Страваванне без пакут
30.06.2012
—
Новости Общества
|
На пытанні чытачоў адказалі дацэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдаты медыцынскіх навук Мікалай КАПРАЛАЎ і Ірына ШАЛАМІЦКАЯ. (Працяг. Пачатак у нумарах за 28 і 29 чэрвеня.) (— Старыя Дарогі, Вольга Аляксандраўна. Хелікабактар пілары — тры "плюсы". Ёсць гастрыт, халецыстыт. У страўніку — паліп (0,7 мм). Неабходна выдаляць, але я нічога не раблю гадоў, можа, пяць. Наколькі хутка трэба выдаляць паліп? Наколькі небяспечна пакідаць яго ня выдаленым? Ці звязаны паміж сабой усе гэтыя хваробы? Як харчавацца, каб не было ўспушвання жывата? У мяне моцная рэакцыя на памідоры, тварог — іх наогул выдаліць з рацыёну ці можна ўжываць пры нейкіх умовах?
Паліпы ў страўніку часцей за ўсё ўзнікаюць пры паніжанай сакрэцыі страўнікавага соку, што клінічна можа праяўляцца ў тым ліку і ўспушваннем жывата. Пры нізкай кіслотнасці прыём ежы павінен быць не менш за пяць разоў на дзень. Лепш за ўсё прымаць стравы ў цёплым выглядзе. Ад халоднай і гарачай ежы варта адмовіцца. Акрамя таго, з рацыёну трэба выдаліць прадукты і стравы, якія працягла ператраўліваюцца. Гэта здоба, бліны, пірагі, рыс, жытні хлеб. Выключаецца таксама ўсё вострае, вэнджанае, кансервы, усе бабовыя і такая гародніна, як капуста, рэдзька, рэпа. Патрабуюць абмежавання зялёная цыбуля, бульба, вінаград, дыня. Варта таксама адзначыць, што некаторыя хворыя з паніжанай кіслотнасцю страўнікавага соку звычайна дрэнна пераносяць малако. Выдзяленне страўнікавага соку цудоўна стымулююць мясныя і рыбныя булёны. Можна ўжываць кісламалочныя прадукты, працёртыя яблыкі, слабасалёную рыбу, морсы і кіслыя сокі.
— Лячэнне пякоткі ў вашым выпадку павінна быць працяглым. Вы прымаеце тыя лекавыя сродкі, якія павінны купіраваць гэты сімптом. Тым не менш, калі палёгка толькі часовая, то, можа быць, у вас неадэкватна падабраная доза прэпарата або вы парушаеце рэжым і кратнасць яго прыёму. Акрамя гэтага, вам трэба адмовіцца ад прадуктаў харчавання, якія правакуюць пякотку, у першую чаргу — ад тлустай ежы. Неабходна не дапускаць пераядання, не ляжаць пасля прыёму ежы. Не варта ўжываць напоі з кафеінам. Нельга курыць і ўжываць алкаголь, прымаць медыкаменты, якія правакуюць гэты сімптом. Пякотка можа быць абумоўлена і так званым "шчолачным" страўнікавым рэфлюксам. Па гэтай прычыне пры наяўнасці магчымасці ў лячэбнай установе неабходна даследаваць узровень страўнікавага кіслотаўтварэння (страўнікавай кіслотнасці). (— Мінск, Алена Сцяпанаўна. Ад чаго бывае і як лячыць сіндром раздражнёнага кішэчніка? — Сіндром раздражнёнай кішкі — псіхасаматычнае функцыянальнае захворванне. Галоўнай прычынай з'яўляецца псіхатраўмуючая сітуацыя, унутрыасабовы канфлікт. Паўторныя стрэсы прыводзяць да рухальных расстройстваў кішэчніка. Пры гэтым адбываецца павышэнне ўнутрыкішачнага ціску, узнікае боль і парушэнне рухальнай функцыі кішэчніка. Праяўляецца хвароба дыярэяй або запорамі, болем або ўспушваннем жывата. У лячэнні пры схільнасці да запораў рэкамендуюцца прадукты, багатыя на раслінныя валокны — гародніна, садавіна, крупы, аўсяныя шматкі. Пры схільнасці да вадкага стулу — адвар або кісель з чарніц, чаромхі, кары дуба. У лячэнні прымяняюцца таксама медыкаментозныя сродкі, якія аднаўляюць функцыю кішэчніка, здымаюць болевыя спастычныя адчуванні, успушванне жывата. Вялікую ролю іграе арганізацыя правільнага рэжыму працы і адпачынку, карэкцыя псіхаэмацыянальнага стану хворага ўрачом-спецыялістам. (— Карэліцкі раён, Ірына. 62 гады. Дыягназ — грыжа страваводнай адтуліны дыяфрагмы, хранічны атрафічны гастрыт, язва залечана, гепатапанкрэатыт, высокае стаянне купала дыяфрагмы злева, тубалаінтэрстыцыяльны нефрыт і піеланефрыт. Ёсць падагрычны артрыт. Хранічны бранхіт, эмфізэма лёгкіх. Якім павінна быць маё лячэнне? Я то суставы лячу, то потым альмагель п'ю... — Калі ў хворага адначасова ёсць спадарожныя захворванні нырак, суставаў, органаў дыхання і стрававання, то да медыкаментознага лячэння варта ставіцца надзвычай акуратна. Самастойна, без прызначэння ўрача, прымаць лекі нельга. Гэта звязана з тым, што большасць прэпаратаў маюць пабочныя дзеянні. Так, агульнавядома, што медыкаменты, якія змяншаюць боль пры падагрычным артрыце, раздражняюць і пашкоджваюць слізістую абалонку страўніка, што, відавочна, мае месца ў вашым выпадку. Толькі ўрач можа рэкамендаваць індывідуальнае лячэнне з улікам спадарожных захворванняў. Пры гэтым, як правіла, спецыяліст рэкамендуе меншую лекавую дозу, іншы шлях увядзення прэпарата ў арганізм, мяняе час і кратнасць прыёму і г.д. (— Беразіно, Наталля Аляксееўна. 56 гадоў. У абласной бальніцы выявілі дыскінезію жоўцевыводных шляхоў, страўнікавую дыспепсію. Прайшла курс прэпаратамі лансабел і дзюспаталін. Сімптомы засталіся. Кіслата ў роце, запаліліся рот і горла. Месяцы тры піла амепразол, аднак як толькі перастаеш яго прымаць, сімптомы вяртаюцца. Зараз сяджу на дыеце, не п'ю ніякіх таблетак, бо ўнутры ўсё баліць. Па прычыне анеўрызмы мне нельга выконваць эндаскапію, рабіла толькі рэнтген. Што рабіць? — Па ўсіх сімптомах — у вас пякотка з кіслым прысмакам у роце і ратаглотцы. Пякотка — класічная прыкмета гастраэзафагеяльнай рэфлюкснай хваробы. Гэта паталогія звязана з закідам страўнікавага (кіслага або шчолачнага) змесціва ў стрававод і ратаглотку. Захворванне працяглы час — 3-6 месяцаў — лечыцца антысакраторнымі прэпаратамі, якія вам былі прызначаны раней (амепразол і лансабел). Падбор антыкіслотнага прэпарата, выбар дозы, працягласць і кратнасць яго прыёму павінен зрабіць ваш урач. Акрамя таго, вялікае значэнне пры лячэнні гэтага захворвання маюць немедыкаментозныя метады тэрапіі: прыём ежы 5-6 разоў на дзень невялікімі порцыямі, пасля яды абавязковыя 20-хвілінныя прагулкі. Выдаленне з рацыёну вострай, смажанай, салёнай ежы, напояў з кафеінам. Ноччу неабходна спаць з прыўзнятай на 15-20 см галавой. Шэраг медыкаментозных сродкаў, якія валодаюць спазмалітычным дзеяннем (но-шпа, папаверын, дзюспаталін і інш.), могуць пагоршыць самаадчуванне і выклікаць узмацненне пякоткі. (— Мінск, Міхаіл Іванавіч. 72 гады. Часта баліць страўнік, асабліва пасля прыёму ежы. У паліклініцы прапісалі мезім-фортэ, дыятыязем. Але яны не заўсёды дапамагаюць, лепш — фосфалюгель. Але яго не прапісваюць па льготным рэцэпце... Тым не менш, якія наогул эфектыўныя прэпараты вы параіце, не толькі льготныя? — З'яўленне болю або дыскамфорту ў страўніку пасля ўжывання ежы патрабуе правядзення эндаскапічнага даследавання страваводу, страўніка і 12-перснай кішкі. Толькі вынікі гэтага даследавання дазволяць канчаткова меркаваць аб характары захворвання верхняга аддзела страўнікава-кішачнага тракту. Выбар лекавага сродку, працягласць яго прыёму вызначыць урач-тэрапеўт. Гэта будзе залежаць ад вынікаў праведзенага даследавання. Сёння ў аптэчнай сетцы ёсць вялікая колькасць узаемазаменных лекавых прэпаратаў, эфектыўных у лячэнні паталогіі страўніка. Святлана БАРЫСЕНКА. (Працяг будзе) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытанні чытачоў адказалі дацэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдаты медыцынскіх навук Мікалай КАПРАЛАЎ і Ірына ШАЛАМІЦКАЯ. |
|