Мікалай Лазавік: "першы этап выбараў дэманструе большую актыўнасць грамадскіх аб'яднанняў і партый"
10.07.2012
—
Новости Общества
|
Выбары-2012 Учора, 9 ліпеня, згодна з каляндарным планам парламенцкіх выбараў, павінна было завяршыцца ўтварэнне акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. На гэтым этапе яшчэ цяжка вылучыць нейкія асаблівасці сёлетняй кампаніі, пракаментаваў "Звяздзе" сітуацыю сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь Мікалай ЛАЗАВІК. Самыя цікавыя падзеі варта чакаць падчас агітацыйнай працы, пачатак якой супадае з датай рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты — з 14 па 23 жніўня. Пакуль жа адбываюцца працэдурныя, фармальныя працэсы, якія паўтараюцца з выбараў у выбары. — Адзінае, што можна адзначыць на этапе фарміравання акруговых камісій, — актыўнасць тых, хто мае права вылучаць у гэтыя камісіі сваіх прадстаўнікоў (а гэта — грамадскія аб'яднанні, у тым ліку палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам падачы заявы), значна вышэйшая, чым у мінулыя парламенцкія выбары, — расказаў Мікалай Лазавік. — Прынамсі, вылучана прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій больш, чым на папярэдніх парламенцкіх выбарах. І конкурс у цэлым па рэспубліцы на адно месца ў акруговай камісіі складае 1,5 чалавека на месца, а ў Мінску і Гомельскай вобласці — 2 чалавекі на адно месца ў камісіі. Колькасць месцаў ва ўсіх камісіях абмежаваная і не можа быць большай за 13 чалавек, заўважыў сакратар ЦВК, таму натуральна, што не ўсе з прадстаўленых кандыдатур трапяць у склад камісій. Кандыдаты ад палітычных партый Беларусі ў складзе акруговых выбарчых камісій склалі 18,8 працэнта ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапанавала ў склад камісій 279 чалавек, Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" — 110 чалавек, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 108 чалавек, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў — 98 чалавек, КПБ — 94 чалавекі, Партыя "Справядлівы свет" — 88 чалавек, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — 49 чалавек, Партыя БНФ — 48 чалавек, Аб'яднаная грамадзянская партыя — 34 чалавекі, Беларуская аграрная партыя — 20 чалавек, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя — 17 чалавек. Яшчэ пяць партый вылучылі менш за 10 чалавек ад кожнай. Не ўдзельнічалі ў вылучэнні кандыдатаў у акруговыя камісіі Беларуская патрыятычная партыя і Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ. "Не вылучыў сваіх прадстаўнікоў і Беларускі саюз жанчын, — праінфармаваў Мікалай Лазавік. — Там не паспелі правесці пасяджэнне вышэйшага кіруючага органа. Не выключана, што па аналагічнай прычыне не ўдзельнічала ў вылучэнні кандыдатаў у акруговыя камісіі Беларуская і патрыятычная партыя. Што да партыі Пазняка, то яна прытрымліваецца сваёй пастаяннай стратэгіі — байкоту выбараў". Усяго ў склад акруговых выбарчых камісій было вылучана 2127 чалавек на 110 акруг. У тым ліку ад палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў — каля 60 працэнтаў ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў. Грамадзяне шляхам падачы заяў прапанавалі каля 30 працэнтаў кандыдатаў, працоўныя калектывы — 10,8 працэнта. 9 ліпеня прэзідыумы абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў і абласныя, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэты правялі пасяджэнні, на якіх павінны былі сфарміраваць склад акруговых камісій. Усяго на парламенцкіх выбарах іх будзе працаваць 110. У тым ліку ў Мінску — 20. У Мінскай і Гомельскай абласцях — па 17 камісій, у Брэсцкай — 16, у Віцебскай — 14, Магілёўскай і Гродзенскай — па 13 акруговых выбарчых камісій. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора, 9 ліпеня, згодна з каляндарным планам парламенцкіх выбараў, павінна было завяршыцца ўтварэнне акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты...
|
|