Гукі абуджэння
24.03.2012
—
Новости Общества
|
Каб у Беларусь прыйшла вясна, ёй патрэбна асаблівае запрашэнне Нездарма ж у народзе ёсць асобны абрад — "Гуканне вясны". Паколькі вясну чакаюць усе, то і клікаць яе трэба разам. Прыняць удзел у гэтым абрадзе запрашае ў суботу 24 сакавіка Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Гэта самае прыдатнае месца, дзе гараджане, сучасныя, "прасунутыя", модныя, але стомленыя аднастайнасцю існавання, могуць удыхнуць паветра і даць волю сваім эмоцыям. Сярод вясковых драўляных хат, якія раскінуліся па пагорачках на даволі вялікай тэрыторыі, можна знайсці месцейка, дзе і сваёй кампаніяй прытуліцца, альбо знайсці сабе кампанію літаральна тут. Падчас забаў, гульняў, стаўшы ў карагод. І заспяваўшы простыя беларускія песні. Бо колькі ў народзе існавала песень-вяснянак, якія дапамагалі паклікаць вясну! Пасля доўгай зімы хацелася змен, цяпла і абуджэння жыцця — калісьці для беларусаў пачаткам года лічылася менавіта вясна. Калі сыходзіць снег, зямля адтайвае і рыхтуецца прыняць зерне будучага ўраджаю. І хоць зараз мы маем іншы каляндар, але ўсё роўна да вясны ставімся як да пары, якая дае ачышчэнне, надзею на абуджэнне і далейшы росквіт. Нездарма адна з цікавостак свята — спальванне чучала зімы. Калісьці ў агонь ішлі старыя рэчы: калі чалавек пачынае новае жыццё, то пазбаўляецца ад таго, што ўжо непатрэбна, спадзеючыся, што праца дасць магчымасць зноў нажыць дабро. Нашы далёкія продкі жылі з таго, што апрацоўвалі зямлю і ў гэты час найбольш адчувалі, што сапраўднае актыўнае жыццё прыходзіць разам з працай на зямлі. Але пакуль вясну толькі клічуць, то самае прыемнае — адчуць яе пах у паветры, пагуляць на прасторах, якія вызваліліся ад снегу, дзе кожны можа адчуць сваю прыналежнасць да зямлі, нават калі ўжо не займаецца яе апрацоўкай. Веснавыя гульні і спевы для дзяцей і дарослых прапануюць супрацоўнікі музея ў Строчыцах, што пад Мінскам. Але гэтае свята адзначаецца ў кожным рэгіёне ў свае тэрміны (бо вясна па Беларусі крочыць паступова) і згодна са сваімі традыцыямі: ёсць усё-такі асаблівасці ў абрадах, якія дажылі да нашых дзён і дзе-нідзе захаваліся. Адзначыць "Гуканне вясны" — усё адно, што ўдыхнуць веснавога паветра дзеля бадзёрасці. Яна спатрэбіцца, бо наперадзе яшчэ Вялікдзень, а да яго некалькі тыдняў выпрабавання духу. Усё-такі нашы продкі зразумелі, што пасля веснавога абуджэння фізічнага цела прыходзіць веснавое абуджэнне і ачышчэнне душы. Ларыса ЦІМОШЫК Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб у Беларусь прыйшла вясна, ёй патрэбна асаблівае запрашэнне |
|