Транспартная філасовія наўздагон
13.03.2012
—
Новости Общества
|
Каб зразумець жанчыну
Назіраю карціну ў метро. Маладзенькія хлопец з дзяўчынай — мабыць, першакурснікі. Яна сядзіць насупіўшыся. Ён спачатку не звяртае ўвагі. Яна насупліваецца больш дэманстратыўна. Ён заўважае гэта толькі тады, калі не атрымлівае адказу на сваю рэпліку. Западозрыў. Здагадаўся: пакрыўдзілася. Ён гатовы на ўсё, каб загладзіць сваю віну: абдымае, прыціскае, цалуе рукі, шчокі... Яна непахісная. Ён разгублены. І тут я заўважаю, як дзяўчына кусае вусны, каб не выдаць сябе — не паказаць усмешку. Як толькі ён адварочваецца, яна дае волю эмоцыям (<І>усміхаецца ). Як толькі ён паворочваецца да яе ў чарговым парыве — зноў "крыўдзіцца". Відавочна, ужо ніхто не памятае, з-за чаго пасварыліся; ён разумець не разумее, у чым вінаваты; яна, напэўна, забылася, на што пакрыўдзілася. Але ж пакрыўдзілася. І крыўдзіцца ўжо не хочацца, бо смешна. Але крыўдна. Няхай ведае. І больш не крыўдзіць. Вось такія мы, жанчыны: нелагічныя, незразумелыя, зменлівыя і розныя ў кожную хвіліну. Мы самі часта не разумеем сябе. А вы і не намагайцеся! Мой муж чытае кніжку пра жаночую псіхалогію. Пытаюся: — Ну што, зразумеў? — Не, — кажа, — няясна напісана. Каб спазнаць наш унутраны свет, яны складаюць і вывучаюць падручнікі. Але гэта нічога не дае. Бо мы непрадказальныя, парадаксальныя, заблытаныя і алагічныя. ХУДЗЕЕМ З РОЗУМАМКалега на рабоце села на дыету. Я здзівілася: — Навошта? — пытаюся. — У цябе выдатная фігура. — Я заўсёды была хударлявай, а тут мужчыны сталі кампліменты рабіць, — тлумачыць калега. — І ў дадатак: прыехала да маці, а яна кажа: "Ты такая харошанькая стала". І тут я канчаткова зразумела: час худзець. Вось як гэта можна зразумець?! Ёй кампліменты сыплюць, а яна — "значыць, дрэнна". На яе заглядаюцца, а яна — "значыць, тоўстая". Не разумееце? А я разумею! Сама такой бываю. Муж часта пад'юджвае мяне той гісторыяй. Сяджу неяк на канапе, чытаю кніжку. І раптам позірк, слізгаючы па літарах, падае на жывот, не прыкрыты кніжкай. І жах! Як я раней не заўважала?! Ён жа ў складках! Адна-дзве-тры... Ім няма ліку! Што рабіць?! Становішча безвыходнае! І я ўжо не магу спыніцца — плачу, заліваюся. Увесь вечар прараўла, спаць пайшла з валяр'янкай. А раніцай устала, пакруцілася перад люстэркам — прыгажуня! "Што, схуднела за ноч?" — дзівіцца нявыспаны муж. "Відаць, што так!" — шчасліва ўсміхаюся ў адказ. А калі мне неяк саступілі месца ў транспарце, ківаючы на надзьмутую кішэню ў вобласці жывата, не, я не пакрыўдзілася. Села з задавальненнем — у нагах праўды няма. А разгубленаму мужу прашаптала: "Гэта ўсё кофта!". "ТАМУ ШТО Я ТАК ВЫРАШЫЛА! А ЧАМУ Я ТАК ВЫРАШЫЛА, Я ЯШЧЭ НЕ ВЫРАШЫЛА"Жанчына — як адкрытая кніга на кітайскай мове: быццам бы ўсё ў ёй бачна, але нічога не зразумела. Гэта прыдумалі мужчыны, каб апраўдвацца. Пра нас трэба ведаць толькі дзве рэчы: эмоцыі кіруюць намі больш, чым розум; нашы ўчынкі могуць нічым не тлумачыцца. У спектаклі "Дурніца" па п'есе французскага драматурга Марсэля Ашара, што ідзе ў мінскім тэатры "Кампанія", ёсць такі момант: следчы просіць удзельніцу судовага працэсу дапамагчы разблытаць злачынства. Падазрэнне ў яго выклікае гісторыя з сукенкамі, калі падазраваная спачатку прасіла падрыхтаваць ёй шэры ўбор, а ў выніку надзела чырвоны. Знайсці адказ на гэтую загадку можа толькі жанчына. Яна ўважліва выслухоўвае пытанне і тут жа без энтузіязму рэзюмуе: "Зачэпкі няма — пе-ра-ду-ма-ла". Мы гатовыя прадаць душу за новую сукенку. І гэта праўда — нам сняцца новыя калекцыі з рэальных вітрын рэальных крамаў. Сняцца, пакуль не заначуюць у нашай шафе. Мы набываем каралавы гузік, бо менавіта яго не хапае ў нашым гардэробе. А пасля пад яго — пантофлі, сукенку, сумачку і паліто. Мы выдумляем гісторыі, у якія верым самі. Жанчына ніколі не заслугоўвае даверу больш, чым калі яна хлусіць. Мы верым у тое, што кажам, нават калі толькі што гэта прыдумалі. Кожная жанчына хоча, каб яе разумелі, але ніводная не хоча, каб яе раскусілі! ЗАЛОЖНІЦЫ ЭМОЦЫЙСамае галоўнае ў нашым светаўспрыманні — гэта эмоцыі (хоць у кожным правіле бываюць выключэнні, не без гэтага). І такімі яны бываюць моцнымі, што ніякая выснова розуму іх не пераможа. Думаеце, я не разумею, што спачатку трэба памыць посуд, а пасля ўжо фарбаваць пазногці, бо з вялікай верагоднасцю змыецца лак, калі зрабіць наадварот? Думаеце, не прадугледжваю, што паспрабаваўшы на вуснах памаду ў краме, магу атрымаць герпес? Яшчэ як разумею! Нават уголас прамаўляю магчымыя негатыўныя наступствы. Але такое нясцерпнае жаданне кіруе мной у той момант (ТУТ і ЗАРАЗ!), менавіта ў гэту хвіліну так хочацца фарбаваць пазногці ці намаляваць вусны новай памадай! І няхай лак змыецца праз пару хвілін, а герпес не будзе сыходзіць цэлы тыдзень, я выконваю сваё жаданне і атрымліваю задавальненне. І няхай увесь свет пачакае. Не насуперак логіцы. А насустрач жаданням. Я ведаю, што сапсаваны манікюр і прастуда на вуснах — гэта мая плата за рэалізаванае жаданне (тут і зараз). Проста я прыслухоўваюся да сябе. І чую. ПРА ЛОГІКУУ адно імгненне ў жаночай галаве праносіцца такі ланцужок думак, што мужчынам і не снілася. Таму мы ніяк не можам паверыць, калі на пытанне "пра што ты думаеш?" мужчына адказвае "ні пра што". У нас так не бывае! А мужчына можа сапраўды ні пра што не думаць. Яго левае і правае паўшар'і мозгу працуюць паслядоўна, уключаюцца па чарзе. У жанчыны ж яны працуюць адначасова. Адсюль і рой думак. Жанчына імгненна пракручвае мноства варыянтаў развіцця падзей і ўголас выдае толькі адзін, канчатковы. Таму ён падаецца зусім нелагічным. Але на самой справе гэта адзіны магчымы варыянт у доўгім ланцужку імгненных разваг і высноў. Мужчына падарыў каханай прыгожы букет чырвоных руж. Тая, замест таго, каб абняць і расцалаваць, адвярнулася, заплакала і, яшчэ ўсхліпваючы, прыгаворвае: "Ты мяне не кахаеш!". Як зразумець і патлумачыць такую рэакцыю? Мужчына не можа здагадацца, бо ў яго галаве ланцужок толькі з двух складнікаў: букет руж — слёзы. У жанчыны ж іх значна больш: букет руж — не люблю гэтыя кветкі — казала яму пра гэта, як толькі пачалі сустракацца (два з паловай гады таму) — захацеў укалоць — разлюбіў — слёзы. А мужчына проста забыўся на тую колішнюю размову пра кветкі. І намагаўся зрабіць прыемнае. Заўсёды трымайце ў галаве гэту розніцу ў ланцужках. Мужчыны тады хаця б могуць разлічваць, што нешта ўпусцілі. А жанчыны павінны агучваць прапушчаныя звёны свайго ланцужка. Тады ўсё стане ясна, і ўзаемапаразуменне забяспечана. Вучоныя даказалі, што за "жаночую логіку" адказвае храмасомны набор ядра клеткі. Ён перадаецца ў спадчыну наступным пакаленням і можа прысутнічаць нават у мужчын, хоць і рэдка. Зразумець жаночую логіку нескладана — дастаткова навучыцца гуляць у більярд кубікамі. Проста будзьце гатовымі чакаць ад нас самыя нестандартныя рашэнні, самыя нечаканыя высновы. І памятайце: нас не трэба разумець, нас трэба любіць! Таццяна САЛДАЦЕНКА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб зразумець жанчыну Назіраю карціну ў метро. Маладзенькія хлопец з дзяўчынай — мабыць, першакурснікі. Яна сядзіць насупіўшыся. Ён спачатку не звяртае ўвагі. Яна...
|
|