Беларускі мовазнаўца, былы кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што лёс беларускай мовы павінен перастаць быць прадметам геапалітычнага гандлю, тады «ўсё будзе нармальна, бо ў нас шматвяковы запас трываласці». Такую думку Вячорка выказаў 13 чэрвеня ў Гомелі на сустрэчы, прысвечанай пашырэнню моўнай прасторы, паведамляе БелаПАН.
«Людзі неабыякавыя, для якіх беларуская мова ёсць каштоўнасць, якія рэальна ёй валодаюць, проста мусяць нейкі бар`ер пераадолець і пачынаць гаварыць на мове. Гэта не тое што не выклікае непаразумення, а наадварот, імкліва пашырае беларускамоўную прастору, бо людзі пачынаюць рэфлекторна адказваць па-беларуску, нават на ўзроўні падсвядомасці», — сказаў Вячорка. «У нас ёсць шмат неасвоеных моўных скарбаў: геаграфічныя назвы, нашы ўнікальныя імёны, непаўторныя выслоўі. З непаўторных культурных рэчаў складаецца непаўторны культурны код», — дадаў ён.
Паводле слоў Вячоркі, важна, каб дзяржава ставілася да роднай мовы спрыяльна, а не варожа. «Маючы ілюзію наконт вечнай дапамогі з боку Расіі, цяперашнія улады дэманструюць ёй лаяльнасць праз тое, праз што нельга яе дэманстраваць: што Беларусь — адзіная краіна постсавецкай прасторы, у якой расійская мова дзяржаўная. І атрымліваецца, што беларускай мове адводзіцца маленькая ніша, з якой ёй не дазваляецца падняцца», — сказаў Вячорка.
Варта адзначыць, што моўная сустрэча ў Гомелі пачалася з непрыемнасці: адміністрацыя гатэля «Надзея» адмовілася выдзеліць памяшканне для мерапрыемства маладзёжнай краязнаўчай грамадскай арганізацыі «Талака» без тлумачэння прычын, хаця кіраўнік аб`яднання Яўген Меркіс загадзя дамовіўся пра памяшканне і заплаціў грошы. Раніцай 13 чэрвеня яму патэлефанавалі і паведамілі пра скасаванне дамовы. Мерапрыемства адбылося ў іншым месцы.
Беларускі мовазнаўца, былы кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што лёс беларускай мовы павінен перастаць быць прадметам геапалітычнага гандлю, тады «ўсё...