Самая прыгожая беларуска жыве ў Брэсце. 21.by

Самая прыгожая беларуска жыве ў Брэсце

08.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

А гледачы найбольш упадабалі мінчанку

Хто сказаў, што снарад двойчы не трапляе ў адну варонку? Фінал VІІІ Нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь-2012" гэтае сцвярджэнне яскрава абверг. Бо першай прыгажуняй краіны журы назвала Юлію Скалковіч, ураджэнку вёскі Клейнікі Брэсцкага раёна — той самай вёскі, з якой родам уладальніца тытула "Міс Беларусь-2002" Вольга Неўдах.

Гісторыя трыумфу 20-гадовай брастаўчанкі Юлі нагадвае чарговую казку пра Папялушку. Жыла-была сабе прыгожая дзяўчына са звычайнай сям'і (мама — настаўніца, тата — намеснік дырэктара ў прыватнай фірме), якая ніколі не была мадэллю, а марыла стаць архітэктарам і вучылася на гэтай спецыяльнасці ў Беларускім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. І на конкурс прыгажосці, уласна кажучы, апантаная вучобай трэцякурсніца БДТУ не збіралася — яе літаральна за руку прывёў на кастынг жаніх. Ён жа быў адным з тых, хто актыўна ўгаворваў Юлю застацца на праекце, калі дзяўчына, стомленая як фізічна, так і псіхалагічна, ужо вырашыла было пакінуць конкурс і адмовіцца ад барацьбы... Аказалася, арганізатары і блізкія людзі адгаварылі ад гэтага кроку дзяўчыну не дарэмна: ужо ў красавіку Юлія Скалковіч атрымала тытул "Міс Фота", а 5 мая, нечакана найперш для самой сябе — перамагла. Нават пасля абвяшчэння вынікаў, цырымоніі перадачы кароны і сертыфікату на грашовы прыз (50 мільёнаў рублёў), пасля абавязковай агульнай фотасесіі і першай хвалі віншаванняў ад былых суперніц у вачах Юлі выразна чыталася: "Не можа быць!".

"Міс Беларусь-2012" Юлія Скалковіч (у цэнтры), першая віцэ-міс Вікторыя Шавель (злева) і другая віцэ-міс Анастасія Пагранічная.

— Такое адчуванне, што ўсё гэта адбываецца не са мной, — крыху сарамліва прызналася дзяўчына журналістам. Уласна, таму і пра далейшыя свае крокі — як распарадзіцца прызавымі грашыма, як найхутчэй разабрацца з сесіяй — новая "Міс Беларусь" амаль нічога распавесці не магла. Агучыла толькі жаданне нумар адзін — адпачыць крыху і пабыць нарэшце дома, з усімі роднымі.

— Юля, перамога ў конкурсе як і ўсякі медаль мае два бакі: з аднаго — прызы, віншаванні, права прадстаўляць Беларусь на "Міс Свету", але з другога — пэўныя абавязкі. У прыватнасці, кантракт з арганізатарамі, паводле якога вы 2 гады не можаце выйсці замуж. Вы з жаніхом гатовы да такой перспектывы? — спыталіся мы ў прыгажуні.

— А хіба ў мяне ёсць выбар? — крыху сумна ўсміхнулася дзяўчына. — Мы з маім маладым чалавекам проста не ўяўлялі, што я магу стаць пераможцай, таму загадзя і не абмяркоўвалі гэта. Але нічога, думаю, справімся.

Што яшчэ дадаць пра новую каралеву прыгажосці? Хіба тое, што са сваіх ідэальных параметраў яна не робіць культу, і з задавальненнем ласуецца ўсялякай "шкоднай смакатой" — пірожнымі ды булачкамі. Але пры тым не забываецца тройчы на тыдзень наведваць спартзалу, любіць басейн і ўвогуле актыўна рухаецца.

Тытул першай віцэ-міс Беларусь-2012 павезла ў родны Гомель яркая бландзінка Вікторыя Шавель, другой віцэ-міс стала прадстаўніца Жодзіна Анастасія Пагранічная. Таксама ў фінале конкурсу былі названы ўладальніцы тытулаў "Міс Сяброўства" — гамяльчанка Іна Канавалава, "Міс Дабрачыннасць" — Марыя Вялічка (дзяўчына зладзіла ў родным Віцебску акцыю для беспрытульных жывёл і знайшла для многіх з іх новы дом) і "Міс Глядацкіх сімпатый" — мінчанка Таццяна Давыдзенка.

Дэталі, якія нас уразілі

— Сёлета конкурс "Міс Беларусь" быў зладжаны практычна цалкам сваімі сіламі — арганізатары не запрашалі ні маскоўскіх рэжысёраў, ні прыезджых артыстаў. Дый беларускіх таксама — хіба што ў якасці гледачоў. На сцэне ж выступалі выключна выпускнікі праектаў АНТ — "Акадэмія талентаў" і дзіцячага "Я спяваю". Зрэшты, магчыма, гэта і да лепшага: прынамсі, ніякія "зоркі" не адцягвалі ўвагі публікі ад уласна канкурсантак і тэмы вечара.

— Уборы 28 фіналістак падчас розных дэфіле вагаліся ад вельмі рамантычных ("шляхецкая" калекцыя нацыянальных убораў ад дызайнера Юліі Латушкінай шчыра парадавала) да вельмі крэатыўных (чаго вартыя былі хоць бы "павіны хвасты" з паветраных шарыкаў для праходу ў купальніках!).

— Мадэлі на подыуме неасцярожна падаюць не толькі ў кіно — падчас выхаду ў вячэрніх сукенках усіх перапалохала Наталля Міхальчык, якая заблыталася ў спадніцы і ўпала на сцэне. Аднак дзяўчына хутка справілася з хваляваннем, паднялася і пад дружныя апладысменты працягнула шоу.

— На Нацыянальным конкурсе прыгажосці ў складзе журы не было ніводнага прадстаўніка Нацыянальнай жа школы прыгажосці — хоць некалі менавіта гэтая ўстанова выступала адным з арганізатараў "Міс Беларусь".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота БЕЛТА

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А гледачы найбольш упадабалі мінчанку Хто сказаў, што снарад двойчы не трапляе ў адну варонку? Фінал VІІІ Нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь-2012"...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика