Вайна з бюракратамі і хабарнікамі. Да перамогі
24.05.2012
—
Новости Общества
|
Першыя сто грамаў я выпіў за бацьку, Фядота Фядотавіча. Перад вайной ён скончыў Гомельскую фельчарскую школу (цяпер — медкаледж) і быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Адваяваў на снежнай Фінскай вайне, а неўзабаве пачалася і Вялікая Айчынная. Сталінград, Кенігсберг, дзе ён атрымаў за мужнасць баявыя медаль «За адвагу» і ордэн Чырвонай Зоркі і адкуль прыйшоў цяжка паранены, гавораць пра многае. Неяк у класе пятым настаўніца беларускай мовы дала нам заданне напісаць сачыненне пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. І тады я папрасіў бацьку расказаць пра тыя падзеі. Ён некаторы час думаў і сказаў літаральна наступнае: — Ды нічога асаблівага я не рабіў. На палях баёў было шмат раненых, і мне даводзілася цягаць іх на спіне ў свае акопы, аказаўшы першую медыцынскую дапамогу, каб потым перапраўляць у медсанбат. А ў гэты час па мне стралялі снайперы, хаця не маглі не заўважыць на рукаве белую павязку з чырвоным крыжам, ды і па міжнароднай канвенцыі страляць па медыках у гэты час было нельга. Але вораг ёсць вораг, і для яго правілы няпісаныя. Больш пра вайну я не пытаўся… Некалькі гадоў назад мне давялося папраўляць здароўе ў адным з санаторыяў Беларусі. На другі дзень знаходжання там была прызначана сустрэча адпачываючых з галоўным урачом. Паколькі я ў маладосці закончыў Гомельскае медыцынскае вучылішча (тую установу, што і бацька), агульную мову мы знайшлі хутка. Пачалі з перспектыў развіцця санаторыя і перайшлі на асабістае. Калі я расказаў яму пра бацьку, ён на некаторы час змоўк, нешта ўспамінаючы, а потым сказаў: — Мне гэта, палкоўніку медыцынскай службы, знаёма па Афганістану. У канцы кожнага рабочага дня мы сустракаліся і нам было пра што пагаварыць. Але аднойчы ён не прыйшоў. Сакратарка загадкава адказвала: «Сёння яго не будзе!» «Тайну» сваёй адсутнасці мой знаёмы адкрыў праз некалькі дзён. — Што з вамі здарылася? — запытаўся я. Той самотна маўчаў. А здарылася вось што. Студзеньскія ночы былі вельмі марозныя. Даходзіла да 30 градусаў з мінусам. У адну з начэй у кацельні санаторыя ці каля яе трэснула труба, і людзі засталіся на нейкі час без цяпла і вады. Праз гадзіну з раёна прыляцеў малады пракурор і ў грубай, абразлівай форме заявіў галоўнаму ўрачу: — Калі ты да раніцы не нацяпліш санаторый і не накорміш сняданкам людзей, бу- дзеш сядзець! Гэта замест таго, каб падняць у раёне на ногі неабходныя службы і дапамагчы ліквідаваць аварыю. Паколькі галоўны ўрач быў чалавекам паважаным і не аднаго, у тым ліку і з кіраўнікоў, паставіў на ногі, тут жа ў мясцовых гаспадарках знайшлі неабходную трубу, спецыялістаў і аднавілі работу кацельні. Але каштавала гэта майму знаёмаму рубца на сэрцы. Ня столькі ад аварыі, колькі ад абразы. За галоўнага я выпіў другія сто грамаў… А нядаўна сустрэў свайго школьнага сябра. Пасля заканчэння васьмі класаў нашы шляхі-дарогі разышліся. Ён таксама, як і мой папярэдні герой, ваяваў у Афганістане, служыў у міліцыі. Выйшаў на пенсію і заняўся перапрацоўкай пладоў і ягад. Арандуе на закінутым заводзіку плошчы. Прасіў мясцовыя ўлады дапамагчы. Мала што арэндную плату пастаянна павышаюць, дык яшчэ і не даюць выкупіць гэтыя руіны. Абласны начальнік за вырашэнне пытання запатрабаваў вялікі хабар. Я быў на тым «заводзіку». Усё жалезнае абсталяванне здалі на металалом, уключаючы ацяпленне, вокны выбітыя, дах працякае. І тым не менш даць магчымасць выкупіць — ні-ні… Нават раённая ўлада не можа дапамагчы, хоць чалавек прыносіць у раён валюту і не адмаўляе нікому ў дапамозе: ні ветэранам, ні дзецям, ні царкве. За яго я выпіў трэція сто грамаў. Былога начальніка звольнілі, мо новы вырашыць пытанне, якое ляжыць на паверхні... І сёння думаю, успамінаючы людзей, пра якіх расказаў: а вайна зусім не закончылася. Яна працягваецца. Паміж дабром і злом, паміж дабрачыннасцю і хабарніцтвам, паміж культурай паводзін і хамствам. Паміж бюракратызмам і прадпрымальнасцю. Толькі страляюць не з аўтаматаў і кулямётаў, а словамі і загадамі… Ёсць такая пагаворка: слова раніць, слова лечыць! Як хочацца мне, каб яно лячыла, падтрымлівала, рабіла жыццё святлейшым. А вам? Пятро КАВУНОЎ, «БН» Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першыя сто грамаў я выпіў за бацьку, Фядота Фядотавіча. Перад вайной ён скончыў Гомельскую фельчарскую школу (цяпер — медкаледж) і быў прызваны ў рады Чырвонай...
|
|