Дзе цяпер беларусы — пераможцы "Славянскага базара"?. 21.by

Дзе цяпер беларусы — пераможцы "Славянскага базара"?

05.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёлета конкурс маладых выканаўцаў у Віцебску адбудзецца — страшна сказаць — у дваццаць першы раз! Але перад тым, як пажадаць удачы на фестывальнай сцэне чарговаму прадстаўніку Беларусі, мы палічылі лагічным пацікавіцца лёсам нашых мінулых пераможцаў. Тым больш, каб іх узгадаць, хопіць пальцаў адной рукі...

2003 год

Максім Сапацькоў

Артыст Гомельскай абласной філармоніі стаў першым з беларусаў, хто праз дзесяць гадоў з моманту заснавання фэсту ўзяў нарэшце Гран-пры "Славянскага базара ў Віцебску", а адначасова — і прыз глядацкіх сімпатый.

Прызавыя грошы, як прызнаўся некалькі гадоў таму прадбачлівы артыст, ён адклаў на пэўны час — і як знайшоў крыху пазней для старту R'n'B-кар'еры. Пасля перамогі і гадавой "адпрацоўкі" на афіцыйных мерапрыемствах спявак пачаў шчыльнае супрацоўніцтва з рэперам Сярогам, стаўшы больш запатрабаваным у Кіеве і Маскве, чым у родных мясцінах. У 2008 годзе выпусціў дэбютны альбом, годам пазней прадстаўляў Беларусь на "Новай хвалі" ў Юрмале, але вышэй за 10 месца падняцца не здолеў. Таксама ўваходзіў у фінал расійскага адбору на "Еўрабачанне-2008", актыўна ўдзельнічаў у некалькіх кінапраектах, запісаў міжнародны дуэт з французскай спявачкай Аnggun.

На момант здачы матэрыялу ў нумар звязацца з Максам Лорэнсам — пад гэтым псеўданімам артыст цяпер больш вядомы суайчыннікам — не ўдалося. Але ўдалося высветліць, што "надзея рускага R'n'B" не сядзіць на месцы, а актыўна гастралюе, здымаецца ў тэлешоу і пачуваецца вельмі няблага.

Што паслухаць: выдаў 1 дэбютны альбом, выступаў бэк-вакалістам практычна ва ўсіх альбомах рэпера Сярогі.

У праграме "Славянскага базара-2012" не заяўлены.

2004 год

Пётр Елфімаў

Не ведаю, у каго як, а асабіста ў мяне дагэтуль бягуць мурашы па спіне ад елфімаўскай версіі песні Чэслава Немена "Гэты дзіўны свет". Перакананая, што гэта быў адзін з нямногіх разоў, калі Гран-пры віцебскага конкурсу быў прысуджаны бясспрэчна і адназначна.

Самым значным выдаткам з прызавых грошай для артыста стала куплянне сучаснага камп'ютара — "на той момант ён проста "лятаў" і быў абсалютна неабходны для працы". Пасля перамогі Пётр ніколькі не "злавіў зорку", без залішняй паспешлівасці скончыў кансерваторыю, яшчэ праз пару гадоў сам стаў выкладаць эстрадны вакал у адной са сталічных ВНУ. У 2009 годзе не вельмі ўдала прадстаўляў Беларусь на "Еўрабачанні", затое ўжо праз год у Галівудзе на сусветным чэмпіянаце выканаўчых мастацтваў узяў 5 залатых медалёў.

"Я і цяпер нікуды не знік, — смяецца Пётр. — Спяваю, выкладаю, пішу музыку, гастралюю па краіне і за яе межамі. Нарэшце, новы сольны альбом выдаў, "Адкрыццё" — канцэптуальны і аўтабіяграфічны. Гэта будзе знаёмы слухачам, але месцамі нечаканы Елфімаў".

Ужо не першы год ходзяць размовы аб тым, што конкурс маладых выканаўцаў у цяперашнім выглядзе састарэў і яму трэба змяняць фармат. Але ўладальнік віцебскага Гран-пры-2004 з гэтым катэгарычна не згодны: "На мой погляд, конкурс заўжды быў адным з галоўных мерапрыемстваў, дзеля якіх і ствараўся "Славянскі базар". Дзякуючы менавіта конкурсу маладых выканаўцаў наш фестываль ведаюць ва ўсім свеце як мерапрыемства вельмі высокага ўзроўню. Таму, лічу, трэба даражыць тым, што ў нас ёсць і захоўваць свой "твар", а не захапляцца пастаноўкай шоу, інакш атрымаецца падобна да "Новай хвалі" ці іншых конкурсаў. Наша ж задача — не замазаць недахопы і расфарбаваць прывабнасці выканаўцы, а ацаніць яго такім, які ён ёсць — харызма, талент, абаянне. Паглядзім, якім атрымаецца конкурс сёлета, але, спадзяюся, найлепшыя свае рысы і прафесіяналізм ён захавае".

Што паслухаць: Запісаў 3 альбомы, ужо гатовы 4-ы, першая прэзентацыя якога адбудзецца на пачатку верасня ў Маладзечне.

У праграме "Славянскага базара-2012" выступіць на адкрыцці фэсту і ў Дні Беларусі, 12 і 14 ліпеня.

2005 год

Паліна Смолава

Дзяўчынка ў валошкавым вяночку — такой запомнілася Паліна Смолава на віцебскім конкурсе. З істотным дадаткам — вельмі, вельмі галасістая дзяўчынка. На фэсце ўпершыню выявілася канкурэнцыя дзвюх спявачак (Паліны Смолавай і Гюнеш Абасавай), якая ў наступныя гады толькі ўзмацнялася.

Грашовую частку Гран-пры, як ужо не раз узгадвала спявачка, яна здала на захаванне ў надзейны сейф — бацьку. "Інакш бы ўсё растраціла. А так ад сумы, што засталася пасля выплаты падаткаў, брала толькі на самае патрэбнае — на запіс песень. Нават канцэртныя касцюмы набывала з іншых даходаў".

У 2006 годзе ўдзельнічала ў "Еўрабачанні" (зноў абышоўшы Гюнеш на адборы), але паказала адзін з найгоршых для Беларусі вынікаў. Затое на конкурсе "Новая хваля-2007" спявачка стала лепшай з беларускіх артыстаў, заняўшы 4-е месца нароўні з казахскім гуртам Rіn'Gо. Праз год артыстка з'ехала жыць і працаваць у Маскву, адкуль рэгулярна эпаціравала землякоў — то супрацоўніцтвам з вядомым бізнэсменам Віктарам Батурыным, то сумесным запісам са знакамітым сэрам Полам Макартні (апошняя інфармацыя, праўда, аказалася "вуткай"). Цяпер, мяркуе Паліна, яе галоўная задача — не знікаць з далягляду і рабіць усё, каб пра спявачку Паліну Смолаву "гаварылі не толькі ў Мінску і Маскве, але і далей. Галоўнае — не стаяць на месцы, а ўвесь час рухацца!". Плён гэткай актыўнасці відавочны: двойчы — у 2008 і 2012 годзе — спявачка праходзіла ў фінал расійскага адборачнага туру конкурсу "Еўрабачанне".

Што паслухаць: Выпусціла 3 альбомы, працуе над чацвёртым, у якім выступае ў якасці як спявачкі, так і аўтара ўсіх песень.

У праграме "Славянскага базара-2012" Паліна Смолава выступіць у гала-канцэрце майстроў мастацтваў Беларусі 14 ліпеня.

2011 год

Алена Ланская

Зямлячка Пятра Елфімава, магіляўчанка Алена Ляпохіна (сапраўднае прозвішча спявачкі) спрабавала выйсці на вялікі эстрадны гасцінец некалькі разоў. Першы — пад сцэнічным імем Валошка, з беларускамоўным рэпертуарам; псеўданім не прыжыўся, а вось адна з песень "Белая ластаўка" праз 6 гадоў "стрэліла" на "Славянскім базары ў Віцебску" і прынесла выканаўцы перамогу.

Галавакружэнне ад поспехаў Алене перажываць не было калі. Яна ўвесь год навідавоку: неўзабаве пасля конкурсу стала самай маладой у краіне заслужанай артысткай, потым прайшла экспрэс-курс "маладога байца эстраднага фронту" ў праекце "Еўрафэст". І хоць пасля шэрагу разбіральніцтваў перамога Ланской была анулявана, на "Еўрабачанне" артыстка ўсё ж трапіла, няхай сабе і ў гасцявым статусе, але пабывала за кулісамі конкурсу, набралася вопыту і не ўтойвае, што будзе не супраць паспрабаваць прабіцца на еўрапейскую сцэну яшчэ раз — ужо ў якасці афіцыйнага прадстаўніка Беларусі.

Што паслухаць: дэбютны альбом "Лабірынты лёсу", запісаны яшчэ ў 2010-м. Наступны , як анансавала спявачка, запісваецца ў Лондане і павінен быць цалкам англамоўным.

У праграме "Славянскага базара-2012" спявачка выступіць на канцэрце адкрыцця фэсту 12 ліпеня.

Плюс адзін

Дарэчы, амаль што беларускім можна лічыць Гран-пры Дзмітрыя Даніленкі ў 2009-м. Ураджэнец Гомеля атрымаў расійскае грамадзянства ўсяго толькі за пару месяцаў да конкурсу. І хоць яго трыумф дагэтуль мае вельмі спрэчнае адценне, але — пераможцаў не судзяць...

Пасля перамогі спявак скончыў Расійскую дзяржаўную кансерваторыю ў Санкт-Пецярбургу (цяпер працуе на атрыманне ступені магістра) і пайшоў па шляху класічнай музыкі — нездарма яшчэ на "базары" хлопца параўноўвалі з Мікалаем Баскавым як вонкава, так і па рэпертуары. Тэнар беларуса гучаў на лепшых пляцоўках Санкт-Пецярбурга і Масквы — у Крамлі і Марыінскім тэатры. Зрэшты, паралельна спявак працуе над альбомам танцавальнай музыкі, які напярэдадні новага 2013 года павінен выйсці ў Нью-Ёрку.

Музычная матэматыка

Да 2002 года ўключна краіны-заснавальніцы фестывалю — Беларусь, Расію і Украіну — маглі прадстаўляць па 2 удзельнікі, потым — па 1. Уласна, з таго моманту беларускім выканаўцам і пачало шанцаваць.

 Вышыня занятага месца ніяк не суадносіцца з далейшай папулярнасцю артыста. Да прыкладу, Іна Афанасьева і Аляксей Хлястоў у далёкім ужо 1992 годзе падзялілі з расіянкай Сабінай ІІ прэмію, у 2002 годзе Наталля Падольская таксама падзяліла ІІІ месца з расіянкай Аленай Гуляевай, а Віталь Гардзей у 2008 годзе стаяў з расіянкай Ленай Валеўскай на 1-м месцы. Тым не менш першая з названых — цяпер заслужаная артыстка Беларусі, другі прабіў для суайчыннікаў шлях на папулярны конкурс "Новая хваля", трэцяя стала сваёй у тусоўцы расійскіх эстрадных "зорак", а вось у апошняга музычная кар'ера ў Маскве не заладзілася, дый пасля вяртання на радзіму, на жаль, яго не вельмі чуваць.

 Найвялікшы ў гісторыі конкурсу маладых выканаўцаў Гран-пры — 15.000 долараў — быў уручаны летась Алене Ланской. Сума грашовага прыза папярэдніх пераможцаў складала 10.000 долараў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА і з інтэрнэту.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета конкурс маладых выканаўцаў у Віцебску адбудзецца — страшна сказаць — у дваццаць першы раз! Але перад тым, як пажадаць удачы на фестывальнай сцэне чарговаму...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика