На варце нацыянальнай бяспекі
23.02.2012
—
Новости Общества
|
напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Юрый Жадобін сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ. — На жаль, свет не становіцца спакайнейшым, — зазначыў Юрый Жадобін. — Я маю на ўвазе падзеі ў Паўночнай Афрыцы, тое, што адбываецца вакол Сірыі і Ірана, краінах ЕС. Таксама мы бачым эскалацыю і напружанасць вакол нашай дзяржавы. І гэта нягледзячы на тое, што мы ні да каго не маем тэрытарыяльных прэтэнзій, не ўмешваемся ва ўнутраныя справы нашых суседзяў, не выстаўляем ім свае ўмовы. Аднак чамусьці ўсе лічаць неабходным навучыць нас, як трэба жыць. Таму гэтыя знешнія фактары прымушаюць нас дадаткова звяртаць увагу і рабіць усё для ўмацавання абараназдольнасці дзяржавы, для забеспячэння нацыянальнай бяспекі. І 2011 год, як і ўсе папярэднія, не стаў выключэннем. І сапраўды, пра гэта сведчыць не толькі захаванне дасягнутага раней узроўню баявой і мабілізацыйнай падрыхтаванасці Узброеных Сіл, але і выпрацоўка найбольш рацыянальных спосабаў яго падтрымання ў сучасных умовах. Таму неабходна было перапрацаваць дакументы ваеннага планавання, што і адбылося. У прыватнасці, гэта датычылася прымянення рэгіянальнай групоўкі войск Беларусі і Расіі, якая абараняе інтарэсы Саюзнай дзяржавы. На працягу 2011 года было праведзена больш за тысячу мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, шэраг ваенных вучэнняў як на тэрыторыі нашай краіны, так і ў іншых дзяржавах. Было працягнута планавае навучанне мабілізацыйнага рэзерву: каля 4,5 тысячы чалавек прайшлі зборы, пэўная частка з якіх атрымала перападрыхтоўку па найбольш запатрабаваных ваенна-ўліковых спецыяльнасцях. Высветлілася, што вайсковыя часці і падраздзяленні могуць у вызначаны тэрмін прывесці сябе ў найвышэйшую ступень баявой падрыхтаванасці і здольны выконваць баявыя задачы. Што датычыцца ваеннай тэхнікі і ўзбраення, то, як сказаў міністр абароны, ва Узброеных Сілах існуюць два напрамкі дзейнасці: па-першае, падтрыманне тэхнічна спраўнага і баяздольнага стану таго парка тэхналогій, што ўжо ёсць, а, па-другое, закупка новых відаў ваеннага ўзбраення і тэхнікі як у вытворцаў нашай краіны, так і за мяжой. Юрый Жадобін адзначыў, што яшчэ працягваецца закупка той тэхнікі, якая планавалася на 2011—2012 гады. У першую чаргу, гэта сістэмы радыёэлектроннай разведкі і барацьбы, сістэмы сувязі і навігацыі, а таксама аўтаматызаваныя сістэмы кіравання. — Летась мы ўпершыню закупілі сучасны ўзор узбраення — першую батарэю "Тор-М2". Гэта дастаткова ўнікальны зенітна-ракетны комплекс малой далёкасці, які дазваляе адначасова абстрэльваць 16 цэляў, прычым удзел чалавека тут мінімальны. Таксама мы заключылі пагадненне з нашымі расійскімі калегамі на пастаўку другой батарэі да канца гэтага года. І ў перспектыве мы будзем мець поўнасцю абсталяваны зенітна-ракетны комплекс малой далёкасці. Такім чынам, беларуская армія забяспечана сучаснымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Аднак, нягледзячы на гэта, працэс яе пераўзбраення актыўна працягваецца. І радуе, што пры шматлікіх выпрабаваннях і вучэннях нідзе па віне тэхнікі не было дапушчана зрыву задач. Гэта сведчыць пра тое, што тэхніка арміі адказвае ўсім запатрабаванням часу. Не засталося без увагі міністра і пытанне захавання боепрыпасаў, якіх у нас нямала. Аднак аказалася, што толькі пэўная частка з іх патрэбна беларускай арміі. Таму бяспечныя боепрыпасы ўтылізуюць. Дзякуючы Галоўнакамандуючаму Узброенымі Сіламі — Прэзідэнту краіны — упершыню за ўсю гісторыю існавання не было ранейшых праблем з авіяцыйнай газай, бо падрыхтоўка лётчыкаў — адна з самых фінансава важкіх. Было закранута і адно з самых набалелых пытанняў: сёлета змяніўся час прызыву на тэрміновую ваенную службу і на службу ў рэзерве. — У першую чаргу, гэта было звязана з летнім наборам, які праходзіў з красавіка па ліпень: якраз у той час, калі выпускнікі школ, тэхнікумаў і каледжаў збіраюцца паступаць у ВНУ, а выпускнікі вышэйшых і сярэдне-спецыяльных устаноў у гэты час здаюць дзяржаўныя іспыты ці рыхтуюцца да абароны дыпломаў, — тлумачыць сітуацыю Юрый Жадобін. — А яны вымушаны былі хадзіць па прызыўных і медыцынскіх камісіях. Вядома, гэта бударажыла грамадства. Прэзідэнт папрасіў разабрацца ў гэтым пытанні, пасля чаго мы далажылі, што мэтазгодна вярнуцца да той практыкі, якая існавала ў СССР, калі набор у армію праводзіўся вясной і восенню. І зараз мы бачым, што выбралі правільны шлях. Дарэчы, дзякуючы гэтаму змяненню колькасць прастудных захворванняў у ваеннаслужачых знізілася амаль у два разы. І гэта звязана з тым, што людзі прыйшлі ў войска ў лістападзе і ўжо паспелі адаптавацца да халадоў, пра што нельга было сказаць раней.. У ходзе прэс-канферэнцыі было акрэслена пытанне нацыянальнай падрыхтоўкі ваенных кадраў. Высветлілася, што яна адпавядае патрабаванням сучаснай беларускай арміі. Не засталося без увагі міністра і пытанне сацыяльнай абароны вайскоўцаў, а таксама забеспячэнне іх жыллём як службовым, так і асабістым з выкарыстаннем ільготнага крэдытавання. Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь цалкам адпавядаюць усім сучасным патрабаванням і надзейна стаяць на варце нацыянальнай бяспекі. Вераніка КАНЮТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Юрый Жадобін сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ. — На жаль, свет не... |
|