Мітрапаліт Іларыён перасцярог ад пераносу ў Беларусь астанкаў Іасафата Кунцэвіча. 21.by

Мітрапаліт Іларыён перасцярог ад пераносу ў Беларусь астанкаў Іасафата Кунцэвіча

14.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Тэма правоў чалавека не можа вырашацца па-за кантэкстам паняцця адказнасці

Размова пра гэта зайшла падчас прэс-канферэнцыі, якую старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата мітрапаліт Валакаламскі ІЛАРЫЁН даў напрыканцы свайго візіту ў Беларусь.

Каментуючы па просьбе журналістаў сучасныя ўзаемаадносіны праваслаўных і каталікоў на тэрыторыі Беларусі, мітрапаліт Іларыён сказаў:

— Мне здаецца, сама гісторыя Беларусі паказала, што гэтыя дзве канфесіі могуць мірна суіснаваць, але вельмі важна пазбягаць якіх бы ні было сутыкненняў. Павінен сказаць, што мы з трывогай пачулі пра планы некаторых рэлігійных структур перанесці ў Беларусь астанкі Іасафата Кунцэвіча — асобы вельмі супярэчлівай. Я адкрыта казаў і ў размове з дзяржаўным сакратаром Ватыкана кардыналам Бертанэ, і са старшынёй Папскай рады па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству кардыналам Кохам, што такога роду акцыя ніяк не будзе спрыяць кансалідацыі беларускага насельніцтва і не выкліча сімпатый да каталіцкай царквы. Наадварот, яна можа выклікаць у памяці старыя раны, нанесеныя ў тую эпоху, калі праваслаўныя і каталікі знаходзіліся на гэтых землях у стане варожасці. Я заклікаў кіраўніцтва Каталіцкай царквы ўстрымацца ад гэтай акцыі.

Тэму адзінства хрысціян мітрапаліт Іларыён закрануў і пры адказе на пытанне пра магчымасць сустрэчы (у тым ліку на тэрыторыі Беларусі) Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі з Папам Рымскім:

— Мы заўсёды, адказваючы на гэта пытанне, кажам, што такая сустрэча магчымая, але магчымая яна пры пэўных умовах. А менавіта — калі мы будзем разумець, што яна дапаможа вырашыць тыя праблемы, якія існуюць ва ўзаемаадносінах паміж Каталіцкай і Праваслаўнай цэрквамі. Мы не можам разлічваць на тое, што гэтыя праблемы будуць вырашаны падчас самой сустрэчы. Мы павінны быць упэўнены ў тым, што загадзя падрыхтавана платформа для таго, каб яны былі вырашаны. Праблемы звязаны, у першую чаргу, з суіснаваннем праваслаўных і грэка-каталікоў на Заходняй Украіне, дзе, як мы лічым, канфлікт дагэтуль не ўрэгуляваны. Мы неаднаразова казалі, што чакаем ад кіраўніцтва Рымска-каталіцкай царквы пэўных крокаў у гэтым кірунку. Пакуль што такія крокі не зроблены. Таму мы лічым сустрэчу магчымай, мяркуем, што рана ці позна яна адбудзецца. Але цяпер мы не гатовы казаць ні пра месца, ні пра час. Галоўнае для нас — граматна і добра яе падрыхтаваць.

Разам з тым, кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата высока ацаніў стан спраў у Беларускай Праваслаўнай Царкве:

— Думаю, што Беларуская праваслаўная царква ніколі не дасягала такога росквіту, як цяпер. Лічу, у гэтым вельмі вялікая асабістая заслуга яе кіраўніка — Мітрапаліта Філарэта, які ўжо 34 гады ўзначальвае Беларускі Экзархат. У гэтым вялікая заслуга епіскапата, духавенства і актыўных прыхаджан, якія працуюць для ўзнаўлення Царквы і для адраджэння духоўнасці і маральнасці ў грамадстве. Я думаю, што ў гэтым таксама заслуга беларускай дзяржавы, таму што тыя партнёрскія адносіны паміж Царквой і дзяржавай, якія сёння існуюць у Беларусі, вядома ж, спрыяюць і адраджэнню царкоўнага жыцця, і адраджэнню грамадства.

Мітрапаліт Іларыён выказаў таксама свой погляд на праблематыку Царквы ў сучасную эпоху:

— Сёння, з аднаго боку, час вельмі адчувальнага і відавочнага царкоўнага адраджэння, а з другога — час новых выклікаў. Мы ў савецкі перыяд жылі за "жалезнай заслонай", развіваліся ва ўмовах інкубатара. І былі шматлікія вельмі сур'ёзныя праблемы, але не было тых праблем, якія да нас прыйшлі пасля таго, як "жалезная заслона" ўпала. У прыватнасці, тая ідэалогія спажывецкага грамадства, якая пануе сёння ў заходніх краінах, не была характэрна для нашых краін, і гэта нешта новае, што асабліва моцна ўплывае на маладое пакаленне.

Сучаснасці датычылася і пытанне пра стаўленне Царквы да актывізацыі руху ў абарону правоў сэксуальных меншасцяў, якая назіраецца ў Заходняй і Усходняй Еўропе:

— Лічу, што тэма правоў чалавека не можа вырашацца па-за кантэкстам паняцця адказнасці. Чалавек мае не толькі правы, але і абавязкі: перад сабой, перад грамадствам, перад Богам.

Характэрнай асаблівасцю дэмакратычных рэжымаў з'яўляецца тое, што яны ўяўляюць платформу для рознага роду меншасцяў, што само па сабе, здавалася б, добра. Але праблема ўзнікае тады, калі воля меншасці сутыкаецца з воляй большасці, і калі, каб дагадзіць меншасцям, пачынаюць ігнараваць волю большасці. А самае галоўнае, што згаданыя меншасці будуюць сваю ідэалогію на такіх пазіцыях, якія непрымальныя з пункту гледжання рэлігійнага чалавека. І тут ужо іх светапогляд сутыкаецца з тым, што з'яўляецца для большасці людзей не проста важным, але святым. У гэтым сэнсе мы кажам, што прадстаўнікі гэтых меншасцяў замахваюцца на тое, што павінна заставацца непарушным — на абсалютныя маральныя каштоўнасці, якія мы атаясамляем з Божымі запаветамі.

Таму, вядома, вельмі важна, каб і ў дзяржаўным будаўніцтве, і ў грамадскіх дыскусіях найперш улічвалася меркаванне большасці людзей, а таксама нацыянальныя традыцыі кожнай дзяржавы. Калі на змену традыцыйнаму жыццёваму ўкладу прыходзяць тыя парадыгмы, якія заснаваны на нейкіх ідэалагічных тэорыях, што не ўлічваюць самасвядомасць большасці людзей, гэта становіцца крыніцай канфліктаў і можа прыводзіць да рознага роду правакацый. І гэта не толькі не кансалідуе грамадства, а наадварот, палярызуе яго.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэма правоў чалавека не можа вырашацца па-за кантэкстам паняцця адказнасці Размова пра гэта зайшла падчас прэс-канферэнцыі, якую старшыня Аддзела знешніх...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика