Доктар Наеф
17.02.2012
—
Новости Общества
|
"Доктар, вы адкуль? Вы ж не рускі, здаецца..." — час ад часу пытаюцца пацыенты ў загадчыка прыёмнага аддзялення Мінскай абласной клінічнай бальніцы, што ў пасёлку Лясны, Наефа Салеха. Доктар на такія шчырыя, хоць, можа, і не вельмі карэктныя пытанні простых, добразычлівых людзей не крыўдуе. Адказвае адразу: "Вядома, я не рускі, я беларус". Жартуе? Не зусім. Праўды ў гэтым адказе, магчыма, значна больш, чым жарту... З Беларуссю звязана большая частка жыцця гэтага вясёлага чалавека з чорнымі "паўднёвымі" вачыма. І праз пэўны час размовы заўважаеш у гэтых глыбокіх вачах не толькі весялосць... Іншаземец Наеф Салех нарадзіўся ў Ліване, у горадзе Бар-Ільяс, у вялікай (а па нашых мерках дык і вельмі вялікай) сям'і селяніна. У бацькі Наефа было чацвёра дзяцей ад першага шлюбу і сямёра — ад другога. Жылі ў палесцінскім квартале Бар-Ільяса, бо сям'я была з палесцінскіх бежанцаў. Вымушана пакінулі радзіму, прыморскі горад Аку, які ўваходзіць цяпер у склад Ізраіля, у 1948 годзе. Вучыліся дзеці таксама ў спецыяльнай школе, адкрытай Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый менавіта для малых з такіх сем'яў. Тут Наеф правучыўся сем гадоў, затым яшчэ некалькі гадоў — у школе, дзе ўжо ўсе вучыліся разам: і палесцінцы, і ліванцы. "Я заўсёды імкнуўся быць лепшым у вучобе. Каб, пэўна, даказаць, што хоць я і пазбаўлены чагосьці важнага ў жыцці, бо мы бежанцы, гэта зусім не значыць, што я горшы за іншых. Ужо тады добра разумеў, што мае веды — гэта мая сіла, мая галоўная апора ў жыцці". Вучыўся ён, і праўда, выдатна, паводле афіцыйнага школьнага рэйтынгу штогод займаў першае, другое або трэцяе месцы. Аднойчы атрымалася толькі чацвёртае, дык доўга не мог перажыць тую "ганьбу". Таму зразумела, што трынаццаць класаў Наеф Салех скончыў адным з лепшых вучняў. Так наогул, як я не раз заўважала, часта бывае ў людзей, якія ў жыцці пазбаўлены чагосьці надзвычай важнага. Яны імкнуцца быць лепшымі, яны імкнуцца дабіцца як мага больш, вылучыцца, зрабіць тое, што іх больш шчаслівым аднагодкам рабіць проста не хочацца — у іх і так усё добра, і не трэба залішне намагацца. Дарэчы, забягу крыху наперад і скажу, што, нават стаўшы дарослым, паважаным спецыялістам, доктар Наеф захаваў прагнае жаданне кампенсаваць тое, чаго яму не хапала ў дзяцінстве. Калі не для сябе, то для сваіх дзяцей. Так, ён заўсёды ведаў, што яго дзеці будуць мець шмат цацак, атрымаюць добрую адукацыю, будуць вучыць замежныя мовы, займацца музыкай. Будуць. "У нас з братамі быў адзін веласіпед на ўсіх, а вось у маіх дачкі і сына было іншае дзяцінства. Мы зрабілі дзеля гэтага ўсё, што маглі". Але пра сям'ю пазней, вернемся ў пачатак 80-х. "У мяне як у выпускніка з выдатнымі адзнакамі былі неблагія магчымасці атрымаць перспектыўную спецыяльнасць. Я нават думаў журналістам стаць", — узгадвае мой суразмоўца. З гэтай марай не склалася, затое склалася з іншай, не менш прывабнай — атрымаць медыцынскую адукацыю. Пачалося яе ажыццяўленне з традыцыйнага для ўсіх студэнтаў-замежнікаў тых часоў прыезду ў Маскву. Там ужо замежную моладзь размяркоўвалі па розных навучальных установах Савецкага Саюза на падрыхтоўчыя факультэты. Трэба ж было спачатку вывучыць рускую мову. Праўда, з гэтым у Наефа не ўсё гладка атрымалася. Пасля заканчэння ерэванскага падфака армянскую мову ён разумеў куды лепш, чым рускую. "У мяне і цяпер у Мінску знаёмыя беларускія армяне ёсць, размаўляю", — усміхаецца ён. Дадам, што і з беларускай мовай у Наефа Салеха ўсё склалася, але крыху пазней. Ён нават моўныя курсы ў свой час наведваў ды і са мной падчас сустрэчы размаўляў па-беларуску. Між іншым, на маё неарыгінальнае, але непазбежнае пытанне пра тое, дзе ўраджэнец паўднёвай краіны ўпершыню ўбачыў снег, суразмоўца спакойна адказаў: "У Ліване, там такія горы! І хоць мы жылі параўнальна невысока над узроўнем мора — метраў 800, пэўна, — але снег я бачыў. І мароз у нас здараўся, градусы два, але ж быў". Толькі вось у Ерэване, у той год, калі там вучыўся студэнт Наеф, маразы ўдарылі куды больш моцныя, мясцовыя старажылы такіх не памяталі. Так што сапраўдную зіму ён убачыў амаль адразу ж пасля прыезду ў СССР. Няхай сабе і ў сонечнай Арменіі. А потым быў Віцебскі медінстытут, які, па ўспамінах доктара Салеха, насіў пачэснае званне інстытута ордэна Дружбы народаў, што студэнтам-замежнікам было, безумоўна, прыемна. Там у 80-ыя вучыліся замежнікі з некалькіх дзясяткаў краін свету. Першыя гады два ім даводзілася асабліва цяжка, перашкаджала ўсё ж недастатковае веданне рускай мовы. Пра студэнцкія часы Наеф узгадвае так: "Тое, на што майму аднакурсніку-беларусу хапала адной гадзіны, мы, замежнікі, чыталі і вывучвалі па чатыры-пяць гадзін. Але нічога, адолелі і гэта". Безумоўна, студэнцкія гады былі занятыя не толькі вучобай. На першым курсе медінстытута Наеф пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Аленай, таксама студэнткай гэтай ВНУ... Тутэйшы Пазнаёміліся яны на звычайным для таго часу месцы сустрэч студэнтаў, якія жылі ў інтэрнаце, — ля тэлефоннай будкі. Там выстройваліся доўгія чэргі з ахвотнікаў пазваніць родным і знаёмым, там завязвалася сяброўства, пачыналася каханне, складваліся чалавечыя лёсы, урэшце рэшт. Так, як склаўся лёс будучых урачоў Наефа і Алены. Праўда, склаўся ён не проста і не адразу, пасля знаёмства маладых людзей і да вяселля прайшло шэсць гадоў. На падобныя шлюбы тады не ўсе і не ўсюды глядзелі спакойна, і маці Алены, ураджэнка Талачынскага раёна Віцебскай вобласці, не адразу прыняла будучага зяця. А як жа? Яна — Герой Сацыялістычнай Працы, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, а тут іншаземец, ды яшчэ нейкай дзіўнай нацыянальнасці. Але нічога, з цягам часу цешча пераканалася, што чалавек ён надзейны, добры, і вяселле адбылося. Дарэчы, гулялі яго ў Віцебску, хоць спачатку выбралі Талачын. Але тамтэйшыя вартавыя парадку перапалохаліся: "Як жа мы такую колькасць іншаземных гасцей будзем ахоўваць?". Таму адбылася гэтая ўрачыстая падзея ў адным з рэстаранаў абласнога цэнтра. Праходзіла яно ў беларускіх традыцыях, якія жаніху з-за мяжы і яго землякам вельмі спадабаліся, гасцей прыехала шмат... Вяселле сапраўды атрымалася вясёлым. Маладая жонка на год раней за будучага мужа закончыла інстытут, працавала ў Мінску, таму і Наеф з новенькім дыпломам у кішэні паехаў да яе. Жылі спачатку ў родных, потым — на службовай кватэры. Была інтэрнатура, праца ў гарадскіх паліклініках, клінічная ардынатура. Спецыяльнасць у доктара Салеха — хірургія, цяпер ён урач з 22-гадовым стажам, мае першую кваліфікацыйную катэгорыю. Але жонцы, якая паспела атрымаць вышэйшую катэгорыю, не зайздросціць. "Ну калі толькі крыху белай зайздрасці ёсць, — усміхаецца. — Маё да мяне яшчэ прыйдзе". Ён, дарэчы, яшчэ і капітан медыцынскай службы ў запасе, праходзіў ваенныя зборы пад Барысавам некалькі гадоў таму. Як тое і павінен рабіць кожны ваеннаабавязаны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, бо беларускае грамадзянства Наеф Салех атрымаў яшчэ ў 1999 годзе.
Але невялікі акцэнт доктар усё ж захаваў. Пазбавіцца ад яго можна, пазаймаўшыся належным чынам. Але ён гэтага не хоча. Мова, на якой гаварылі бацькі, застаецца для яго роднай, і акцэнт — пастаянны напамін пра гэта. Сваіх дзяцей муж і жонка Салех назвалі Максімам і Дзіянай. Сын зараз вучыцца ў ВНУ, будзе праграмістам. Адначасова працуе па будучай спецыяльнасці ў гатэлі СRОWNЕ РLАZА, дзе быў прызнаны лепшым работнікам года. Госці гатэля часта здзіўляюцца, пагаварыўшы з гэтым хлопцам з яркай блізкаўсходняй знешнасцю: "Вы так добра размаўляеце па-руску!". А ён яшчэ і па-англійску выдатна размаўляе, і арабскую мову ведае. А летам Максім ажаніўся з беларускай дзяўчынай, якую, як і яго маці, завуць Аленай. Відаць, у іх з бацькам гэта сямейнае, выбіраць дзяўчат з такім прыгожым славянскім імем. Тата Наеф дае цяпер урокі арабскай мовы малодшай — 18-гадовай прыгажуні Дзіяне, якая, заўважце, займаецца танцам жывата і што ні тыдзень выязджае куды-небудзь для ўдзелу ў канцэртах. У яе такая ж яркая знешнасць, як і ў брата. "Мяне ў Егіпце ўсе прымалі за мясцовую жыхарку, звярталіся па-арабску, задавалі пытанні", — расказвае яна. Дзіяна вучыцца ў медыцынскім каледжы, так што сямейная дынастыя, якую пачалі бацькі, працягнецца. А ў Ліване і там-сям яшчэ ў Дзіяны з Максімам больш за трыццаць стрыечных братоў і сясцёр, ёсць брат і сястра з беларускага боку. Усе аднолькава родныя, без розніцы. Наеф Салех лічыць, што і арабскую, палесцінскую культуру захаваў, і беларускую набыў. Ён чытае беларускія газеты, наведвае тэатры, з задавальненнем працуе на лецішчы пад Мінскам, рыбачыць і палюе. На стале ў гэтым доме — і беларускія, і ўсходнія нацыянальныя стравы. З дапамогай інтэрнэту доктар падтрымлівае стасункі з землякамі, школьнымі і студэнцкімі сябрамі, якіх лёс раскідаў па ўсім свеце. Ён уваходзіць у склад кіраўніцтва зямляцтва палесцінцаў у Беларусі. "Сустрэчы з землякамі для мяне — як бальзам на душу", — прызнаецца ён. Але ж і беларускіх знаёмых, сяброў за столькі гадоў у яго з'явілася нямала. І тыя, і другія — свае, блізкія. Гэта проста жыццё. Шчаслівае, калі браць па вялікім рахунку, і паўнацэннае жыццё на беларускай зямлі. Марына Лазука. Фота з сямейнага архіва. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Доктар, вы адкуль? Вы ж не рускі, здаецца..." — час ад часу пытаюцца пацыенты ў загадчыка прыёмнага аддзялення Мінскай абласной клінічнай бальніцы, што ў... |
|