"Алеся" будзе шыць адзенне для нямецкіх паліцэйскіх. 21.by

"Алеся" будзе шыць адзенне для нямецкіх паліцэйскіх

17.05.2012 12:30 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Алеся" будзе шыць адзенне для нямецкіх паліцэйскіх


Сёлета спаўняецца 50 гадоў з моманту заснавання вядомай беларускай трыкатажнай фабрыкі "Алеся". З гэтай нагоды кіраўніцтва прадпрыемства расказвае пра дзейнасць, перспектывы і праблемы гэтай вытворчасці.

Дырэктар ААТ "Алеся" Мікалай ГУРЫНОВІЧ лічыць, што сёння нашы людзі больш уважліва выбіраюць, што купляць, а што — не:
 
— Магчыма, менавіта з-за гэтага сваю прадукцыю "Алеся" зараз імкнецца прадаваць менавіта на экспарт — да канца 2012 года да 35% ад усяго аб'ёму вытворчасці павінна прадавацца за мяжу.
 
Пакуль долю экспарту на прадпрыемстве атрымалася давесці толькі да 15%, але дырэктар перакананы, што да канца года прагнозны паказчык будзе дасягнуты, бо "Алеся" мае добры пакет заказаў. Як кажа дырэктар, калі не будзе экспарту, то не будзе і валютнай выручкі, з якой прадпрыемства закупляе імпартную сыравіну і новае абсталяванне. Другі па значнасці прыярытэт у рэалізацыі — гэта ўласная сетка фірмовыя крам: прынамсі, сёння тры фірмовыя крамы "Алесі" за месяц прыносяць каля 550 мільёнаў рублёў. На трэцім месцы — сталічны гандаль і прадстаўнікі прадпрыемства ў рэгіёнах. І толькі потым рэшткі прадукцыі накіроўваюцца ва ўсе іншыя крамы краіны.
 
Асноўная частка прадукцыі, якая ідзе на экспарт, прадаецца ў Расіі (прычым большай папулярнасцю карыстаюцца жаночыя калекцыі), але "Алеся" працуе і з іншымі краінамі — Эстоніяй, Германіяй. Дарэчы, у апошняй зусім нядаўна беларуская трыкатажная фабрыка выйграла тэндар на пастаўку адзення для паліцэйскіх:
 
— У Германію будзем пастаўляць карпаратыўнае адзенне. "Алеся" ўдзельнічала ў 6-7 тэндарах у Германіі, і мы выйгралі тэндар на выраб адзення для паліцыі Берліна і Брандэнбурга. Аб'ём — каля 35 тысяч вырабаў. Першая партыя па ўмовах тэндара павінна быць установачная — каля 800-900 вырабаў, яны будуць насіцца 2-3 месяцы, пасля чаго ўжо будзе пастаўлена асноўная партыя, — расказаў Мікалай Гурыновіч і дадаў, што "Алеся" выйграла яшчэ адзін тэндар, звязаны з пастаўкай адзення для нямецкай чыгункі. — Якасць наша іх задавальняе, яны плацяць за гэта добрыя грошы. Такі напрамак працы мы лічым правільным.
 
Аказваецца, беларускія мужчыны любяць не толькі чорнае

Дырэктар фабрыкі "Алеся" расказаў пра тое, як ствараюцца новыя мадэлі і калекцыі адзення:
 
— Мы не баімся канкурэнтаў, бо ў нас свая ніша. У нас не такія вялікія аб'ёмы — мы маленькія і мабільныя. А нашы мастакі бачаць, што будзе заўтра. Часам мы іх не разумеем, але потым аказваецца, што яны мелі рацыю. Напрыклад, закуплялі мы італьянскую пражу. І мастакі кажуць — баклажанавы колер трэба заказваць. А мы пярэчым: што гэта за колер, хто ж яго купіць? Але ж закупілі, выпусцілі першыя мадэлі... Тры-чатыры месяцы — абсалютная цішыня, мы ўжо думалі, што зноў прайгралі ў гэтым баі. Але потым усё раскупілі. Тое самае было і з яркімі ружовымі колерамі для мужчын летась: мы даводзілі, што не зразумее наш мужык такіх колераў, што яму чорненькае трэба, каб доўга не пэцкалася. Але выпусцілі невялікую калекцыю — і што вы думаеце, яна скончылася праз 2 тыдні!
 
Каб адпавядаць часу, за 6 гадоў на "Алесі" ў новае абсталяванне было ўкладзена каля 1,8 млн еўра.
 
— Новае абсталяванне — гэта новыя тэхналогіі, хочаш не хочаш, а трэба гэтым займацца. Да таго ж клопат пра тэхналогіі — гэта не толькі вязанне, але і скарачэнне выдаткаў на энергетыку. У нас напрыклад, уласная кацельня — паўмільярда рублёў мы ўклалі ў кацёл, за гэты год хочам яшчэ набыць парагенератары. Бо беларускі вытворца не можа канкурыраваць са смаленскім, паколькі там 1 кілават каштуе 5 цэнтаў, а ў нас — 15, за тысячу кубоў газу яны плацяць 120 долараў, а мы — 320...
 
Колькі грошай прыйдзецца ўкладваць у мадэрнізацыю сёлета, дырэктар "Алесі" дакладна сказаць не можа — пакажа жыццё:
 
— Калі з'яўляюцца новыя тэхналогіі, то мы шукаем грошы, крэдыты і іх купляем. Сёння я не магу сказаць, што мы сёлета ўкладзём, напрыклад, 2 мільярды рублёў. Можа, жыццё прымусіць, дык і 3 млрд укладзём. Усё павінна быць узважана: вядома, можна набраць крэдытаў, але ж іх яшчэ трэба і своечасова вяртаць.
 
Дзяржава збіраецца прадаць "Алесю"?

Сёння ААТ "Алеся" — амаль цалкам дзяржаўнае прадпрыемства — 78,5546% акцый належыць Дзяржкамітэту па маёмасці і яшчэ 20,739% — Мінгарвыканкаму (прыватным асобам — толькі 0,7064%). Але не выключана, што дзяржпакет можа быць прададзены, пра што заявіў першы намеснік старшыні канцэрна "Беллегпрам" Уладзімір АСТРОЎСКІ:
 
— З часам доля дзяржавы будзе выстаўляцца на продаж — гэта несумненна. Але я мяркую, што калектыў і сам будзе нарошчваць свой прыбытак і выкупляць акцыі на баланс прадпрыемства. Мы не выключаем, што прыйдуць сюды і інвестары, але не тыя, якія зацікавяцца толькі нерухомасцю. У дзяржавы і канцэрна няма мэты арганізаваць чарговае казіно на базе "Алесі". Наша мэта — каб гэтае прадпрыемства развівалася, нарошчвала аб'ёмы вытворчасці.
 
Праўда, у жыцці так званыя "інвестары" якраз думаюць не пра вытворчасць, а пра нерухомасць і зямлю амаль у цэнтры Мінска, дзе знаходзіцца "Алеся":
— Расіяне прыязджалі і казалі: нас цікавяць толькі зямля і сцены. Усё астатняе — не, нам нават выгадна пахаваць вас як канкурэнтаў, — распавядае Мікалай Гурыновіч і дадае, што летась "Алеся" ўжо выстаўлялася на продаж. — Пры тым, якія ў мінулым годзе былі цэны, усю "Алесю" ацанілі ў 3,5 млн еўра. А мы толькі абсталявання купілі на 1,8 млн еўра! Можна было абсталяванне прадаць і адбіць свае грошы, атрымаўшы такі каштоўны кавалак у цэнтры горада...
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пакуль долю экспарту на прадпрыемстве атрымалася давесці толькі да 15%, але дырэктар перакананы, што да канца года прагнозны паказчык будзе дасягнуты, бо "Алеся" мае...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика