Ніна Ананіяшвілі ў Мінску папоўніла спіс сваіх партнёраў па сцэне. 21.by

Ніна Ананіяшвілі ў Мінску папоўніла спіс сваіх партнёраў па сцэне

24.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У спектаклях Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Паўліяшвілі, якія былі паказаны ў Мінску, прымалі ўдзел беларускія артысты. У прыватнасці, дзеці, якія толькі вучацца балету, а таксама прафесіяналы беларускага тэатра. Напрыклад, народны артыст Беларусі Ігар Артамонаў стаў партнёрам самой Ніны Ананіяшвілі ў спектаклі "Моцартыяна". Суперзорка сусветнай балетнай сцэны сёння ўзначальвае балетную трупу Тбіліскага тэатра оперы і балета, на гэтую пасаду яе запрасіў сам прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі. За некалькі гадоў кіраўніцтва Ніна вельмі змяніла стаўленне да грузінскага балета. Яна ўзбагаціла тэатр пастаноўкамі ў сучаснай харэаграфіі, якой не вельмі шмат на прасторах былога Савецкага Саюза. Сем аднаактовых балетаў у гэтыя дні (23-24 сакавіка) прадстаўляюцца ў Мінску. Чароўная Ніна, якую за 30 гадоў творчай кар'еры ведалі і палюбілі ў лепшых балетных трупах свету, дагэтуль танцуе. І Мінск мог пабачыць яе на сцэне.

Але не толькі гэтым каштоўныя гастролі грузінскага балета. На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі дзякуючы грузінскай трупе можна пабачыць харэаграфію Джорджа Баланчына, Іржы Кіліяна, Аляксея Ратманскага, Міхаіла Фокіна, Трэя Макінтайра...

Народная артыстка Грузіі, народная артыстка Расіі з задавальненнем гаворыць пра сяброўскія сувязі з беларускім тэатрам, якія ўсталяваліся ў апошнія гады: паміж балетнымі тэатрамі нашых краін падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве.

— Наш чарговы прыезд у Мінск — гэта магчымасць паказаць новы рэпертуар. За гэтую магчымасць трэба выказаць асаблівую падзяку спонсарам, якія падтрымліваюць культуру і мастацтва (у прыватнасці, "Белінвестбанк" — аўт.). Таму што стасункі паміж тэатрамі вельмі важныя, як важныя абменныя гастролі, сумесныя праекты. Гэтым разам у Мінску ўпершыню мы будзем выступаць з вашымі дзецьмі, якія займаюцца ў харэаграфічным каледжы (яны будуць браць удзел у нашым спектаклі "Моцартыяна"). Таксама беларускі артыст Ігар Артамонаў будзе танцаваць разам са мной. Ён ужо танцаваў у гэтым спектаклі ў Тбілісі. Гэта было цікавае супрацоўніцтва, якое мы пастараемся працягнуць, каб мець большыя магчымасці абменных спектакляў і абмену артыстамі. У вас іх вельмі многа — добрых і таленавітых. У іх ёсць цікавасць станцаваць нешта іншае, з іншым рэпертуарам. З цяперашнім кіраўніком беларускага балета Юрыем Траянам мы ведаем адзін аднаго вельмі даўно: ён нам дапамагаў тут падчас рэпетыцый з Андрысам Ліепам, калі мы рыхтаваліся на конкурс у Амерыку (гэта быў нумар у харэаграфіі Валянціна Елізар'ева. — Аўт.).

Наша супрацоўніцтва з вашымі артыстамі ў Тбілісі было паспяховым. Таму што ў артыстаў былі магчымасці паспрабаваць іншую харэаграфію. Ваша балетная трупа вельмі добра ведае класічныя пастаноўкі. Калі мы з Юрыем Траянам гаварылі пра супрацоўніцтва, то ён прапанаваў такі варыянт, каб вашы артысты да нас прыехалі і танцавалі таго ж Баланчына. Летась мы гэтую ідэю ажыццявілі, Ігар Артамонаў да нас прыехаў. Яму было цікава, але ён хваляваўся. Я яму сказала, што ведаю сама: калі танцуеш класіку і робіш гэта ўсё жыццё, то ты баішся нешта іншае паспрабаваць. "Я ж гэтага ніколі не рабіў..." — "Ну і што? Зробіш". У выніку атрымалася вельмі добра. Ён танцаваў у спектаклі ў Тбілісі, яшчэ мы ездзілі разам на гастролі. Як і з Дзянісам Клімуком. Ігар танцаваў з намі Баланчына, а Дзяніс танцаваў з намі "Падарунак" Эштана, англійскую харэаграфію. Таксама ездзіў з намі на гастролі. І калі мы планавалі гастролі ў Мінску, то я хацела, каб Дзяніс таксама станцаваў з намі. Але па тэхнічных прычынах аказалася немагчыма паказаць гэтую пастаноўку. А Баланчына тэхнічна аказалася прывезці прасцей. Я з Ігарам Артамонавым дагэтуль не танцавала, гэта адбудзецца ўпершыню тут. Такім чынам у маім спісе прыбавіцца яшчэ адзін партнёр.

— Як грузінскія артысты адаптуюцца да беларускай сцэны?

—У вас, мне здаецца, адна з самых вялікіх сцэн у свеце. Сапраўды, вялікі тэатр, ён апраўдвае назву. У нас тэатр значна меншы, мы працуем на значна меншай сцэне, асабліва цяпер, калі даём спектаклі ў драматычных тэатрах. Я думаю, што мае артысты будуць у шоку, як у мінулы прыезд у Мінск: пабачаць вялікую сцэну, яшчэ патрэбна акліматызавацца да такой сцэны. Для мініяцюрных балетаў, якія мы прывезлі, вялікая сцэна значна складанейшая. І яшчэ ў вас сцэна пакатая. У нас роўная падлога. У сувязі з гэтым узнікаюць праблемы, якія трэба пераадолець. Я ўсё жыццё пакутавала ад гэтага. Таму што ў Вялікім тэатры Расіі таксама быў нахіл. А калі ехала на Захад, у Амерыку, там была роўная падлога. Мне трэба было корпус перастройваць то ўперад, то назад. Таксама з партнёрам: патрэбен час, каб наладзіць свой баланс. Уявіце: мы ўвесь час стаім на пуантах на невялікім пятачку. Увесь час трэба знаходзіць правільны баланс, каб глядач нічога не заўважыў. Але людзі прафесійныя разважаюць так: глядач не павінен ведаць нашы цяжкасці.

У нас ёсць надзея, што праз сезон наш тэатр адкрыецца. Будынак яго старажытны, прыгожы, таму яму быў вельмі патрэбен рамонт. Але такі, каб захаваць яго першасны выгляд — у нас гістарычны будынак. Але ўнутраныя ўмовы, тэхнічнае абсталяванне будзе зменена. З намі раіліся, што і як трэба зрабіць, каб гэта быў сучасны тэатр па тэхнічных параметрах. Архітэктары прыходзілі, усе дэталі абмяркоўвалі, нават тое, з якога боку люстра паставіць, якую зрабіць падлогу, які лінолеум пакласці, каб артыстам было зручна. На сённяшні дзень тэатр патрабуе іншага напаўнення, трэба думаць, як гэта зрабіць, каб нічога не парушыць. Таму рэканструкцыя ідзе не так хутка, як бы нам хацелася. Калі я даведалася, у якія тэрміны быў зроблены рамонт у вашым тэатры, то была ўражана: для такога вялікага тэатра, як у вас, усё неверагодна хутка скончылі.

Ніна Ананіяшвілі з балетам прыехала ў Мінск на некалькі дзён. Дома яе чакае муж (міністр замежных спраў Грузіі) і шасцігадовая дачка:

— Яна расце ў тэатры, вакол балета, але балетам не займаецца, а займаецца музыкай. Калі яна была маленькая, то я, як цыганка, яе з сабой вазіла. Зараз яна расстроілася, што я яе не ўзяла. Наступны раз буду думаць, як прывезці яе з сабой.

Ларыса ЦІМОШЫК

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У спектаклях Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Паўліяшвілі, якія былі паказаны ў Мінску, прымалі ўдзел беларускія артысты. У прыватнасці, дзеці,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика