Мінэканомікі сёлета не бачыць патрэбы ў аслабленні курсу рубля. 21.by

Мінэканомікі сёлета не бачыць патрэбы ў аслабленні курсу рубля

10.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пра ключавыя асаблівасці знешнеэканамічнай дзейнасці ў няпростым 2011 годзе і пра ўмовы яе ажыццяўлення сёлета журналістам расказаў Раман БРОДАЎ, начальнік галоўнага ўпраўлення знешняй эканамічнай палітыкі Міністэрства эканомікі. Па яго словах, сёння вельмі важна даваць аб'ектыўную інфармацыю пра найбольш значныя фактары, якія ўплывалі на знешнеэканамічную дзейнасць у 2011 годзе і якія застаюцца зараз. Бо "домыслы і некампетэнтныя разважанні непазбежна выклікаюць рэакцыю эканамічных агентаў і, як наступства, няправільную трактоўку эканамічных працэсаў". А ва ўмовах рыначнага курсаўтварэння эмацыйны складнік можа паспрыяць як умацаванню, так і аслабленню нацыянальнай валюты, што, у сваю чаргу, можа "не толькі фарміраваць настроі людзей, але і штурхаць бізнэс для прыняцця няправільных рашэнняў".

Дык вінаватыя аўтааматары ў валютным крызісе ці не?

Па словах Рамана Бродава, Нацыянальны банк яшчэ фарміруе канчатковы варыянт плацежнага балансу за 2011 год, але пэўныя даныя ён усё ж такі пракаментаваў:

— Сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў 2011 годзе склала мінус 1,638 млрд долараў. Гэта ў 4,5 раза лепш за вынікі 2010 года, а таксама гэта лепшае значэнне за апошнія 6 гадоў, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення знешняй эканамічнай палітыкі Мінэканомікі. — Дэфіцыт знешняга гандлю ў 2011 годзе склаў каля 3% ВУП — гэтае значэнне знаходзіцца ў зоне эканамічнай бяспекі. Безумоўна, важнай акалічнасцю з'яўляецца тое, што ў 2011 годзе Беларусь плаціла экспартную пошліну на экспартуемыя за межы Мытнага саюза нафтапрадукты (у бюджэт РФ згодна з падпісанымі пагадненнямі. — Аўт.), але нават з улікам гэтага знешнегандлёвы баланс Беларусі ў 2011 годзе атрымаўся лепшы за 2010 год у два разы.

Раман Бродаў падкрэсліў, што эканамічныя паказчыкі 2011 года былі сфарміраваныя ў тым ліку і некаторымі фактарамі, з якімі наша краіна сутыкнулася ўпершыню, але яны аказалі вялікі ўплыў на прыток і адток валюты з краіны. Напрыклад, у мінулым годзе вельмі значнымі атрымаліся як масавы ўвоз аўтамабіляў, так і іх рээкспарт — апошні, дарэчы, склаў больш чым 1 млрд долараў. Пры гэтым, як адзначыў Раман Паўлавіч, нягледзячы на такі вялікі аб'ём рээкспарту аўтамабіляў, іх масавы ўвоз усё-такі аказаў вялікі ціск на валютны рынак у першым паўгоддзі:

— Асноўны адток валюты, звязаны з імпартам аўтамабіляў, прыйшоўся на першае паўгоддзе — такім чынам уся нагрузка ў памеры больш як 2 млрд долараў была ажыццёўлена ў вельмі кароткі перыяд — з лютага па чэрвень. А экспарт аўтамабіляў, у асноўным, быў у канцы года, таму разрыў паміж прытокам і адтокам валюты, безумоўна, стаў вельмі значным фактарам, якія аказаў ціск на валютны рынак.

Таксама Раман Бродаў адзначыў яшчэ некаторыя спецыфічныя фактары, якія назіраліся ў 2011 годзе, — высокі попыт на спажывецкія тавары айчыннай вытворчасці і на адносна таннае паліва. Гэта фарміравала пэўны прыток валюты ў краіну — праўда, у наяўнай форме. Усяго ж экспарт тавараў і паслуг за 2011 вырас на 56,1%, імпарт — на 29,3%. Па словах Рамана Паўлавіча, такое апярэджанне тэмпаў росту экспарту над тэмпамі росту імпарту (на 26-27 працэнтных пунктаў) з'яўляецца рэкордным для Беларусі. Прычым ён падкрэсліў, што вартаснае значэнне экспарту тавараў і паслуг таксама рэкорднае: яно склала па выніках 2011 года амаль 46,7 млрд долараў і на 26% перавышае ўзровень 2008 года, які лічыцца самым паспяховым у камерцыйным плане для нашай краіны.

— Вельмі важна адзначыць, што гэта сумленны прырост — ён дасягнуты не паказчыкамі цэн на экспартную прадукцыю і не паказчыкам імпартуемай інфляцыі да нас у краіну. Справа ў тым, што мы паставілі на экспарт у фізічным выражэнні на 17,5% больш, чым у 2008 годзе. Таму важнай з'яўляецца не толькі валютная выручка, якая паступае ў краіну, але і рост фізічных паставак: ён адлюстроўвае новыя нішы, якія таваравытворцы занялі ў 2011 годзе. І прашу ўлічыць, што гэта адбылося ў час спаду эканамічнай актыўнасці нашых гандлёвых партнёраў, — падкрэсліў прадстаўнік Мінэканомікі.

Скарачэнне ўнутранага попыту ў 2012 годзе будзе працягвацца?

Што тычыцца гэтага года, то, як паведаміў Раман Бродаў, калі беларускія прадпрыемствы захаваюць свае нішы на замежных рынках у няпростым для сусветнай эканоміцы 2012 годзе, праблем з прытокам валюты ў краіну Мінэканомікі не бачыць. Ён таксама адзначыў, што сёлета знешнегандлёвы дысбаланс трэба працягваць скарачаць:

— Калі летась знешнегандлёвы дысбаланс быў скарочаны на 5,8 млрд долараў, то ў гэтым годзе неабходна не толькі замацавацца на пазіцыях 2011 года, але і зрабіць яшчэ адзін крок у памеры 3,1 млрд долараў для таго, каб выйсці ў дыяпазон значэнняў, зацверджаных указам Прэзідэнта.

Па яго словах, падмуркам для дасягнення ўстаноўленых параметраў стане працягванне прынятых ў 2011 годзе мер па скарачэнні ўнутранага попыту (падмацаваных адпаведнай грашова-крэдытнай палітыкай) і па пераарыентацыі таварных патокаў на знешні рынак. Дарэчы, па выніках 2011 года за межы краіны было пастаўлена больш за 61% ад аб'ёмаў прамысловай вытворчасці. Пры гэтым ён падкрэсліў, што пры далейшым захаванні трэнду на ўнутраную балансіроўку (а гэта адначасова фундамент і знешняй збалансаванасці) для падтрымання канкурэнтаздольнасці экспарту ў 2012 годзе аслаблення курсу рубля не патрабуецца.

Карэспандэнт "Звязды" пацікавіўся ў Рамана Паўлавіча, як палітыка на скарачэнне ўнутранага попыту адаб'ецца на зарплатах: ці азначае гэта, што заробкі не будуць расці?

— Паняцці ўнутранага попыту і даходаў насельніцтва, безумоўна, карэліруюць паміж сабой, але я б не ставіў паміж імі знак роўнасці. Бо попыт на спажывецкія тавары не з'яўляецца адзінай кропкай уздзеяння пры скарачэнні ўнутранага попыту. Дарэчы, спажывецкія тавары ў структуры імпарту займаюць вельмі нязначную частку, таму меры па скарачэнні ўнутранага попыту — гэта галоўным чынам меры, якія не тычацца насельніцтва і зніжэння яго патрэб па набыцці нейкіх тавараў ці павышэння зарплаты. Гэта меры, якія тычацца дзяржаўных выдаткаў, дзяржаўных праграм, дзяржаўных закупак і гэтак далей.

Таксама журналісты ўдакладнілі і наконт курсу беларускага рубля: калі ў аслабленні курсу няма патрэбы, то чаму ў прагнозах і ацэнках на канец 2012 года курс долара закладваецца большы, чым ён усталяваўся зараз?

— Як эканаміст я скажу, што свае выдаткі я заўсёды планую з доляй песімізму, каб знаходзіць тыя значэнні, якія могуць аказацца для мяне крытычнымі, — адказвае Раман Бродаў. — У гэтым выпадку паказчык курсу, пра які вы пытаеце, з'яўляўся разліковым для вызначэння асноўных макраэканамічных паказчыкаў краіны. Гэта не мэтавы паказчык, не дырэктыўны, на яго ніхто не будзе імкнуцца выйсці — ён выкарыстоўваўся проста як разліковы.

Пры развіцці экспарту на эфект ад дэвальвацыі ўпору не будзе?

На працягу 2011 года шмат гаварылася, што дэвальвацыйны эфект дапамог некаторым беларускім прадпрыемствам стаць больш канкурэнтаздольнымі на знешніх рынках. Але Раман Бродаў лічыць, што змяненне курсу рубля, безумоўна, паўплывала на экспарт, але гэта быў не самы галоўны фактар.

— Каля 80% прыросту экспарту забяспечана за кошт тавараў, якія маюць невысокую эластычнасць па курсе нацыянальнай валюты. Таму сапраўды, дэвальвацыя аказвала ўздзеянне, але не ў той ступені, каб надаваць гэтаму фактару вялікую значнасць — мы не робім на яго ўпор, калі кажам пра нашы планы па развіцці экспарту, — сказаў Раман Бродаў.

Разам з тым, ён адзначыў, што для экспарцёраў будуць стварацца іншыя стымулы:

— У выніку праведзенай урадам перамоўнай працы ў нас сёлета яшчэ больш выгадныя ўмовы пастаўкі нафты і прыроднага газу. І зніжэнне вартаснага аб'ёму імпарту па гэтых групах ужо само па сабе матэматычна дае неабходны ўзровень сальда знешняга гандлю. Але пры гэтым мы маем намеры ўносіць і кропкавыя прапановы, якія будуць падтрымліваць экспарцёраў — як у частцы спрашчэння заканадаўства, так і ў частцы стварэння стымулаў, якія будуць спрыяць дзейнасці на знешніх рынках. Асаблівую ўвагу мы мяркуем сканцэнтраваць на інстытуце знешняга экспартнага крэдытавання. Мы перакананыя, што пры значным патэнцыяле яго існуючая эфектыўнасць вельмі нізкая.

Што тычыцца першых месяцаў 2012 года, то Раман Паўлавіч вельмі асцярожна каментуе вынікі знешнеэканамічнай дзейнасці за гэты час: маўляў, недастаткова матэрыялу для аналізу і фундаментальных высноў. Ён адзначыў, што студзень, як правіла, з'яўляецца месяцам нетыповым, але, тым не менш станоўчае сальда па выніках студзеня гэтага года Мінэканомікі прагназавала (паводле інфармацыі Белстата, яно склала 126,1 млн долараў. — Аўт.). Што тычыцца лютага, то ў ім тэндэнцыі павінны працягвацца:

— Я дам асцярожную ацэнку: тэндэнцыі студзеня, як мы чакаем, захаваюцца і ў лютым. Гэта значыць, што станоўчы стан знешнегандлёвага балансу ў лютым таксама будзе захаваны, — адзначыў Раман Бродаў.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра ключавыя асаблівасці знешнеэканамічнай дзейнасці ў няпростым 2011 годзе і пра ўмовы яе ажыццяўлення сёлета журналістам расказаў Раман БРОДАЎ, начальнік...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика