Сто жылых дамоў у цэнтры Мінска сталі дзяржкаштоўнасцямі
12.05.2012 16:30
—
Новости Общества
|
Сто жылых дамоў у цэнтры Мінска сталі дзяржкаштоўнасцямі Каля 5,5 тысячы аб’ектаў маюць сёння статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нашай краіны. Нядаўна гэты пералік значна папоўніўся. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на падставе рашэнняў Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены адразу 131 аб’екту, у ліку якіх каля сотні шматкватэрных жылых дамоў у цэнтры Мінска.
З гэтага часу іх жыхары сталі ўладальнікамі маёмасці ў помніках архітэктуры, якія ўзятыя пад апеку і ахову дзяржавы. Чым адметныя гэтыя будынкі пасляваеннага савецкага перыяду і якія новыя абавязкі з’явіліся ў іх насельнікаў? За адказамі на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт "Р" звярнулася да начальніка Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара ЧАРНЯЎСКАГА. — Ігар Мяфодзьевіч, у ахоўны спіс трапілі ў большасці сваёй пабудовы 1950-х гадоў. У чым іх унікальнасць і каштоўнасць? — Вартасць помніка архітэктуры вызначаецца не часам яго стварэння, а наяўнасцю пэўных архітэктурных мастацкіх элементаў, якія сведчаць пра ўзровень якасці праектных рашэнняў, іх рэалізацыі, улічваючы і матэрыялы, якія выкарыстоўваліся пры ўзвядзенні кожнага канкрэтнага будынка. Калі гаварыць пра жылыя дамы 1930—1950-х гадоў у цэнтры Мінска, якім зараз нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці (а гэта будынкі ў розных месцах горада — па вуліцах Захарава, Змітрака Бядулі, Камсамольскай, Маскоўскай, Якуба Коласа, Чырвонаармейскай, Першамайскай і іншыя), то яны ўяўляюць сабой дастаткова цікавыя і яркія прыклады традыцыі горадабудаўніцтва пасляваеннага перыяду, калі Мінск аднаўляўся, узнімаўся з руін. — Пералічаныя вуліцы складаюць акружэнне цэнтральнай часткі праспекта Незалежнасці. Магчыма, не многія ведаюць, што яго архітэктурны ансамбль уключаны ў Папярэдні спіс ЮНЕСКА як унікальны помнік горадабудаўніцтва, што прэтэндуе на залічэнне ў Спіс сусветнай спадчыны. Падобны комплекс нібы праектаваўся ў свой час у Лондане, але так і не быў здзейснены. — Сапраўды, такія звесткі існуюць. Але ў цэнтры Лондана, які падчас вайны таксама пацярпеў ад бамбардзіровак фашысцкай авіяцыі, відаць, не дазволіла рэалізаваць падобны праект прыватная ўласнасць на зямельныя ўчасткі. У нас жа такіх перашкод не існавала, і групай архітэктараў з Масквы, Ленінграда і сваіх, беларускіх быў распрацаваны адзіны праект забудовы. Адметна, што рэалізоўваўся ён у дастаткова сціслы тэрмiн. У 1947 годзе быў прадстаўлены генеральны план вуліцы Савецкай — так тады называўся цяперашні праспект, але ён быў адхілены як незадавальняючы. Тады да кіраўніцтва работамі быў падключаны акадэмік архітэктуры Міхаіл Паруснікаў. Дарэчы, у распрацоўках ён прымаў самы непасрэдны ўдзел. Адзін з яго архітэктурных праектаў — будынак Нацыянальнага банка. Ужо ў 1949 годзе новы генплан быў зацверджаны, і пачынаючы фактычна з гэтага часу на працягу амаль 10 гадоў ансамбль праспекта быў узведзены. — Ці ёсць шанс у гэтага архітэктурнага комплексу трапіць у Сусветны спіс каштоўнасцей ЮНЕСКА? — У 2004 годзе Рэспубліка Беларусь накіравала ў Цэнтр сусветнай спадчыны ЮНЕСКА прапановы па аб’ектах, якія, з нашага пункту гледжання, вартыя ўключэння ў прэстыжны міжнародны пералік лепшых дасягненняў чалавецтва. І зараз, калі адкрыць на сайце ЮНЕСКА старонку Беларусі, ансамбль праспекта Незалежнасці там прысутнічае. Далей — усё ў нашых руках. У адпаведнасці з правіламі нашы спецыялісты павінны падрыхтаваць дасье гэтага аб’екта, накіраваць яго на разгляд экспертаў ЮНЕСКА, і пры іх станоўчым рашэнні ён можа быць уключаны ў спіс. Хаця ёсць адзін важны нюанс. Аб’ект-прэтэндэнт павінен не толькі вызначацца сваёй унікальнасцю, быць адметным і адзіным у свеце, захоўваць цэласнасць аўтарскага рашэння і цэласнасць рэалізацыі — гэта значыць, і матэрыялы, і элементы аздобы. Важна, каб быў захаваны і характар гістарычнага асяроддзя. Любыя новаўвядзенні не толькі на самім праспекце, але і на суседніх тэрыторыях могуць перакрэсліць яго намінацыю ў спіс. Дарэчы, гэтае неабходнае гістарычнае асяроддзе павінны падтрымліваць і тыя прылягаючыя да праспекта будынкі, якія зараз уключаны ў дзяржаўны ахоўны спіс. Наогул, хачу адзначыць, што праблемы з захаваннем гістарычнага асяроддзя помнікаў архітэктуры — гэта наша вялікая бяда, у тым ліку і аб’ектаў сусветнай спадчыны, а іх у нас нямнога, усяго чатыры. Дастаткова, на жаль, прыкладаў, калі гэтае гістарычнае асяроддзе імкнуцца сапсаваць, размяшчаючы побач то гандлёвыя павільёны, то не ўласцівыя па маштабе і асаблівасцях архітэктурнага аблічча будынкі, усталёўваючы рэкламу і г.д., што, канешне, несумяшчальна са статусам помніка ЮНЕСКА, бо ён самадастатковы і павінен адлюстроўваць асаблівасці перыяду свайго ўзнікнення і развіцця. — Вяртаючыся да новаўключаных у дзяржаўны спіс будынкаў. Якія новыя абавязкі з’явіліся ў іх жыхароў? — Абавязкі сапраўды ёсць. Першае, што патрабуецца, — плануючы маштабны рамонт з перапланіроўкай, узгадніць у Міністэрстве культуры свае дзеянні. І другое: пры замене сталярных вырабаў новаўсталяваныя павінны адпавядаць гістарычным па стылістыцы і колеры. Лічу, гэта не самыя складаныя абавязкі. Ну а клеіць шпалеры, класці плітку ці паркет, як каму хочацца, ніхто не забараняе. — А я вось думаю, што, збіраючыся замяніць тыя ж вокны, не надта пабягуць жыхары за дазволамі… — Памыляецеся. Будынкі, пра якія мы зараз гаворым, далёка не першыя ў сталіцы і не толькі, якія ўнесены ў дзяржаўны ахоўны спіс. На тым жа праспекце Незалежнасці ці, напрыклад, вуліцах Карла Маркса, Свярдлова ў дамах, якія з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, не адзін ужо год жывуць людзі, працуюць арганізацыі. Многія звяртаюцца за дазволамі на выкананне работ. Дарэчы, з мэтай спрашчэння сітуацыі для людзей Міністэрства культуры прапанавала Мінгарвыканкаму, каб ЖРЭА раёнаў, на тэрыторыі якіх размешчаны будынкі — помнікі архітэктуры, распрацавалі адзіныя схемы сталярных і дзвярных вырабаў, каб людзі не бегалі за кожным асобным дазволам у міністэрства, а былі забяспечаны патрэбнай інфармацыяй на ўзроўні свайго ЖЭСа, і ўзгаднення з мясцовай эксплуатацыйнай службай замены таго ж акна было б дастаткова. — А калі нехта замяніў вокны раней, чым дом атрымаў статус помніка, і супраць волі апынуўся ў парушальніках? — Да падобнай сітуацыі мы ставімся памяркоўна. І гэта праблема, хутчэй, ужо не ўласніка, а эксплуатацыйных служб і ў пэўнай меры Міністэрства культуры. — Чым пагражае невыкананне правілаў? — Тады ў дзеянне ўступае Адміністрацыйны кодэкс з адпаведнымі штрафнымі санкцыямі. Але гэта кампетэнцыя не Мінкультуры, а адміністратыўных камісій, якія дзейнічаюць пры кожным райвыканкаме ці адміністрацыi раёнаў. На аснове прадстаўленых Міністэрствам культуры ці адпаведнымі службамі Мінгарвыканкама дакументаў камісія прымае рашэнне, зыходзячы са ступені прычынення шкоды або ўзроўню парушэння заканадаўства. Наогул, пакараных не так і многа, хаця, калі зрабіць татальныя праверкі, пратаколаў было б, відавочна, больш. Дарэчы, увага да аховы спадчыны праяўляецца сёння не толькі з боку Міністэрства культуры. Свае праверкі праводзяць і органы пракурорскага нагляду. — Дык што ж, жыхару, які раптам даведаўся, што жыве ў помніку архітэктуры, ганарыцца гэтым фактам ці засмучацца? — Я, напрыклад, ганарыўся б, калі б жыў у доме, які з’яўляецца помнікам архітэктуры, які захоўваецца ў належным стане і прыцягвае да сябе ўвагу і суайчыннікаў, і прыезджых. Яшчэ раз хачу падкрэсліць: важна данесці да людзей, што праблем у сувязі з наданнем будынку статусу помніка архітэктуры для яго жыхароў не існуе. Камфорт пражывання не залежыць ад таго, помнік гэта ці звычайны дом. Да таго ж, думаю, увага з боку камунальных, эксплуатацыйных служб да гэтых аб’ектаў павялічыцца, і прывядзенне іх у належны санітарна-тэхнічны стан створыць у тым ліку і больш камфортныя ўмовы пражывання. Наогул, аб’екты, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі і ў якіх жывуць людзі, ёсць па ўсім свеце. Мы бачым іх і захапляемся імі, калі ездзім у суседнія краіны, у тую ж Чэхію напрыклад. Але чаму б не радавацца і ў сябе? Чаму б не прадстаўляць сябе суседзям на адпаведным культурным узроўні, пра які сведчыць наша стаўленне да сваіх унікальных помнікаў архітэктуры? Дарэчы Акрамя 102 нерухомых матэрыяльных аб’ектаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі нададзены сёлета таксама 24 карцінам з калекцыі твораў мастакоў парыжскай школы беларускага паходжання і 5 нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека. У ліку апошніх — хрэсьбінныя і вясельныя песні вёскі Паршына Горацкага раёна, тэхналогія пляцення лапцей, якая захавалася на Дрыбіншчыне, закладная тэхніка ткацтва чырвона-белых ручнікоў вёскі Семежава Капыльскага раёна, абрад "Бразгун" вёскі Наркі Чэрыкаўскага раёна і абрад "Цягнуць Каляду на дуба" вёскі Новіны Бярэзінскага раёна. У тэму Міністэрства культуры Беларусі сёлета праводзіць конкурс на лепшы прыклад аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей з мэтай прастымуляваць мясцовыя ўлады на больш актыўную працу ў гэтым накірунку. Мяркуецца, што конкурс дапаможа скіраваць увагу ўласнікаў і карыстальнікаў гістарычных помнікаў, спецыялістаў на ўсіх узроўнях да выканання існуючага заканадаўства ў дадзенай сферы. Вынікі конкурсу будуць падведзены ў жніўні бягучага года, узнагароды атрымаюць трое пераможцаў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З гэтага часу іх жыхары сталі ўладальнікамі маёмасці ў помніках архітэктуры, якія ўзятыя пад апеку і ахову дзяржавы. Чым адметныя гэтыя будынкі пасляваеннага...
|
|