"Дзе мае 10 месяцаў?". 21.by

"Дзе мае 10 месяцаў?"

15.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пісьмо чытачкі і адказ намесніка міністра

Рэдакцыя "Звязды" атрымала ліст ад падпісчыцы, пенсіянеркі Алы Міхайлаўны Акрутновіч са Слоніма:

"У апошні час шмат гавораць і пішуць пра пенсійную рэформу. Я як падпісчыца вашай газеты хачу звярнуцца праз вас у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Я пайшла працаваць адразу пасля школы (10 класаў), тэхнікум заканчвала завочна, у мяне трое дзяцей, але ў дэкрэтным водпуску па тры гады я не была ні з адным дзіцем (гэта я да таго, што пры ўсім жаданні стажу больш у мяне быць ніяк не магло). А калі выходзіла на пенсію, мой стаж склаў 36 гадоў і 10 месяцаў, але ў разлік пенсіі ўвайшлі толькі 36 гадоў, а 10 месяцаў у мяне папросту ўкралі. Так, я ведаю, што можна было адмовіцца ад пенсіі на гэтыя два месяцы, і стаж быў бы 37 гадоў. Але мяне абурае наступнае: за два месяцы, адмовіўшыся ад пенсіі, на той час я б "згубіла" прыкладна 1 200 000 рублёў, а пенсіі атрымала б за стаж 37 гадоў на 10 000 больш, чым за стаж 36 гадоў. Выходзіць, што, каб "вярнуліся" гэтыя 1 200 000 рублёў, мне неабходна яшчэ 10 гадоў, а ці пражыву я столькі? Дык няўжо складана падлічыць людзям увесь стаж з улікам адпрацаваных гадоў і месяцаў?

Зразумела, што ў маштабах рэспублікі гэта добрая эканомія пенсійнага фонду, але ці трэба так крыўдзіць людзей, адбіраючы ў іх капейкі — не кожнаму ў перадпенсійным узросце было лёгка адпрацаваць гэтыя апошнія месяцы.

Яшчэ хачу выказаць сваю думку наконт апошніх змяненняў у пенсійнай рэформе. Тое, што большасць працуючых пенсіянераў адмовяцца ад пенсіі ў лік будучых працэнтаў, вельмі сумніўна. У большасці людзей адна думка: "А ці дажыву я да гэтых працэнтаў?". Ці не было б лепш плаціць пенсію працуючым пенсіянерам не болей за 50%, а прапрацаваныя гады залічваць у стаж на агульных падставах без усялякіх дадатковых працэнтаў? У савецкі час прыкладна так і было — ІТР і служачым пенсіі поўнасцю не плацілі, а ў стаж залічваўся ўвесь час працы".

Мы пераслалі прапановы Алы Міхайлаўны Акрутновіч у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і атрымалі адказ ад намесніка міністра Ігара Старавойтава. Друкуем яго ніжэй:

"Паважаная Ала Міхайлаўна! Ваш зварот, што паступіў з рэдакцыі газеты "Звязда", разгледжаны. Паведамляем наступнае:

Агульнапрынята, што ў сістэмах дзяржаўнага пенсійнага страхавання стаж для вылічэння пенсій прымаецца ў поўных гадах. У прынцыпе, стаж мог бы прымацца і з дакладнасцю да дня. Але пры гэтым, зыходзячы з абмежаванасці пенсійных сродкаў, "кошт" больш дробнай "стажавай адзінкі" (не года, а месца альбо дня) быў бы іншым (ніжэйшым), што ў канчатковым выніку практычна не паўплывала б на памеры пенсій.

Таксама адзначым, што ў стаж уключаюцца не толькі перыяды работы, але і іншыя, на працягу якіх не выплачваліся страхавыя ўзносы (вучоба, служба ў арміі, перыяд догляду дзіцяці і інш.). У прыватнасці, у ваш стаж залічаны перыяды догляду дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў агульнай працягласцю 2 гады і 3 месяцы, што значна перавышае не ўлічаныя 10 месяцаў. Такім чынам, ільготны падлік адных параметраў ураўнаважваецца абмежаваннем другіх, паколькі, як ужо адзначалася, пенсійная сістэма павінна ўкладвацца ў тыя сродкі, што маюцца ў яе распараджэнні.

Што тычыцца работы пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, то яна можа быць залічана ў стаж толькі пры ўмове неатрымання пенсіі ў такія перыяды (арт. 51,66 і 57 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб пенсійным забеспячэнні"). Гэта абумоўлена асноўным правілам страхавання: перыяд фарміравання пенсійных правоў (работа з выплатай пенсійных узносаў) і перыяд іх рэалізацыі (атрыманне пенсіі) не павінны супадаць. Адзначым, што такі падыход быў замацаваны яшчэ ў заканадаўстве СССР.

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18.03.2012 № 136 дае магчымасць, не мяняючы звыклага ўзроўню спажывання па дасягненні пенсійнага ўзросту, зарабіць сабе больш высокую пенсію да таго моманту, калі пенсія стане адзінай крыніцай даходу. Пры гэтым кожны сам прымае рашэнне: звярнуцца па пенсію раней, згадзіўшыся на меншы яе памер, альбо пазней, зарабіўшы значна больш высокую пенсію. Так, у вашым выпадку пры адмове ад атрымання пенсіі на тыя 2 месяцы і 4 дні, якіх не хапае да поўнага года, розніца ў пенсіі зараз ужо склала б каля 40 000 рублёў і працягвала б расці.

У парадку інфармацыі паведамляем, што сярэдняя працягласць жыцця, як чакаецца, у жанчын ад узросту 55 гадоў перавышае 24 гады".

Падрыхтавала Святлана БУСЬКО.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пісьмо чытачкі і адказ намесніка міністра Рэдакцыя "Звязды" атрымала ліст ад падпісчыцы, пенсіянеркі Алы Міхайлаўны Акрутновіч са Слоніма:
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика