Беларуская жаночая гімназія: перавагі раздзельнай адукацыі
25.04.2012 09:52
—
Новости Общества
|
Беларуская жаночая гімназія: перавагі раздзельнай адукацыі Гэтыя вучаніцы не падкладаюць вату ў станік, каб уразіць аднакласнікаў, не атрымліваюць на ўроках непрыстойных цыдулак і не сохнуць па самым прыгожым хлопчыку школы. 34mag з’ездзіў у Жодзіна, каб наведаць адзіную ў Беларусі жаночую гімназію і даведацца, што на справе ўяўляе з сябе раздзельнае навучанне.
"Жаночая гімназія? Тут? Ды ладна!" Просім маршрутчыка спыніцца на вуліцы Савецкай. "Вы ў турму? – удакладняе ён. – Звычайна ўсе ў турму едуць". Турма, як вядома, галоўная жодзінская адметнасць, круцейшая за БЕЛАЗ. "Тут Казулін сядзеў", – не без гонару дадае кіроўца. Але пачуўшы, куды нам трэба, з недаверам рагоча: "Жаночая гімназія? Тут? Ды ладна! Царкоўна-прыхадская ці што?". Месца для гімназіі, у сценах якой распускаецца рахманая дзявочая краса і нараджаюцца пяшчотныя падлеткавыя мары, сапраўды падаецца не самым жыццярадасным. Побач з ёй, на ўскрайку Жодзіна, апроч сумна вядомай турмы размяшчаюцца таксама сацыяльны прытулак, вайсковая частка і дзіцячы дом. У самім будынку гімназіі, куды яна пераехала нядаўна, раней быў інтэрнат, ад якога ў спадчыну засталіся безнадзейна сінія сцены і цьмяныя калідоры. Але тут адразу зрабілі рамонт, па-жаночаму ўдыхнуўшы хатняй утульнасці, сцены пафарбавалі цёплымі колерамі, а на прыступках зазвінеў заразлівы смех гімназістак. Адразу здзіўляе вельмі сціплы і кансерватыўны выгляд дзяўчат. Тут не зблытаеш вучаніцу з настаўніцай, не пабачыш ракавых львіц з закручанымі пазногцямі, высокіх абцасаў і шакуючых спалучэнняў колераў у адзенні і макіяжы. Гімназісткі ўсмешлівыя і нязвыкла натуральныя. Пры словах "жаночая адукацыя" звычайна ўяўляецца інстытут высакакародных дзяўчат, дзе вучаць быць руплівай гаспадыняй, добрай жонкай і ахвярнай жанчынай-маці. Яшчэ сем гадоў таму жодзінскіх гімназістак сапраўды рыхтавалі галоўным чынам як будучых нявест, якія збіралі пасаг з навыкаў пляцення фрывалітэ, макіяжу, кухарства, цырульніцкага майстэрства і добрых манераў. Пасля скіраванасць навучання змянілася, і цяпер на сайце гімназіі можна прачытаць: "Рыхтуем высокаінтэлектуальных дзяўчат". "Феміністак сярод настаўніц у нас няма" Сёння паміж "вучыцца" і "жаніцца" большасць гімназістак з рашучым выглядам незалежнай жанчыны абірае першае. Прычым на пытанне, кім ты хочаш зрабіцца, калі вырасцеш, самымі папулярнымі адказамі ў гімназічных калідорах былі: тэрапеўтам, фармацэўтам ці стаматолагам (адна дзяўчына вельмі сур’ёзна адказала: кардыёхірургам) – традыцыйна 50% гімназістак паступаюць у медыцынскія навучальныя ўстановы. У інстытут "Энвіла", дарэчы, за ўсю гісторыю гімназіі не паступала ніводная. "Але не думаю, што гэта можна патлумачыць тым, што дзяўчаты вырваліся на свабоду і адразу памкнуліся ў мужчынскі калектыў!" – смяецца дырэктар гімназіі Людміла Вітальеўна Талмачова. "Мы кажам дзяўчатам, што важна абраць любімую прафесію, а не тую, на якую проста хапіла балаў, – працягвае яна. – Бо хадзіць на нелюбімую працу – гэта вялікае няшчасце, якое абавязкова адаб’ецца і на сям'і. Замужжа – гэта не самамэта, але таксама важна, як важна і нарадзіць дзіця". Памкненне паставіць гімназістку на кар’ерную лесвіцу тут усё-ткі сумяшчаюць з выкладаннем чыста "жаночых" прадметаў: кройка і шыццё, рукадзелле, вакал, харэаграфія – чаму б і не, карысна для сябе любімай. Любяць дзяўчаты таксама калі-нікалі зняць напружанне ў ціры, разрадзіўшы абойму дакладнымі стрэламі "ў яблычак". Ёсць яшчэ прадмет "Cям’язнаўства", дзе вучаць лавіраваць у блытаных лабірынтах мужчынскай псіхалогіі, а таксама даюць простыя жыццёвыя парады будучым жонкам: напрыклад, у якіх пытаннях трэба саступіць мужчыне або як сказаць "не", каб не пакрыўдзіць. Цяжка ўявіць, як у сувораўскай вучэльні або ў нейкім кадэцкім корпусе хлопцаў вучаць майстэрству дыялога з жонкай. "Феміністак сярод настаўніц у нас няма, – гаворыць Людміла Вітальеўна. – Дый я сама ні ў якім разе не феміністка". Што цікава, у гімназіі працуе вельмі шмат мужчын-выкладчыкаў, больш чым у якой іншай жодзінскай школе. Вучаніцы, вядома ж, як і любыя школьніцы, з імі фліртуюць, але асабліва цяжка даводзіцца аднаму маладому спецыялісту. З ім сур’ёзна гутараць і ўнушаюць, што гэтае выпрабаванне – для сапраўднага джэдая. "Аднойчы мы заўважылі сімпатыю паміж маладым настаўнікам і гімназісткай, і тады ўжо вельмі сачылі за імі, але ўсё было прыстойна. А пажаніліся яны праз тры гады пасля таго, як пакінулі гімназію", – згадвае дырэктар. "Вунь у Пугачовай з Галкіным таксама розніца ва ўзросце, і што такога?" Здавалася б, няма больш панылага відовішча, чым дыскатэка ў жаночай гімназіі. Але дырэктар запэўнівае, што гэта зусім не так. Бо ў кожнай ёсць сябры, якіх яна можа прывесці з сабой на гэтую закрытую вечарынку. І ім яшчэ прыйдзецца канкураваць з маладымі салдацікамі, якіх часам адмыслова выдзяляе для бала камандаванне вайсковай часткі па суседстве. "Раней і сувораўцы прыходзілі, але складана ім да нас з Мінска ездзіць, таму сувязь страцілі", – кажа Людміла Вітальеўна. У гімназіі вучацца каля 250 дзяўчат, і кіраўніцтва ведае кожную пайменна, а таксама цішком назірае за асабістым жыццём гадаванкі. "Калі раптам да вас дойдуць чуткі, што старшакласніца сустракаецца з мужчынам узросту ейнага таты, ці будзеце вы ўмешвацца?" – пытаюся ў дырэктара, прыгадваючы бунінскую гімназістку з лёгкім подыхам. "Не, калі, вядома ж, яна не спрабуе разбіць ягоную сям’ю. А так гэта ейны выбар. Ну бывае ў жыцці і гэткае каханне. Вунь у Пугачовай з Галкіным таксама розніца ва ўзросце, і што такога? – адказвае Людміла Вітальеўна. – Але калі мы бачым, што гімназістка звязалася з алкаголікам з крымінальным мінулым ці з хлопцам, які не цэніць дзяўчыны, абражае, б’е, схіляе да цыгарэт і выпіўкі, тады мы мусім яе пераканаць. Вядома, цяжка штосьці зрабіць, калі вочы засціць вэлюм кахання, але часам удаецца дастукацца". Вельмі рэдка, але здараюцца і сур’ёзныя дзявочыя разборкі: "Гады тры таму было высвятленне адносінаў паміж дзвюма гімназісткамі з-за хлопца. Усёй гімназіяй разнімалі! А хлопчык не дастаўся ніводнай, бо высветлілася, што там не было за што біцца". "Нам увесь час даводзіцца даказваць, што раздзельная адукацыя вельмі добрая. Тады мы распавядаем пра Кандалізу Райс, Маргарэт Тэтчэр ды ўсялякіх іншых паспяховых жанчын, якія таксама скончылі жаночыя гімназіі, – кажа Людміла Вітальеўна. – У Еўропе і Амерыцы навучанне ў раздзельных школах лічыцца прэстыжным, вельмі шмат іх і ў краінах постсавецкай прасторы, а ў Беларусі толькі адна. А да 1956 года, між іншым, ва ўсім СССР была раздзельная адукацыя. Пра гэта сёння маўчаць". Галоўным плюсам вучобы ў коле дзяўчат дырэктар лічыць тое, што яны растуць пазбаўленыя любых комплексаў. Магчыма, тыя катастрофы чалавечага цела, якія робіць з людзьмі пераходны ўзрост, лепш перажыць без старонніх вачэй. Адсутнасці комплексаў спрыяе і тое, што ў закрытых школах усё так па-сямейнаму. Гімназістка, напрыклад, лёгка можа падбегчы да дырэктара на перапынку і пахіхікаць на жаночыя тэмы або задаць любое пытанне. "Мяне ўчора машына абпырскала, і што мне было рабіць?" – пакрыўджана пытае ў дырэктара дзяўчынка ў калідоры. Ну і галоўнае, стыль выкладання для дзяўчатак і хлопчыкаў павінен быць розны. "Напрыклад, на ўроках фізікі хлопчыкам трэба спачатку паказаць, а пасля патлумачыць, а дзяўчаткам наадварот, – упэўненая Людміла Вітальеўна. – Таму ў звычайных школах педагогі часта робяць стаўку на хлопчыкаў, а дзяўчаткі могуць засвоіць фізіку, толькі маючы мужчынскі склад розуму". Распытваючы сяброў, у якіх ёсць дзеці, пра тое, што яны думаюць пра раздзельнае навучанне, мы нечакана даведаліся: шмат хто не супраць аддаць іх у якую-небудзь закрытую школу. А паводле якой прыкметы яна будзе закрытая – пола ці пэўных зацікаўленасцяў, не так важна, галоўнае – атмасфера. А тое, што няма ўвагі супрацьлеглага полу, ну што ж: на філфаку вунь таксама 3,5 хлопцы на паток, і нічога. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтыя вучаніцы не падкладаюць вату ў станік, каб уразіць аднакласнікаў, не атрымліваюць на ўроках непрыстойных цыдулак і не сохнуць па самым прыгожым хлопчыку... |
|