Пажар на вуліцы Хейкеля
15.05.2012
—
Новости Общества
|
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" перадае з Хельсінкі Балельшчыкі каманды Фінляндыі пасля двух паражэнняў запар гаспадароў ад канадцаў(3:5) і амерыканцаў (0:5) (без уліку ўчарашняй заключнай сустрэчы з казахамі, якая завяршылася позна ўвечары) павалілі на зямлю металічную агароджу, якая была ўстаноўлена для рэгуліроўкі людскога патоку пры выхадзе з "Хартвал Арэны" да чыгуначнай платформы, адкуль народ раз'язджаўся ў розныя канцы фінскай сталіцы. І гэта пры тым, што лёгкую металічную канструкцыю арганізатары першынства планеты доўга тэсціравалі на трываласць. Аднак абурэнню фанатаў, кожны з якіх заплаціў як мінімум 200 еўра (а менавіта так вырасла такса на матчы з удзелам дзеючых чэмпіёнаў супраць залатых і сярэбраных прызёраў Ванкувера), не было меры. Вось вам і пацвярджэнне сэнсу анекдота пра "гарачых" фінскіх хлопцаў. Праўда, сярод тых, хто плакаў ад няўдачы, нямала было і жаночых твараў. Кары Хейкеля спрабуе выратаваць матч са славакамі: браты Андрэй і Сяргей Касціцыны і Аляксей Калюжны слухаюць трэнерскія парады. Пэўна, што такіх эмоцый ад выступлення беларускай каманды ніхто не дачакаецца. І не толькі таму, што тут мала нашых і ў іх знік патрыятызм і эмацыянальны запал. Проста неяк незаўважна падначаленыя Кары Хейкеля з разраду патэнцыяльных кандыдатаў на выхад у васьмёрку мацнейшых перайшлі у разрад тых, чый узровень гульні ацэньваецца як неймаверна нізкі. Ну, а каму ахвота траціцца нават на 20-30 еўра, калі глядзець няма на што? Худа-бедна выручаюць у статыстычных падліках "тройка энхээлаўцаў" у асобах Міхаіла Грабоўскага і братоў Андрэя і Сяргея Касціцыных, якія сталі сааўтарамі адзінага гола ў вароты зборнай Славакіі. Прыстойна выглядаюць нашы КХЛаўскія легіянеры — Аляксей Калюжны, Канстанцін Каляцоў, Аляксей Угараў, Яўген Кавыршын. Ну, а што тычыцца цэлай дзясяткі гульцоў з мінскага "Дынама", якое ледзь не штодня песцілі і ўсхвалялі кіраўнікі аднайменнага ведамства, дык на гэтым фронце — без перамен. Ніводнай галявой перадачы, ніводнага выніковага кідка (без уліку ўчарашняга матча з французамі). А самае крыўднае — з дысцыплінай не ўсё ў парадку. І не толькі з гульнявой на хакейнай пляцоўцы, калі некаторыя з патэнцыяльных "зорак" не ведаюць, што з шайбай рабіць, а ў рэальным жыцці. Пацвярджэнне таму — тайнае самавольнае знікненне з радоў нацыянальнай зборнай аднаго з самых высокааплатных гульцоў сталічных "зуброў" — Андрэя Мезіна. Безумоўна, не ведаючы сапраўдных матываў такога праступку, які, тым не менш, не падлягае апраўданню, нельга рабіць якія-небудзь высновы. Такую ролю маглі на сябе ўзяць прадстаўнікі хакейнага штаба беларускай зборнай. Аднак пакуль няма ніякіх каментарыяў беларускім журналістам, якія працуюць у прэс-цэнтры сусветнага першынства. Тут бы, што называецца, узяць і расставіць кропкі над "і". А так — поўная адсутнасць інфармацыі і здагадкі. Паводле размовы з маім калегам з "Прессбола", у яго была дамоўленасць наконт адкрытай размовы з настаўнікам хакейнага клуба "Юнацтва" Міхаілам Захаравым. Аднак у апошні момант Міхаіл Міхайлавіч адмовіўся ад сустрэчы з журналістам. Зрэшты, "станоўчым" момантам у сітуацыі, што склалася, можна лічыць тое, што пра Беларусь загаварылі. Славацкія журналісты, якія перад матчам іх каманды з беларусамі прадракалі выйгрыш сваёй каманды ў авертайме, і фінскія як сабраты па няшчасці, раз за разам пыталі: "А дзе зараз Мезін?" Нам таксама хацелася б гэта ведаць. Паводле інфармацыі, атрыманай з дакладных крыніц, у дзень гульні з амерыканцамі 38-гадовы галкіпер быў расстроены тым, што трэнерскі штаб мяркуе заявіць яго ў аснову, не папярэдзіўшы загадзя. Маўляў, давай, Андрэй, бо ў Віталя Коваля праблемы са спінаю. Падстрахуй. Чым гэтая гісторыя завяршылася — мы ведаем. Праўда, у яе мог быць і працяг. Зноў жа з кампетэнтных крыніц стала вядома, што лёс беларускага галкіпера мог паўтарыць і нападаючы зборнай і хабараўскага "Амура" Андрэй Сцяпанаў, няўдалы выпад якога стаў прычынай першага гола ў матчы з казахамі. Дык вось да просьбы трэнераў папрацаваць дадаткова на велатрэнажоры 26-гадовы гулец нацыянальнай каманды адказаў неразуменнем і ўжо быў гатовы пакінуць стан зборнай, але ў рэшце рэшт сітуацыю ўдалося выправіць. Наколькі гэтая інфармацыя мае пад сабой глебу — пакажа час. Праўда, ужо зараз відавочна, што ў штабе Кары Хейкеля, які на ўсе няўдачы знаходзіць апраўданні, далёка не ўсё ў парадку. І калі пасля правальнай гульні фінаў з амерыканцамі настаўнік зборнай "Суомі" Юка Яланен шчыра прызнаўся: матч, маўляў, правалены з-за таго, што яго падначаленыя не змаглі нічога звышарыгінальнага супрацьпаставіць высокай арганізацыі гульні заакіянскіх хакеістаў, то яго зямляк і настаўнік беларусаў заявіў, што ў гульні са славакамі мы правалілі ўсяго толькі 10 хвілін у другім перыядзе. А ў астатнім ні ў чым не саступалі суперніку. Як кажуць, Бог яму суддзя. Хоць ужо сёння відавочна: ніякі замежны трэнер, асабліва той, які не мае рэйтынгавага статусу ў сусветнай хакейнай супольнасці, не здольны належным чынам наладзіць плённую работу ў камандзе, у тым ліку і ў дысцыплінарным плане. Гэтак жа мы прыйдзем у тупік, калі замест выхавання з маленства юных дамарослых хакеістаў пад кіраўніцтвам кваліфікаваных трэнераў з дастойнай зарплатай будзем займацца асіміляцыяй замежных ваяжораў і заключэннем з імі мільённых доларавых кантрактаў. Вось калі б чарговы канадзец, фін альбо беларус быў аплачаны з грошай, заробленых клубам асабіста... Тады б кожны з бакоў быў бы ў адказе за свае дзеянні і заробак. Зрэшты, учора ў каманды Кары Хейкеля была цудоўная магчымасць развеяць усе хмары, якія згусціліся над камандай Беларусі, і вярнуць ёй станоўчы імідж. У перадапошняй сустрэчы нашы хакеісты сустракаліся з камандай Францыі, якая ў Хельсінкі паспела нарабіць шуму і нават стаць прэтэндэнтам на выхад у чвэрцьфінал. Для гэтага напачатку ім неабходна было выйграць у сваіх старых супернікаў з Беларусі. Па зразумелых прычынах гэты паядынак не выклікаў нейкага ажыятажу, і на ўваходзе на тэрыторыі "Хартвал Арэны" спекулянты прапаноўвалі білецік за 30 еўра. І стаялі на цане да апошняга. Балазе, што надвор'е зараз у Хельсінкі ўстанавілася па-сапраўднаму майскае, і цёплае сонца толькі спрыяе іх актыўнай дзейнасці, нягледзячы на ўсе намаганні паліцыі і службы аховы па прадухіленні ценявой дзейнасці перакупшчыкаў. Сённяшні матч з канадцамі для беларусаў у любым выпадку не стане лебядзінай песняй: мы застаёмся ў хакейнай эліце як мінімум на адзін год. Пэўна, што за заключнай вячэрай, якая плануецца напрыканцы дня, гульцам будзе што сказаць адзін аднаму і падумаць, як беларускі хакей будзе развівацца далей. Уладзімір ЗДАНОВІЧ. Хельсінкі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" перадае з Хельсінкі Балельшчыкі каманды Фінляндыі пасля двух паражэнняў запар гаспадароў ад канадцаў(3:5) і амерыканцаў (0:5)... |
|