Экслібрыс "Звязды"
12.04.2012
—
Новости Общества
|
Дзмітрый Пятровіч. Белая жанчына. Проза. "Четыре четверти", 2012. Жанчына ў белым на глянцавай вокладцы абяцае і не падманвае: у кнізе сабраны творы ў жанрах масавай літаратуры. Пры гэтым аўтар балансуе паміж стылізацыяй і пародыяй, а чытач можа пабачыць, як выглядалі б дамскія раманы, калі б іх пісалі мужчыны, і ці сталі б тэксты ад гэтага мужчынскімі раманамі. Галоўныя героі ўсіх твораў — мужчыны, праз шэраг тэкстаў Дзмітрый Пятровіч паслядоўна праводзіць апісанне свайго ўлюбёнага персанажа: "На яго глядзеў мужчына сярэдніх год — з невялікай залысінай галава, твар крыху круглаваты, з даволі поўнымі шчокамі; падбародак валявы, з ямачкай, якая звычайна падабаецца жанчынам" ("Джэк"). Дзесьці спадар з валявым падбароддзем — галоўны герой, дзесьці — на ўзбочыне сюжэту, але паўсюль выглядае аўтографам аўтара. Містычная аповесць "Белая жанчына", якая і дала назву кнізе, цікавая не столькі з гледзішча мужчынскіх вобразаў, колькі з прычыны экзатычна-інфармацыйнай: у творы распавядаецца пра небяспечныя прыгоды сяброў-спелеолагаў. Стылізуючы свае тэксты пад пародыю на меладраматычныя творы, якія ўмоўна аб'ядноўваюцца пад найменнем "дамскіх раманаў", Дзмітрый Пятровіч па-майстэрску пераплятае адпаведныя стэрэатыпныя сюжэтныя лініі: спроба забойства некалі любімага, а цяпер ашалелага сабакі; кволыя ўзаемныя пачуцці хлопца і дзяўчыны, якія на апошніх старонках апынуцца братам і сястрой, і шал сабакі, які раптоўна выяўляецца своеасаблівым боскім пакараннем за грахі; альбо містычная выратавальная прысутнасць духа дзяўчыны ў жыцці героя, які быў сведкам яе гібелі ў аўтакатастрофе; альбо рэалізацыя няспраўджанага кахання герояў у любоўных адносінах іх дзяцей. Аўтар упэўненай рукой бярэ меладраматычныя акорды — і выціскае слёзы з усіх. У кнізе плачуць жанчына ў гіпсе і на бальнічным ложку, ветэран, закаханыя дзяўчаты і хлопцы, мужчыны са стрэльбамі ці ў міліцэйскай форме (дарэчы, супрацоўнікі ДАІ ў творы выступаюць у ролі псіхолагаў, сваімі клопатам і ўважлівасцю даючы магчымасць герою распавесці гісторыю ўласнага жыцця). Жанравыя патрабаванні масавай літаратуры (а Дзмітрый Пятровіч адзначыўся і ў жанры дэтэктыву) наклаліся на факты пісьменніцкай біяграфіі: аўтар, які шмат гадоў настаўнічаў, свядома прагне шчаслівага і справядлівага фіналу. Пісьменнік, не забываючы пра выхаваўчую функцыю літаратуры, апелюе да ідэалаў сямейнага жыцця, праблемы мужчынскай вернасці, паняцця сораму і раскаяння. Зрэшты, гэтая кніга — добрая магчымасць пераканацца, што жанчынам спадабаецца не толькі ямінка на валявым падбароддзі героя, але і дынамічны пачуццёвы сюжэт, пакаранне за зняважанае каханне, актыўнае і дэманстратыўнае сцвярджэнне традыцыйных каштоўнасцяў. Аксана БЯЗЛЕПКІНА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прага хэпі-энду
|
|