Вокны з відам на гмах. 21.by

Вокны з відам на гмах

19.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мінск працягвае ўшчыльняцца. Гараджане пратэстуюць...

Сталічная грамадскасць усё часцей выступае супраць ушчыльнення забудовы. То тут, то там рэгулярна ўспыхваюць скандалы. Месцам разладу стаў і мікрараён Уручча-2, жыхары якога пратэстуюць супраць будаўніцтва двух шматпавярховікаў дамоў на зялёнай тэрыторыі ў межах вуліц Русіянава і Шугаева. З гэтай нагоды ініцыятыўная група жыхароў звярнулася з лістом у рэдакцыю "Звязды".

Жыхары Уручча-2: "Асвойвайце новыя землі!"

У маі інтэрнэт абляцеў ролік, на якім жыхары Уручча-2 змагаюцца за свой сквер з дужымі хлопцамі ў спартыўнай форме. Як распавядаюць відавочцы, 2 мая а 6 гадзіне раніцы да сквера на скрыжаванні вуліц Русіянава і Шугаева пад'ехаў аўтобус з байцамі спецназа, у якіх былі рыдлёўкі і сякеры (у адміністрацыі раёна і "Зелянбудзе" сцвярджаюць, што спецназа там не было). Хлопцы рушылі на ўчастак выкарчоўваць дрэвы, змятаючы на сваім шляху ўсіх, хто выйшаў абараніць сквер. Супрацоўнікі міліцыі назіралі за тым, што адбываецца, ні ў што не ўмешваючыся...

— На месцы гэтага сквера яшчэ ў 1999 годзе меркавалася пабудаваць 2 пяціпавярховыя дамы з мансарднымі паверхамі, — распавядае мясцовы жыхар, намеснік старшыні ЖБК-494 Леанід Мажальскі. — Але людзі сталі пратэставаць. У выніку перапісак і сустрэч з тагачасным мэрам М. Паўлавым забудова была адменена. Нам дазволілі добраўпарадкаваць гэты куток, і мы ўжо шмат гадоў дамагаемся, каб скверу надалі імя генерала Івана Русіянава.

У 2005 годзе на гэты ўчастак зямлі зноў "паклалі вока", і жыхары зноў сталі збіраць подпісы супраць ушчыльнення. А ў 2009 годзе з'явілася рашэнне пабудаваць тут два 12-павярховыя дамы па 72 кватэры кожны — для супрацоўнікаў палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. І вось цяпер гэтае рашэнне стала ўвасабляцца ў жыццё.

Улады сцвярджаюць, што ўсё па законе і нарматывы дазваляюць гэта зрабіць. Жыхары мікрараёна лічаць, што ўлады падганяюць нарматывы ў свой бок і што будаўніцтва дамоў ва Уруччы можна лічыць недапушчальным ушчыльненнем.

— Чырвоная мяжа Уручча — Русіянава абмяжоўвае ўчастак 45 га, — сцвярджае Леанід Мажальскі. — Але ўлады "пашырылі" межы нашага мікрараёна, неабгрунтавана ўключыўшы ў яго склад ландшафтна-рэкрэацыйную зону "88 ЛР-2", захапіўшы пры гэтым тэрыторыю Парка высокіх тэхналогій і МКАД. У выніку гэтага агульная плошча мікрараёна "павялічылася" да 121 га, г.зн. практычна ў 3 разы. Калі зыходзіць з гэтых лічбаў, то з азеляненнем у нас усё нармальна і надта высокага ўшчыльнення няма. Але калі браць рэальныя межы нашага мікрараёна, то атрымліваецца 4,8 м 2 азелянення на чалавека. А па нарматывах павінна быць 9-10 м 2. Шчыльнасць жыхароў ва Уруччы-2 складае 766 чалавек на гектар, а павінна быць (згодна з Генпланам)195-245 чал./га.

— У нас на ўсё Уручча — адна паліклініка. Ужо цяпер трэба выстаяць паўдня ў чарзе, каб трапіць на прыём да ўрача, — абураюцца людзі. — Дзіцячая паліклініка перапоўнена. Як будзе з медыцынскім абслугоўваннем? Таксама ёсць праблемы з паркоўкай аўтамабіляў, дзецям няма дзе гуляць...

— Ніхто не задумваецца, што нагрузка на камунікацыі значна павялічыцца, — працягвае аргументаваць сваю пазіцыю Леанід Мажальскі. — Тутэйшым калектарам ужо 27 гадоў. Усё разваліцца, і хто потым за гэта будзе адказваць? Безумоўна, пры пасадцы будынка на гатовыя камунікацыі эканоміцца 30-40% ад каштарысу. Але ж камунікацыі разлічаны на пэўную колькасць дамоў і ўжо не спраўляюцца.

Пытанняў у жыхароў назапасілася шмат.

— У нас у доме 25 пад'ездаў, 983 кватэры, 3 тысячы жыхароў. Мяне як намесніка старшыні ЖБК хвалюе тое, што нашы дамы застаюцца без капітальнага рамонту, — працягвае спадар Мажальскі. — Цяпер капрамонты ідуць за кошт нашых паступленняў. Мы падлічылі, што робім штогод адлічэнняў на 100 тысяч долараў. За 10 гадоў гэта будзе 1 млн долараў. І гэта ўсё цяпер ідзе ў агульны кацёл. А праз 10-15 гадоў мы застанемся каля разбітага карыта. Новыя забудоўшчыкі пераходзяць на самаабслугоўванне і акумулююць грошы на капрамонт у сябе на рахунках. Сёння робяцца капрамонты старога жылога фонду, потым гэтыя дамы таксама пяройдуць у таварыствы ўласнікаў і будуць на самаабслугоўванні. Крыніцамі паступлення сродкаў на капрамонт яны ўжо не стануць. А што будзе з нашым домам, калі настане час для яго капітальнага рамонту? Хто думае аб перспектывах? Як мы будзем жыць далей? Атрымліваецца, план адзін: ушчыльніць нас — і пакінуць са сваімі праблемамі.

— Мы не адмаўляем будаўніцтва наогул, — з надрывам кажа Уладзімір Тарасаў, адзін з жыхароў мікрараёна. — Гаворка ідзе аб ушчыльненні, якога быць не павінна. Асвойвайце новыя землі! Тут быў сад, усё цвіло! Мы самі стваралі гэты зялёны куток, саджалі дэкаратыўнае кустоўе і кветкі, а цяпер усё гэта хочуць у нас адабраць. Тут паўстае і маральнае пытанне: пабудаваць дом і стаць суседзямі пакрыўджаных імі ж жыхароў... Як можна ставіцца да гэтага? Гэта ж цынізм...

Абурае тое, што да іх на працягу апошніх 7 гадоў ніхто не прыслухоўваецца, наракаюць людзі. І выносяць вердыкт: нікому з чыноўнікаў да нас няма справы.

Гарадскія ўлады: "Калі рашэнне прымае чыноўнік, ён загадзя будзе вінаваты"

— Гэты мікрараён будаваўся ў 90-я гады, калі нормы шчыльнасці былі 6800-7200 м 2/га, — растлумачыў "Звяздзе" дырэктар прадпрыемства "Мінскграда" Леанід ДОБЫШ. — Сёння па рэгламенце шчыльнасць складае для высакашчыльнай забудовы — 6001-7600 м 2/га, для сярэднешчыльнай — 3800-6000 м 2/га, для нізкашчыльнай — менш за 3800 м 2/га.

Ва ўмовах рэканструкцыі забудовы, якая ўжо склалася, нарматыў можна павялічваць на 15%. У выніку, калі 7600 павялічыць на 15%, атрымліваецца 8740 м 2/га.

Ва Уруччы шчыльнасць жылога фонду сёння роўная 6838 м 2/га. Згодна з Праектам дэталёвай планіроўкі, мяркуецца павялічыць яе да 7134 м 2/га. Так што, як бачыце, да верхніх межаў нормы яшчэ далёка.

Што тычыцца азелянення, то ў дэталёвым плане пралічваецца яго працэнт. Пры гэтым улічваюцца і паказчыкі зялёнай зоны агульнага карыстання ў радыусе 500-метровай пешаходнай даступнасці — нават калі гэта не супадае з межамі раёна. Сёння ва Уруччы гэты паказчык — адзін з лепшых у Мінску. Гэты мікрараён з трох бакоў акружаны ландшафтнай зонай, і ў чыста працэнтных суадносінах усе нарматывы па азеляненні захаваны з лішкам. Але якасць азелянення я б назваў нізкай. Дрэнна ідуць справы з унутрыдваровым азеляненнем: дваровыя тэрыторыі ўяўляюць сабой у асноўным газоны. Такое ўражанне, што жыхарам гэта не трэба. Таму працаваць трэба над рэальным азеляненнем дваровых тэрыторый. Мэр горада ўжо даў нам такое даручэнне.

***

Старшыня Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва, галоўны архітэктар Мінска Аляксандр ПЯТРОЎ скандалы, што ўспыхваюць у Мінску з нагоды ўшчыльнення, лічыць сведчаннем развітасці дэмакратыі. Сёння гэтыя пытанні выносяцца на абмеркаванне, людзі выказваюць свае думкі — адсюль адчуванне, што такіх выпадкаў стала больш. Але стала больш не выпадкаў, а абмеркаванняў, упэўнены ён.

— Усе людзі, і я ў тым ліку, маюць пэўны ўнутраны эгаізм, — сцвярджае Аляксандр Пятроў. — Мне хочацца, каб мяне ні ў чым не ўшчамлялі. І калі я прывык жыць і бачыць перад сабой зялёную прастору, я ўжо падсвядома пачынаю лічыць, што гэта мая тэрыторыя. Хоць на самой справе яна мне не належыць — гэта тэрыторыя гарадская, і горад можа распарадзіцца ёю па-свойму. Але, паколькі я прывык лічыць яе сваёй, натуральна, калі ў горада з'явяцца на яе планы, у мяне ўзнікне пратэст...

— Горад наш сёння вельмі шчыльна забудаваны, — працягвае галоўны архітэктар сталіцы. — Але ў тым жа Уруччы сёння шчыльнасць ніжэйшая за максімальна дапушчальную. Будаўніцтва дадатковых пяці дамоў (згодна з Генпланам развіцця Мінска) можа перавысіць нарматывы па шчыльнасці, але выключэнне з плана аднаго дома прывядзе да адпаведнасці нарматывам. Гэта значыць, чатыры дамы там можна спакойна размяшчаць. Але канкрэтна наконт гэтых дамоў я нічога не магу сказаць. Рашэнне аб іх пабудове будзе прынятае пасля дадатковага разгляду гэтага пытання.

Галоўны архітэктар Мінска нагадаў, што ў свой час пры забудове мікрараёнаў у Мінску заставаліся пустыя месцы. Гэта было выклікана тым, што раней існавала абмежаванне па будаўніцтве вышынных будынкаў (вышэй за 9 паверхаў). У савецкія гады былі вялікія праблемы з ліфтамі, а на будынкі звыш 9 паверхаў на адзін пад'езд па нарматывах патрабуецца два ліфты. І там, дзе планаваліся больш высокія дамы, іх не будавалі. "Прайшло 20 гадоў, і сёння ўсе ўжо забыліся пра тое, што там былі запраектаваны дамы, — сказаў А. Пятроў. — Цяпер жыхары пачынаюць абурацца: нам і так дыхаць няма чым, зеляніны не хапае... З людзьмі ў гэтым плане цяжка размаўляць. Хоць сёння экалагічная абстаноўка ў Мінску лепшая, чым у абласных цэнтрах. Мы самі былі здзіўлены, калі параўналі паказчыкі"....

Законам сёння прадугледжана грамадскае абмеркаванне перспектывы забудовы Мінска. Атрымліваць станоўчае рашэнне большасці жыхароў пры гэтым неабавязкова. Па пратаколе можа быць нават так, што ўсе жыхары супраць будаўніцтва. Але аб'ект будзе будавацца — і гэта не стане парушэннем закона. Па сутнасці, калі маецца факт правядзення грамадскага абмеркавання — гэтага дастаткова.

— Патрэбен арбітр, — лічыць Аляксандр Пятроў. — Павінен з'явіцца яшчэ адзін бок, які б разводзіў канфліктуючых, улічваў усе аргументы і мог прыняць незалежнае рашэнне. Цяпер адміністрацыя раёна не ў стане гэтага зрабіць. Калі рашэнне прымае чыноўнік, ён загадзя будзе вінаваты. Прыме бок забудоўшчыка — значыць, той яго падкупіў. Прыме бок жыхароў — забудоўшчык абвінаваціць чыноўніка ў тым, што ён перашкаджае прыцягненню ў Мінск інвестыцый. Таму працэдуру трэба ўдасканальваць. Можа, варта стварыць нейкую грамадскую раду. У Маскве ёсць такая практыка: спрэчная сітуацыя выносіцца на абмеркаванне грамадскай рады, якая з'яўляецца нейтральным бокам.

Замест заключэння

Забудоўшчыку трэба пабудаваць аб'ект. Жыхары раёна лічаць, што будоўля ўшчамляе іх інтарэсы і хочуць абараніць свае правы. У наяўнасці — сутыкненне інтарэсаў. І, як правіла, чым больш яно цягнецца, тым гарачэй палаюць страсці. Памірыць людзей, супраць волі якіх спрабуюць узводзіць розныя аб'екты, і чыноўнікаў, якім трэба вырашаць пытанні будаўніцтва новага жылля і інвестыцый, таксама вельмі складана.

Зразумець забудоўшчыкаў няцяжка: добра, калі не трэба цягнуць інжынерныя камунікацыі, а можна танна "пасадзіць" новы дом на ўжо існуючыя сеткі. Калі ж пачынаць будаўніцтва ў чыстым полі, квадратны метр будзе каштаваць у некалькі разоў даражэй. Але забудоўшчыкаў, як правіла, не хвалюе тое, што павялічваецца нагрузка на састарэлыя інжынерныя сеткі. Бо пасля засялення новых дамоў думаць пра праблемы з цяплом, водазабеспячэннем і каналізацыяй давядзецца тым, хто ўсімі сіламі спрабаваў абараніць гэтую тэрыторыю ад ушчыльнення.

Вядома, калі заўсёды слухаць жыхароў, ёсць шанц наогул нічога не пабудаваць. З другога боку, не лічыцца з меркаваннем людзей таксама няправільна. Патрэбен канструктыўны дыялог, чаго часцяком няма. Жыхары, якіх пытанні ўшчыльнення датычацца асабіста, часта скрупулёзна ўнікаюць ва ўсе дэталі і добра бачаць магчымыя праблемы і ўскладненні. Наўрад ці варта адмахвацца ад гэтага, інакш узмацненне супрацьстаяння і рост напружанасці забяспечаны.

Р.S.: На днях у скверы на стыку вуліц Шугаева і Русіянава мясцовыя жыхары ўсталявалі памятны знак у гонар Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта Івана Русіянава і байцоў 100-й гвардзейскай дывізіі. Яны не ўтойваюць, што зрабілі гэта ў тым ліку і для абароны зялёнай зоны ад замахаў.

Р.Р.S.У бліжэйшым нумары газеты чытайце працяг тэмы — артыкул "Мінск — горад з самай шчыльнай забудовай сярод еўрапейскіх гарадоў-мільённікаў".

Святлана БУСЬКО.

Аўтарытэтна

Станіслаў БУКО, начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта: "Пытанне на кантролі ў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта".

— Людзі, вядома, незадаволеныя, што побач з іх шматпавярховікамі ўзвядуць яшчэ два. І гэту іх незадаволенасць чыста па-чалавечы можна зразумець. Але не трэба кіравацца эмоцыямі, мы ж жывём у цывілізаваным грамадстве, таму і вырашыць гэтае пытанне павінны цывілізавана. Пытанне мэтазгоднасці будаўніцтва дамоў ва Уруччы-2 знаходзіцца на кантролі ў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Уладзімір Макей даручыў зрабіць кампетэнтнае заключэнне спецыялістам з Міністэрства архітэктуры, РУП "Галоўдзяржбудэкспертыза" Дзяржстандарта, Мінгарвыканкама адносна адпаведнасці запланаванай будоўлі закону, падрыхтаваць свае прапановы. Трэба сумясціць усю інфармацыю, выслухаць пазіцыю кожнага і толькі пасля гэтага можна будзе прыняць канчатковае рашэнне.

Надзея ДРЫЛА.

Даведка з Адміністрацыі Прэзідэнта

З 3128 зваротаў, якія паступілі за 5 месяцаў гэтага года ад жыхароў Мінска, 420 тычыцца пытанняў будаўніцтва. З іх 210 звязана з пытаннямі калектыўнага жыллёвага будаўніцтва, 11 — індывідуальнага, 125 зваротаў закранае пытанні крэдытаў і субсідый на жыллёвае будаўніцтва... Што ж тычыцца пытання ўшчыльнення забуды, то ад мінчан за акрэслены перыяд паступіла 17 зваротаў, большасць з Першамайскага і Цэнтральнага раёнаў.

Надзея ДРЫЛА.

Як разлічваецца шчыльнасць жылой тэрыторыі

Мы запыталіся ў галоўнага архітэктара "Мінскграда" Аляксандра АКЕНЦЬЕВА, якія горадабудаўнічыя параметры ўлічваюцца пры вызначэнні шчыльнасці жылой тэрыторыі.

— Неспецыялісту цяжка ў гэтым разабрацца, — лічыць Аляксандр Рыгоравіч. — Для разліку шчыльнасці жылой тэрыторыі трэба зыходзіць з усяго комплексу неабходных аб'ектаў для жыццезабеспячэння сям'і, якія ўключае ў сябе мікрараён. У гэты комплекс уваходзяць жылыя дамы, аб'екты сацыяльнага абслугоўвання (школа, дзіцячы сад, малочная кухня, крама з таварамі штодзённага попыту і г.д.), гаражы і аўтамабільныя стаянкі, зоны адпачынку. Прычым пры ўшчыльненні ў разліковую тэрыторыю ўключаюцца аб'екты мікрараённага значэння, якія плануецца пабудаваць.

Выходзіць, тэрыторыя для разліку шчыльнасці забудовы і дэталёвы план развіцця — не адно і тое ж. Нагадаем, дэталёвы план развіцця Уручча-2 распрацаваны спецыялістамі ў межах пр. Незалежнасці — Русіянава — заходняя мяжа ландшафна-рэкрэацыйнай зоны 228 ЛР4 — паўднёвая мяжа ландшафна-рэкрэацыйнай зоны 88 ЛР2-МКАД. Сам мікрараён знаходзіцца як бы ўсярэдзіне гэтага плана — як адзін з яго элементаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мінск працягвае ўшчыльняцца. Гараджане пратэстуюць... Сталічная грамадскасць усё часцей выступае супраць ушчыльнення забудовы. То тут, то там рэгулярна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика