Прафесія не для ўсіх. 21.by

Прафесія не для ўсіх

16.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"А чаму вы здзіўляецеся? Ёсць у нас малады хлопец Аляксандр Волкаў, размеркаваны сюды пасля заканчэння ўніверсітэта культуры. Працуе ў аддзеле аўтаматызацыі, бібліятэкар першай катэгорыі", — кажа дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Аляксандр Сёмкін. Высветлілася, што тут працуюць і іншыя мужчыны: вядучы адміністратар лакальнай сеткі бібліятэкі Алег Бондараў, вядучы інжынер-праграміст Васіль Слонаў. І гэта акрамя тых, хто адказвае за гаспадарчую частку... Ды і дырэктар бібліятэкі — мужчына, што само па сабе даволі рэдкая з'ява. Нядаўна было якраз 10 гадоў, як Аляксандр Сёмкін узначаліў калектыў.

 — Традыцыйна ў бібліятэках выдачай кніг, работай з фондамі займаюцца жанчыны. Бадай, у першую чаргу таму, што заробкі тут параўнальна невысокія. Ці можа здарыцца, што праз некалькі гадоў у нашых бібліятэках будзе назірацца "кадравы голад"?

— Магу сказаць толькі пра наш калектыў. У нас працуюць 118 бібліятэчных спецыялістаў. Сярэдні ўзрост бібліятэкараў прыблізна 39 гадоў, так што нельга казаць аб тым, што на пасадзе бібліятэкараў працуюць людзі перадпенсійнага ўзросту. Так, сярод нашых бібліятэкараў 15 пенсіянераў, але гэта спецыялісты з вялікім досведам, якія здолелі адаптавацца да сучасных умоў працы, і да "высокіх тэхналогій". Ніякай "цякучкі" кадраў няма.

— Калі не сакрэт, якая сярэдняя зарплата цяпер у бібліятэкараў?

— Якія могуць быць сакрэты? 1,9 мільёна рублёў.

— Прачытаў нядаўна аб'яву: "Патрабуецца грузчык у краму. Зарплата ад 2 мільёнаў рублёў"...

— Ну дык не ўсе могуць быць грузчыкамі. Тым больш жанчыны. Дарэчы, магу канстатаваць, што і некаторыя мае калегі зарабляюць больш, чым я. Лічу, гэта нармальна, бо яны выконваюць асабліва складаную і адказную працу...

Мы прэміруем тых работнікаў бібліятэкі, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі розных праектаў. У прыватнасці, ствараюць бібліяграфічныя дапаможнікі, арганізуюць розныя дабрачынныя акцыі. Адна з іх — "Добрая кніжка замест горкай пілюлі" — мела мэтай збор і перадачу кніжак юным пацыентам абласной дзіцячай бальніцы.

— "Звязда", дарэчы, паведамляла, што пару гадоў таму з абласнога бюджэту бібліятэкарам выдзялялі даплаты. Для гэтага было прынята рашэнне на сесіі абласнога Савета дэпутатаў. А цяпер надбаўкі выплачваць перасталі. Напэўна, давядзецца больш актыўна зарабляць на аказанні дадатковых платных паслуг?

— Рашэннем сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад 28 снежня 2011 года № 158 гэтыя надбаўкі сапраўды былі адменены.

Што датычыцца фінансавання, нават у краінах Еўрапейскага Саюза бібліятэкі дзейнічаюць за кошт дзяржаўных грошай. Ніводная бібліятэка ніколі не акупіць сябе без падтрымкі з бюджэту. Наконт аказання платных паслуг... Магчымасці бібліятэк у гэтым пытанні абмежаваны. У асноўным зарабляем на капіраванні неабходных наведніку старонак кніг, газет, часопісаў. Папулярнасцю ў чытачоў карыстаецца так званы "камерцыйны абанемент", на які набываюцца кніжныя навінкі за пазабюджэтныя сродкі. Чытачу, безумоўна, лягчэй заплаціць 1,5 тысячы рублёў за суткі і прачытаць кнігу за некалькі дзён, чым купіць яе ж, напрыклад, за 80 тысяч. Паводле запыту бібліятэкар можа скласці спіс літаратуры па тэме, якая цікавіць карыстальніка, ажыццявіць набор тэксту на замежнай мове, скапіраваць тэкставую інфармацыю на электронны носьбіт чытача і іншае.

— Наколькі я ведаю, ад таго, што зароблена дзякуючы платным паслугам, мала што застаецца для выплаты тым, хто гэтым непасрэдна займаецца.

— Вы не памыляецеся. Пасля выплаты падаткаў і іншых "расходаў" грошай застаецца няшмат, каля 40% ад прыбытку.

— Напэўна, многія думаюць, што бібліятэкарам працаваць не так ужо і цяжка: сядзіш у цёплым і ўтульным памяшканні ды кніжкі выдаеш. І ніякіх нерваў, толькі спакой і цішыня?

— Ну безумоўна ж, таму на бібліятэкара ў каледжы і вучаць каля чатырох гадоў, а ў ВНУ — пяць... Гэта толькі здаецца, што ўсё проста. А насамрэч сёння ў бібліятэцы аўтаматызаваны ўсе працэсы — ад камплектавання дакументаў да выдачы іх чытачам. І бібліятэчная праграма не такая простая, нават на першы погляд. Патрэбны спецыяльныя веды і адукацыя. Не там паставілі злучок ці коску, калі прынялі кнігу ў фонд, або не ў тое праграмнае поле ўнеслі звесткі пра дакумент — усё, шукаць прыйдзецца доўга. А яшчэ ёсць спецыяльныя табліцы бібліятэчнай класіфікацыі, у якіх трэба разбірацца, таму што кожная кніжка мае сваё месца на кніжнай паліцы. Магу адзначыць, што кіраўніцтва бібліятэкі патрабуе ад бібліятэкараў атрымліваць прафесійную адукацыю і павышаць свой прафесійны ўзровень.

— Параўнайце колькасць экзэмпляраў у фондзе вашай бібліятэкі, якая адчынілася ў 1929 годзе, з аналагічнымі ў абласных цэнтрах...

— Наша бібліятэка з'яўляецца ўніверсальнай па сваім статусе. У нейкай ступені навуковай. У нас сабраны ўніверсальны фонд па ўсіх галінах ведаў. Вядзецца вялікая краязнаўчая работа, якая дазваляе "пісаць гісторыю" нашага краю. Усяго ў фондах знаходзіцца 710 тысяч экзэмпляраў. Для параўнання: больш за мільён іх у Гомельскай абласной бібліятэцы. У Брэсцкай, Гродзенскай прыкладна столькі ж, як і ў нас. Але сутнасць у тым, каб фонд быў запатрабаваным. Па апошніх звестках, у нас больш за 56 тысяч чытачоў — самы высокі паказчык.

— Як вы іх прывабліваеце?

— Мы нікога не агітуем быць чытачамі, мы прапаноўваем. Прапаноўваем новыя паслугі, удасканальваем работу аддзелаў па абслугоўванні, рэалізуем шматлікія праекты, цікавыя нашым чытачам. Прыходзім у працоўныя калектывы, каледжы, ВНУ і расказваем пра асаблівасці нашай бібліятэкі, у якой можна пачытаць тое, чаго няма ў іншых.

Мы закупляем больш добрай літаратуры, чым іншыя бібліятэкі вобласці, набываем рэдкія альбомы, энцыклапедыі. Усе выдавецкія навінкі, якія, на погляд супрацоўнікаў аддзела камплектавання, могуць зацікавіць чытачоў, у нас ёсць.

— А наколькі папулярная ваша электронная чытальная зала?

— Зала працуе з восені мінулага года. Чытачы, дарэчы, шмат разоў выказвалі падзякі за бясплатны доступ у інтэрнэт. Маюцца на ўвазе не забаўляльныя сайты, а адукацыйныя, навуковыя. За выхад на несанкцыянаваныя сайты некалькім чытачам мы загадам забаранілі наведваць бібліятэку. Але гэта хутчэй выключэнне з правілаў.

3 12 сакавіка 2012 года на базе аддзела "Электронная чытальная зала" пачала работу "Школа камп'ютарных ведаў" для карыстальнікаў, якія зусім не валодаюць камп'ютарам. Навучанне бясплатнае, дастаткова толькі быць чытачом бібліятэкі.

Вельмі папулярны і наш афіцыйны сайт, які зарэгістраваны ў Дзяржаўным рэгістры інфармацыйных рэсурсаў. Сайт нярэдка наведваюць і жыхары замежжа, бо ёсць, акрамя беларускай і рускай, англамоўная версія. З Канады вось прыйшла просьба дапамагчы ў падборы крыніц па канкрэтнай краязнаўчай тэме. Немцаў зацікавіў бібліяграфічны паказальнік, прысвечаны Вялікай Перамозе.

— Не магу не запытаць: у Віцебску планавалася ўзвесці новы будынак для абласной бібліятэкі. Напэўна, цяпер не той час?

— Калі нам даручылі распрацаваць канцэпцыю будучай бібліятэкі, мы з энтузіязмам узяліся за справу. Цікавых ідэй шмат. Мы спадзяёмся, што новая бібліятэка будзе на ўзроўні лепшых бібліятэк свету. Але ўсё залежыць ад фінансавання. Каб набыць сучасную сістэму абслугоўвання чытачоў, неабходна 350 тысяч еўра. А яшчэ ж трэба ўзвесці будынак. Безумоўна, чарговая хваля крызісу ўнесла карэкціроўку ў план будаўніцтва новага храма кнігі. Але мы — аптымісты і шчыра верым, што новая абласная бібліятэка не такая далёкая перспектыва...

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"А чаму вы здзіўляецеся? Ёсць у нас малады хлопец Аляксандр Волкаў, размеркаваны сюды пасля заканчэння ўніверсітэта культуры. Працуе ў аддзеле аўтаматызацыі,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика