Кантрольная для чыноўнікаў
26.05.2012
—
Новости Общества
|
Людзі існуюць, для таго, каб у чыноўнікаў была праца — ці чыноўнікі працуюць для таго, каб рабіць жыццё людзей зручным? Адказ на гэтае пытанне я шукаю на Мядзельшчыне другі раз за два гады. З пункту гледжання справядлівасці — адказ адзін. А з пункту гледжання жыцця — атрымліваюцца варыянты. Праўда, самі княгінінцы з варыянтамі не пагаджаюцца і шукаюць справядлівасці. Гэтая якасць ім яшчэ спатрэбіцца... Спрабую высветліць будучыню школы ў начальніка аддзела адукацыі Мядзельскага райвыканкама Ірыны Рагоўскай: — Мінулы раз вы давалі вельмі аптымістычныя абяцанні. Чаму яны не ажыццявіліся, і ўсё вярнулася да таго, як было два гады таму? — Мы па гэтай установе правялі вывучэнне меркавання педагагічнага калектыву, правялі вывучэнне грамадскага меркавання жыхароў вёскі Княгінін. Па ўзнятых пытаннях тлумачым, што Княгінінская школа працягне працаваць. Да новага навучальнага года ўстанова адукацыі будзе падрыхтавана і мы правядзём рамонт пячнога ацяплення. — А што наконт кардынальных змяненняў, якія вы абяцалі два гады таму? — Не, работы капітальнага характару да гэтага года выконвацца не будуць. — Якія сродкі плануецца выдаткаваць на школу? — Я пакуль не магу сказаць пра сродкі, якія будуць выдаткаваны ў наступным годзе... — Два гады таму вы абяцалі прадугледзець на гэта сродкі. Але і на гэты год зноў грошы не запланаваны. Чаму? — Два гады таму не было фінансавага крызісу. Мы рэальна разумеем, што ён закрануў і наш бюджэт. І летась, і сёлета. — Але на Выгалавіцкую школу грошы будуць. Чаму няма іх на Княгінінскую, дзе больш вучняў? — Сёння ў Выгалавіцкай школе навучаецца 35 вучняў. Мы ж не скажам, што для іх таксама не павінны быць створаны адпаведныя ўмовы. З іншага боку, сродкі на Выгалавіцкую школу патрэбны ў меншым аб'ёме для таго, каб яна адпавядала санітарна-гігіенічным патрабаванням, чым для Княгінінскай. — Я была ў Выгалавіцкай школе. Яна таксама мае праблемы, але яе не спісваюць з рахункаў. — Выгалавіцкая школа пабудавана па тыпавым праекце ўстановы сярэдняй адукацыі. І мае добрыя санітарна-гігіенічныя характарыстыкі для таго, каб прадоўжыла функцыянаваць менавіта па прызначэнні — як установа сярэдняй адукацыі. А тое, што на нейкім этапе пры будаўніцтве гэтай установы адукацыі былі прыменены ўзмацняльныя канструкцыі, было рашэннем будаўнікоў, якое сёння не падвяргаецца сумненню: там няма нідзе візуальных трэшчын, разбурэнняў, якія сведчылі б пра ненадзейнасць будынка. — Там таксама ёсць пытанні прынцыповыя — напрыклад, кацельня пад школай. — Менавіта таму на гэты год запланавалі сродкі для правядзення бягучага рамонту, у тым ліку і ў спартыўнай зале. І плануецца вынесці кацельню з падвала. Кацельная належыць ЖКГ, і яны свой участак работы выканаюць. — Якім вам бачыцца развіццё Княгінінскай школы далей? Калі не будуць укладвацца грошы ў яе, зноў узнікне пытанне наконт закрыцця... — Будзем улічваць і дэмаграфічную сітуацыю (да 2015-га — 53 вучні ў школе), і месцазнаходжанне гэтага населенага пункта. Рашэнне будзе прынята на месцы. Паблізу ад Княгініна, за 4 кіламетры, знаходзіцца будынак Выгалавіцкай школы. За 10 кіламетраў — тыпавы будынак Сваткаўскай школы, у другі бок — тыпавы будынак Крывіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу. Сёння гэта — не вялікая адлегласць для таго, каб арганізаваць падвоз 70-ці вучняў. Планаваліся тры рэйсы. Эканамісты рабілі разлік, і аказалася, што гэта значна танней, чым утрымліваць асобную ўстанову адукацыі. — А законы Беларусі вы ўлічваеце? Закон прадугледжае наяўнасць школы ў аграгарадку. — Яна ў нас ёсць... Запісала Ларыса ЦІМОШЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Людзі існуюць, для таго, каб у чыноўнікаў была праца — ці чыноўнікі працуюць для таго, каб рабіць жыццё людзей зручным? Адказ на гэтае пытанне я шукаю на... |
|