"Зачыні дзверы, а то распаўзуцца"... або Ці лёгка быць маці чацвярні...
18.02.2012
—
Новости Общества
|
У кожнага чалавека сваё шчасце: быць паспяховым, багатым, мець сям'ю, быць маці... У сакавіку мінулага года "Звязда" пісала пра жанчыну, якая марыла пра апошняе. Яна зацяжарала з дапамогай метада ЭКА і нарадзіла адразу... чатырох дзяўчынак: Машу, Дашу, Сашу і Кацюшу. Тады ёй здавалася, што яна шчаслівейшая за любую матулю ў чатыры разы... А сёння Наталля НІЧЫПАРОВІЧ распавяла, як змяніўся яе настрой за год, і што гэта — быць шматдзетнай мамай ...
Наталля з дзецьмі жыве ў пасёлку Коласава ў чатырохпакаёвай кватэры сваіх бацькоў, у прынцыпе, як і планавала. Калі яны прыехалі, ложачкі і каляскі ў дзяўчынак ужо былі — Стаўбцоўскі райвыканкам выдаткаваў на гэта грошы. Наталля вельмі ўдзячная, бо на той час гэта быў самы патрэбны падарунак. ...Датэлефанавацца да шматдзетнай мамы аказалася няпроста. Калі яна нарэшце ўзяла трубку, то адразу пагадзілася сустрэцца, бо казаць "так" менш патрабавала часу, якога Наталлі відавочна не хапае. І гэта нягледзячы на тое, што даглядаць дзетак ёй дапамагаюць бацькі, брат і нянька... Дарэчы, няньку наймае тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнай абароны ў дапамогу маці і плаціць ёй зарплату — трохі больш за мільён рублёў. А абавязкаў у такога работніка шмат: прыбраць, прыгатаваць, пагуляць з дзецьмі, і так увесь васьмігадзінны працоўны дзень. — Мы доўга не маглі знайсці нянечку-памочніка, — расказвае Наталля. — Да нас ніхто не хацеў ісці працаваць за такія грошы. Да таго ж адказнасць вялікая — адразу чатыры немаўляці. Мы нават суседзям прапанавалі, але яны толькі ўсміхаліся: "За мільён? Не! А каляску мы і бясплатна дапаможам знесці". Мы гэтую пасаду прапанавалі адной нашай сваячцы. І яна пайшла да нас працаваць на сваіх пэўных умовах. Мы ёй вельмі ўдзячныя за тое, што яна пагадзілася... Дапамагаць маме чацвярні насамрэч няпроста. Раніцай дзяўчынкі прачынаюцца амаль адначасова. Пачынаюцца ранішнія працэдуры: памыць, памяняць памперс, пачысціць носік "гадавічку", які адчайна супраціўляецца, і, вядома, адзець малое. У гэты час астатнія тры дзяўчынкі гуляюць з памочнікам, ролю якога выконвае бабуля ці дзядуля (у свае выхадныя) або нянька. "Гатовае" дзіця адпраўляецца да памочніка. І так чатыры разы. Снедаюць сястрычкі ўсе разам. Вядома, у кожнай з іх ёсць сваё перавагі, але тут мама не ідзе ні на якія ўступкі — ядуць усё, што падалі на стол. — А дзіцячае харчаванне нам даюць бясплатна! — кажа Наталля.— Гэта вельмі вялікая дапамога ад дзяржавы. Хоць гэтыя маленькія "абжоркі" ўсе нормы з'ядаюць, і таму мы трохі "пад'ядаем" зарплату нашай бабулі. Але яна не працівіцца, а нават рада сваіх унучак пачаставаць смакатой. Пасля сняданку зноў — па чарзе мыцца, і толькі потым — гуляць. Гуляюць дзяўчынкі пераважна дома. На вуліцы бываюць вельмі рэдка, "па вялікіх святах". Гэта звязана з тым, што вывесці на вуліцу адначасова чатырох "гадавічкоў" — вялікая праблема. Шматдзетная маці жыве ў доме без ліфта, а каляскі для двайнятак важаць нямала. Пасля таго, як спусціш адну каляску (без дзетак), больш ніякіх прагулак не хочацца, а такіх калясак дзве! Апрануць малых у зімовае таксама праблема: "упакуеш" адну, другую, а калі бярэшся за трэцюю, то тыя, што апранутыя, ужо мокрыя, — якая тут вуліца? Дзяўчынкі любяць гуляць дома. Мама падлогу заслала коўдрамі (каб цяплей было) і падушкамі (каб вучыцца хадзіць было не балюча) — гэта і ёсць іх гульнявая. Галоўнае — дзверы зачыніць, а то распаўзуцца. Сумна ім не бывае: чацвёра дзяцей — гэта амаль дзіцячы садок. Тым больш што дзяўчынкі ўжо навучыліся самастойна гуляць у цацкі. Недахопу ў цацках няма — мала хто выстаіць перад жаданнем папесціць чацвярню. Затое з адзеннем для дзяўчынак не ўсё проста. Апрануць чацвярых дзяцей — задача не з лёгкіх. Напрыклад, зімовыя камбінезоны сёння каштуюць вельмі дорага: ад 400 тысяч кожны. Сямейнаму бюджэту такія траты не пад сілу. У гэтай сітуацыі на дапамогу прыйшла свякроў. Яна сшыла на заказ тры камбінезоны і адзін купіла ў "сэкандхэндзе", тым самым зрабіла вельмі дарагі падарунак для ўнучак. Самі бацькі трацяцца галоўным чынам на абутак, калготкі і вопратку для дзяўчынак. А вось адзенне на лета і "хатняе" сям'я атрымала ў выглядзе гуманітарнай дапамогі... — Нам можна ўзяць 40 адзінак на аднаго члена сям'і за год, — тлумачыць Наталля. — Але насамрэч столькі адзення мы не набіраем. Выбар не такі ўжо і вялікі. Ды і няма ў гэтым пакуль такой вострай неабходнасці: асноўную частку свайго часу ўзімку дзяўчынкі праводзяць дома. На вуліцы малыя бываюць рэдка яшчэ і таму, што хварэюць. Захварэе адна, заражаецца другая, трэцяя, чацвёртая... Бывае, што так хварэюць "па кругу" цэлы месяц... — Палову дапамогі на дзяцей да трох гадоў мы трацім на памперсы, палову — на лекі...— прызнаецца шматдзетная маці. — Лекі сёння вельмі дорага каштуюць. З-за таго, што часта хварэем, і прышчэпкі своечасова зрабіць не можам. Быў месяц, калі ніхто з малых не хварэў, але тады медсёстры не змаглі зрабіць рэакцыю Манту. Справа ў тым, што раствор туберкуліну ў капсуле разлічаны на 15 дзетак. І пакуль у невялікім пасёлку набралася 15 дзяцей, якім патрэбна зрабіць Манту, дзяўчынкі Нічыпаровічаў зноў захварэлі. Менавіта жаданне мець кваліфікаваных лекараў недалёка ад дома — галоўны матыў для пераезда ў сталіцу. Пасля радзільні Наталля старанна выконвала рэкамендацыі ўрачоў, якія выратавалі жыццё яе маленькім, аднак ёй не ўдалося пазбегнуць непапраўных наступстваў некаторых хвароб. Неяк маці заўважыла, што ў адной з дзяўчынак раёк у воку змяніў свой колер. Наталля паехала да акуліста ў Стоўбцы. Урача на месцы не аказалася, а медсястра яе супакоіла, маўляў, нічога страшнага, хутка пройдзе. ...Тады Наталля не падумала пра тое, што з ёй размаўляла не спецыяліст, а праз месяц вока ў дзяўчынкі пакрылася белай плёначкай. Тады ўжо іх накіравалі ў Баранавічы, дзе зрабілі камп'ютарную тамаграфію. Дыягностыка не вызначыла сур'ёзных праблем, і лекары вырашылі далей паназіраць за дзіцем. Наталля ўжо не хацела больш нічога чакаць. Яна ўзяла вынікі тамаграфіі і адправілася ў Мінск. Тут, толькі зірнуўшы на дзіця, адразу шпіталізавалі — глаўкома. Ужо раніцай дзяўчынцы зрабілі аперацыю: выратавалі вока, але зрок ратаваць было позна... Зараз у малой паўнавартасна бачыць толькі адно вока... — У Мінску, у гэтай жа клініцы, мы чакаем яшчэ адну аперацыю, — усхвалявана кажа Наталля. — У другой дачкі таксама невялікая праблема з вочкамі. Вось мы іх цяпер ад прастуды падлечым — і адправімся ў лякарню. Усё будзе добра. Сёння, на думку шматдзетнай мамы, іх сям'я больш за ўсё мае патрэбу ў дапамозе для вырашэння жыллёвага пытання. Згодна з беларускім заканадаўствам, шматдзетная сям'я мае права на пазачарговае ўключэнне ў спісы на паляпшэнне жыллёвых умоў, а таксама на льготны крэдыт на 40 гадоў пад адзін працэнт гадавых на будаўніцтва ўласнай кватэры. Прычым сем'ям, якія маюць чатырох дзетак, дзяржава гасіць 70 працэнтаў ад сумы крэдыту. Але нягледзячы на гэта, свайго жытла ў сям'і яшчэ няма. Нічыпаровічам прапанавалі 200 квадратных метраў жылля ў Мінску, але яны адмовіліся. Справа ў тым, што іх сям'я можа атрымаць ільготны крэдыт толькі на 120 квадратных метраў, на астатнія прыйшлося б узяць камерцыйны крэдыт, які яны фінансава не пацягнуць. Прапанавалі ім і 90 метраў, але ўжо не ў Мінску, таму сям'я таксама адмовілася. — Мой муж працуе і жыве ў Мінску, — распавядае Наталля. — А я з дзецьмі тут, у бацькоў у Коласаве. Мы ўжо ўступілі ў жыллёва-будаўнічы кааператыў тры месяцы таму, але будаўніцтва дома яшчэ не пачалося... Але я веру, што наша сям'я хутка ўз'яднаецца. Нягледзячы на ўсе праблемы і цяжкасці, якія ўзнікаюць у маладой маці чацвярні, яна па-ранейшаму лічыць, што ёй у жыцці вельмі пашанцавала. За дзесяць гадоў (з 2000-га па 2010-ы) у Беларусі ўсяго ў пяці жанчын нарадзіліся чацвярні. І жанчыне пашчасціла стаць адной з такіх рэдкіх мам. Так, з адным дзіцем было б значна лягчэй! Але ёй не патрэбна гэтая "лёгкасць". Наталля сёння лічыць сябе яшчэ больш шчаслівай, чым год назад! Яна можа бясконца распавядаць пра сваіх дачок. Пра тое, як яны смешна ядуць, як распаўзаюцца ў розныя бакі ці танчаць адначасова на невялікай канапцы... Наталля ўпэўненая, што нішто не можа параўнацца з тым пачуццём захаплення і любові, якое перапаўняе яе, калі адначасова ўсе дочкі прыціскаюцца і цалуюць сваю адзіную маці. Наталля ТАЛІВІНСКАЯ. Стаўбцоўскі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У кожнага чалавека сваё шчасце: быць паспяховым, багатым, мець сям'ю, быць маці... У сакавіку мінулага года "Звязда" пісала пра жанчыну, якая марыла пра... |
|