Адзінства ў стылі пост-мадэрн
05.07.2012
—
Новости Общества
|
Фестываль "Славянскае адзінства" 44-ы раз прайшоў на мяжы трох краін ля манумента Дружбы. У канцы 60-х усё пачыналася з камсамольскіх вечарын жыхароў суседніх вёсак, а цяпер яго ўдзельнікамі сталі больш за 20 тысяч чалавек — беларусаў, рускіх, украінцаў. Пачынаць славянскі фестываль з агульнага набажэнства апошнім часам стала добрай традыцыяй. Тым больш што другі год запар братоў-славян у гэты дзень вітае Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі Кірыл.
— Доўгі час мы жылі як адзін народ у адной дзяржаве. Тры магутныя галіны выраслі з адзінага кораня. Але мы павінны памятаць, што не могуць галіны квітнець і тым больш прыносіць плады, калі яны будуць адсечаны ад адзінага ствала і ад адзінага кораня. Не можа гісторыя нашых народаў вылічвацца толькі дзясяткамі гадоў — яна ідзе ў глыб стагоддзяў. І праз гістарычны працэс і традыцыю перадаюцца нам жыватворныя токі. Гэтая агульнасць сфарміравана ўсёй тысячагадовай гісторыяй, падтрымана адзінай праваслаўнай верай, адной культурай, агульнымі духоўнымі і маральнымі каштоўнасцямі, — сказаў Патрыярх. "Славянскае братэрства даражэй за багацце", — нагадаў народную прыказку старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. І дадаў, што на працягу многіх гадоў мы з'яўляемся не толькі добрымі суседзямі, але і надзейнымі партнёрамі. Беларусь, Расія і Украіна цесна супрацоўнічаюць практычна ва ўсіх галінах. — У свеце дастаткова месцаў, дзе сыходзяцца землі розных краін. Але ж такога духоўнага адзінства, такіх трывалых сувязяў сяброўства і супрацоўніцтва, якія звязваюць рускіх, украінцаў і беларусаў, больш няма нідзе. Мы спадзяёмся, што гэтыя сувязі будуць толькі ўмацоўвацца, — падкрэсліў Уладзімір Дворнік. Моладзевы форум, арганізатарам якога сёлета стала Гомельшчына, прайшоў пад дэвізам "Будучыню будаваць маладым!". На гэты раз традыцыйныя нацыянальныя строі і фальклор адышлі на другі план, а на першы выйшлі моладзевыя субкультуры і ўсё тое, што аб'ядноўвае цяперашняе касмапалітычнае пакаленне славян. Ганаровым гасцям, у тым ліку і Патрыярху Маскоўскаму Кірылу, губернатарам Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей, давялося бліжэй пазнаёміцца з арт-аб'ектамі выставы сучаснага мастацтва "Пакаленне Nехt", а таксама выступленнямі ў экстрэмальных відах спорту. Эмоцыі публікі не маглі стрымаць нават палітыкі і духоўныя асобы. Ад Гомельскай вобласці на галоўнай фестывальнай пляцоўцы выступілі народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка і дзяржаўны ансамбль "Сябры", узорная студыя цыркавога мастацтва "Арэна", балет гомельскай дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў, брэйк-група "Лук раўн", каманда кік-баксёраў і група барабаншчыкаў... Дарэчы, з гэтага года фестываль можа зацікавіць і калекцыянераў-філатэлістаў. Мастацкі канверт з лагатыпам манумента, выпушчаны спецыяльна да свята, урачыста адштэмпеляваны кіраўнікамі Гомельскай, Чарнігаўскай і Бранскай абласцей. Цяперашняе свята, арганізаванае беларускім бокам, запомніцца многім сваім сучасным фарматам. А вось чым здзівіць гасцей налета, будуць думаць нашы суседзі. У 2013 годзе эстафету фестывалю прымае Украіна. Ірына АСТАШКЕВІЧ, фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фестываль "Славянскае адзінства" 44-ы раз прайшоў на мяжы трох краін ля манумента Дружбы. У канцы 60-х усё пачыналася з камсамольскіх вечарын жыхароў суседніх...
|
|