Чорнае слова. 21.by

Чорнае слова

11.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Брыдкасловяць цынікі і тыя, каму няма чым запоўніць прабелы ў слоўнікавым запасе

Стаю нядаўна ў невялікай чарзе да касы ў прадуктовай краме. Перада мной маладая, мілавідная жанчына — тыпаж, які не прапусціць ніводнае мужчынскае вока. Я не выключэнне, таму, павольна рухаючыся ў чарзе, крадком паглядаў на прыгажуню, аж пакуль яна не пачала разлічвацца. І тут высветлілася, што ў яе не хапае грошай і што быццам бы нехта з дамашніх «сцібрыў» у яе з кашалька некалькі купюр.

Здавалася б, нічога асаблівага не адбылося, калі б свае разважанні пра прычыны недахопу грошай жанчына не суправаджала такімі слоўцамі, ад якіх, як кажуць, вянуць вушы. I такі прывабны дагэтуль твар раптам ператварыўся ў агідную маску. Глядзець на яе больш не хацелася.

Нехта скажа: «Знайшоў чаму здзіўляцца — гэта ж звычайная з’ява». Так, на вялікі жаль, брыдкаслоўе зараз стала звычайнай з’явай сярод усіх слаёў насель-ніцтва.

Грубую лаянку можна пачуць і ад розных начальнікаў, і нават ад малодшых школьнікаў, як ад хлопчыкаў, так і ад дзяўчынак. Відаць, сённяшнія дзеткі не вераць, што за ўжыванне брыдкіх слоў на тым свеце прыйдзецца языком лізаць гарачую патэльню. А мы верылі. І баяліся. І не брыдкасловілі, хоць чорныя гэтыя словы і чулі, і ведалі.

Праўда, было гэта ў раннім дзяцінстве. Пазней мы, школьнікі 50-х гадоў, у сваім «мужчынскім» асяроддзі зрэдку «моцныя» словы ўжывалі, але пры дарослых і сваіх дзяўчынках-аднакласніцах — ніколі. Саромеліся. Сцвярджаю гэта, як кажуць, з усёй адказнасцю.

Як вядома, моўная культура — частка агульнай культуры чалавека, фарміруецца яна пад уплывам розных фактараў, сярод якіх адукацыя, мастацтва, СМІ, рэлігія, асабісты прыклад значных асоб. Калі брыкасловіць бацька, будзе брыдкасловіць і сын, хоць ёсць, вядома, і выключэнні.

Тэлебачанне і Інтэрнэт зараз сталі бадай што самымі галоўнымі выхавацелямі моладзі. А што маладыя людзі там бачаць і чуюць — усім вядома.

Да таго ж у Інтэрнэце можна сустрэць і абаронцаў брыдкаслоўя, маўляў, гэта гістарычна склаўшаяся частка моўнай культуры нашага народа. З гэтым можна пагадзіцца толькі ў тым выпадку, калі брыдкасловяць у пэўным эмацыянальным стане людзі, аднолькавыя па сваiм статусе. І акадэмікі могуць дзе-небудзь на рыбалцы ці на паляванні ўжыць пару «моцных» слоў, але калі паблізу нікога няма.

Іншая справа, што брыдкаслоўе шырока распаўсюдзілася ў грамадскіх месцах, у прысутнасці жанчын і дзяцей, і гэтаму ёсць назва — цынізм.

Зараз, калі я раблю заўвагу заўзятым «мацюжнікам», незалежна ад узросту часцей за ўсё ў адказ чую, што адны робяць гэта «для звязкі слоў», другія — «я — як і ўсе».

Лічу, што ў першых няма асабліва чаго «звязваць», вось яны і запаўняюць прабелы ў слоўнікавым запасе чорнымі словамі. Другім засмечваць сваю мову спрыяе звычайны канфармізм, што таксама перашкаджае развіццю паўнацэннай асобы.

І яшчэ. Не адзін раз давялося чытаць пра інфармацыйную памяць вады, дзякуючы якой яна можа мяняць сваю структуру. Так, пад уздзеяннем добрых слоў ці, напрыклад, малітвы ў вадзе ўтвараюцца сіметрычныя малекулярныя злучэнні, якія набываюць формы кветак, шароў або іншых фігур без вострых вуглоў. І наадварот, пад уздзеяннем грубай лаянкі ўтвараюцца бясформенныя фігуры з вуглавымі гранямі і вострымі шыпамі.

А калі ўлічыць, што арганізм чалавека на 80 % складаецца з вады, то стане зразумелым, чаму добрыя словы нас лечаць, а чорныя — калечаць. Часцей бы нам толькі пра гэта ўспамінаць!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Брыдкасловяць цынікі і тыя, у каго малы слоўнікавы запас
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика