У вас усё атрымаецца!
12.04.2012
—
Новости Общества
|
Дабрачынны праект "Для таленту няма абмежаванняў" працуе ў Чавусах Велікодныя яйкі на падыходзе. Драўляныя нарыхтоўкі пакрываюцца рознакаляровымі ўзорамі — геаметрычнымі і квяцістымі. Няхай узоры і не самыя дасканалыя, але кожная творчая работа непаўторная. Робяць велікодныя яйкі, а таксама і іншыя сувеніры, маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія аб'ядналіся ў майстэрню. Каб пераканаць усіх (і ў першую чаргу саміх сябе), што ўсе абмежаванні — досыць умоўныя.
— І ў нас саміх атрымліваецца ўсміхацца часцей, — пацвярджае маладая майстрыха Марына. Заняткі пачаліся сёлета, але ўжо два ўдзельнікі майстэрні — Марына Чунаева і Дзмітрый Швяцоў — зарэгістраваліся як рамеснікі і гатовы рабіць сувеніры для гасцей Чавускага раёна. Дзмітрый з поспехам займаецца драўлянымі вырабамі, Марына стала спецыялістам у бісернай справе. — Тут цярплівасці трэба шмат, — яна паказвае, як рабіць пялёстак з дроту і маленькіх пацерак. — Але галоўнае ўсё ж жаданне. Мне вельмі хочацца, каб усё атрымалася. Таму што я перастала сядзець у чатырох сценах, а прыйшла сюды, знайшла тут сяброў і знаёмых. Мы сябруем, дапамагаем адно аднаму. У майстэрні сёння займаюцца каля дзясятка маладых людзей, якія маюць псіхічныя захворванні. Кіруе майстэрняй Ірына Дзенісенка, старшыня Чавускай арганізацыі Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Сёння яна паказвае, як рабіць ляльку-"зернавушку" — сімвалічны хатні абярэг, які прыносіць удачу і любоў. — Гэта проста, калі навучышся, — кажа Ірына. — Калі шчыра, то спачатку ўсім было цяжка, нязвыкла. Але мы разам вучымся кантактаваць і працаваць. Я думаю, што было б добра, калі б маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі прыходзілі да нас часцей. Таму што немач — гэта не проста хвароба, а замкнёнасць, боязь лішні раз выйсці за дзверы і паглядзець навокал. Праект "Для таленту няма абмежаванняў" у Чавускім раёне падтрымліваюць еўрапейскія структуры, арганізацыйна дапамагае мясцовы інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіцці і аграэкатурызме. — Мы хочам, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі інтэграваліся ў грамадства, — гаворыць кіраўнік цэнтра Алена Пахоменка. — Каб іншыя прынялі іх і зразумелі. Пакуль жа ад іх адгароджваюцца, а ў лепшым выпадку — шкадуюць. У межах праекта цэнтр правёў сацыялагічныя даследаванні. Аказалася, што 90% апытаных не ведаюць, як паводзіць сябе ў прысутнасці людзей з псіхічнымі асаблівасцямі. Трэць апытаных іх баіцца, а чвэрць ставіцца непрыязна. — Я хацела б, каб звычайныя людзі зразумелі, што інваліды — такія ж, як і ўсе іншыя, — сказала кіраўнік цэнтра па ўстойлівым развіцці. — Яны жывуць сярод нас і могуць прыносіць карысць грамадству. У майстэрні, да слова, вырабляюцца сувеніры з мясцовай сімволікай, якіх пастаянна не хапае ў Чавусах. Праўда, пакуль маладыя людзі не думаюць пра заробкі — яны толькі вучацца майстраваць, а таксама выходзіць у свет, які не без добрых людзей. Ілона Іванова. Фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дабрачынны праект "Для таленту няма абмежаванняў" працуе ў Чавусах Велікодныя яйкі на падыходзе. Драўляныя нарыхтоўкі пакрываюцца рознакаляровымі ўзорамі... |
|