Тры жыцці Барыса Кіта
13.04.2012 14:58
—
Новости Общества
|
Тры жыцці Барыса Кіта
Спадар Барыс сустрэў нас зухаватай усмешкай: — Нешта вы спазніліся, мяне ужо пяцьдзясят чалавек павіншавалі. От як атрымалася: Хрыстос памёр, а я нарадзіўся. Але праходзьце, праходзьце. На ўсе пытанні адкажу. Зазваніў тэлефон – мы былі не апошнія, хто спазніўся з віншаваннямі. Тэлефанаваў Радзім Гарэцкі — віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі, прэзедэнт Згуртавання беларусаў свету — Дарэчы, а што з Вашай прэміяй? Здаецца, Гарэцкі быў апошні, хто яе атрымаў? — У мяне проста скончыліся грошы. Бо ўсё гэта ладзілася за мой кошт. Курс даляра абрынуўся, і я не змог працягваць фінансаванне гэтага праекту. Шкада, канечне, але што зробіш… Апошнімі, хто атрымаў прэмію, былі Вольга Іпатава і Андрэй Майсяёнак. Мяне засмучае, што не паспеў ушанаваць Васіля Быкава, я б і грошы знайшоў (сума непрынцыповая — 1000 еўра), але ён памёр. У свой час Барыс Кіт меў дамы ў ЗША і на ўзбярэжжы Міжземнамор’я, любіў вандраваць і цяпер шкадуе, што не наведаў Аўстралію і Паўночную Амерыку, астатнія кантыненты ён бачыў. Ён разглядаў скульптуры Далі на Авенідзэ дэль Мар у рэспектабельным Марбелье, уздымаўся на Фудзіяму, захапляўся світанкамі спякотнага сонца на Гаваях, а вось трапіць у космас ніколі не планаваў — яму і на Зямлі цікава. — Дзе Вы былі найбольш шчаслівы? — Я пражыў тры жыцці — у Беларусі, Амерыцы і Нямеччыне. Але лепш за ўсё адчуваў сябе ў ЗША. Амерыка — краіна абсалютнай свабоды, і толькі там я зразумеў, што гэта такое. Там у кожнага сапраўды ёсць шанец стаць тым, кім пажадае. У мяне, простага беларускага хлопца, гэта таксама атрымалася. Але я ніколі не забываў, адкуль я. У бацькоўскай хаце мы заўсёды размаўлялі па-беларуску.
— Вы нават стварылі беларускую калонію ў Саўт-Рыверы… — Усё жыццё я дапамагаў землякам. У прыватнасці, садзейнічаў атрыманню дакументаў. Я быў не адзіны беларус, хто ўцякаў з Радзімы ад праклятага камунізму. Мы ведалі, што там нас чакаюць рэпрэсіі. І таму ў канцы вайны мільёны беларусаў запрэглі коней, селі на вазы і рушылі на Захад. — Але ж і цяпер уцякаюць. — Я іх разумею. Гэта нармальна. Няхай з’язджаюць за сваёй марай. Усё магчыма. Галоўнае — мова. Гэта дарога да поспеху. Я ведаю шэсць моваў. Мяне цешыць думка, што беларусы жывуць ва ўсім свеце. — Ці сочыце Вы за тым, што адбываецца ў Беларусі? — Ужо не. Але ў 90-я нават планаваў туды вярнуцца. У мяне была мара стварыць нацыянальны ўніверсітэт. Распрацаваў ідэю, шукаў фінансаванне, але на Радзіме гэта не выклікала імпэту. А цяпер я занадта стары. Тэлевізар амаль не гляджу. Мне больш падабаецца з людзьмі размаўляць. Вандроўка Барыса па свеце пачалася ў 8 гадоў. Сям’я Кіта ўцякла з рэвалюцыйнага Пецярбургу на Радзіму — у Беларусь, дзе бацькі завялі ўласную гаспадарку. Барыс вырас у вёсцы пад Навагрудкам, атрымаў дыплом Віленскага ўніверсітэта і пачаў выкладаць матэматыку ў школах Заходняй Беларусі. Вірлівае жыццё было наканавана Барысу лёсам… альбо прозвішчам. — Маё сапраўднае прозвішча — Кіта, а не Кіт. У пасведчанні аб нараджэнні прозвішча напісалі праз "яць" — Кітъ, але пасля моўнай рэформы гэтую літару папросту выкраслілі. Так атрымаўся Кіт, які потым абплыў усе акіяны. — Часта згадваеце гады, пражытыя ў Беларусі? — Канечне, тады я быў малады. На маіх вачах стваралася новая беларуская дзяржава. І было цікава ўдзельнічаць у гэтым. Я асабіста займаўся стварэннем школ. Мабыць, ведаеце Таварыства беларускай школы, Тарашкевіча? Мы адкрылі больш за 100 беларускамоўных школ. — А сёння ў Беларсі іх з кожным годам меней… — Дык нам усе дапамагалі. Нават тыя, у каго не было дзяцей: прыносілі грошы, давалі коней ці проста працавалі на будаўніцтве. Таксама мы выкарыстоўвалі палітычную сітуацыю. Камуністы падтрымлівалі беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі, каб паслабіць польскі ўплыў, і не шкадавалі на гэта сродкаў. — А як палякі сябе паводзілі? — Яны нам не спрыялі… Таму калі пад уплывам камуністаў ТБШ пачало займацца палітычнымі пытаннямі, нас усіх арыштавалі: Шырму, Тарашкевіча, Уласава… Гэта было ў пачатку 30-х. Уратаваліся толькі тыя, хто маўчаў на допытах, такіх было 3 чалавекі, у тым ліку і я, астатнім далі па 8 гадоў. А потым прыйшлі камуністы і замест таго, каб вызваліць усіх, далі некаторым яшчэ па 8 гадоў і выслалі у Сібір. — Вы былі ў самым эпіцэнтры, былі асабіста знаёмы з людзьмі, пра якіх мы ў падручніках чытаем… — Дык у Беларусі заўсёды жылі цікавыя людзі. Прыгадайце хаця б Казіміра Семяновіча, вынаходніка шматступеннай ракеты. Ён жа беларускі да Вінчы! Беларусы часта пра космас марылі, напрыклад Драздовіч. Яго я асабіста ведаў, ён маляванне ў мяне выкладаў, я тады малы быў, таму пра космас не размаўлялі. — А потым самі настаўнікам сталі… — Жыў у Вільні — выкладаў матэматыку, а потым і дырэктарам гімназіі стаў. У мяне па-беларуску тысяча шкаляроў навучалася. Тады ў горадзе літоўцаў амаль не было — яўрэі, палякі ды беларусы. Але потым Сталін падараваў горад Літве — прыйшлі літоўцы, і мы мусілі з усім скарбам пераязджаць у Навагрудак. — Вы былі настаўнікам і ў гады Другой сусветнай вайны. — Гаўляйтар Кубэ не быў прыхільнікам Гітлера і спрыяў адкрыццю школ у Беларусі. Але я пайшоў далей і стварыў падпольны ўніверсітэт, за што мяне маглі расстраляць. Мяне выклікалі ў Мінск на размову, але пакуль я туды ехаў, немцы былі вымушаны ўцякаць, ім стала не да мяне. — Але ж Вы не пазбеглі турмы. — Так, але тое было раней. У маёй школе працаваў настаўнік, які быў звязаны з партызанамі. Калі немцы пра гэта даведаліся, то прыйшлі да мяне і спыталі яго адрас. Я не мог адмовіць, але даў няправільны нумар хаты, каб той змог убачыць, што па яго ідуць, і збегчы ў лес. Так і атрымалася. За гэта мяне арыштавалі. Цэлы месяц я сядзеў у турме, а за сцяной расстрэльвалі людзей, штодня па 25 чалавек. — У Вашым жыцці было шмат дзіўных выпадковасцяў… — І звычайна шчаслівых. Напрыклад, матэматыкам я зрабіўся цалкам выпадкова. Заўсёды марыў быць гісторыкам. Калі прыйшоў падаваць дакументы, там было дзве чаргі — доўгая на гістарычны факультэт і кароткая на фізмат. Паленаваўся стаяць у доўгай, і гэта вызначыла мой лёс. Кім бы я быў у Амерыцы без матэматыкі? Мыў бы посуд у рэстарацыях. — А пачалі разлічваць змест ракетнага паліва. — Дарэчы, працу ў Амерыцы я таксама атрымаў дзякуючы выпадку. Прыйшоў на сустрэчу польскай суполкі, пазнаёміўся за келіхам віна з прафесарам Густавам Макшыцкім. Калі той даведаўся, што я матэматык, то дапамог мне атрымаць працу ў NАА — арганізацыі, якая займаецца касмічнымі даследаваннямі. Свет убачыў першы крок чалавека на Месяцы дзякуючы Барысу Кіту. У наўпростым сэнсе. Беларус вылічыў, як ажыццявіць жывую відэатрансляцыю з космасу. А тады, дарэчы, лічбавых тэхналогій не існавала. Уласна, і сам палёт на Месяц без Кіта не атрымаўся бы — навуковец вынайшаў рэвалюцыйны на той час від ракетнага паліва — вадкі вадарод. Не дзіўна, што яго імя захаванае ў капсуле часу ў Капітоліі, а ўсе ўзнагароды немагчыма пералічыць. — Чаму пасля такой паспяховай кар’еры Вы вырашылі пераехаць у Франкфурт? — У Франкфурт я прыехаў займацца ўніверсітэцкімі даследаваннямі, а застаўся праз Тамару. Выпадкова пазнаёміўся тут з маёй каханай, і потым вандравалі разам па ўсім свеце. Яна мне вельмі дапамагала, яе прыгажосць вабіла, і на навуковых кангрэсах да нас заўсёды падыходзілі знаёміцца першымі.
— Як Вы здолелі ўтрымаць такую прыгажуню? — Мы ніколі не жылі ў адной кватэры. А разам ужо 40 гадоў. Тамара таксама прысутнічала на нашай сустрэчы. Вельмі прыгожая жанчына — чымсьці падобная да балерыны (насамрэч яна ўсё жыццё працавала сакратаркай у банку). Калі яны пазнаёміліся, Тамары было 35 гадоў, Барысу — 62. Па яе словах, Барыс вельмі моцна ўразіў яе — дасціпны, выкшталцоны і ладны мужчына, да таго ж, выбітны апавядальнік. Ён і цяпер такі. — Я ўжо прыдбаў месца для сябе і Тамары на самых старых рускіх могілках Еўропы. Гэта тут недалёка — у Вісбадэне, 40 км ад Франкфурта. Там ёсць праваслаўная царква. У нас будуць цудоўныя суседзі — графіня Варанцова-Дашкава і жонка Пушкіна Наталля Ганчарова. — Ці верыце Вы ў Бога? — Так, цяпер мне хацелася б верыць. Калі я быў малады, дык не думаў пра гэта. Але дажываючы апошнія дні, я спадзяюся, што гэта не канец.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Уласна, і сам палёт на Месяц без Кіта не атрымаўся бы - навуковец вынайшаў рэвалюцыйны на той час від ракетнага паліва - вадкі вадарод. Не дзіўна, што яго імя...
|
|