Застольная
27.03.2012
—
Новости Общества
|
Жыццё людское складваецца як песня. Які характар — такі і лёс, а пад настрой — і мелодыю гэткую ж падбіраем. І гучыць рознагалосы хор, ляцяць-пераліваюцца вясёлыя і сумныя, пяшчотныя і раздольныя песні. А кожнаму так хочацца, каб і музыкай душа песцілася, і словы ладком цягнуліся. Глыбокай вобразнасцю поўніцца песня "Застольная". Па-народнаму разгорнутае апісанне навакольнай прасторы, узмоцненае запытамі ў запеве ("Ой, нашто, нашто ліпа ссечана?" і "Для каго-каго прыхаваная ўся дзявочая ласка?"), перадае супярэчлівую напружанасць рэчаіснасці. Не суджана ночцы і вечару заставацца трывалай параю, ды і намерам дня ніколі не здзейсніцца. І толькі згадкі ў прыпеве пра месячык ("Ясны месячык ходзіць" і "Месяц хмарку праводзіць") падаюць надзею на жыццёвую спагаду, палюбоўнае паразуменне... Мо і часова суладнае? Хутказменнае? Задушэўна-светлую песню "Застольная" напісалі полацкая паэтка Надзея Салодкая і Ізмаіл Капланаў, выдатны саліст-інструменталіст, які напрыканцы мінулага стагоддзя звярнуўся да кампазітарскай творчасці і вельмі плённа выявіўся ў песенным жанры. Гэты вакальны твор заняў прыкметнае месца на беларускай эстрадзе, увайшоў у рэпертуар Дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі "Свята". Новую песню дружна падхапіў наш спеўны люд. Верш Надзеі Салодкай Ой, нашто, нашто ліпа ссечана? Доля долю шукае. Ночка з вечарам, ночка з вечарам Да дзянніцы блукае. Засвяцілася неба золакам, Ночку дзень запрыкмеціў. Рана-раненька сінім сполахам Косы чорныя ўквеціў. Прыпеў: Піце, госцейкі, ешце, госцейкі, Віно хмельнае бродзіць. Ці па беражку, ці па мосціку Ясны месячык ходзіць. Ноч-хусціначка, ноч-прасціначка Тонкім шоўкам спадала. Ой, цвіла-была сіраціначкай, Чаго ж любай не стала? Ані мілаю, ні каханаю, Ні расцвіўшаю краскай... Для каго-каго прыхаваная Ўся дзявочая ласка? Прыпеў: Піце, госцейкі, ешце, госцейкі, Віно хмельнае бродзіць. Ці па беражку, ці па мосціку Месяц хмарку праводзіць. Апошнія два радкі ў кожнай страфе запеву і ў прыпеве выконваюцца двойчы, а ўвесь прыпеў паўтараецца. Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН ¢ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыццё людское складваецца як песня. Які характар — такі і лёс, а пад настрой — і мелодыю гэткую ж падбіраем. І гучыць рознагалосы хор, ляцяць-пераліваюцца вясёлыя і... |
|