02.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Восенню ў аптэцы я сутыкнулася з тым, што мне адмаўляліся прадаваць без рэцэпта німесулід. Затым узніклі праблемы з набыццём сродкаў для карэкцыі артэрыяльнага ціску. І вось чарговая нечаканасць — у прастудны сезон у мінскіх аптэках мне адмаўляюцца адпускаць ібуклін, — паведаміла мінчанка Эма Шаўковіч. — Маўляў, цяпер гэтага прэпарата няма ў пераліку безрэцэптурных лекаў. Але чаму прэпарат, які складаецца з парацэтамолу і ібупрафену, раптам стаў рэцэптурным, патлумачыць не могуць. Парацэтамол асобна купіць можна, ібупрафен — таксама, а камбінаваны прэпарат — нельга. Спецыяльна параўнала дазіроўку парацэтамолу ў ібукліне з дазіроўкай парацэтамолу ў іншых супрацьпрастудных леках. У адной таблетцы ібукліна ўсяго 325 мг парацэтамолу, а ў растваральных прэпаратах ад прастуды і 500, і нават 700 мг. Тым больш незразумела, чым правініўся ібуклін?

Ва ўпраўленні фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя, журналісту "Звязды" пацвердзілі, што прэпарат ібуклін з'яўляецца рэцэптурным.

— Пералік лекавых сродкаў, што адпускаюцца ў аптэчных установах без рэцэпта ўрача, пастаянна пераглядаецца Міністэрствам аховы здароўя, — паведаміла начальнік упраўлення Людміла РЭУЦКАЯ. — Па-першае, у апошнія гады ў свеце вельмі інтэнсіўна развіваецца фармацэўтычная прамысловасць. Па-другое, не спыняецца работа па вывучэнні эфектыўнасці і бяспечнасці лекавых сродкаў, што выкарыстоўваюцца ў практычнай медыцыне — як рэцэптурных, так і безрэцэптурных. Увогуле арсенал лекавых сродкаў з высокім профілем бяспекі, якія падыходзяць для прафілактыкі і самалячэння, у свеце пастаянна расце.

Разам з тым пры Сусветнай арганізацыі аховы здароўя дзейнічае міжнародны цэнтр па кантролі за пабочным дзеяннем лекавых рэчываў, які каардынуе работу аналагічных нацыянальных цэнтраў (у Беларусі таксама дзейнічае свой нацыянальны цэнтр). З усяго свету туды збіраецца інфармацыя аб выяўленых пабочных эфектах лекавых прэпаратаў. І на падставе аналізу ўсіх звестак прымаецца рашэнне, ці можа той ці іншы лекавы прэпарат знаходзіцца ў свабодным продажы. У дачыненні да ібукліну паступалі трывожныя сігналы аб яго нефратаксічным уздзеянні. У прыватнасці, гэты прэпарат з вялікай асцярожнасцю трэба прымаць людзям з захворваннямі нырак. Менавіта таму рашэнне, ці прызначаць гэты прэпарат пацыенту, вырашае яго лечачы ўрач, які можа ацаніць чаканы лячэбны эфект і магчымую рызыку для хворага.

Па словах Людмілы Рэуцкай, для безрэцэптурных прэпаратаў характэрныя наступныя ўласцівасці: даказаны профіль бяспекі і слабавыражаныя або рэдкія пабочныя эфекты пры яго прымяненні. Калі прэпарат дазволены да безрэцэптурнага водпуску, значыць, яго ўласцівасці добра вывучаны і назапашаны вялікі досвед па яго самастойным прымяненні. А рэцэптурныя прэпараты, наадварот, могуць аказваць негатыўны ўплыў на здароўе пацыента нават пры захаванні інструкцыі па іх прымяненні. Гэта можа быць абумоўлена таксічнасцю прэпарата, яго ўзаемадзеяннем з іншымі прэпаратамі, а таксама пабочнымі рэакцыямі, якія ён выклікае. Таксама пагрозу для здароўя можа ўяўляць маскіроўка сімптомаў сур'ёзнага захворвання ў выніку прыёму прэпарата, што значна ўскладняе своечасовае ўстанаўленне правільнага дыягназу. Непрамой пагрозай можа быць і развіццё ўстойлівасці да прэпарата ў выніку яго бескантрольнага прымянення. Менавіта па гэтай прычыне рэцэптурны водпуск антыбіётыкаў у аптэках пастаўлены пад строгі кантроль.

На сённяшні дзень у безрэцэптурны пералік, які дзейнічае ў нашай краіне, уваходзяць 1222 найменні, што складае каля 20% ад усіх найменняў лекавых сродкаў, якія прадаюцца ў аптэках. Аднак ужо падрыхтаваны праект новага дакумента, які быў прадстаўлены для абмеркавання на сайце Міністэрства аховы здароўя. І ў новым пераліку ібукліну таксама няма...

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Восенню ў аптэцы я сутыкнулася з тым, што мне адмаўляліся прадаваць без рэцэпта німесулід. Затым узніклі праблемы з набыццём сродкаў для карэкцыі артэрыяльнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика